Мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці Элізы Ажэшкі

Домік Элізы Ажэшкі

Паважаныя гарадзенцы і госці горада!

Запрашаем Вас наведаць мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, а таксама прапануем ажыццявіць віртуальнае падарожжа па “Доміку Элізы Ажэшкі”.

Эліза Ажэшка – своеасаблівы сімвал Гродна. Усё жыццё “каралевы польскай прозы і пакутлівай праўды” (Ф. Багушэвіч) было звязана з гэтым старажытным горадам, яго блізкімі і далёкімі ваколіцамі.

Творчая спадчына Э. Ажэшкі налічвае больш за 150 мастацкіх, літаратуразнаўчых, публіцыстычных твораў і больш за 10 тамоў пісем. Творы пісьменніцы перакладзены на 20 моў свету, у тым ліку кітайскую і японскую. Эліза Ажэшка двойчы вылучалася на атрыманне Нобелеўскай прэміі.

Акрамя таго, Э. Ажэшка займалася культурна-асветніцкай і дабрачыннай дзейнасцю. Яна праводзіла літаратурныя лекцыі, арганізоўвала масавыя чытанні, кожны год на Каляды ладзіла святы для дзяцей-сірот.

З 1894 па 1910 год Э. Ажэшка жыла ў будынку на вул. Садовай (вядомы ў народзе як “шэры домік Элізы Ажэшкі”). У гэтым сціплым доме часта можна было сустрэць вядомых вучоных і грамадскіх дзеячаў, сярод якіх – Ф. Багушэвіч, У. Рэймант, Я. Карловіч і інш.

Па рашэнні Гродзенскага аблвыканкама 18 чэрвеня 2001 года ў “Доміку Элізы Ажэшкі” (дзе зараз знаходзяцца юнацкі аддзел і аддзел выданняў на замежных мовах ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага”) адкрыты мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніцы. Тут захаваліся мармуровы камін, драўляны тамбур, упрыгожаны разьбой і балконнае агароджа. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць прыжыццёвыя творы Э. Ажэшкі, а таксама творы, перакладзеныя на 10 моваў свету. Сярод рарытэтных выданняў перапіска з украінскім пісьменнікам І. Франко, калекцыя старадаўняй мастацкай і гістарычнай літаратуры ХІХ-ХХ ст., якая ўключае выданні Б. Пруса, Г. Сянкевіча, Ю. Славацкага, Ч. Дзікенса, А. Дзюма, Ж. Эліота.