Францыск Скарына – чалавек-легенда

З’яўленне першай друкаванай кнігі на беларускай мове ў Празе ў 1517 годзе стала такой жа значнай падзеяй, якой у мінулым стагоддзі стаў першы касмічны палёт. Кніга стала даступнай, а імя Францыска Скарыны – самым яркім і найбольш вядомым імем беларускай культуры.
21 верасня ў дзіцячым філіяле навучэнцы 5 класаў сярэдняй школы №40 у форме вуснага часопіса пазнаёміліся з дзейнасцю Францыска Скарыны.
Размова распачалася знаёмствам з кнігай Анатоля Клышкі “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга” і працягнулася аглядам кніг з фондаў абласной навуковай бібліятэкі: энцыклапедычных выданняў, альбомаў, дакументальных даследаванняў.
Падлеткі аднаўлялі “стужку лёсу” першадрукара: годы, месца жыхарства і дзейнасці, заняткі, дасягненні. Калектыўнае разважанне дапамагло прадставіць асобу Скарыны: асветнік-гуманіст, пісьменнік, друкар, доктар філасофіі і медыцыны і нават прадпрымальнік.
Напрыканцы гутаркі навучэнцы выбралі афарызмы Скарыны і падзяліліся ўражаннямі аб нашым слаўным суайчынніку.