Фонды і калекцыі

    Фонд ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” налічвае 585632 адзінак захоўвання і з’яўляецца ўніверсальным па змесце. Па відах дакументаў гэта кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, аўдыявізуальныя дакументы (грампласцінкі, аўдыя- і відэакасеты, кампакт-дыскі), электронныя дакументы, выяўленчыя дакументы, ноты, карты, аўтарэфераты дысертацый, рэдкія выданні. Мастацкая літаратура прадстаўлена на беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай, французскай, літоўскай мовах, даведкавыя выданни – на 70-ці мовах свету.

   Бібліятэка надае вялікую ўвагу стварэнню калекцый. Да паслуг карыстальнікаў прадстаўлены інфармацыйныя рэсурсы.

   Рэдкія выданні: друкаваныя кнігі XVIII-XX стст., міжваеннага перыяду, мастацкія і галіновыя выданні, якія ўключаюць прыжыццёвыя выданні М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, Э. Ажэшкі, Ю. Пруса,  Г. Сянкевіча, Ю. Славацкага, Ч. Дзікенса, А. Дзюма, Дж. Эліота.

  Краязнаўчыя і мясцовыя дакументы: працы Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, агляды Гродзенскай губерні з 1879 да 1913 года, манаграфіі, факсімільныя выданні, усе мясцовыя перыядычныя выданні. Абласная газета “Гродзенская праўда” – з 1945 г., раённыя газеты – з канца 50-х гг. ХХ ст.

  Даведкавыя і бібліяграфічныя выданні– універсальныя, галіновыя, тэматычныя, персанальныя энцыклапедычныя выданні і даведнікі; тлумачальныя, моўныя і тэрміналагічныя слоўнікі; статыстычныя даведнікі; бібліяграфічныя паказальнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і буйных інфармацыйных цэнтраў як на папяровых так і на электронных носьбітах; выданні афіцыйных дакументаў.

  Медыятэка ўключае музычныя творы артыстаў, дакументальныя запісы выступленняў вядомых палітычных дзеячаў, вучоных, касманаўтаў, літаратурныя і тэатральныя пастаноўкі з галасамі знакамітых паэтаў і пісьменнікаў на розных носьбітах інфармацыі.

    Фонд нотных выданняў складае звыш 10 тыс. адзінак. Акрамя гэтага, аддзел мастацтва збірае выяўленчыя матэрыялы: каштоўныя мастацкія альбомы, плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі, фотаматэрыялы.

  Літаратура для дзяцей і падлеткаў налічвае  звыш 125 000 тысяч экзэмпляраў. Сабраны кнігі, перыядычныя выданні, электронныя дакументы, вучэбная, даведачная і метадычная літаратура для абслугоўвання дзяцей і кіраўнікоў дзіцячага чытання.

  Фонд перыядычных выданняў складаюць беларускія, расійскія газеты і часопісы, выданні замежнай перыёдыкі. Агульная колькасць: 62075 экзэмляраў.

  Фонд аўтарэфератаў дысертацый фарміруецца з 1994 г., налічвае амаль 16 тыс. адзінак.

  Фонд электронных дакументаў налічвае 8,5 тыс. экзэмпляраў. Дакументы на здымаемых носьбітах сабраны па розных напрамках навукі, культуры і мастацтва. Знаходзяцца электронныя выданні ва ўсіх аддзелах Бібліятэкі.

  Бібліятэка фарміруе ўнікальныя кніжныя калекцыі. “Самаробная кніга” налічвае каля 150 экзэмпляраў. Заснавана на аснове прац, прадстаўленых на конкурс “На лепшую самаробную кнігу”, які праводзіўся ў 2015 і 2017 гг. Актыўны ўдзел у ім прымалі супрацоўнікі публічных бібліятэк і ўстаноў адукацыі, навучэнцы агульна-адукацыйных школ вобласці. Усе працы – гэта самаробныя рукапісныя кнігі. На іх старонках размешчаны ілюстрацыі, малюнкі, адпаведныя абранаму зместу. Кожная самаробная кніга стылізавана, дэталі прадуманы да дробязей, стылістычна правільна зроблены і аформлены з густам, выкананы з прымяненнем розных матэрыялаў і тэхнік.

  Цікавая калекцыя “Выданні з аўтографамі аўтараў” складаецца з кніг з аўтографамі і дароўнымі надпісамі беларускіх, замежных аўтараў, складальнікаў, рэдактараў і інш. Гэтыя кнігі былі падараваны абласной бібліятэцы ці асобным структурным падраздзяленням паэтамі і пісьменнікамі, дзеячамі культуры і мастацтва, навукі, а таксама краязнаўцамі і чытачамі. Самая вялікая калекцыя аўтографаў захоўваецца ў аддзеле краязнаўства.