“Казка, ты часцей прыходзь!”

Штогод 21 лютага ў свеце  адзначаецца Дзень роднай мовы. Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года. Сэнс гэтага свята − спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

На працягу лютага ў абласной бібліятэцы асаблівая ўвага надаецца мерапрыемствам, прысвечаным папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры.

8 лютага ў дзіцячы філіял завіталі навучэнцы 2 класа гімназіі № 10 на гульню-падарожжа “Фальклорная мазаіка”. Юныя чытачы прыгадалі беларускія народныя казкі ў калектыўнай гутарцы-разважанні “Казка, ты часцей прыходзь!”,  а таксама сталі ўдзельнікамі конкурсу “Хто згубіў рэчы?” і конкурсу на лепшага знаўцу беларускай казкі. Дзеці знайшлі адрасантаў казачных тэлеграм і паспяхова адолелі казачную віктарыну.

Падарожжа ў чароўны свет беларускіх казак працягнуўся больш пільным знаёмствам з казкамі “Дзедава рукавічка” і “Піліпка-сынок” і выданнямі беларускіх народных казак  з серыі “Казка за казкай”.

Кніжная выстава “Беларуская казка – розуму падказка” прадэманстравала разнастайныя па тэматыцы зборнікі і асобныя выданні беларускіх народных казак, а таксама літаратурныя казкі беларускіх пісьменнікаў.