Галоўнай кніжніцы Прынёмання – 190!

Відэафільм: “Шлях даўжынёю ў 190 гадоў”.

17 верасня 2020 года ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” адзначыла вельмі важную дату – 190 гадоў з дня заснавання.

Менавіта, у гэты дзень – 17 верасня 1830 года – на нарадзе гродзенскага губернатара М.Т.Бабяцінскага было прынята рашэнне аб адкрыцці першай публічнай бібліятэкі ў Гродне. І з гэтага часу пачалося падарожжа галоўнай кніжніцы Прынёмання скрозь стагоддзі.

Праграму святочных мерапрыемстваў адкрыла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бібліятэка як культурна-гістарычны аспект развіцця краіны”. Удзел у ёй прынялі як навукоўцы і бібліятэкары з розных куткоў Беларусі, так і замежныя госці, чые выступленні прайшлі on-line.

У межах свята адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”. Пад бурныя апладысменты ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы і памятныя падарункі як сімвал унікальнасці іх неверагодных і прыгожых работ.

Вечар працягнуўся ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе на святочную вечарыну сабраліся не толькі супрацоўнікі бібліятэкі і ветэраны працы, але і яе даўнія сябры і пастаянныя чытачы.

Увесь час са сцэны гучалі цёплыя і шчырыя словы ў адрас установы-юбіляра. Шматлікія віншаванні калектыву бібліятэкі накіравалі ганаровыя госці імпрэзы, сярод якіх кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Папоў Ігар Андрэевіч, галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Бацян Сяргей Уладзіміравіч, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Клімовіч Алена Віктараўна, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Булаўка Ігар Міхайлавіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Матульскі Раман Сцяпанавіч.

Неаднаразова супрацоўнікі ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” падымаліся на сцэну, каб атрымаць заслужаную ўзнагароду за сваю высокапрафесійную і якасную працу.

Канешне, 190 гадоў – узрост салідны і значны, але абласная бібліятэка не стаіць на месцы і пастаянна развіваецца. Наперадзе яе чакае яшчэ мноства цікавых адкрыццяў, праектаў і ідэй, бо, як паказвае час, кніга ў жыцці чалавека застаецца важным сродкам ведаў, духоўнасці і культуры. Таму і шлях галоўнай кніжніцы Прынёмання працягваецца далей, насустрач новым гарызонтам і падзеям.