Юбіляры першага зімовага месяца

Кніжны свет таемны і разнастайны. За кожным выданнем стаіць асоба яго аўтара, непаўторная, як і сама кніга. 2022 год выдаўся вельмі шчодры на юбілеі беларускіх пісьменнікаў. І вось надыйшоў час уславіць юбіляраў самага чароўнага і прыбранага месяца – снежня, працягнуўшы цыкл літаратурных выстаў “Гадавіны выдатных асоб і гістарычных падзей”.

Стагадовы снежаньскі юбіляр – Алена Васілевіч унесла багаты ўклад у мастацкую скарбніцу Беларусі і духоўную культуру свайго народа. Экспазіцыя “Прыцягальны свет мастацкай прозы Алены Васілевіч” паказвае, што, у першую чаргу, пісьменніцу цікавілі жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей. Цэнтральнае месца ў яе творчасці займае створаная на аўтабіяграфічным матэрыяле тэтралогія “Пачакай, затрымайся…”, у якой А. Васілевіч паказала нялёгкі шлях сялянскай дзяўчынкі ў дарослае жыццё і яе духоўнае станаўленне.

 

Выстава “Уладзімір Гніламёдаў – сапраўднасць таленту празаіка” прысвечана 85-цігадоваму юбілею беларускага педагога, даследчыка літаратуры і аднаго з нямногіх майстроў слова, ушанаванага званнем акадэміка НАН Беларусі. Сярод экспануемых выданняў можна знайсці манаграфіі і кнігі крытыкі Ул. Гніламёдава, а таксама яго уласныя раманы. Заслугоўваюць увагі і напісаныя ім творчыя партрэты класікаў літаратуры. А аб тым, як акадэмік успрымае паўсядзённасць, можна прачытаць у кнізе артыкулаў, рэцэнзій, нарысаў вядомых літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў і журналістаў – “Уладзімір Гніламёдаў: “Заставацца сабой…”.

Яшчэ адна кніжная экспазіцыя, падрыхтаваная да 75-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка і перакладчыка, мае назву – “Алесь Разанаў: невядомая велічыня”. На ёй змешчаны зборнікі паэзіі А. Разанава, яго пераклады твораў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. “Разыначкай” Разанава з’яўлецца тое, што ён быў вынаходлівым і дасціпным аўтарам новых сціслых паэтычных форм: квантэм, пункціраў, версэтаў, вершаказаў, зномаў. Паэта-наватара цікавіла існаванне ў вялікім агульначалавечым і загадкавым свеце нацыянальнай гісторыі. Паэтычныя тэксты Алеся Разанава часам нагадваюць фрагменты старажытных манускрыптаў без пачатку і без канца, спасціжэнне сэнсу якіх вымагае напружанай працы інтэлекту і фантазіі, здольнасці да самастойнай інтэрпрэтацыі.

Прыходзьце, чытайце, адкрывайце для сябе чароўны свет роднай літаратуры ў аддзел абанемента: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.