Чароўны свет выцінанкі

Дзіўныя марозныя узоры, “разныя” птушкі і жывелы, кветкі і карункі – 3 лютага ў аддзеле мастацтва абласной бібліятэкі адкрылася маштабная персанальная выстава майстра выцінанкі Станіслава Муліцы. У выставачным зале прадстаўлена звыш 200 прац, якія будуць радаваць гасцей бібліятэкі да канца зімы.
Павіншаваць майстра прыйшло шмат сяброў, калег і знаёмых. Андрэй Пятровіч Пятрук, вядучы метадыст па народным промыслам абласнога метадычнага цэнтра народнага мастацтва, мастацтвазнаўца Любоў Міхайлаўна Зорына, былы дырэктар ДК “Хімікаў” Валянціна Тадэўшаўна Сосіна, грамадскі дзеяч Тарэза Іосіфаўна Белаусава і іншыя – словы ўдзячнасці і павагі гучалі ў гэты дзень неспыняючыся.
Станіслаў Муліца расказаў прысутным аб сваім творчым шляху, сям’і, аб выставах, у якіх ён прымаў удзел, а таксама аб кур’ёзных і гумарыстычных сітуацыях, з якімі яму давялося сутыкнуцца.
Напрыканцы мерапрыемства майстар выцінанкі правёў майстар-клас з прысутнымі, якія з радасцю адгукнуліся на яго прапанову.
Такія экспазіцыі ў Беларусі, нажаль, рэдкасць. Па ўсёй краіне майстроў выцінанкі не болей за 100 чалавек. Гэта няшмат. Таму гэта імпрэза стане сапраўды вельмі значнай падзеяй нашага горада.
Чакаем усіх аматараў мастацтва ў абласной бібліятэцы.