“Беларусь літаратурная”

«Беларусь літаратурная» – пад такой назвай у аддзеле абанемента арганізаваны прагляд літаратуры, які прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, дзе прадстаўлены творы майстроў слова розных жанраў.
Літаратура з’яўляецца неад’емнай часткай культуры любога народа. У ёй сканцэнтравана гісторыя этнаса, сістэма яго каштоўнасцяў, светапогляд, з якімі чытачы бібліятэкі могуць пазнаёміцца праз кнігі раздзела «Ад класікаў да сучаснікаў». У іх паказана прыгажосць роднай зямлі, яе людзей, якія станавіліся і становяцца прататыпамі герояў твораў класікаў, сучасных пісьменнікаў. Асобае месца займаюць выданні з серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» – амбiцыйны праект выдавецтва “Мастацкая літаратура”, мэта якога – стварыць бiблiятэку лепшых твораў айчыннай лiтаратуры, пачынаючы ад летапiсаў i заканчваючы сучаснымi аўтарамi.
Раздзел «Літаратурныя арыенціры» зацікавіць навукова-папулярнымі выданнямі, сярод якіх шмат кніг па гісторыі краіны, па мастацтву і іншым галінам. Прызначаюцца ўсім, хто цікавіцца таямніцамі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларускага народа, аматарам даўніны, якія заўсёды рады сустрэцца з новымі сведчаннямі з гісторыі сваіх продкаў, іх самабытнага жыццёвага працэсу.
Не абдзелены ўвагай і маленькі чытач, для якого прапануюцца прыгожа аформленыя, цікавыя кнігі М.Пазнякова, П.Місько, С.Давідовіча, А.Бадака, А.Масла і іншых аўтараў.
Шчыра запрашаем пазнаёміцца з выданнямі прагляда літаратуры “Беларусь літаратурная” у галоўным будынку бібліятэкі: вул. Карбышава, 17, пак. №201, аддзел абанемента.