Факты і падзеі

1830 – 17 верасня на нарадзе гродзенскага генерал-губернатара М.Т.Бабяцінскага прынята рашэнне аб адкрыцці публічнай бібліятэкі ў Гродне. Аснову яе фонду склалі добраахвотныя ахвяраванні дваран горада – кнігі і афіцыйныя перыядычныя выданні. Доступ да бібліятэчных дакументаў быў адкрыты толькі невялікай катэгорыі асобаў з вышэйшых слаёў насельніцтва: чыноўнікаў, дваран, памешчыкаў.
1836-1837 – доступ у бібліятэку мела толькі пэўная катэгорыя асоб з вышэйшыых пластоў насельніцтва. Агульная колькасць чытачоў на той час – 40 чалавек, з іх: “превосходительст” – 2, “высокоблагородных” – 17, “благородных” – 21.
1859 – грамадзянскі губернатар І.А.Шпеер прапанаваў служачым горада ахвяраваць на яе ўтрыманне 1% са свайго месячнага заробку. На сабраныя грошы былі выпісаны перыядычныя выданні і куплены некалькі дзясяткаў кніг.
Асобы, якія ўдзельнічалі ў ахвяраванні, мелі права карыстацца бібліятэчнай літаратурай бясплатна.
1865 – Міністэрствам унутраных спраў зацверджаны Статут бібліятэкі.
1877 – бібліятэка пачала атрымліваць урадавую субсідыю ў памеры 800 рублёў у год.
1886 – пры Гродзенскай публічнай бібліятэцы адкрываецца кабінет для чытання. Гадавых членаў бібліятэкі налічвалася 44. Яны ўносілі адпаведныя членскія ўзносы і карысталіся бібліятэкай бясплатна. Астатнія наведвальнікі (498) абслугоўваліся бясплатна штодзённа з 14 да 16 гадзін. За карыстанне бібліятэкай у іншы час яны плацілі па 2 капейкі.
1889 – на чале бібліятэкі стаяла Праўленне, у склад якога ўваходзілі 4 чалавекі: П.І.Волкаў, настаўнік Гродзенскай мужчынскай гімназіі, Я.Ф.Арлоўскі, вядомы даследчык гісторыі Гродна, М.Л.Кназароўскі і прадстаўнік ад урада А.Д.Смародскі.
1892 – дырэктарам бібліятэкі абраны Адам Ягоравіч Багдановіч – беларускі этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец, бацька славутага беларускага паэта М.Багдановіча. Пад яго кіраўніцтвам быў складзены каталог бібліятэкі і выдадзены асобнай брашурай пад назвай “Каталог русским и иностранным книгам Гродненской городской публичной библиотеки по отделам”.
1920 – з устанаўленнем савецкай улады да Гродзенскай публічнай бібліятэкі далучыліся бібліятэкі мужчынскай гімназіі, яўрэйскага таварыства “Купет”, прыватныя бібліятэкі знакамітых людзей. Загадчыкам была празначана Соф’я Абрамаўна Эпштэйн.
1930 – у сувязі з ростам колькасці чытачоў створаны філіял у Занёманскай частцы горада, які праіснаваў да 1937 года.
1936 – пачалі працу самаадукацыйна-бібліятэчныя курсы, на якіх навучаліся бібліятэкары з гмінных бібліятэк Лунна, Азёр, В.Эйсмантаў, Верцялішак, Гожы, Галынкі і інш.
1940 – 1 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё публічнай бібліятэкі для шырокіх працоўных мас. Кнігі пачалі выдавацца бясплатна. Штодзённа бібліятэку наведвалі 400-450 чытачоў, чытальную залу – 150-170.
1941-1944 – у перыяд Вялікай Айчыннай вайны памяшканне бібліятэкі займалі немцы. Большасць фонду была вывезена ці знішчана фашысцкімі захопнікамі, частку кніг удалося захаваць бібліятэкару М.Чарвякоўскаму. На дзясяты дзень пасля вызвалення горада бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць.
1945-1946 – выдзелены структурныя падраздзяленні : метадычны кабінет, міжбібліятэчны аддзел, які складаўся з МБА і 38 перасовак, аддзел дзіцячай літаратуры.
1946 – упершыню ў бібліятэцы адбыўся двухтыднёвы семінар бібліятэкараў вобласці.
1949 – арганізаваны бібліятэчны Савет, бібліятэчны і літаратурны гурткі, адкрыты завочны абанемент.
1950 – створаны бібліяграфічны аддзел.
1957 – абласной бібліятэцы прысвоена імя Яўхіма Фёдаравіча Карскага, першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства і філалогіі.
1959 – пры бібліятэцы адкрыта чытальная зала імя Э.Ажэшкі ў былым доме пісьменніцы.
1965 – па рашэнні ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама адкрыты юнацкі філіял у доме Элізы Ажэшкі.
1966 – створаны аддзел выданняў на замежнай літаратуры.
1968 – упершыню напісана гісторыя бібліятэкі – “Первая библиотека Гродненщины: из истории Гродненской областной библиотеки”.
1972 – дзеля паляпшэння работы са спецыялістамі народнай гаспадаркі створана чытальная зала тэхнічнай кнігі.
1978 – выдзелены структурныя падраздзяленні: сектар перыядычных выданняў і інфармацыйны аддзел па культуры і мастацтве.
1980 – пры Гродзенскім аблвыканкаме адкрыты філіял абласной бібліятэкі па абслугоўванні работнікаў савецкага апарату (праіснаваў да 1997 года).
Гродзенская абласная бібліятэка імя Я.Ф.Карскага ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
1981 – адбыліся змены ў структуры бібліятэкі: з’явіліся сектар беларускай і краязнаўчай літаратуры, сектар тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры, аддзел мастацтва, аддзел апрацоўкі.
1984 – пры чытальнай зале арганізавана літаратурна-музычная гасцёўня “Литературные четверги”, удзельнікамі якой сталі актыўныя чытачы бібліятэкі – людзі розных узростаў і прафесій.
1987 – уведзены платныя паслугі: гурткі па вывучэнні замежных моў, продаж выданняў, выключаных з фонду па деблетнасці, праз буканістычны магазін.
Створаны дзіцячы філіял.
1988 – абласная бібліятэка імя Я.Ф.Карскага аб’яднана з абласной дзіцячай бібліятэкай імя А.С.Пушкіна.
1990 – згодна з рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта бібліятэцы выдзелена частка Новага замка (былая каралеўская рэзідэнцыя, у савецкі час – будынак абкама КПБ). Тут размясціліся: адміністрацыя бібліятэкі, аддзелы: абанемента, інфармацыйна-бібліяграфічнай работы, краязнаўства, бібліятэказнаўства, апрацоўкі і камплектавання, сектар перыядычных выданняў.
1993 – пачата работа па аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, створана група аўтаматызацыі з 3-х чалавек. У першую чаргу быў аўтаматызаваны працэс камплектавання і апрацоўкі новых паступленняў. Пачата работа па стварэнні электроннага каталога на фонд бібліятэкі.
1995 – зацверджаны новы Статут бібліятэкі як абласной навуковай.
Пры аддзеле выданняў на замежных мовах адкрыты міні-цэнтры па самостойным вывучэнні англійскай і нямецкай моў.
1997 – калектыў бібліятэкі ўзначаліла Л.В.Мальцава.
1998 – упершыню ў бібліятэцы праведзены Дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаваны да Дня бібліятэк.
2000 – калектыў бібліятэкі атрымаў Грант з Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на рэалізацыю праекта “Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага”.
2001 – створаны аддзел аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, пры аддзеле інфармацыйна-бібліяграфічнай работы – публічны цэнтр прававой інфармацыі.
У межах святкавання 160-годдзя з дня нараджэння Э.Ажэшкі ў юнацкім філіяле бібліятэкі адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага пакоя, прысвечанага жыццю і творчасці пісьменніцы.
2001 – 2002 – перавезены бібліятэчны фонд і абсталяванне дзіцячага філіяла і аддзела мастацтва ў новы, адрамантаваны, будынак па адрасе: вул.Савецкая, 25.
2003 – пры публічным цэнтры прававой інфармацыі пачала працаваць Грамадская прыёмная, дзе малазабяспечаныя грамадзяне могуць атрымаць бясплатную кваліфікаваную юрыдычную кансультацыю.
2012 – адкрыўся літаратурны салон “У пані Элізы”.
2003 – універсальная чытальная зала бібліятэкі размясцілася па адрасе: вул.Савецкая, 8.
Пры бібліятэцы распачала сваю працу Грамадская прыёмная (бясплатную юрыдычную дапамогу чытачам аказваюць юрысты-)
2003 – пачата работа па дабрачынных праграмах, накіраваных на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і падлеткаў (“У справы добрыя ўкладзі ўсё лепшае сваёй душы” (2003-2004 гг.), марафон маральнасці, дабра і здароўя “Жыццё вартае таго, каб жыць” (2005-2007 гг.), “З надзеяй – у будучыню” (2008-2010 гг), “Разам думаць пра будучыню” (2011-2018).
2004 – у юнацкім філіяле бібліятэкі ўпершыню прайшлі міжнародныя Ажэшкаўскія чытанні “Любоў да зямлі… Любоў да людзей”.
Створаны Web-сайт бібліятэкі.
2005 – абласная бібліятэка сумесна з публічнымі бібліятэкамі Рэспублікі Польшча (г.Беласток і г.Сувалкі) рэалізавала міжнародны праект (грант ЕС) “Пошук агульных культурных каранёў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча”.
Адноўлена традыцыя Э.Ажэшкі – правядзенне дабрачынных елак для дзяцей-сірот.
2006 – створаны сектар рэгістрацыі чытачоў.
2006 – праведзены першыя “Гарадзенскія чытанні” – навукова-практычныя каферэнцыі, прысвечаныя важным падзеям і знакамітым асобам у гісторыі Гродна
2007 – на базе абласной бібліятэкі Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры праведзены рэспубліканскі семінар “Дзейнасць публічных цэнтраў прававой інфармацыі”.
2008 – калектыў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне і арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва.
Бібліятэка становіцца паўнапраўным членам рэспубліканскага бібліятэчнага кансорцыўма па аналітычнаму роспісе перыядычных выданняў LIBKARD.
Чытачы абласной бібліятэкі атрымалі магчымасць карыстацца віртуальнай чытальнай залай НББ, якая забяспечвае доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў.
2008-2009 – праведзены капітальны рамонт і мадэрнізацыя будынка бібліятэкі па адрасе: вул.Ажэшкі, 17; створаны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр, дзе размешчаны юнацкі філіял, аддзел выданняў на замежных мовах і мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці Э.Ажэшкі.
2010 – у межах святкавання 180-годдзя з дня заснавання ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” прайшлі святочныя мерапрыемствы, сярод якіх – Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Публічная бібліятэка ў кантэксце сацыякультурнай прасторы рэгіёну: два стагоддзі гісторыі”; выйшла навукова-папулярнае выданне “Галоўная кніжніца Прынямоння: да 180-годдзя з дня заснавання ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”, падрыхтаванае супрацоўнікамі бібліятэкі.
Па выніках работы за год бібліятэка стала:
– лепшай установай культуры года;
– перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За пошукавую і даследчыую дзейнасць”;
– атрымала Дыплом І ступені абласнога конкурсу на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў арганізацыях Гродзенскай вобласці.
2011 – праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Асветніца. Грамадскі дзеяч. Жанчына” і выдадзены буклет “Домік Элізы Ажэшкі” на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах, прымеркаваныя да 170-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомай пісьменніцы Э.Ажэшкі.
Па выніках работы за год бібліятэка стала “Лепшай установай культуры года”.
2012 – упершыню арганізаваны тэматычны вечар-канцэрт з удзелам лаўрэатаў міжнародных, рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў у вялікай зале аблдрамтэатра.
Пачалася рэалізацыя творчага праекта “Дакрануцца да гісторыі”, асноўная мэта якога – распаўсюджванне інфармацыі пра багацейшую гісторыка-культурную спадчыну гарадзенскай зямлі.
Адбыліся І Шчорсаўскія чытанні, арганізаваныя сумесна з ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”.
2013 – праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь – Літва – Польшча: дыялог народаў і культур”.
Ладзіліся імпрэзы ў межах творчых праектаў “Свет ведаў кніга адкрывае” і “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны”.
Па выніках работы за год дырэктар бібліятэкі Л.В.Мальцава стала перможцай абласнога конкурсу “Лепшы кіраўнік года” ў намінацыі “Лепшы кіраўнік установы кульутры”.
2014 – праводзіліся мерапрыемствы ў межах творчага праекта “Эліза Ажэшка ў памяці нашчадкаў”.
Па выніках работы за год абласная бібліятэка прызнана “Лепшай установай культуры года”.
2015 – адкрыты першы ў Рэспубліцы Беларусь інтэрактыўны цэнтр наукі і тэхналогій Мультыцэнтр “Совушка”, створаны ў межах праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна” 2007-2013.
Распрацаваны і ўкараняліся ў працу новыя праекты: “Бібліятэка пад адкрытым небам”, “Кніжны пікнік у яблыневым садзе”, квэст-гульня “У ЗамкУ. За 7-ю пячаткамі”.
Адбыліся святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 185-годдзя з часу заснавання бібліятэкі, у т.л. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бібліятэка праз прызму часу”.
Праведзены першы абласны конкурс “На лепшую самаробную кнігу”.
2016 – упершыню праведзена абласная акцыя “Чытаем разам”.
Прайшлі дзве Міжнародныя канферэнцыі, да 175-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы Э.Ажэшкі (Ажэшкаўскія чытанні і “Памяць кульутры: вечна жывое слова Э.Ажэшкі”).
Стартаваў новы творчы праект бібліятэкі – “Курсам лідара”.
Калектыў бібліятэкі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі, шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм.
2017 – Праведзены першы фестываль кнігі “Кніжныя скарбы Беларусі”.
Адноўлена традыцыя пісьменніцы Э.Ажэшкі – правядзенне летніх канцэртаў-баляў.
Бібліятэка прызнана “Лепшай абласной бібліятэкай” у межах рэспубліканскага конкурса “Бібліятэка года”.
2018 – універсальная чытальная зала перамясцілася ў галоўны корпус бібліятэкі. Створаны сектар бібліятэчнага абслугоўвання ўніверсальнай чытальнйа залы.
Праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Роля міжнацыянальнага дыялогу ў станаўленні і развіцці грамадства”, у межах мерапрыемстваў ХІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у г. Гродна.
Бібліятэка атрымала перамогу ў рэспублiканскiх конкурсах:
– “Бiблiятэка-цэнтр духоўнай асветы i выхавання” – спецыяльная прэмiя за падтрымку традыцый дабрачыннасцi,
– “Лепшы публiчны цэнтр прававой iнфармацыi” – III-e месца ў намiнацыi “Лепшы ПЦПІ на базе абласной бiблiятэкi”.
2019 – Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам у аператыўнае кіраванне Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага выдзелены будынак па адрасе вул. Карбышева, 17, у якім размяшчалася Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці. Агульная плошча памяшканняў склала  3014,5 кв.м., кнігасховішчы размясціліся на 560 кв.м.
У кароткі тэрмін былі перамешчаны бібліятэчныя фонды, абсталяванне, мэбля тэхніка і інш. маёмасць.
Упершыню праведзены абласны конкурс макетаў “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”.
Дырэктар бібліятэкі Л.В. Мальцава стала лаўрэатам штогадовага абласнога конкурсу імя А.І. Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” у намінацыі “Бібліятэкар года”.
2020 –  Адбылося ўрачыстае адкрыццё галоўнага корпуса бібліятэкі па адрасе вул. Карбышава, 17.
Да 190-годдзя з дня заснавання бібліятэкі: праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бібліятэка, як культурна-гістарычны аспект развіцця краіны”; падрыхтавана і выдадзена кніга “Галоўная кніжніца Прынямоння”, якая адлюстроўвае дзейнасць установы за 2010-2020 гады.
Рэалізаваны новы бібліятэчны праект “Перезагрузка” для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Упершыню праведзены абласны конкурс фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”, у выніку якога фонд бібліятэкі папоўніўся 20-ю творчымі работамі, якія адлюстроўваюць гісторыка-культурную спадчыну, гістарычную храналогію кожнага раёна Прынёмання і г. Гродна.
2021 – Рэалізаваны новыя бібліятэчныя праекты: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Летні БібліяСад”, “Кнігі раскажуць пра…” і інш.; абласныя акцыі “Мы – гэта памяць”, “Купалаўскі дзень на Гродзеншчыне”, “Мы – Беларусы”, “Чыталі, думалі, сталелі: кніга майго дзяцінства” і інш.
Упершыню праведзены абласныя конкурсы: “Чытаем, вучымся, дасягаем поспеху” (на лепшы бібліятэчны праект для моладзі); “Читай! Советуй! Продвигай!” (на лепшы буктрэйлер сярод моладзі) – 204 відэароліка  прадстаўлена да ўдзелу ў конкурсе.
Распачата правядзенне тэматычных аглядных лекцый “Вандроўка па горадзе Гродна”.
Арганізаваны абласны чэлендж “Гродзеншчына чытаючая”, у выніку якога выдадзены першы бібліятэчны каляндар на 2022 год.
2022 год – Упершыню праведзены: абласная школа вучобы для бібліятэкараў сельскіх бібліятэк вобласці “Публічныя бібліятэкі Гродзеншчыны: вучымся працаваць па-новаму”; абласныя конкурсы: “Вернісаж літаратурных герояў” (прадстаўлена 150 творчых работ – самаробных лялек) і “Аб мінулым – для будучыні” (лепшы краязнаўчы праект сярод публічных бібліятэк вобласці).
Абласная бібліятэка стала базай для правядзення рэспубліканскага круглага стала “Публічныя цэнтры прававой інфармацыі: прасоўванне і развіццё”.
Рэалізаваны новыя творчыя праекты і бібліятэчныя акцыі: “З адной думаю аб шчасці Беларусі” ў межах якога адбыўся абласны чэлендж “Класічна…патрыятычна: Гродзеншчына чытае Янку Купалу і Якуба Коласа”, “Моладзь чытае дзецям” (сумесна са студэнтамі педагагічнага факультэта), “Бібліятэчныя прыгоды “Сумкі-умкі”, “ART of ART: мастацтва для мастацтва”, “Де.Тво.Ра” (творчая лабараторыя для дзяцей), у тым ліку віртуальныя: “77 кніг аб вайне”, “Гэты дзень у гісторыі Гродзеншчыны”, “А што гэта значыць?” і інш.
Праект “ВЕДАЙ І ЛЮБІ СВАЁ” прызнаны лепшым інтэрактыўным бібліятэчным праектам культурна-асветніцкай дзейнасці сярод абласных бібліятэк у рэспубліканскім конкурсе на “Лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі 2022”.
На рэспубліканскім узроўні прэзентавана новая БД уласнай генерацыі “Гродзенская губерня”.
На базе абласной бібліятэкі створаны рэгіянальны цэнтр па алічбоўцы дакументаў.
2023 год – Рэалізаваны новыя творчыя праекты, марафоны чытання і культурна-інфармацыйныя сустрэчы: “АRT прастора на Карбышава”, “Общество борьбы со скукой”, “Музыка в меняющемся времени”, “КЛАССное внеКЛАССное” і інш.
З выязным выставачным праектам “Беларусь – тэрыторыя міру і стварэння” пазнаёміліся працоўныя калектывы буйных прадпрыемстваў горада.
Тэма генацыду беларускага народа шырока асвятлялася праз арганізаваную выставу фотаматэрыялаў “Память в сердце стучит…”, якая была падрыхтавана сумесна з пракуратурай па Гродзенскай вобласці і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, а таксама на XVIII Абласных Гарадзенскіх чытаннях “Генацыд беларускага народа: радкі памяці Гродзеншчыны”.
Абласная бібліятэка стала месцам дыялогавых сустрэч моладзі з прадстаўнікамі пракуратуры Гродзенскай вобласці, выканаўчай улады, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Упершыню праведзены: абласны конкурс на лепшую віртуальную віктарыну, інтэрактыўную гульню, анлайн крыжаванку “Бібліятэка.by”, абласны марафон “Бібліятэчная эстафета памяці: да 78-годдзя з дня Перамогі”, выстава творчых работ супрацоўнікаў публічных бібліятэк Гродзеншчыны “Библиотечных рук творенье”.
На рэспубліканскім свяце – Дзень беларускага пісьменства – упершыню адбылася прэзентацыя кніжных праектаў рэгіёна “Кніжны свет Гарадзенскага краю”.
Створаны інфармацыйны рэсурс “Автограф на память”.
Па выніках працы за 2022 год Гродзенская абласная навуковая бібліятэка занесена на Дошку гонару Гродзенскай вобласці.
Згодна даручэння Презідэнта Рэспублікі Беларусь ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” атрымала грант на рэалізацыю інавацыйнага праекта “Б.И.К.: Библиотека. Инклюзия. Культура”, які накіраваны на прапаганду і папулярызацыю дасягненняў беларускай культуры і мастацтва сярод дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.