“К зорам жа мчаціся будзе твой дух…”: купалаўскі квэст для падлеткаў

24 лютага навучэнцы 6-х класаў ДУА “Сярэдняя школа № 40 г.Гродна” былі запрошаны ў дзіцячы філіял на літаратурна-пазнавальны квэст ”Сцежкамі Купалы”.

Знайсці факты з біяграфіі паэта, “вырасціць” радавое дрэва сям’і Луцэвічаў, стварыць з ЛЕГА-канструктара вокладку для  першага зборніка твораў, адказаць на пытанні з дапамогай трохтомнай энцыклапедыі “Янка Купала”, скласці вершаваны радок і нават запланаваць піяр-кампанію ў падтрымку Янкі Купалы – такія выпрабаванні чакалі ўдзельнікаў квэста.

Дзве каманды рухаліся па станцыях, кіруючыся маршрутнымі лістамі і збіраючы “кнігі-адзнакі”. Падлеткі праявілі цікавасць да пошукавай дзейнасці і камандныя якасці.

Кніжна-ілюстраваная выстава-партрэт “К зорам жа мчаціся будзе твой дух…” звярнула ўвагу падлеткаў на выданні купалаўскіх твораў розных гадоў, літаратуразнаўчыя даследванні творчасці народнага паэта Беларусі, біяграфічны даведнік і энцыклапедыі.