Моўны дзень у бібліятэцы

“Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”.
Якуб Колас

Родная мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і адначасова робіць цэлы народ унікальным ва ўсім свеце. Гэта люстэрка жыцця чалавека, нацыі, носьбіт памяці мінулых пакаленняў.

21 лютага стартуе абласная акцыя “Моўны дзень у бібліятэцы”, у якой прымуць удзел усе публічныя бібліятэкі Гродзенскай вобласці.

Абласная бібліятэка запрашае ўсіх аматараў беларускага слова стаць удзельнікамі акцыі і пачаць тыдзень з этна-дня “Гучы, родная мова”. Хто цікавіцца займальнымі гістарычнымі фактамі і самабытнай культурай роднага народа cупрацоўнікі бібліятэкі запрашаюць на літтур “Мова родная – мова модная”. Кожны госць аддзела абанемента можа пазнаёміцца з кніжнай выставай, прысвечана выбітным творам для дарослых і дзяцей – “Беларусь літаратурная”.

Для актыўных карыстальнікаў інтэрнэта бібліятэка прапануе адказаць на пытанні віктарыны “Роднай мовы пералівы”, якую можна будзе знайсці на нашым сайце.

Таксама сачыце за сацыяльнымі сеткамі. У сторыз мы запусцім інтэрактыўную гульню “Галасы Беларусі”, дзе кожны можа паспрабаваць сябе ў якасці знаўцы дыялектаў і гаворак роднага краю.

Важнай падзеяй будзе прэзентацыя манаграфій культуролага і кнігаведа Алеся Сушы “Беларускі Буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы” і “Вынаходства Буквара ў Беларусі”.

Бібліятэка запрашае ўсіх да актыўнага ўдзелу ў акцыі. Давайце будзем разам шанаваць і ганарыцца мовай нашага народа.