110-гадовы юбілей народнага паэта Беларусі Максіма Танка

Максім Танк (сапраўднае імя – Яўген Іванавіч Скурко) з’яўляецца класікам нацыянальнай літаратуры, самабытным мастаком слова з яркай, непаўторнай вобразнасцю мовы, паэтам еўрапейскага ўзроўню і маштабу. 17 верасня спраўляўся 110-гадовы юбілей з дня яго нараджэння, таму супрацоўнікі аддзела абанемента падрыхтавалі кніжна-ілюстрацыйную экспазіцыю “Прастор мастацкага слова Максіма Танка”, якая знаёміць з багатай літаратурнай спадчынай пісьменніка.

Выстава ўтрымлівае навейшы поўны збор твораў М. Танка ў 13-ці тамах, у аснову якога пакладзены 6-томны збор твораў – апошняе прыжыццёвае выданне творчай спадчыны паэта.

Дэманструюцца асобнікі аўтара, факсімільнае выданне “На этапах” (1936), паэтычныя зборнікі розных гадоў (“Журавінавы цвет” (1938), “Нарач”(1938), “Праз вогненны небасхіл” (1945), “Каб ведалі” (1948) і інш.), літаратуразнаўчыя працы навукоўцаў (Арочкі М., Рагойшы В., Калесніка У., Міцкевіча У. і інш.) аб дзейнасці і жыцці творцы, кніга з серыі ЖЗЛБ “Максім Танк. На камні, жалезе і золаце: успаміны, эсэ, прысвячэнні”, што змяшчае ўспаміны сучаснікаў, даследаванні навукоўцаў, асабістыя пісьмы і дакументы, фотаздымкі, а таксама мастацкія творы, прысвечаныя паэту.

Асобнае месца на экспазіцыі займае выдадзены ў 2021 годзе фотаальбом “Максім Танк” пад рэдакцыяй Мікуліча М., прысвечаны выяўленню феномена пісьменніка. Гэта своеасаблівы фотаілюстраваны летапіс багатай і складанай жыццёвай біяграфіі, напружанай літаратурнай, грамадска-культурнай і дзяржаўнай дзейнасці Танка М.

Разам са сваім аўтарам юбілеі адзначаюць кнігі паэзіі “Мой хлеб надзённы” (1962) і “След бліскавіцы” (1957), якія таксама размешчаны на выставе.

Падрабязней пазнаёміцца з постаццю беларускага пісьменніка праз літаратуру і ілюстрацыйны матэрыял выставы “Прастор мастацкага слова Максіма Танка” запрашаем у аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.