Гэты дзень у гісторыі Гродзеншчыны

Гродзеншчына – край з найбагацейшай гісторыяй і самабытнай культурай, край таленавітых і працавітых людзей. Ведаць і памятаць сваю гісторыю, шанаваць і працягваць традыцыі, ганарыцца дасягненнямі – павінен кожны жыхар рэгіёна.

У межах віртуальнага праекта “Гэты дзень у гісторыі Гродзеншчыны” кожны тыдзень супрацоўнікі аддзела краязнаўства знаёмяць з цікавымі і малавядомымі фактамі з гісторыі Прынёмання.

Снежань

27 снежня 2007 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2007 г. № 1833 у Гродзенскім раёне быў створаны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Гродзенская пушча”.

Біясферны рэзерват плошчай 20903 гектараў быў створаны шляхам аб’яднання Сапоцкінскага і Гожскага біялагічных заказнікаў. Гэта прыродаахоўная тэрыторыя, якая знаходзіцца за 15-20 кіламетраў на поўнач і паўночны ўсход ад горада Гродна, у міжрэччы рэк Нёман і Котра. Заказнік быў створаны ў мэтах захавання ў натуральным стане каштоўных прыродных ландшафтаў, лясных і лугавых экалагічных сістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Заказнік мае вялікае значэнне як эталон раўнінных ландшафтаў Еўропы і як адно з самых экалагічна чыстых месцаў Беларусі.

Тут выяўлены лясныя супольнасці – 57 тыпаў лесу, 12 лясных фармацый, якія займаюць 93,5 % плошчы заказніка. У структуры расліннага пакрова дамінуюць сухія хвойныя лясы, асаблівую каштоўнасць уяўляюць ліпавыя, дубовыя, ясянёвыя лясы. Сярод каштоўных раслінных супольнасцяў заказніка вылучаюцца стараўзроставыя ельнікі ўздоўж рэк Чорная Ганча, Марыха і Шляміца; чорнаальховыя лясы ў поймах рэк і дубровы на поймавых лугах. Балотная расліннасць займае адносна малую плошчу, але ў “Гродзенскай пушчы” сустракаюцца ўсе тыпы балот нашай краіны.

У флоры выяўлены 801 від сасудзістых раслін і 770 відаў пакрытанасенных, якія адносяцца да 425 родаў і 111 сямействаў. На тэрыторыі заказніка ўстаноўлена 19 відаў ахоўных раслін. Фаўна заказніка налічвае 222 віды наземных пазваночных жывёл, з якіх 39 відаў млекакормячыя, 131 – птушка, 5 – рэптылій, 12 – амфібій, а таксама 35 відаў рыб. Многія з іх уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

На тэрыторыі заказніка ёсць унікальныя аб’екты. Па тэрыторыі пушчы пралягае Аўгустоўскі канал – гідратэхнічны аб’ект, помнік культуры і гісторыі XIX стагоддзя. Уздоўж канала размешчаны абарончыя доты часоў Вялікай Айчыннай вайны (“Лінія Молатава”) і фарты Гродзенскай крэпасці, уключаныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Таксама ў наваколлях заказніка знаходзіцца вялікая колькасць цікавых помнікаў гісторыі і архітэктуры: у гарадскім пасёлку Сапоцкін – касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Іасафата Кунцэвіча, неагатычныя капліцы і самыя старыя яўрэйскія могілкі (1278 г.); у вёсцы Свяцк – палацава-паркавы ансамбль Валовічаў, а ў Радзівілках – сядзіба Друцкіх-Гурскіх.

23 снежня 1977 года выканаўчым камітэтам Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў было прынята Рашэнне № 434 «Аб арганізацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта».

Універсітэт быў заснаваны ў 1978 годзе на базе педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Першы ўніверсітэцкі набор пачаў заняткі ў верасні 1978 года. Рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта быў прызначаны Аляксандр Уладзіміравіч Бадакоў.

На час адкрыцця ўніверсітэта было 5 факультэтаў: матэматычны, фізічны, гістарычны, філалагічны, факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Працаваў факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі з двума аддзяленнямі: будучых педагогаў і будучых даследчыкаў, а таксама факультэт маладых настаўнікаў-стажораў. Дзейнічалі 25 кафедр і курс грамадзянскай абароны. Навучальны працэс ажыццяўлялі 236 выкладчыкаў, з іх 3 дактары навук, у тым ліку 1 прафесар, 101 кандыдат навук, у тым ліку 60 дацэнтаў і старэйшых навуковых супрацоўнікаў. У 1978 годзе пры гістарычным факультэце было заснавана аддзяленне правазнаўства, на базе якога з 1981 года пачаў сваю працу факультэт правазнаўства. У пачатку 80-х гадоў завяршылася фарміраванне структуры ўніверсітэта, якая адпавядала галоўным напрамкам вучэбна-выхаваўчай і навуковай работы таго часу.

Сёння ўніверсітэт – гэта 15 факультэтаў, 68 кафедр. Колькасць навучэнцаў складае больш за 10 тысяч студэнтаў, ва ўстанове працуе 1700 работнікаў, прафесарска-выкладчыцкі склад – 675 чалавек.

У структуру ўніверсітэта ўваходзяць: Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў; Ваўкавыскі, Лідскі, Тэхналагічны і Гуманітарны каледжы; Цэнтр трансферу тэхналогій і РУП УНПЦ “Тэхналаб” у статусе навукова-тэхналагічнага парка.

21 снежня 1812 года ў Гродна ўвайшоў Дзяніс Давыдаў. Напярэдадні авангард яго партызанскага атрада і вой­скі генерала А.П. Ажароўскага дзякуючы перамовам вызвалілі горад ад аўстрыйскіх войск. Згодна рапарту Давыдава ў Гродне з палону было вызвалена 14 расійскіх афіцэраў і 467 радавых, у палон захоплены 661 чалавек. Удзень вызвалення горад быў ярка асветлены, суткі білі царкоўныя званы, усе чыноўнікі павінны былі з’явіцца да Давыдава з віншаваннямі. У горадзе наводзіўся новы парадак: жыхары павінны былі ў кароткі тэрмін здаць зброю, крамы і склады былі апячатаны і ахоўваліся, сотня казакаў патрулявала горад кругласутачна. Начальнікам вышэйшай гро­дзенскай паліцыі Давыдаў прызначыў гродзенскага кагальнага.

У Гродне Давыдаў затрымаўся на 10 дзён, жыў у палацы Радзівілаў на Параднай плошчы (зараз – Савецкая). Пасля адыходу атрада Давыдава ў горад увайшла рэгулярная расійская кавалерыя генерал-лейтэнанта Ф.К. Корфа. За вызваленне Гродна палкоўнік Дзяніс Давыдаў быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 3 ступені.

18 снежня 1842 года быў выдадзены Указ Мікалая I аб пераўтварэнні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання губерніяў Паўночна-Заходняга краю.

Гродзенская губернія існавала ў 1801-1921 гадах. Адміністрацыйным цэнтрам быў горад Гродна. Тэрыторыі, якія займала губернія, былі далучаны да Расійскай імперыі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Першапачаткова былі створаны Слонімская і Віленская губерніі, пазней аб’яднаныя ў Літоўскую губернію. У 1801 годзе яна была падзелена на Віленскую і Слонімскую, пераназваную ў 1802 годзе ў Гродзенскую. Да 1840 года на тэрыторыі Гродзенскай губерніі дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 года.

Пасля Указа Мікалая I Навагрудскі павет быў перададзены Мінскай губерніі, а Лідскі павет – Віленскай губерніі. З 1843 і да 1921 года Гродзенская губернія ўключала 8 паветаў: Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі, якія былі далучаны ад скасаванай Беластоцкай вобласці, а таксама Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Пружанскі і Слонімскі.

16 снежня 1992 года выканкамам Гродзенскага гарадскога Савета народных дэпутатаў было прынята рашэнне аб прысваенні звання “Ганаровы грамадзянін горада Гродна” выдатнаму спартсмену Курловічу Аляксандру Мікалаевічу, які вынікамі сваіх выступленняў прынёс сусветную вядомасць гораду Гродна і Рэспубліцы Беларусь. Гэта званне прысвойваецца жыхарам горада Гродна за выдатную грамадскую дзейнасць і плённую дзейнасць на карысць горада, высокія дасягненні ў развіцці навукі, мастацтва, архітэктуры і спорту.

Аляксандр Курловіч (1961 – 2018) – савецкі і беларускі цяжкаатлет, заслужаны майстар спорту СССР (1987), заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь (1992), удзельнік трох Алімпіяд, уладальнік 12 сусветных рэкордаў.

12 снежня 1912 года ў Гродне ўпершыню запалілася электрычнае святло. На вуліцы Аляксандраўскай (сучасная Будзённага) пачала працаваць гарадская дызельная электрастанцыя з двума генератарамі сумарнай магутнасцю 94 кВт, якая дала на горад першы ток, а на вуліцах горада з’явіліся першыя паветраныя і кабельныя лініі электраперадач. Магутнасці першай станцыі хапала на 120 вулічных электрычных ліхтароў і восем тысяч лямпачак для 66 абанентаў на вуліцах Мураўёўская (Ажэшкі), Саборная (Савецкая), Замкавая і галоўных плошчах горада. Праз два гады колькасць абанентаў вырасла ў тры разы.

У часы Першай сусветнай вайны адзін рухавік быў знішчаны, станцыя знаходзілася ў дрэнным стане, яе магутнасці хапала ўсяго на некалькі дзесяткаў абанентаў. У пасляваенны час быў набыты рухавік у Швецыі, запуск якога дазволіў даць святло для 2400 абанентаў горада, а асвятленне вуліц дасягнула даваеннага часу. Кіраўніцтвам горада было прынята рашэнне штогод асвятляць не менш за 30 пунктаў, у першую чаргу – на ўскраінах горада. Перад Вялікай Айчыннай вайной электрычнасцю было забяспечана больш паловы дамоў горада.

У часы вайны электрастанцыя моцна пацярпела, была адноўлена ў пасляваенны час і працавала да канца мінулага стагоддзя, пакуль не страціла сваё прамысловае значэнне, бо ўжо не магла забяспечыць патрэбы прамысловага 300-тысячнага горада, у пачатку двухтысячных гадоў пачаўся дэмантаж абсталявання, а пабудовы станцыі былі зруйнаваны.

Сучаснае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства РУП “Гроднаэнерга” – гэта адзіны высокатэхналагічны комплекс па вытворчасці, перадачы і размеркаванні энергіі, адно з найбуйнейшых вытворчых прадпрыемстваў вобласці, у склад якога ўваходзяць 12 філіялаў.

9 снежня 1947 года Савет Міністраў БССР прымае Пастанову №1738 “Аб адкрыцці дамоў культуры ў былых валасных цэнтрах-гмінах заходніх абласцей БССР і адкрыцці культпрасветвучылішча ў Гродне”: “Пункт 3. Абавязаць камітэт па справах культурна-асветных спраў пры Савеце Міністраў БССР адкрыць з 1 лютага 1948 г. у г. Гродна культпрасветвучылішча агульным кантынгентам набора ў 1948 годзе на І курс 180 чалавек (90 чалавек з 1 лютага і 90 чалавек з 1 верасня 1948 г.”.

20 студзеня 1948 года Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў працоўных была прынята пастанова аб адкрыцці ў Гродне культурна-асветнага вучылішча, у лютым новай навучальнай установе перадалі будынак былога дзіцячага дома па вуліцы Дзяржынскага. У гэтым жа годзе адбыўся першы набор. Пачыналі працу 4 выкладчыкі і 71 навучэнец, мелася 3 музычныя інструменты, гараж прыстасавалі пад глядзельную залу. Першы паскораны выпуск, у які, у асноўным, уваходзілі франтавікі, адбыўся ў 1951 годзе.

9 снежня 1922 года быў адкрыты Гродзенскі гісторыка-мастацкі музей – дзяржаўны музей (цяпер гісторыка-археалагічны). Музей быў заснаваны ў 1920 годзе Юзэфам Ядкоўскім, а ў 1922 годзе адкрыты для наведвальнікаў. Музею перадалі памяшканні Старога замка на Замкавай гары, дзе стваральнікам музея ў ходзе археалагічных раскопак былі адкрыты руіны мураваных пабудоў XII-XVII стст. У 1990 годзе музею быў перададзены Новы замак, а пазней – дом майстра другой паловы XVIII ст. па вуліцы Ажэшка і музей Максіма Багдановіча.

У 2017 годзе адбылася значная падзея для нашага горада – на Замкавай гары пачалася рэканструкцыя Старога замка – адзінага палаца, які на працягу сямі стагоддзяў меў дзяржаўны статус і ніколі не належаў прыватным асобам. Частку замка адбудоўвалі нанова, захоўваючы часткі чатырохсотгадовых сцен, частку – рэканструявалі. У рамках рэканструкцыі замак з шэрай пабудовы ператварыўся ў сапраўдны каралеўскі палац ХVI стагоддзя. У пачатку лістапада 2021 года на Замкавай гары замак Стэфана Баторыя быў урачыста адкрыты для наведвальнікаў. Зараз у памяшканнях замка, адноўленых у стылі XVI стагоддзя, працуюць тэматычныя экспазіцыі, якія ахопліваюць чатыры стагоддзі – ад заснавання замка да часу праўлення Стэфана Баторыя. Экспазіцыі гісторыка-археалагічнага музея, якія раней знаходзіліся ў будынку каралеўскага палаца, перамясцілі ў Новы замак.

На сённяшні час у музеі заканчваюцца работы над інтэр’ерамі замкавай капліцы, каралеўскай лазні, алебастравай залы для адпачынку караля і рэзідэнцыяй сакратара. Наперадзе самы складаны і каштоўны этап рэканструкцыі – падрыхтоўка рэканструкцыі каралеўскага палаца і флігеля.

1 снежня 1987 года Слонімскі народны тэатр стаў першым у Беларусі эксперыментальным тэатрам-студыяй на гаспадарчым разліку.

Першыя звесткі пра тэатральнае жыццё ў Слоніме адносяцца да XVIII стагоддзя, калі існаваў школьны тэатр пры езуіцкім калегіуме. Росквіт тэатральнага жыцця ў горадзе быў у 1771-1791 гадах, калі вялікім гетманам літоўскім Міхалам Казімірам Агінскім была заснавана тэатральная трупа, у якой працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, мясцовы хор і балет. Рэпертуар тэатра ўключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў.

Зноў актыўна развівацца тэатральнае жыццё ў Слоніме пачало ў ХХ стагоддзі, нават у часы фашысцкай акупацыі пры Беларускім Народным доме і краязнаўчым музеі працавалі драматычныя гурткі. У 1948 годзе афішы Слоніма паведамілі аб першым спектаклі толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага калектыву. Спектакль меў поспех, яго паказвалі 32 разы, што замацавала веру артыстаў і рэжысёра ў свае сілы, і дзякуючы сур’ёзнай, мэтанакіраванай працы праз тры гады драмгурток атрымаў званне народнага. У 1968 годзе Слонімскі народны тэатр узначаліў заслужаны дзеяч культуры Беларусі рэжысёр Мікалай Варвашэвіч, які ўзначальваў тэатр да 2000 года і аддаў яму ўсе свае сілы, веды і натхненне. Пры ім народны тэатр стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця Слонімшчыны, а пазней на базе народнага тэатра быў створаны Слонімскі дзяржаўны драматычны тэатр. З тых часоў калектыў тэатра ажыццявіў каля 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. У рэпертуары тэатра п’есы класічнай і сучаснай беларускай, рускай і замежнай драматургіі. На сённяшні дзень галоўным рэжысёрам тэатра з’яўляецца Сявец Васіль Васільевіч, у рэпертуары тэатра – 18 спектакляў для дзяцей і 15 пастановак для дарослых.

1 снежня 1887 года ў губернскім праўленні гарадскі глава прапанаваў перадаць абслугоўванне вулічных ліхтароў прыватнай асобе па дагавору падраду. Наёмныя начныя вартаўнікі, у абавязак якіх уваходзіла абслугоўванне і нагляд за ліхтарамі, абыходзіліся для гарадскога бюджэту вельмі дорага.

Першыя дакументальныя звесткі аб вулічным асвятленні ў Гродна адносяцца да 30-х гадоў XIX ст. З ведамасці, складзенай у студзені 1832 года, вядома, што ў горадзе было толькі 8 ліхтароў, 70 неабходна было ўсталяваць. Існаваў строгі тэхнічны рэгламент усталёўкі вулічных ліхтароў: яны ўсталёўваліся на адлегласці 20 сажняў па адной старане вуліцы, а на другой старане – на палове адлегласці. Слуп павінен быць драўляным, пафарбаваным алейнай фарбай белага колеру, вышынёй 7 аршын (4,98 м), на вышыні ў 2 аршына (1,42 м) слуп павінен быць выдзеўбаны для правядзення вяроўкі з дзверцамі і замком; ліхтар – лампа-кенкет з пяццю шкламі і прыборам для газы.

На падставе падраду асвятлення вулічных ліхтароў падрадчык быў абавязаны абслугоўваць 275 ліхтароў з 1 жніўня да 1 мая. Людзі, якія запальвалі ліхтары, абавязаны былі забяспечваць прыладу і спраўнасць ліхтароў і слупоў. За няспраўнасць ліхтароў падрадчык падвяргаўся штрафу. Асвятленне вулічных ліхтароў падрадчык павінен вырабляць спірта-шкіпінаравым маслам або газай. Шкло павінна быць чыстым і не закураным газай, а газа павінна быць добрай якасці. Полымя ліхтара з круглым кнотам павінна быць не меней вяршка (4,45 см), а з плоскім – паўвяршка.

Штогод на пасяджэннях губернскага праўлення разглядалася пытанне пра час гарэння ліхтароў і перыяд асвятлення вуліц і плошчаў горада. Ліхтары павінны былі гарэць 4-10 гадзін у суткі, напрыклад: у жніўні – чатыры гадзіны з 21.00 да 01.00, у снежні – дзесяць з 17.00 до 03.00, у красавіку – пяць з 20.00 да 05.00.

Лістапад

У 2022 годзе Гродзенская абласная клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі імя З.П. Салаўёва святкуе 110-годдзе свайго заснавання.

Гістарычнай папярэдніцай бальніцы лічыцца адкрытая ў 1912 годзе ў сувязі з пагрозай эпідэміі халеры лякарня для заразных хворых на 20 ложкаў, якая размяшчалася ў Загараднай слабадзе (раён сучасных вуліц Лермантава і Камунальнай). У сувязі з эвакуацыяй у Калугу гарадской акруговай бальніцы ў пачатку Першай сусветнай вайны лякарня стала асноўным стацыянарам для жыхароў горада. У 1915 годзе быў зацверджаны праект будаўніцтва “другога каменнага заразнага гарадскога барака”. Сто гадоў таму ў двух двухпавярховых мураваных будынках было 5 аддзяленняў: хірургічнае, тэрапеўтычнае, інфекцыйнае, акушэрскае, аддзяленне для псіхічных хворых. Бальніца была разлічана на 120 ложкаў. У кожным аддзяленні працаваў толькі адзін доктар.

У часы Вялікай Айчыннай вайны бальніца таксама аказвала дапамогу гарадзенцам, а ў пасляваенны час акрамя агульналячэбнай дапамогі былі арганізаваны оталарынгалагічныя, афтальмалагічныя, неўралагічныя і анкахірургічныя койкі; да з’яўлення радзільнага дома, які раней знаходзіўся на сучаснай вуліцы Васілька, у бальніцы аказвалі і гінекалагічную дапамогу. У 50-я гады над старымі карпусамі надбудавалі яшчэ адзін паверх і пабудавалі новы трохпавярховы будынак. З 1960 года 1-я Гродзенская гарадская бальніца набыла статус клінічнай, і было адкрыта дзіцячае аддзяленне на 50 коек. У 70-х гадах было завершана будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса і было адкрыта кардыялагічнае аддзяленне.

З 1990 года бальніца стала цэнтрам аказання неўралагічнай і нейрахірургічнай дапамогі, а ў 2004 годзе было адчынена аддзяленне ранняй медыцынскай рэабілітацыі. Далейшая спецыялізацыя першай бальніцы – яскравае сведчанне ўдасканалення арганізацыі і якасці медыцынскай дапамогі. Сёння ў бальніцы ў 11 аддзяленнях і клінічна-дыагнастычнай лабараторыі працуюць больш за 400 супрацоўнікаў. Прафесіяналізм, адказнасць і самаахвярнасць на карысць здароўя пацыентаў – аснова паспяховай працы ГАКБ медыцынскай рэабілітацыі.

25 лістапада 2002 года ў Астравецкім раёне ўрачыста была адкрыта пагранічная камендатура “Гудагай”, якая размяшчаецца ў аднайменным пасёлку – тут размешчана ўпраўленне камендатуры і рэзервы, гатовыя да дзеянняў пры змяненні абстаноўкі на любым участку адказнасці ў межах раёна, у тым ліку і для аказання дапамогі па ахове граніцы. Агульная працягласць Дзяржаўнай граніцы ў межах Астравецкага раёна складае каля 90 кіламетраў. Сёння пагранкамендатуры “Гудагай” падпарадкоўваюцца пагранічныя заставы “Лоша”, “Астравецкая”, “Маладзечанская”, пагранічны пост “Кемелішкі” і рэзервовая пагранічная застава, якая размяшчаецца ў самой пагранкамендатуры.

Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці органаў пагранічнай службы ў 2019 годзе пагранічная камендатура “Гудагай” стала лепшай у Беларусі, а па выніках 2021 года лепшай у органах пагранічнай службы была прызнана рэзервовая пагранічная застава “Гудагай”.

23 лістапада 1562 года з’яўляецца адна з першых пісьмовых згадак сучаснай назвы нашага горада – Гродна. Такая назва першы раз з’явілася ў афіцыйным дакуменце – Грамаце вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста аб забароне вывазу солі праз Гродна за Нёман. У гэтым жа дакуменце нараўне з назвай “Гродна” можна сустрэць і яшчэ адзін варыянт назвы нашага горада – Гарадзен.

У 2022 годзе сваё 35-годдзе адзначае заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Ансамбль песні, музыкі і танца ‘Белыя росы’”. Традыцыйна свае юбілеі калектыў адзначае ў канцы восені новай канцэртнай праграмай. Сёлета свой юбілей калектыў будзе святкаваць не толькі ў родным горадзе, але і ў Мінску.

У 1987 годзе пры абласной філармоніі з мэтай задавальнення культурных патрэб жыхароў Гродна і Гродзенскай вобласці было вырашана стварыць ансамбль танца, музыкі і песні. Першым мастацкім кіраўніком “Белых рос” быў заслужаны работнік культуры БССР Штоп Яўген Аляксандравіч. У ансамблі было тры працоўныя цэхі: балетны, вакальны і аркестравы. У першы склад гастралюючай трупы ўваходзілі артысты з многіх рэспублік былога Савецкага Саюза. Агульная колькасць артыстаў налічвала каля трыццаці чалавек. Ужо праз год гродзенскі калектыў выехаў з гастролямі ў Расію, Казахстан і Украіну, а на сённяшні час ансамбль аб’ездзіў з гастролямі большую колькасць краін Еўропы.

З 2003 года і да сённяшних дзён “Белыя росы” ўзначальвае заслужаная артыстка Беларусі Вера Вайнова, якая прышла ў калектыў праз некалькі месяцаў пасля стварэння ансамбля ў 1987 годзе. У 2005 годзе калектыў быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва”. У 2011 годзе ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы” стаў самастойнай дзяржаўнай установай культуры. Праз год на базе ансамбля была створана дзіцячая студыя “Белыя расінкі”. Сёння ў распараджэнні ансамбля ёсць уласная база на вуліцы Соламавай, камфартабельны аўтобус, гуказапісваючая студыя і вялікі арсенал сцэнічных касцюмаў і інструментаў, а ў штаце “Белых рос” – 95 чалавек. У рэпертуары ансамбля самабытныя, арыгінальныя праграмы: “Аконца на ўсход сонца”, “Аповесць былога сучасным пяром”, “Краскі свету”, “Сямён дзень”, “Чым багаты” і інш.

Гродзенцы ганарацца сваім ансамблем “Белыя росы”, які ўжо некалькі апошніх гадоў прымае ўдзел у кожным рэспубліканскім мерапрыемстве і з’яўляецца сапраўдным харэаграфічным брэндам Беларусі.

19 лістапада 2002 года ў газеце “Гродзенская праўда” быў надрукаваны артыкул “Захаваць унікальнае”, ён прысвечаны важнай падзеі – заснаванню на Гродзеншчыне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ліпічанская пушча”.

Улічваючы экалагічныя праблемы, органы дзяржаўнай улады Беларусі імкнуцца ўдасканальваць экалагічную нарматыўна-прававую базу, а таксама эканамічныя механізмы прыродакарыстання. Пашыраюцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ): запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі (ландшафтныя, біялагічныя, гідралагічныя і водна-балотныя). Аб’яўляюцца помнікі прыроды.

Заказнік “Ліпічанская пушча” быў заснаваны 8 кастрычніка 2002 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з мэтай захавання ўнікальнага прыроднага ландшафту міжрэчча Нёмана і Шчары. Яго плошча – больш за 15 тысяч гектараў – раскінулася ў Мастоўскім, Дзятлаўскім і Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці. Тэрыторыя пушчы вельмі маляўнічая дзякуючы парослым хвоямі мацерыковым выдмам, ледніковым азёрам, старыцам рэк, эолавым пясчаным ўзгоркам, стромкім прырэчным тэрасам. Лясы заказніка займаюць 87% тэрыторыі, балоты – каля 4%. Лясы пераважна высокаўзроставыя – гэта шматвекавыя дубровы, хваёвыя лясы, лішайнікавыя бары, кляноўнікі, грабоўнікі,. На тэрыторыі заказніка сустракаюцца сапраўдныя волаты – выбітныя па памерах дрэвы. Максімальны ўзрост дуброў дасягае 230 гадоў, але сустракаюцца і старажылы – 450-500 гадоў, узрост самых старых ельнікаў – 120 гадоў, хвойнікаў – 200 гадоў, чорнаальшаннікаў – 200 гадоў. Усяго флора “Ліпічанскай пушчы” налічвае 754 віды раслін, 17 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У складзе фаўны зарэгістравана 29 відаў млекакормячых, 11 амфібій і рэптылій, 30 рыб, 136 птушак, 220 відаў бесхрыбтовых, у тым ліку 24 віды ўключаны ў Чырвоную кнігу.

На сённяшні дзень на тэрыторыі Гродзенскай вобласці створана 263 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый на плошчы 253,3 тыс. га, што складае 10,1% ад тэрыторыі вобласці. Гэта тэрыторыі часткова 2-х нацыянальных паркаў “Белавежская пушча” і “Нарачанскі”; 15 заказнікаў рэспубліканскага значэння і 28 – мясцовага; 218 помнікаў прыроды, з іх 95 рэспубліканскага значэння і 129 – мясцовага.

19 лістапада 1932 года пры Фарным касцёле Гродна быў створаны грамадскі камітэт па фундацыі званоў і гадзінніка на чале з інжынерам Станіславам Шынкевічам.

Вынікам дзейнасці камітэта стала аднаўленне двух званоў: Св. Казіміра вагой 300 кілаграмаў і Св. Францыска Ксаверыя вагой 714 кілаграмаў, вырабленых з медзі і волава. Званы былі багата арнамэнтаваны фларальным узорам і мелі надпіс: “Імя маё Св. Казімір (на другім – Св. Францыск). Фундаваны ў 1938 г., калі касцёлам кіраваў Пій ХІ, Прэзідэнтам Рэчы Паспалітай быў Ігнат Масціцкі, а архібіскупам мітрапалітам віленскім Рамуальд Ялбжыкоўскі. Адліты Я(кубам) Крушэўскім у Венгрове”.

Трэці звон Фарнага касцела Св. Станіслава вагой 500 кілаграмаў быў адліты ў 1637 годзе для першага драўлянага езуіцкага касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1655 годзе ў час вайны касцёл пацярпеў ад пажару, новы звон Св. Станіслава загучаў у 1667 годзе, дзякуючы ліцейшчыку Гансу фон Охруму з Каралеўца, аб чым сведчыць надпіс на лацінскай мове на зване.

Цыферблаты гадзінніка былі дэмантаваны яшчэ ў пачатку 20-х гадоў падчас рамонту касцёла, і вярнуліся на свае месцы больш, чым праз дваццаць гадоў.

У адным з лістоў Камітэта ад 1 красавіка 1935 года ёсць пацверджанне абслугоўвання гадзінніка гарадскімі ўладамі: “Магістрат заўсёды рамантаваў, а гарадскі служачы стала заводзіў гэты гадзіннік”.

Гэтыя тры званы і сёння адбіваюць час для гарадзенцаў. Яны знаходзяцца ў паўночнай вежы касцела на адзін ярус вышэй гадзіннікавага механізма. Самы вялікі звон Св. Францішка Ксаверыя адбівае гадзіны, а звон Св. Станіслава – чвэрці.

18 лістапада 1792 года выходзіць першы нумар газеты “Гродзенскія ведамасці”. Газета з’яўлялася органам Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў – польскай i літоўскай канфедэрацыі таргавічан. “Гродзенскія ведамасці” выдаваліся ў Гродна на польскай мове два разы на тыдзень (серада і нядзеля). Кожны нумар меў дадатак фарматам у чацвёртую частку ліста газеты. Мяркуецца, што выданне выходзіла ў каралеўскай друкарні, заснаванай Антоніем Тызенгаузам у Гродна ў 1775 годзе, але на старонках некаторых захаваных нумароў інфармацыя пра выдаўца i друкарню адсутнічае.

У газеце змяшчалася выключна мясцовая інфармацыі, якая ішла з гродзенскага рэгіёна i датычылася дзейнасці Таргавіцкай канфедэрацыі. Газета мела два раздзелы: “Генеральная сесія вольных абодвух з’яднаных народаў”, у якім друкаваліся універсалы Генеральнай Канфедэрацыі, i “Правінцыйная сесія літоўскага народу”, у якім друкаваліся універсалы, распараджэнні і рэкамендацыі, прынятыя на паседжаннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ. Акрамя афіцыйных матэрыялаў публікаваліся розныя паведамленні, звязаныя з дзейнасцю канфедэрацыі, напрыклад: пастанова Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ пра бяспеку i парадак на тэрыторыі горада; пра абед i канцэрт для канфедэратаў, дадзены маршалкам Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ Аляксандрам Міхалам Сапегам; заклік да перагляду Статута ВКЛ 1588 года; інфармацыя пра аўдыенцыю дэлегацыі канфедэратаў у Кацярыны II у Пецярбургу; распараджэнне аб размяшчэнні Метрыкі ВКЛ у касцёле Св. Казіміра ў Вільні; адказ папы Пія VI на ноту падканцлера ВКЛ Іахіма Літавор Храптовіча; артыкул пра святкаванне ў горадзе імянін Кацярыны II 5 i 12.12.1792 г.; распараджэнні канфедэрацыі пра гарады i мяшчан, устанаўленне крымінальнага суда, стварэнне дэпутацыі для распрацоўкі новай канстытуцыі i інш. Усяго выйшла 12 нумароў газеты.

14 лістапада 1812 года каля Ваўкавыска пачалася самая працяглая бітва Айчыннай вайны 1812 года. Бітва адбылася паміж рускім корпусам генерала Фабіяна Остэн-Сакена (26 тыс. чал.) і саксонскім корпусам генерала Жана Рэнье (20 тыс. чал.). Корпус Остэн-Сакена павінен быў прыкрываць рух да Бярэзіны арміі адмірала Паўла Васільевіча Чычагава.

Познім вечарам 14 лістапада ў моцны снегапад і завіруху рускія войскі пачалі наступленне на Ваўкавыск, у якім знаходзіліся напалеонаўскія войскі. Бой быў хуткім, жорсткім і нечаканым для супернікаў, сярод якіх пачалася паніка. Каб спыніць атаку рускіх, саксонская артылерыя адкрыла агонь па горадзе, не разбіраючыся, дзе свае, а дзе чужыя. У горадзе пачаўся пажар. Рэнье збег, ледзь не трапіўшы ў палон, камандзір рэзервовай дывізіі саксонцаў быў паранены. Рускія захапілі ў палон каля 500 чалавек, канцылярыю, касу, абоз і сцяг корпуса Рэнье.

Раніцай 15 лістапада саксонцы пайшлі ў атаку і адбілі частку горада, але пасля поўдня рускія перайшлі ў контратаку і вярнулі сабе горад, які на той момант ужо быў моцна разбураны і пацярпеў ад пажару. Рэнье звярнуўся за дапамогай да аўстра-венгерскага войска Карла Шварцэнберга.

На наступны дзень Остэн-Сакен перайшоў у наступленне на правы фланг саксонска-французскіх войскаў, але вымушаны быў спыніць атаку, бо да Ваўкавыску з тылу падыходзіла падмога для Рэнье – трыдцацітысячны корпус Шварцэнберга. Не жадаючы ўступаць у бой з праўзыходнымі сіламі двух карпусоў напалеонаўскай арміі, рускія войскі пачалі адступленне да Брэсту. Шварцэнберг і Рэнье рушылі за імі ўслед, пераслед працягваўся да 24 лістапада 1812 года. Асобны рускі корпус Остэн-Сакена страціў амаль 10 тысяч чалавек і ледзь не быў знішчаны. Але галоўную задачу Остэн-Сакен выканаў: прыкрыў рух войска П. В. Чычагова і не дапусціў аб’яднання войскаў Шварцэнберга і Рэнье з французскім войскам Напалеона на Бярэзіне.

13 лістапада 1957 года было прынята рашэнне № 691 выканкама Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных “Аб упарадкаванні назваў вуліц і нумарацыі дамоў г. Гродна”. Гэта праводзілася ў рамках падрыхтоўкі да Ўсесаюзнага перапісу насельніцтва ў 1959 годзе.

Па гэтаму рашэнню вуліца Аградовая была пераіменавана ў вуліцу імя Максіма Багдановіча, а вуліца Кнышынская стала вуліцай Крылова.

У пасляваенны час ішло аднаўленне горада, на месцы зруйнаваных у часы Вялікай Айчыннай вайны дамоў, будаваліся новыя, нумарацыя дамоў на многіх вуліцах не была ўпарадкавана і не адпавядала рэчаіснасці. Таму ў першую чаргу новыя шыльды з назвамі вуліц і нумарамі дамоў павінны былі усталёўвацца на дамах, якія не мелі абазначэння. Шыльды былі тыповыя, аднолькавага памеру і з электрычнай падсветкай.

13 лістапада 1887 года ў Гожы было адчынена народнае вучылішча. Пачатковыя народныя вучылішчы былі створаны ў Расійскай імперыі ў 1864 годзе і давалі толькі пачатковую адукацыю. Да іх адносіліся земскія школы, розныя ведамасныя і прыватныя школы, а таксама царкоўна-прыходскія і нядзельныя школы. Іх дзейнасць рэгулявалася Палажэннем аб пачатковых народных вучылішчах, згодна якому прадметамі навучальнага курса былі Закон Божы і святая гісторыя, чытанне па кнігах грамадзянскага і царкоўнага друку, пісьмо, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі (складанне і адніманне, множанне і дзяленне, узвядзенне ў ступені і выманне кораня) і царкоўныя спевы. Усе прадметы выкладаліся на рускай мове.

На будаўніцтва ўстановы было затрачана 1600 рублёў. У першы год у вучылішчы было 2 класа, у якіх навучалася 49 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі (46 католікаў, 4 праваслаўных і 2 іўдзея). Навучанне было бясплатным. Навучаліся дзеці не толькі з Гожы, але і з Пальніцы, Лешніцы, Верхаполля і Азяркоў. Пры вучылішчы быў створаны інтэрнат, у якім маглі жыць навучэнцы з аддалёных вёсак.

7 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэты дзень з’яўляецца святочным выхадным днём.

Кастрычніцкая рэвалюцыя стала адной з найбуйнейшых палітычных падзей XX стагоддзя, якая моцна паўплывала на развіццё сусветнай гісторыі.

Гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі прыпадае на 25 кастрычніка, менавіта ў гэты дзень 1917 года пачалося паўстанне. У той час Расія жыла па юліянскім календары, але з лютага 1918 года было вырашана перайсці на грыгарыянскі каляндар, менавіта так 25 кастрычніка стала 7 лістапада. І навукоўцы, і палітыкі да гэтага часу разыходзяцца ў меркаваннях пры ацэнцы падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі, пунктаў гледжання на гэты конт мноства, але тым не менш, гэта этап нашай гісторыі. У часы СССР гэты дзень адзначаўся як галоўнае свята краіны, быў нават вызначаны абавязковы “канон” святкавання: правадыры на трыбуне, дэманстрацыя працоўных і ваенны парад на галоўных плошчах усіх гарадоў краіны. Захоўваючы гэты дзень сярод памятных дат, мы аддаём даніну павагі тым людзям, для якіх многія гады гэта свята было адным з галоўных.

У Гродне ў 1917 годзе аб рэвалюцыі даведаліся са спазненнем на некалькі дзён. У гэты час ішла Першая сусветная вайна, горад быў акупіраваны кайзераўскай Германіяй, была ўстаноўлена нямецкая ўлада на чале з бургамістрам, дзейнічалі нямецкія законы, выдавалася газета “Grodno Zeitung”, быў уведзены грыгарыанскі каляндар. Атмасферу тых дзён перадаў рускі пісьменнік Міхась Прышвін, які быў праездам у той час у нашым горадзе і пакінуў у сваім дзённіку пра гэта кароткі запіс: “Увесь горад неяк задушаны вайной, вы бярэце рамізніка ў гатэль і не верыце, што ён дабярэцца…” Якія яшчэ падзеі адбываліся ў Гродна напярэдадні і пасля рэвалюцыі, можна даведацца з артыкула газеты “Вячэрні Гродна”.

3 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння вялікага паэта і празаіка, драматурга і перакладчыка, крытыка і публіцыста, лінгвіста і фалькларыста, настаўніка моладзі Якуба Коласа.

Нарадзіўся Якуб Колас у вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям’і лесніка. Сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч. Атрымаў адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, настаўнічаў. У 1907 годзе быў загадчыкам літаратурнага аддзелу ў газеце «Наша ніва» ў Вільні. У 1908 годзе за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і нелегальную работу тры гады адбываў пакаранне ў мінскім астрозе. У час Першай сусветнай вайны з сям’ёй жыў у Расіі, настаўнічаў. У 1915 годзе яго мабілізавалі, ён скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, служыў у чыне падпаручніка, быў адпраўлены на Румынскі фронт, але з-за хваробы быў эвакуіраваны. Паводле дакрэту Савецкага ўрада ў 1918 годзе звольнены з войска як настаўнік. Па выкліку ўрады БССР пераехаў у Мінск. Працаваў у Народным камісарыяце асветы, выкладаў у педагагічным тэхнікуме, у БДУ, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю. З дня ўтварэння Нацыянальнай акадэміі навук быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У часы Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі, у 1944 годзе вярнуўся ў Мінск. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і СССР, старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэту абароны міру. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

Пачаў пісаць яшчэ ў Нясвіжскай семінарыі, друкавацца з 1906 года. Першы зборнік вершаў “Песьні-жальбы” выйшаў у 1910 годзе ў Вільні. У яго творах адлюстравана цэлая эпоха ў жыцці краіны, вялізны пласт культурнага жыцця народа, нездарма яго паэму “Новая зямля” называюць энцыклапедыяй беларускага жыцця. Яго зборы твораў неаднаразова перавыдаваліся, самае поўнае выданне – у чатырнаццаці тамах.

Усё жыццё і дзейнасць Якуба Коласа прасякнуты любоўю да роднай зямлі, высакароднасцю, неабыякавасцю, грунтоўным стаўленнем да ўсяго. Сваёй творчасцю ён як ніхто іншы васпеў Беларусь і беларусаў, яго літаратурная спадчына па праве лічыцца крыніцай духоўнасці і натхнення для многіх пакаленняў.

У газеце “Гродзенская праўда” часта друкавалі матэрыял пра жыццё і творчасць Якуба Коласа.

Штогод 3 лістапада ў некаторых еўрапейскіх краінах адзначаецца Дзень Святога Губерта. У гэты дзень узгадваецца духоўны подзвіг чалавека, які трынаццаць стагоддзяў служыць узорам самаўдасканалення. Губерт жыў у VII-VIII стагоддзях. Ён стаў дбайным хрысціянінам, святаром і біскупам горада Льежа пасля таго, як аднойчы падчас палявання ўбачыў знак у выглядзе аленя з залатым крыжом паміж рагамі. Выяву Святога Губерта можна сустрэць на старажытных гравюрах, іконах, скульптурах і розных рэчах. Асобе святога і цудоўнаму сюжэту пра яго сустрэчу на паляванні з аленем, якая поўнасцю змяніла яго жыццё, накавана было набыць і сваё геральдычнае гучанне. Алень Святога Губерта намаляваны на гербе Гродна і з’яўляецца сімвалам горада, а сам святы з’яўляецца нябесным заступнікам гарадзенцаў.

Святы Губерт – агульнахрысціянскі святы, бо ён жыў да падзелу царквы ў 1054 годзе, і таму ўшаноўваецца і католікамі, і праваслаўнымі. Ён лічыцца апекуном паляўнічых і леснікоў. Выява аленя з крыжом у рагах размешчана на этыкетцы папулярнага лікёра Егермайстар. У яго гонар названы паляўнічы замак Губертусбург пад Дрэздэнам, вядомы з XV стагоддзя ордэн Святога Губерта, астэроід (260) Губерта.

У Гродне на скрыжаванні вуліц Савецкая і Кастрычніцкая ўстаноўлена скульптура Святому Губерту (аўт. Ул. Панцялееў).

З 1 лістапада 1942 года ў Гродне пачалася мэтанакіраваная праца па поўнаму знішчэнню яўрэяў. 2 лістапада 1942 года два гродзенскіх гета былі поўнасцю акружаны і заблакаваны аховай. Раніцай гэтага ж дня каля брамы гета №2 былі затрыманы рабочыя, якіх пачалі расстрэльваць каменданты гета Курт Візэ і Ота Штрэблеў: 12 яўрэяў было забіта, 40 паранена.

У лістападзе шталаг № 353 у Каўбасіно быў ператвораны ў транзітны лагер СС, куды пачалі адпраўляць яўрэяў з гродзенскіх гета і бліжэйшых мястэчак. Пазней яны былі накіраваны ў канцэнтрацыйныя лагеры Асвенцым і Трэблінка. У лагеры смерці былі адпраўлены каля пяці тысяч яўрэяў з гродзенскіх гета, дзесяць тысяч – з мястэчак Гродзенскага павета, звыш чатырнаццаці тысяч – з іншых паветаў.

15 лістапада адбылася першая дэпартацыя каля тысячы яўрэяў з гета №2. Вялікая харальная сінагога была пунктам збору, адсюль іх калонамі гналі ў Каўбасіно да “цягнікоў смерці”, якія накіроўваліся ў Асвенцым. Мужчыны, жанчыны і дзеці ехалі трое сутак у нечалавечых умовах, у вагонах для жывёлы, на працягу ўсёй дарогі ім не давалі ні вады, ні ежы.

18 лістапада першы цягнік з гродзенскімі яўрэямі прыбыў у Асвенцым. Перш чым знішчыць іх у газавых камерах, фашысты прымусілі іх напісаць на паштоўках для сваіх сваякоў наступны тэкст: “Абыходзяцца з намі добра, мы працуем, і ўсё выдатна”.

21 лістапада ў Асвенцым дэпартавалі астатніх яўрэяў з гета № 2 – каля двух тысяч чалавек, а ў канцы месяца ў перасыльны лагер двума эшалонамі былі адпраўлены з гета № 1 яшчэ каля чатырох тысяч чалавек, якіх адтуль пазней пераправілі ў Асвенцым і Трэблінку.

Кастрычнік

31 кастрычніка 1922 года газеты паведамілі жыхарам Гродна, што ў суботу 4 лістапада адбудзецца адзіны ў Гродне канцэрт прымадоны Маскоўскіх імператарскіх тэатраў Антаніны Няжданавай з удзелам дырэктара Маскоўскага Вялікага тэатра Мікалая Галаванава.

Антаніна Васільеўна Няжданава (1873-1950) – руская і савецкая оперная спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Яна ўваходзіць у топ-100 лепшых вакалістаў свету, а Бернард Шоу называў яе “лепшым творам прыроды”. Яна выступала разам з Энрыка Каруза, Ціта Руфа, Фёдарам Шаляпіным, Леанідам Собінавым і інш.

Будучая зорка нарадзілася ў сяле пад Адэсай. Пасля заканчэння жаночай гімназіі стала настаўніцай у Адэскай Марыінскай гімназіі. Пазней была прынята ў Маскоўскую кансерваторыю ў клас знакамітага італьянскага выкладчыка Мазеці, які ўбачыў у дзяўчыне вялікі талент. Яна стала першай вучаніцай у кансерваторыі, ёй акампанаваў выкладчык кансерваторыі Аляксандр Скрабін. Нягледзячы на ​​тое, што яна скончыла кансерваторыю з залатым медалём, у Вялікі тэатр яе прынялі не адразу. Яе актыўна запрашалі выступаць і на сцэне іншых тэатраў – міланскага Ла Скала, нью-ёркскай Метрапалітэн-опера і многіх іншых. Яна адмаўляла, аддаючы перавагу працы ў Расіі, і толькі адзін раз выступіла на сцэне Гранд-опера ў Парыжы. У савецкі час яна працягвала спяваць у Вялікім тэатры, за ўвесь час служэння ў тэатры яна выканала 30 партый. У ліку прыхільнікаў таленту Няжданавай былі першыя асобы дзяржавы. “Беражыце свой раток, свой галасок, яго Уладзімір Ільіч вельмі любіў”, — казала ёй Крупская. За выкананне геніяльнага “Вакалізу”, які Сяргей Рахманінаў прысвяціў Няжданавай, яна атрымала Сталінскую прэмію I ступені. Пакінуўшы сцэну, выкладала ў Опернай студыі імя Станіслаўскага і ў Маскоўскай кансерваторыі.

29 кастрычніка 2002 года Дэпартамент аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь адзначае сваё 70-годдзе. Менавіта ў гэты дзень у 1952 годзе пастановай Савета Міністраў СССР “Аб выкарыстанні ў прамысловасці, будаўніцтве і іншых галінах народнай гаспадаркі работнікаў, якія вызваляюцца з аховы, і мерах па паляпшэнні справы арганізацыі аховы гаспадарчых аб’ектаў міністэрстваў і ведамстваў” была арганізавана ахова пры органах міліцыі, у абавязкі якой уваходзіла ахова дробных гандлёвых і гаспадарчых аб’ектаў.

Першыя падраздзяленні аховы ў Гродзенскай вобласці былі створаны ў Гродне і Лідзе. Асновай кіруючага складу падраздзяленняў аховы былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. Ахова аб’ектаў забяспечвалася стацыянарнымі постамі і патруляваннем. З 1965 года пачалося пераўзбраенне службы новымі тэхнічнымі сродкамі сігналізацыі. У 1967 годзе было ўзаконена стварэнне “начной міліцыі”, а праз некалькі гадоў на змену вартаўнічай ахове прыходзіць міліцэйская. Аб’екты пачалі ахоўвацца шляхам патрулявання на аўтамабілях і матацыклах, сталі выкарыстоўвацца сродкі радыёсувязі, з’явіліся першыя ахоўныя пульты, сталі выкарыстоўваць для аховы службовых сабак. У 1969 годзе Гродзенскі аддзел аховы пад кіраўніцтвам падпалкоўніка міліцыі Івана Філіповіча Татарынава быў прызнаны перадавым у СССР.

Пасля распаду Савецкага Саюза была створана новая нарматыўна-прававая база, сфарміравана новая структура ахоўных падраздзяленняў: інспекцыя па асабовым складзе, ахова консульскіх устаноў замежных дзяржаў, ліцэнзійна-кантрольная служба, служба суправаджэння каштоўных грузаў, псіхалагічная служба і інш.

Сёння Дэпартамент аховы – гэта высокаарганізаваная, высокатэхнічная мабільная служба, якая вырашае самыя складаныя задачы па забеспячэнні маёмаснай бяспекі дзяржавы і насельніцтва ў барацьбе са злачыннасцю і ўмацаванню правапарадку.

27 кастрычніка 1972 года на плошчы Леніна сабраліся гродзенцы, каб закласці сквер у гонар 50-годдзя СССР. Усклаўшы кветкі да помніка Леніну, калона накіравалася па вуліцы Горкага да бавоўнапрадзільнай фабрыкі (цяпер ТАА «Гранітэкс»). Аўтарамі праекта сквера з’яўляюцца вядучыя архітэктары горада І. М. Мазнічка і Л. А. Вільчко. Плошча сквера 7 гектара. Пасярод сквера – алея дружбы народаў. У ніжняй яго частцы – вялікая сажалка. Сквер аб’ядноўваў Палац культуры баваўнянай фабрыкі, мікрараён «Фарты-2» і мікрараён навучальных устаноў.

Гэты сквер існуе і зараз: гродзенцы ведаюць яго як сквер воінам-афганцам, яго перайменавалі калі на ўваходзе ў парк з боку вуліцы Горкага быў усталяваны мемарыял у памяць аб гродзенцах, якія загінулі падчас ваенных дзеянняў у Афганістане ў 80-х гадах. Гэты мемарыял быў адным з першых на тэрыторыі былога СССР.

Сквер стаў выдатным месцам для адпачынку і карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў і зараз: у цені шматгадовых дрэў можна схавацца ў летнюю спёку, за ім размешчаны дзве сажалкі з лавачкамі для адпачынку, а побач з ім пабудаваны праваслаўны храм Усячэння Галавы Іаана Хрысціцеля.

26 кастрычніка 1907 года гродзенскаму губернатару паступіла прашэнне ад прадстаўнікоў гродзенскай інтэлігенцыі аб стварэнні таварыства аматараў драматычнага і музычнага мастацтва “Муза”, да прашэння прыкладаўся статут. Мэта грамадства – “даць сваім членам магчымасць праводзіць вольны час з карысцю і задавальненнем, садзейнічаць развіццю сярод іх драматычнага і музычнага мастацтва, а таксама пазнаёміць іх з літаратурнымі творамі”. Уваходзіць у склад грамадства маглі мужчыны і жанчыны любога саслоўя, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання.

У канцы 1907 года быў атрыманы дазвол, зацверджаны статут і грамадства пачало сваю дзейнасць. Старшынёй праўлення “Музы” быў абраны вядомы ў горадзе ўрач Аляксандр Карлавіч Тальгейм, які быў аматарам тэатра і музыкі. У працы таварыства актыўны ўдзел прымала Эліза Ажэшка, якая была адказнай за літаратурную частку. Таварыствам была адкрыта бібліятэка-чытальня, для якой Ажэшка ахвяравала больш за 700 кніг. Па ўспамінах пісьменніцы, сярод гродзенцаў карысталіся папулярнасцю аматарскія паказы, літаратурна-музычныя і танцавальныя вечары, якія праводзіліся некалькі разоў на месяц у будынку Высакароднага збору ці ў тэатры. Напрыклад, у 1908 годзе таварыствам было арганізавана 11 тэатральных паказаў і 12 літаратурна-музычна-танцавальных вечароў, на якія збіралася некалькі сотняў гараджан.

У розныя перыяды ў склад таварыства ўваходзіла да 190 чалавек. “Муза” прыпыняла сваю дзейнасць на нядоўгі час толькі падчас войн: з пачатку Першай сусветнай вайны да 1917 года і ў 1920 годзе падчас савецка-польскай вайны. Таварыства аматараў драматычнага і музычнага мастацтва дзейнічала ў Гродне да 1939 года.

21 кастрычніка 1967 года ў Маскве на XIV пленуме Усерасійскага цэнтральнага савета прафсаюзаў Гродзенская вобласць была ўзнагароджана вышэйшай дзяржаўнай узнагародай СССР – ордэнам Леніна – за актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, і поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі вобласці ў пасляваенны час.

20 кастрычніка 1942 года на форце ў Навумавічах былі расстраляны прадстаўнікі інтэлігенцыі Гродна. Гэта быў не першы, і не апошні растрэл мірных жыхароў у Навумавічах. Першымі на форце былі расстраляны 7 савецкіх ваеннапалонных, у лютым 1942 года – 6 чалавек гродзенскай падпольнай групы Мікалая Аляксеевіча Волкава. У сярэдзіне кастрычніка 1942 года фашысцкія ўлады ўзялі ў заложнікі 100 вядомых гарадзенцаў, а таксама жыхароў навакольных вёсак – гэта быў іх адказ на забойства 13 кастрычніка нямецкага жандарма і паліцэйскага мясцовым жыхаром Вітольдам Матушэўскім. Па горадзе былі расклеены аб’явы, у якіх паведамлялася, што Матушэўскі да 18 кастрычніка сам павінен з’явіцца ў гестапа, і тады арыштаваных адпусцяць, але гэтага не здарылася. Гродзенцы сабралі грошы, каб выратаваць арыштаваных, але кіраўнік гестапа Фром аддаў загад – расстраляць кожнага чацвёртага з сотні. У гэты спіс выпадкова трапілі былы віцэ-прэзідэнт Гродна, актыўны дзеяч мясцовай сацыялістычнай партыі Раман Савіцкі; урачы Ілля Журакоўскі і Казімір Казакевіч; суддзі Вінцэнт Гедройц, Эдвард Шакальскі і натарыус Мечыслаў Завадскі; былы дырэктар тытунёвай фабрыкі Ян Шыманскі; мастак Юзаф Ванатоўскі; былы школьны інспектар і настаўнік матэматыкі Юзэф Мрачкоўскі, які напярэдадні адмовіўся з’ехаць з горада, аргументаваўшы: “Я там, дзе мае вучні”; былы дырэктар школы №8 Юзаф Вевюрскі і іншыя. У апошні момант Ян Каханоўскі – выкладчык мужской гімназіі, заснавальнік гродзенскага заапарка і музея прыроды – добраахвотна папрасіў немцаў выйсці замест свайго калегі, шматдзетнага бацькі Юзэфа Вевюрскага.

Загад Фрома быў выкананы – 20 кастрычніка 25 чалавек былі растраляны на форце №2 Гродзенскай крэпасці. На працягу ўсёй акупацыі ў Навумавічах было растраляна больш за 3 000 чалавек. У памяць аб гэтых трагічных падзеях побач з фортам устаноўлены помнік смуткуючай маці, каталіцкі і праваслаўны крыжы, побач з імі – пліты з чорнага мармуру, на якіх выбіты прозвішчы расстраляных на гэтым месцы ў гады вайны гродзенцаў і жыхароў суседніх мястэчак.

20 кастрычніка Гродзенскі абласны драматычны тэатр адзначае сваё 75-годдзе. Ён быў створаны ў верасні 1947 года на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра, а менавіта 20 кастрычніка гледачы ўбачылі першы спектакль.

Першым мастацкім кіраўніком тэатра быў Мікалай Кавязін, у той час тэатр быў арыентаваны на класічны рэпертуар, пазней з’явіліся сучасныя расійскія і беларускія п’есы, у 60-70-х гадах вызначальнымі былі гісторыка-рэвалюцыйныя эпічныя пастаноўкі, потым пачалі ставіць маштабныя спектаклі, п’есы маральна-этычнай праблематыкі, тэатрам актыўна асвойвалася беларуская драматургія. Тэатр паказваў свае спектаклі ў Расіі, Польшчы, Балгарыі, Германіі, становячыся прызёрам і дыпламантам розных фестываляў і конкурсаў. У 2011 годзе за дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры тэатру было прысвоена званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

У 1987 годзе, калі адзначалася 40-годдзе тэатра, у “Гродзенскай праўдзе” было надрукавана інтэрв’ю з галоўным рэжысёрам Ігарам Сяргеевічам Пятроўскім, які распавёў чытачам пра тэатральныя будні і будучыя планы. На яго думку, адзіны тэатр у горадзе павінен працаваць у некалькіх накірунках, арыентуючыся на рознага гледача. Запрашэнне іншых рэжысёраў, класічны рэпертуар, п’есы на гістарычную тэматыку ці пастаноўкі, прысвечаныя дню сённяшняму – усё гэта прыцягвае новых гледачоў.

17 кастычніка 1987 года ў газеце “Гродзенская праўда” быў надрукаваны артыкул пра герб горада Гродна па просьбе аднаго з чытачоў. У 1987 годзе, пасля таго як у СССР было прынята рашэнне аб гербах адміністрацыйных цэнтраў, у Гродне быў аб’яўлены конкурс на лепшы варыянт герба. У жніўні конкурсныя эскізы былі выстаўлены ў фае кінатэатра “Гродна” на ўсеагульны агляд, адбылося афіцыйнае абмеркаванне і было прынята рашэнне адправіць эскізы на дапрацоўку. Абмеркаванне эскізаў вызвала шырокі рэзананс сярод гарадзенцаў. Таму ў артыкуле распавядаецца пра гісторыю горада і больш падрабязна пра гісторыю ўзнікнення герба, яго лёс і выгляд у розныя перыяды нашай гісторыі.

Пра макет старажытнага герба старшыня праўлення гарадскога клуба калекцыянераў Віктар Какарэка распавядае: “У некалькіх архівах і музеях рэспублікі захаваліся сем адбіткаў пячатак гродзенскага магістрата. Яны знаёмяць нас з выявай старажытнага герба г. Гродна: ‘Алень, які скача ў правы бок шчыта праз плот, на галаве паміж рагамі якога ўмацаваны крыж’”.

Гэта выява стала сімвалам нашага горада. Паляванне ў жыцці жыхароў адыгрывала немалаважную ролю. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў горадзе ў 1937-1939 і 1949 гг., паказалі, што колькасць костак дзікіх жывёл, знойдзеных археолагамі на Замкавай гары, значна пераважала над хатнімі.

Пры паляванні на буйных жывёл нашы продкі паспяхова ўжывалі штучнае збудаванне – плот, які загароджваў шлях жывёле, а ў яго прамежках паляўнічыя ўладкоўвалі засады або лоўчыя ямы. Алень, які скача праз плот, – сімвал смеласці, свабодалюбства.

Амаль чатыры стагоддзі алень св. Губерта верна служыў жыхарам г. Гродна як герб самакіравання горада. Гэта былі гады, калі сярэдневяковы Гродна дасягнуў свайго найвышэйшага палітычнага і эканамічнага росквіту, быў фактычна пераўтвораны ў сталіцу найбуйнейшай у тыя гады дзяржавы.

15 кастрычніка 1432 года ў Гродне была заключана Гарадзенская ўнія – саюз паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім княствам Літоўскім. Высокімі прадстаўнікамі пагаднення выступілі кароль польскі Уладзіслаў II Ягайла і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч. Згодна ўніі Вялікае княства Літоўскае прызнавалася спадчыннай уласнасцю Ягайлы і яго нашчадкаў. Вялікі князь літоўскі мог быць абраны літоўскай шляхтай толькі са згоды польскай шляхты і даваў прысягу на вернасць польскаму каралеўству. Упершыню за каралём замацоўваўся тытул “вярхоўны князь літоўскі”. Жыгімонт прызнаваўся вялікім князем. Тэрыторыя дзяржавы адносна праўлення Вітаўта заставалася нязменнай, але пасля смерці Жыгімонта княства павінна было перайсці пад кіраванне Ягайлы ці яго нашчадкаў. Нягледзячы на ​​некаторыя саступкі літоўскай шляхце, ​​напрыклад, дапушчэнне іх да выбараў вялікага князя, Гарадзенская ўнія стала перамогай польскай знешняй палітыкі, бо Вялікае княства літоўскае фактычна станавілася ленам (васалам) польскай кароны. Унія дзейнічала да 1440 года, калі Жыгімонт быў забіты і вялікім князем літоўскім быў абраны сын Ягайлы Казімір.

15 кастрычніка 2012 года ўпершыню загучала гродзенскае гарадское радыё “MFM” тэлерадыёвяшчальнага канала “Гродна Плюс” на частаце 105 FM.

“MFM” – гэта музычна-лірычнае і сучаснае інфарматыўнае радыё. Музычны фармат – Soft AC (Soft Adult Contemporary) задавальняе густ тых, хто выхаваны на спадчыне “правільнай” музыкі, а таксама гатовы знаёміцца з лепшымі сучаснымі музычнымі творамі. Актуальныя навіны службы інфармацыі, цікавыя аўтарскія праекты і забаўляльныя шоу-праграмы – усё гэта аб’ядноўвае слухачоў радыё “MFM”. Радыёстанцыя развіваецца, удасканальваецца, распрацоўвае новыя праекты, падтрымлівае і стварае культурныя каштоўнасці, дэкларуючы актыўнае стаўленне да свайго і грамадскага жыцця.

Радыё “MFM” 105.0 слухаюць жыхары горада Гродна, Ваўкавыска, Гродзенскага раёна, а таксама ўсяго свету ў сетцы Internet.

12-14 кастрычніка 2012 года ў Гродне прайшоў Першы нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі аблвыканкам. Форум быў арганізаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады. У ім прынялі ўдзел больш за 150 музеяў і амаль 800 спецыялістаў з 17 краін свету. Падзяліцца вопытам і азнаёміцца з музейнай справай дзеля захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны прыехалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і некаторых музеяў з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Ізраіля, Аўстрыі, Нідэрландаў, Германіі, Славакіі, Украіны і іншых краін. Форум праходзіў у гродзенскім цэнтральным спартыўным комплексе «Нёман».

12 кастрычніка 1912 года горад Гродна быў аб’яўлены апорным пунктам для арміі, пачаліся будаўнічыя работы на галоўнай пазіцыі крэпасці. Працягласць пазіцыі склала каля 60 км, што дазволіла аднесці Гродзенскую крэпасць да тыпу крэпасці шырокага размяшчэння. Было арганізавана 14 будаўнічых участкаў: трынаццаць для будаўніцтва фартовых груп і адзін – для тэхнічнага забеспячэння. За кожным участкам быў замацаваны ўпраўляючы – ваенны інжынер, які праектаваў умацаванні на сваім участку і сачыў за ходам іх будаўніцтва. Побач з месцам будаўніцтва размяшчаліся дом для ваеннага інжынера, невялікі завод для вытворчасці бетону, каменедрабілка, піларама, пракладвалася чыгунка, падводзілася вада, рабіліся пляцоўкі для будаўнічага матэрыялу.

З чэрвеня часова выконваючым абавязкі Будаўніка Гродзенскай крэпасці быў прызначаны ваенны інжынер Дзмітрый Паўлавіч Каласоўскі, з пачатку ліпеня стаў Будаўніком крэпасці, а трохі пазней яму было прысвоена чарговае воінскае званне – генерал-маёр. Упраўленне Будаўніка крэпасці размяшчалася ў Гродне на вуліцы Мураўёўскай ў доме Абрэмскага (зараз Ажэшкі, 19). На гэтай жа вуліцы размяшчаўся Штаб крэпасці, зараз гэта дом №34 па вуліцы Ажэшкі.

10 кастрычніка 1982 года Папа Ян Павел ІІ падчас сваёй другой пілігрымкі ў Польшчу ў прысутнасці 200 тысяч вернікаў абвясціў Максіміліяна Кольбэ святым як мучаніка, назваўшы яго “святым апекуном нашага цяжкага стагоддзя”. Святы Максіміліян Кольбэ – адзін з дзесяці святых мучанікаў XX стагоддзя, у гонар якіх у Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане былі ўстаноўлены статуі.

У 1922-1927 гадах айцец Максіміліан служыў святаром у гродзенскім Францысканскім касцёле. У гады Другой сусветнай вайны патрапіў у Асвенцым, але і ў нечалавечых умовах канцлагера ён захоўваў сілу духу і дапамагаў людзям: праводзіў духоўныя гутаркі, падтрымліваў, хрысціў, спаведваў, таемна служыў імшу. Падчас карнай акцыі пасля пабегу аднаго з вязняў выбар фашыстаў паў не на мужнага ксяндза, а на сямейнага Францішка Гаеўнічака, але Кольбэ, ратуючы незнаёмага чалавека, прапанаваў сваё жыццё замест яго жыцця.

На цырымоніі кананізацыі Максіміліяна Кольбэ 10 кастрычніка 1982 года прысутнічаў і выратаваны ім ад смерці Францішак Гаеўнічак са сваімі дзецьмі і ўнукамі.

Памяць пра Максіміліяна Кольбэ захоўваецца ў многіх храмах на Гродзеншчыне.

У кастрычніку ў многіх краінах адзначаецца Дзень настаўніка. У Беларусі гэты дзень святкуюць у першую нядзелю кастрычніка, згодна Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №157 ад 26 сакавіка 1998 года “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”. А само свята вядзе сваю гісторыю з часоў СССР. У савецкую эпоху ва ўсіх саюзных рэспубліках Дзень настаўніка адзначаўся з 1965 года ў першую нядзелю кастрычніка.

Гістарычнай перадумовай для заснавання Сусветнага Дня настаўніка стала Спецыяльная міжурадавая канферэнцыя аб статусе настаўнікаў, якая адбылася 5 кастрычніка 1966 года ў Парыжы. У выніку прадстаўнікамі ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыі працы быў падпісаны дакумент “Рэкамендацыі, якія датычацца статусу настаўнікаў”. Сусветны дзень настаўнікаў адзначаецца пры падтрымцы арганізацыі Education International – глабальнай федэрацыі прафсаюзаў настаўнікаў, у якую ўваходзяць больш за 400 арганізацый са 172 краін свету, якія прадстаўляюць інтарэсы больш за 30 мільёнаў работнікаў сферы адукацыі, занятых ва ўсіх яе ступенях – ад дашкольных устаноў да ўніверсітэтаў. На думку арганізацыі, адна з задач свята – падкрэсліць ролю настаўнікаў у адукацыі і развіцці.

У Дзень настаўніка кожны можа ўспомніць свайго першага настаўніка ці задумацца аб тым, як змяніў іх жыццё добры настаўнік, памяць аб якім назаўсёды захавана ў сэрцы.

Верасень

30 верасня спаўняецца 130 год з дня нараджэння Зоські Верас (Людвікі Антонаўны Сівіцкай) – беларускай паэткі, пісьменніцы, мастачкі і грамадскага дзяяча, а яшчэ жанчыны, якая больш за сто гадоў таму стаяла ля вытокаў беларускага Гродна. Бацькі Людвікі паходзілі з Гродзеншчыны. Першыя ўспаміны пра горад былі звязаны з домам дзеда і бабулі, які стаяў за Фарным касцёлам і вялікай плошчай з ратушай, шматлікімі крамамі, лаўкамі і майстэрнямі. Яна памятала, як яны гулялі па Замкавай гары і каля Каложы, як каталі яе на лодцы ды Мелавых гор. Пасля смерці бацькі з 1909 года яна з маці чатыры гады пражыла ў Гародні, вучылася ў прыватнай гімназіі Кацярыны Баркоўскай, прымала актыўны ўдзел у грамадска-культурнай жыцця Гродна. Была бібліятэкарам у гуртку беларускай моладзі, які быў створаны каталіцкім святаром Францішкам Грынкевічам пры бернардзінскім кляштары, а на кватэры, дзе яны жылі з маці, праходзілі рэпетыцыі хору, спектакляў, лекцыі і вечарыны. Людвіка перакладала п’есы на беларускую мову, сама грала ў спектаклях, праводзіла заняткі з малодшымі, арганізоўвала выступленні па вёскам. Зоська ўваходзіла ў рэдкалегію часопіса “Колас беларускай нівы”, для якога напісала прадмову, паведамленне “З Гродзеншчыны”, апавяданне “Спатканне вясны”, вершы “Над Нёманам”, “Малітва”.

У артыкуле газеты “Гродзенская праўда” ад 30 верасня 1987 года, які выйшаў у дзень 95-годдзя пісьменніцы, Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч пісаў: “Настроенасць на справы, напоўненыя вялікім грамадска-патрыятычным зместам, вызначае і сённяшнія будні 3.Верас. З усіх канцоў Беларусі, Савецкага Саюза, з-за мяжы ідуць і ідуць лісты ў домік на лясной ускраіне Вільні. Аўтары іх – навукоўцы, пісьменнікі, музейныя супрацоўнікі, краязнаўцы і проста людзі, якія жадаюць глыбей пазнаць нацыянальнае мінулае беларускага народа. Гаспадыня хаткі заўсёды акуратна адказвае – дае кансультацыі, падказвае, абвяргае, пераконвае фактамі. Да ўтульнай хаткі таксама ідуць з далёкіх дарог людзі. І не толькі за кансультацыяй, а і проста сустрэцца з 3.Верас, пакланіцца той, чый творчы шлях, амаль ужо легендарны, успрымаецца як звяно, якое злучае ідэалы пачынальнікаў беларускай літаратуры і людзей сённяшняга дня, той, што стала грамадзянскім сумленнем для нашых сучаснікаў.

Яна любіць успамінаць аб Гродне, дзе калісьці назаўжды выбрала сваю дарогу. У 1972 г., пасля шматгадовага расстання з дарагім сэрцу горадам, 3.Верас пабывала тут. Пастаяла ля сцен старажытнай Каложы, на беразе Нёмана, каля будынка (на рагу К. Маркса і Крупскай), дзе прабеглі яе гімназічныя гады, прайшлася старымі вулачкамі, агледзела новыя кварталы… І ўсё спынялася, узіралася. Быццам хацела зразумець, ці засталіся тут сляды яе даўняга юнацтва. І мы сёння скажам ёй: “Засталіся, дарагая Людвіка Антонаўна, глыбокія засталіся”.”

29 верасня 1972 года выканкамам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных было прынята рашэнне № 346 “Аб будаўніцтве ў г. Гродна абласнога Дома тэхнікі”.

Будаваць Дом тэхнікі планавалася за кошт долевага ўдзелу прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый: завода сінтэтычнага валакна, хімічнага камбіната, завода аўтамабільных агрэгатаў, завода “Электрапрыбор”, абласнога Савета навукова-тэхнічнага таварыства.

Гродзенскі дом навукі і тэхнікі быў заснаваны Усесаюзнай радай навукова-тэхнічных таварыстваў у 1984 годзе, зараз гэта грамадскае аб’яднанне “Беларускі навукова-тэхнічны саюз” (БелНТС), у структуру якога ўваходзяць Гродзенскае, Брэсцкае і Віцебскае абласныя аддзяленні. Асноўнай базай для дзейнасці БелНТС з’яўляецца ўнітарнае навукова-вытворчае прадпрыемства “Гродзенскі дом навукі і тэхнікі”. Рэспубліканская рада БелНТС размяшчаецца ў Мінску.

Гродзенскі дом навукі і тэхнікі прадастаўляе матэрыяльна-тэхнічную і вучэбна-метадычную базу для інфармацыйнай і арганізацыйна-тэхнічнай работы ўніверсітэтаў, навукова-даследчых інстытутаў, канструктарска-тэхналагічных устаноў, інавацыйных прадпрыемстваў і іншых арганізацый. На яго базе праводзяцца навукова-тэхнічныя канферэнцыі, семінары, круглыя ​​сталы па праблемах развіцця навукі, тэхнікі, эканомікі і вытворчасці, перспектывам навукова-тэхнічнага развіцця на тэрыторыі СНД і далёкага замежжа.

27 верасня 1952 года ў Ашмянах быў заснаваны краязнаўчы музей, якому праз год прысвоілі імя беларускага паэта Францішка Багушэвіча. У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы Ф. Багушэвіча, прадметы археалогіі і нумізматыкі, прадметы побыту, вырабы народных майстроў, дакументы і фатаграфіі канца ХІХ-ХХ стст. У 2000 годзе музей атрымаў будынак у цэнтры горада. Сёння фонд музея налічвае больш за 23 тысячы экспанатаў. Тут захоўваюцца археалагічныя знаходкі, нумізматычныя калекцыі, асабістыя рэчы жыхароў Ашмян і Ашмянскага раёна, прадметы народнага побыту, вырабы майстроў-умельцаў, дакументы, зброя, фатаграфіі, пудзілы жывёл і многае іншае. Найбольш каштоўнымі прадметамі з’яўляюцца мемарыяльныя рэчы і дакументы Ф.Багушэвіча, скарб манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай XVI – XVII стст. У 2010 годзе музей атрымаў у дар 431 карціну ад Прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі «Мастацтва народаў свету» М. І. Карнілава, на аснове гэтай калекцыі створана пастаянна дзеючая мастацкая галерэя. У музеі праводзяцца тэматычныя экскурсіі, лекцыі і музейныя заняткі, краязнаўчыя навукова-практычныя канферэнцыі. Штогод музей прымае ўдзел у Міжнароднай акцыі “Ноч у музеі”.

27 верасня адзначаецца Сусветны дзень турызму, яго адзначаюць больш як у 150 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.

Сусветны дзень турызму быў заснаваны ў 1979 годзе з мэтай прыцягнення ўвагі да турызму як да магутнага інструмента абмену культурным вопытам, наладжвання міжнародных сувязей і напрамку, які ажыццяўляе важны ўклад у эканоміку. Дата была абрана не выпадкова – 27 верасня 1970 года Сусветная турыстычная арганізацыя прыняла свой Статут, якім кіруецца і зараз.

У дня турызму ёсць свой афіцыйны колер – сіні, а дэвіз свята, які задае тэму мерапрыемстваў, абіраецца штогод. Святкаванне ў 2022 годзе пройдзе на востраве Балі ў Інданэзіі пад дэвізам “Пераасэнсаванне турызму – Rethinking Tourism”. Пандэмія, крызіс і спыненне міжнародных паездак патрабуюць пераасэнсавання і ўмацавання ўстойлівасці турызму.

Кожны год Сусветная турыстычная арганізацыя ладзіць адкрыты фотаконкурс, у якім можа прыняць удзел кожны. Ёсць свой аналаг конкурсу і ў Беларусі: 27 верасня традыцыйна падводзяцца вынікі штогадовага сацыяльнага конкурсу “Пазнай Беларусь”, які ў гэтым годзе праводзіцца ўжо ў дваццаты раз.

26 верасня 2017 года ў Навагрудку на тэрыторыі Музея яўрэйскага супраціўлення была ўрачыста ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, якая ўяўляе сабой фігуру дзяўчынкі, якая прыбралася ў матылька на яўрэйскае свята Пурым, а таксама дрэва жыцця, сухія галінкі якога працягваюць жыць. Гэта памятны знак усім дзецям, якія вельмі хацелі жыць, але загінулі ў гады ваеннага ліхалецця.

Менавіта ў гэты дзень у 1943 годзе 250 вязняў Навагрудскага гета ўцяклі праз выкапаны пад зямлёй тунэль у лес. Гэтыя ўцёкі былі самымі масавымі ў гісторыі Еўропы, але прататып дзяўчынкі – Міхле Сасноўская – да іх не дажыла. Дванаццацігадовая Міхле, адна з малалетніх вязняў гета, спрабавала збегчы, але была забіта фашыстамі, а яе фота праз шмат гадоў заняло месца ў экспазіцыі музея побач з выявамі іншых загінуўшых. З рэальнай фатаграфіі Міхлі і стварыў скульптуру Уладзімір Панцялееў, а прафінансаваў Сяргей Коваль, стваральнік сядзібы-фэнтэзі “Літоўка”.

У памятных мерапрыемствах прымалі ўдзел кіраўніцтва Навагрудскага райвыканкама, павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Роберт Райлі, выкладчык Кембрыджскага ўніверсітэта Джанет Джосэ.

Права адкрыць памятны знак знак было дадзена вязням мінскага гета Фрыдзе Рэйзман і Якаву Мурахоўскаму і малалетнім вязням нацысцкіх лагераў Міхаілу Касабукіну і Марыі Жычко. Затым для ўсіх прысутных была арганізавана экскурсія па музеі яўрэйскага супраціўлення.

У архіўных дакументах можна знайсці такую інфармацыю: 12 верасня 1937 года Рада магістрата горада Гродна аднагалосна адмовілася набываць для заапарка ўчастак зямлі 0,4 гектара, які належаў князям Яну і Марыі Друцка-Любецкім з-за высокага кошту, яны патрабавалі 13 тысяч злотых. Таварыству аматараў прыроды такая сума была не па кішэні. Але 23 верасня 1937 года гарадская рада адмяніла сваё рашэнне па гэтым пытанні і дала згоду на набыццё ўчастка зямлі для заапарка: “…набыць ва ўласнасць абшчыны горада Гродна для мэт пашырэння заапарка зямельны надзел плошчай 3964 квадратных метра, размешчаны каля вуліцы Ягелонскай і які знаходзіцца ў валоданні князя Яна Друцкага-Любецкага за суму 13 тысяч злотых. Па ўмовах дамовы ва ўласнасць горада надзел пераходзіць з красавіка 1938 года”.

Узнікненне Гродзенскага заапарка звязана з іменем вялікага аматара і знаўцы прыроды, выкладчыкам гімназіі Яна Каханоўскага. Менавіта па яго ініцыятыве ў 1926 годзе ў паўночна-ўсходняй частцы гарадскога парка, які прымыкаў да будынка гімназіі, быў закладзены навучальны батанічны сад, а ў 1928 годзе для паглыблення ведаў гімназістаў па заалогіі пры батанічным садзе адкрыўся аддзел, які займаўся ўтрыманнем жывёл, клеткі з якімі размяшчаліся паміж кветнікамі батанічнага саду і ў памяшканні гімназіі. Першапачаткова было ўсяго 17 жывёл мясцовай фауны. Але з часам месца для жывел перастала хапаць і Яну Каханоўскаму ў 1929 годзе ўдалося дабіцца ад магістрата перадачы закінутага гарадскога велатрэка пад заапарк.

У 1936 годзе заапарк займаў трэцяе месца ў Польшчы пасля Варшавы і Познані і заслужана лічыўся гонарам Гродна. Яго калекцыя налічвала каля 400 асоб розных відаў жывёл. Уваходны білет каштаваў 40 грошаў, для школьнікаў і салдат – 20 грошаў, для членаў Таварыства аматараў прыроды – бясплатна.

Сучасны этап развіцця Гродзенскага заапарка пачаўся ў 2002 годзе з рашэння Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта аб рэканструкцыі заапарка. Плошча заапарка павялічылася да 5,35 гектараў, былі пабудаваны капытнік, мядзведнік, памяшканні для дробных драпежных млекакормячых, вальеры для горных капытных жывёл, драпежных птушак, ваўкоў, рысяў. У 2009 годзе Гродзенскі заалагічны парк быў прыняты ў дзеючыя члены Еўраазіяцкай рэгіянальнай асацыяцыі заапаркаў і акварыўмаў.

21 верасня 1852 года з дазволу Міністэрства народнай асветы ў Гродна былі адкрыты жаночая яўрэйская гімназія, дзявочы прыватны пансіянат Вайтушкі і жаночая яўрэйская пачатковая аднакласная школа.

Яшчэ некалькі стагоддзяў таму жанчыны не маглі атрымліваць адукацыю. Лічылася, што жанчына – гаспадыня ў доме, пад заступніцтвам бацькі ці мужа, і адукацыя можа толькі сапсаваць яе. У эпоху Асветы пачала шырока распаўсюджвацца ідэя ўсеагульнай жаночай адукацыі, а ў канцы XVIII стагоддзя Кацярына ІІ пачала праводзіць палітыку роўнасці палоў, яна лічыла, што жанчыны таксама павінны мець права на адукацыю. Нажаль, асветніцкія ідэі і рэформы Кацярыны ІІ хутка згаслі і асноўнымі задачамі жаночай адукацыі зноў стала выхаванне з дзяўчынак добрых гаспадынь і верных жонак. Але на парозе XIX стагоддзя з існуючых сістэм адукацыі ўжо была выдзелена жаночая школа, якая стала прадметам апекі створанага новага Ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі Фёдараўны, пры якой былі праведзены рэформы жаночай адукацыі, і ў ХІХ стагоддзі па ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі быў адкрыты шэраг розных устаноў для адукацыі дзяўчынак розных саслоўяў. У 1862 годзе ў Гродне дзейнічала першая Марыінская гімназія пад найвышэйшым заступніцтвам гасударыні імператрыцы Марыі Аляксандраўны, а другая падобная ўстанова на тэрыторыі беларускіх зямель была адкрыта ў Мінску ў 1899 годзе.

У 2022 годзе Гродзенскі Ражаство-Багародзічны стаўрапігіяльны жаночы манастыр адзначае 30-годдзе адраджэння манастыра.

Гісторыя манастыра пачынаецца ў XII стагоддзі, калі на гэтым месцы існавала старажытная Прачысценская царква. У часы ўніяцтва царква была перададзена манаскаму ордэну базыльянаў. Пажары сярэдзіны ХVII ст. знішчылі храм, і ў 1720-1751 гады па праекце італьянскага архітэктара Іосіфа Фантаны III была ўзведзена новая царква.

У 1839 годзе адбылося аб’яднанне ўніятаў з праваслаўнай царквой і ў 1843 годзе былы манастыр базыльян быў ператвораны ў праваслаўны Свята-Раства-Багародзічны жаночы манастыр. У 1900 годзе абіцель была перанесена ва ўрочышча Краснасток Гродзенскай губерні. У часы Першай Сусветнай вайны манастыр быў эвакуіраваны ў Маскву, а будынкі гродзенскай абіцелі былі моцна пашкоджаны ў 1915 годзе. Пасля заканчэння вайны сёстры вярнуліся ў Гродна. У часы Другой Сусветнай вайны і пасля яе манастыр працягваў дзейнічаць, але ў 60-я гады падчас хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі манастырскае жыццё было спынена і 43 насельніцы былі пераведзены ў Жыровіцкі манастыр.

10 мая 1992 года на пасяджэнні Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне аб адраджэнні Гродзенскага Раства-Багародзічнага жаночага манастыра. У 2002 годзе манастыр атрымаў статус стаўрапігіяльнага і пераведзены пад непасрэднае кіраванне Патрыяршага Экзарха.

У наш час у манастыры пражываюць 14 манахінь, дзейнічае праваслаўнае сястрыцтва, маладзёжная група, дзіцячая нядзельная школа. За межамі горада манастыр мае зямельны надзел, дзе вырошчваецца гародніна для патрэб насельніцтва, прыхаджан і паломнікаў.

Як урачыста адзначалі 15-годдзе адраджэння абіцелі 21 верасня 2007 года можна даведацца з артыкулаў “Гродзенскай праўды”.

У 1927 годзе юныя гродзенцы атрымалі магчымасць навучацца ў Львоўскім музычным інстытуце, які адкрыў свой філіял у Гродне. 20 верасня ў мясцовых газетах з’явілася аб’ява: “Львоўскі музычны інстытут, філіял у Горадні па вуліцы Элізы Ажэшкі, аб’яўляе набор кандыдатаў у класы сольных спеваў, фартэпіяна і скрыпкі, уступныя іспыты пачнуцца 27 верасня ў будынку філіяла музычнага інстытута”. Гісторыя Львоўскага музычнага інстытута пачалася ў 1854 годзе, гэта ўстанова існуе і зараз як Львоўская нацыянальная музычная акадэмія імя Мікалая Лысенкі.

16 верасня 2007 года ў Смаргоні ўпершыню прайшоў фестываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі», які стаў своеасаблівай данінай павагі хлебабулачнаму вырабу, які, хутчэй за ўсё, з’явіўся ў Смаргоні. Абаранкі-“смаргонкі” з’явіліся ў XVII стагоддзі і звязаны з адкрыццём “мядзведжай акадэміі” – так жартоўна называлі школу дрэсіроўкі мядзведзяў, заснаваную Радзівіламі ў Смаргоні. Абаранкі спачатку называліся “абваронкі”, бо палоскі цеста з мукі і вады спачатку варыліся, а потым высушваліся. Яны рабіліся як своеасаблівыя хлебныя “кансервы” для мядзведзяў. Адпраўляючыся на заробкі па кірмашах Рэчы Паспалітай, павадыры запасаліся ў дарогу такім кормам для дрэсіраваных «акадэмікаў». Пазней палачкі сталі скручваць у кругляшы, каб павадырам было зручней насіць іх на вяроўках. З часам пачастунак ацанілі і людзі, абаранкі сталі пасыпаць цукрам, дадаваць у цеста мёд, кагор або мак. У розныя перыяды часу выпечкай абаранкаў у Смаргоні займалася ад 30 да 60 арцеляў, у якіх працавалі цэлымі сем’ямі, а падчас падрыхтоўкі да свят і кірмашоў нават наймалі дадатковых работнікаў.

Уладзіслаў Сыракомля ў сваёй кнізе «3 дарожнага дня 1856 года» пісаў: «Добры дзень, горад старой акадэміі мядзведзяў, сталіца вядомых на ўсю Літву абваранкаў, якія і цяпер прадаюцца на станцыі каля паштовага дома».

Фестываль пачаўся з тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў па цэнтральнай вуліцы горада. На працягу ўсяго дня госці фестывалю частаваліся сушкамі, абаранкамі, удзельнічалі ў тэматычных конкурсах і забавах, майстар-класах ад прадстаўнікоў народнай творчасці,  спартыўных спаборніцтвах, дзівіліся выставай хлебных скульптур – здобныя шэдэўры на конкурс з выкарыстоўваннем абаранкаў прадставілі больш за дзесяць вытворцаў хлебабулачнай прадукцыі з Беларусі, Расіі і Літвы.

У верасні 1972 года ў газеце “Гродзенская праўда” было шмат артыкулаў, прысвечаных нашай зямлячцы Вользе Корбут, якая была членам зборнай каманды СССР па гімнастыцы на Алімпіядзе, якая праходзіла ў жніўні-верасні ў Мюнхене.

На Алімпіядзе сямнаццацігадовая Вольга першай выканала сальта на бервяне, а ў практыкаванні на брусах – унікальны элемент, які пасля быў нават названы ў яе гонар. Вольга Корбут выконвала гэтыя найскладанейшыя элементы з лёгкасцю і запалам. Пятля Вольгі Корбут увайшла ў гісторыю гімнастыкі як адзін з самых цяжкіх і рызыкоўных элементаў. Цяпер гэты элемент забаронены  на афіцыйных спаборніцтвах з-за вялікіх рызык пры яго выкананні, па сучасных правілах гімнасткі не могуць уставаць нагамі на верхнюю частку брусаў.

З Алімпіяды ў Мюнхене Вольга Корбут вярнулася з трыма залатымі медалямі (бервяно, вольныя практыкаванні і камандны залік). Яе неверагоднае спартовае майстэрства, абаянне і шчырая іскрыстая ўсмешка пакарылі ўвесь свет, а міжнародная прэса назвала Вольгу “цудам с касічкамі”.

12-14 верасня 2002 года ў Беларусі праходзілі міжнародныя мерапрыемствы ў рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага навукоўца і педагога, грамадскага дзеяча, нацыянальнага героя Чылі, нашага земляка Ігната Дамейкі. Ладзіліся яны пад эгідай ЮНЕСКА. У ліку арганізатараў – Нацыянальная акадэмія навук, Міністэрствы культуры і інфармацыі,  Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт. 150 дэлегатаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, а таксама нашчадкі Дамейкі, якія прыбылі з Чылі, Нарвегіі, ЗША, Аўстраліі і іншых краін далёкага замежжа, наведалі мясціны Лідскага, Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нашага земляка. З Ліды, дзе збіраліся навукоўцы і ўдзельнікі мерапрыемства, усе адправіліся ў вёску Заполле, куды ў 1821 годзе будучага вучонага за палітычную дзейнасць падчас вучобы ў віленскім універсітэце выслалі пад нагляд паліцыі. У мясцовай школе створаны музей, экспанаты якога ўзнаўляюць юнацкія гады Ігната Дамейкі.

Затым у Навагрудку адбылося адкрыццё новага ўваходнага знака каля Дома-музея Адама Міцкевіча і мастацкай выставы “У вянок Дамейкі” з твораў майстроў Гродзеншчыны. Як вядома, дружба Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі, пранесеная праз гады, нарадзілася падчас вучобы ў Віленскім універсітэце. На працягу ўсяго жыцця паміж імі захавалі самыя цесныя адносіны, іх шчырасць і цеплыня перадаецца ў перапісцы паміж сябрамі, якія і ў далёкім замежжы думалі пра свой родны кут, пра Навагрудчыну, якая стала для абодвух калыскай мар і натхнення на ўсё жыццё. У Карэліцкім раёне удзельнікі наведалі гарадскі пасёлак Мір і вёску Мядзведка, дзе нарадзіўся Ігнат Дамейка. Далейшае святкаванне праходзіла ў Мінску: урачысты вечар, прысвечаны юбілею Ігната Дамейкі, прайшоў у тэатры імя Я. Купалы; навуковая канферэнцыя па тэме геалогіі – галіны, дзе выдатна праявіўся навуковы талент нашага земляка, была арганізавана Акадэміяй навук, а ў Нацыянальнай бібліятэцы была падрыхтавана спецыяльная выстава.

12 верасня 1922 года ў Гродне адбыўся канцэрт вядомай выканаўцы Надзеі Плявіцкай (меца-сапрана).

Яна была любімай спявачкай апошняга рускага цара, які назваў яе «нашым курскім салаўём», з поспехам здымалася ў фільмах і заваявала сапраўды ўсерасійскую славу. Яна першая вывела на эстраду рускую народную песню. Плявіцкая атрымлівала казачныя ганарары, білеты на яе выступленні прадаваліся ўтрая даражэй, яе любілі, кідалі кветкі і каштоўнасці да яе ног. З ёй сябравалі Шаляпін, Собінаў, Каровін, Станіслаўскі, Мамантаў, ёю захапляліся князь Юрый Трубяцкой, міністры і Вялікія князі. Яна выступала разам з вядомымі рускімі артыстамі Васілём Качалавым, Мацільдай Кшэсінскай, Сяргеем Рахманінавым. Яна была самай папулярнай спявачкай у белай эміграцыі, а стала – таемным агентам савецкай разведкі.

Яна нарадзілася ў сялянскай сям’і пад Курскам. Не ведаючы нотнай граматы, але валодаючы ад прыроды цудоўным голасам і абсалютным музычным слыхам, у юным узросце стала салісткай прафесійнага хору. У часы Першай сусветнай вайны была сястрой міласэрнасці, у часы Грамадзянскай вайны спявала на перадавых для чырвонаармейцаў, папала ў палон да белых, дзе пазнаёмілася з будучым мужам генералам Мікалаем Скабліным, з якім з’ехала ў Турцыю. У 1922 годзе вярнулася на эстраду. Краіны і гарады мяняліся, як у калейдаскопе: Польшча, Прыбалтыка, Германія, Чэхія, Францыя, ЗША, Брусель, Берлін, Сафія, Бялград – усюды канцэрты праходзілі ў лепшых залах, пры пастаянных аншлагах. Рускія эмігранты, якія былі раскіданыя па ўсім свеце, плакалі на яе канцэртах, апладзіравалі ёй стоячы, выклікаючы па некалькі разоў на біс.

У 30-я гады,  калі яе муж звярнуўся з лістом да ўрада СССР з просьбай дазволіць ім вярнуцца на Радзіму, яны былі  завербаваны АДПУ, а пазней арыштаваны, Скаблін уцёк і загінуў у Іспаніі “пры нявысветленых абставінах”, а адна з самых таленавітых рускіх спявачак XX стагоддзя атрымала 20 гадоў катаргі і памерла ў 1940 годзе ў жаночай турме.

На ХХ летніх Алімпійскіх гульнях 1972 года, якія праходзілі ў Мюнхене, праславіўся гродзенец Іван Ядэшка, аўтар знакамітага “залатога” паса Аляксандру Бялову за тры секунды да сірэны ў фінальным матчы па баскетболу паміж зборнымі СССР і ЗША. Матч праходзіў у ноч з 9 на 10 верасня 1972 года.

Іван Ядэшка нарадзіўся 25 сакавіка 1945 года на Гродзеншчыне, у дзяцінстве захапіўся боксам, але пазней лёс звёў яго з вядучым гродзенскім дзіцячым трэнерам Анатолем Марцінкевічам, які, будучы сапраўдным фанатам баскетбола, “заразіў” гэтай гульнёй чатырнаццацігадовага Івана. Хлопцу вельмі пашанцавала з настаўнікамі, якія навучылі яго абыходзіцца з мячом і здолелі прывіць любоў да баскетбола на ўсё жыццё. Галоўную ролю ў гэтым адыграў Анатоль Марцінкевіч, а працягнуў заняткі з таленавітым падлеткам трэнер Якаў Фруман.

Іван Ядэшка выступаў за баскетбольныя клубы “Спартак” (Мінск), “Радыётэхнік” (Мінск), “Буравеснік” (Мінск, 1970), ЦСКА (Масква), ЦСКА (Кіеў). Пасля заканчэння спратыўнай кар’еры быў галоўным трэнерам юніёрскай зборнай СССР, трэнерам зборнай СССР, галоўным трэнерам маладзёжнай зборнай Расіі, трэнерам зборнай Расіі. Узначальваў баскетбольныя клубы Гвінеі-Бісаў, Лівана (“Спортынг”), ЦСКА “Масква”, “Шахцёр”. Трэнер БК ЦСКА (Масква). Заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны трэнер СССР, алімпійскі чэмпіён, чэмпіён свету, двухразовы чэмпіён Еўропы, уладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў, васьміразовы чэмпіён СССР, пераможца Спартакіяд народаў СССР, чэмпіён Расіі, неаднаразовы чэмпіён Лівана. Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2006), ордэнам “Знак Пашаны” (1972), медалём “За працоўную доблесць” (1982), знакам “За спартыўную доблесць”, юбілейнымі медалямі. Унесены ў Кнігу славы горада Гродна. Аўтар кнігі “Тры сякунды і не толькі…”.

У 2017 годзе слава зноў вярнулася да Ядэшкі, калі на экраны выйшла расійская спартыўная драма рэжысёра Антона Мегердзічава “Рух уверх”, створаная паводле рэальных падзей і апавядае аб перамозе зборнай СССР над зборнай ЗША ў фінальным матчы мужчынскага баскетбольнага турніру XX летніх Алімпійскіх гульняў у Мюнхене.

7 верасня пятнаццаць год таму ў Гродне на базе радзільнага дома адкрыўся першы ў Беларусі перынатальны цэнтр. Новы цэнтр – гэта сучасны комплекс з высокаўзроўневым кансультаваннем, дыягностыкай і лячэннем пад адным дахам. Самыя цяжкія выпадкі цяжарнасці і родаў са ўсёй вобласці прымаюць у цэнтры. Тут адкрыта кансультацыйна-паліклінічнае аддзяленне “Шлюб і сям’я”, аддзяленне медыка-генетычнага кансультавання, а лабараторыі, аперацыйныя блокі і радзільныя залы па абсталяванні не саступаюць еўрапейскім клінікам. У 2008 годзе ў цэнтры быў створаны адзіны ў рэспубліцы “Музей гісторыі акушэрства”.

Перынатальны цэнтр з’яўляецца ўладальнікам спецыяльнай ўзнагароды конкурсу на суісканне Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці 2017 года ў намінацыі “Сацыяльная адказнасць”; пераможцам рэспубліканскага конкурсу ў галіне якасці “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” 2017 года ў намінацыях “Паслугі насельніцтву”, “Лепшы ў рэгіёне” і “Лепшы ў галіне” (ахова здароўя). З’яўляецца лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці 2020 года.

6 верасня 1947 года Пастановай Савета Міністраў БССР у Гродне створаны абласны драматычны тэатр. У сувязі з пераездам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР з Гродна ў Мінск і вяртаннем у Беларусь Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, у Гродна быў пераведзены Бабруйскі абласны драматычны тэатр. Першым мастацкім кіраўніком тэатра стаў М. А. Кавязін. Ужо ў 1947 годзе выйшлі спектаклі “Праўда добра, а шчасце лепш” па п’есе А. Астроўскага і “У адным горадзе” па п’есе А. Сафронава. У пачатку спектаклі праходзілі ў будынку тэатра Тызенгауза XVIII стагоддзя – сучаснага тэатра лялек, а ў 1984 годзе трупа пераехала ў новы будынак тэатра, аўтарам праекта быў архітэктар Генадзь Мачульскі, а аўтарам скульптурнай групы “Пегас” над галоўным уваходам – скульптар Леанід Зільбер.

Сёння афіша тэатра разнастайная і па жанрах, па тэматыцы, у ёй спалучаюцца творы беларускай, рускай і замежнай класікі, а таксама п’есы сучасных замежных і айчынных аўтараў. Трупа гродзенскага драматычнага тэатра шмат гастралюе: пабывала ў Расіі, Польшчы, Балгарыі, Германіі і іншых краінах. Тэатр неаднаразова станавіўся прызёрам і дыпламантам тэатральных фестываляў і конкурсаў. У 2011 годзе Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 85 ад 26.01.2011 г. калектыву Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” за высокія дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры.

5 верасня 2022 года адзначае сваё 80-годдзе Заходняе аператыўнае камандаванне.

Яго гісторыя пачалася 5 верасня 1942 года, калі ў Астрахані была сфарміравана 28-я армія, правапераемнікамі якой і з’яўляюцца воінскія часткі Заходняга аператыўнага камандавання. Баявы шлях 28-й арміі – гэта шлях гераізму, доблесці і адвагі. У гады Вялікай Айчыннай вайны больш за 107 тысяч яе байцоў былі ўдастоены ордэнаў і медалёў. Сярод іх 214 Герояў Савецкага Саюза і 36 поўных кавалераў ордэна Славы.

Слаўныя баявыя традыцыі камандны састаў арміі беражліва захоўваў і памнажаў у пасляваенныя гады, знаходзячыся ў складзе Чырвоназнамённай Беларускай ваеннай акругі. У 1954 годзе шэраг частак 28-й арміі сталі асновай вайсковай групіроўкі падчас вучэнняў на Тоцкім палігоне з рэальным прымяненнем 40-кілатоннай атамнай бомбы. Многія сотні ваеннаслужачых з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, 178-ы атрад спецыяльнага прызначэння, які дзейнічаў у Кандагары, у сваёй большасці складаўся з прадстаўнікоў 28-й арміі. Генерал-маёр Барыс Громаў быў накіраваны з пасады камандуючага 28-й арміяй у Афганістан, дзе ён узначаліў усе фармаванні савецкіх войскаў, якія знаходзіліся там, а потым у 1989 годзе правёў бліскучую аперацыю па іх вывыду з гэтай краіны.

У сувярэннай Беларусі 28-я армія стала асновай сухапутных войскаў і кузняй кадраў для Узброеных Сіл і вышэйшага каманднага саставу.

У 1993 годзе армія была пераўтворана ў 28-ы армейскі корпус, на базе якога ў снежні 2001 года і было створана Заходняе аператыўнае камандаванне.

1 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень ведаў. Сваю гісторыю, як і традыцыі, свята вядзе яшчэ з савецкіх часоў. Для тых, хто ідзе ў школу ўпершыню, гэты дзень асаблівы – гэта свята Першага званка. Для першакласнікаў усё першае: першы партфель, першы падручнік, першы букет першай настаўніцы. Гэты дзень для іх самы хвалюючы і запамінальны. Гэта свята і для тых, хто зробіць чарговы крок па доўгай, але цікавай, поўнай адкрыццяў дарозе ведаў. Дзень ведаў у Беларусі і ва ўсім свеце – сапраўды важнае свята, дзень прызнання важнасці і каштоўнасці адукацыі і асветы, ушаноўванне навукі і інтэлектуальнай моцы чалавецтва.

Як адзначалі гэты дзень у 1962 годзе можна прачытаць у артыкулах на старонках “Гродзенскай праўды”. У той год на Гродзеншчыне 1740 школ адчынілі свае дзверы вучням, 20 тысяч першакласнікаў селі за парты. Новыя будынкі атрымалі 4 школы, адна з іх гродзенская – сучасная сярэдняя школа № 8.

У 2022/2023 навучальным годзе свае дзверы для амаль 120 тысяч школьнікаў адчыніць 309 устаноў адукацыі.

1 верасня 2012 года ўведзена ў эксплуатацыю Гродзенская ГЭС магутнасцю 17,8 МВт, будаўніцтва якой на рацэ Нёман пачалося ў маі 2008 года.

Зараз у Беларусі дзейнічае 51 гідраэлектрычная станцыя з агульнай магутнасцю 95,8 МВт, найбуйнейшая з іх – Віцебская на 40 МВт. Гродзенская ГЭС – першая збудаваная на тэрыторыі краіны гідраэлектрастанцыя сярэдняй магутнасці.

Жнівень

31 жніўня 1947 года згодна рашэння Гродзенскага выканкама ўрачыста адкрыты помнік беларуска-польскай пісьменніцы Элізе Ажэшка на скрыжаванні вуліц Тэлеграфнай і Ажэшкі, дзе ён знаходзіцца і дагэтуль.

У далёкім 1923 годзе ініцыятарам стварэння помніка пісьменніцы выступіў магістрат горада Гродна. Быў праведзены конкурс, у якім перамог выпускнік Варшаўскай акадэміі мастацтваў Рамуальд Зерых. Ён вырабіў бронзавы бюст, а пастамент упрыгожыў сюжэтнымі барэльефамі з твораў пісьменніцы “Над Нёманам” і “Ad Astra”. 20 кастрычніка 1929 года ў скверы на плошчы Тэатральнай, якая размяшчалася на месцы сучаснага парка Жылібера, адбылося адкрыццё помніка.

За гісторыю свайго існавання скульптура неаднаразова мяняла сваё месцазнаходжанне. У гады Вялікай Айчынная вайны помнік знік з плошчы, а пазней быў знойдзены на каталіцкіх могілках горада. Дакладна невядома, як ён там аказаўся. Ці то клапатлівыя гараджане так выратавалі бюст ад знішчэння, ці гэта немцы выкінулі на могілкі “непатрэбны” помнік.

30 жніўня дзесяць год таму ў Гродне быў урачыста адкрыты першы ў краіне маладзёжны цэнтр – гэта першы рэалізаваны праект у рамках рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекту “100 ідэй для Беларусі”. Сёння маладзёжны цэнтр “Гродна” – гэта сучасны шматпрофільны комплекс, на трох паверхах якога размясціліся прасторны танцпол, vip-кіназала, бары і караоке-бары з летняй пляцоўкай, гольф-клуб, пункт велапракату “ВелаСтарт”, дзіцячая гульнявая зона. Цэнтр з’яўляецца пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў розных узроўняў, тут праводзяцца канцэртныя праграмы, квізы, спартыўныя спаборніцтвы, мерапрыемствы грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь”, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і інш.

29 жніўня 2007 года ў газетах “Гродзенская праўда” і “Вячэрні Гродна” з’явіліся нататкі пра перамогу Івана Ціхана на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы.

Іван Ціхан – ураджэнец Гродзеншчыны і зараз жыве ў Гродне. Двухразовы чэмпіён свету (Парыж – 2003, Осака – 2007), прызёр Алімпійскіх гульняў у 2008 і 2016 гадах. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. З 2020 года абраны старшынёй Беларускай Федэрацыі лёгкай атлетыкі. 15 студзеня 2022 года афіцыйна аб’явіў аб завяршэнні спартыўнай кар’еры.

21 жніўня 2022 года будзе адзначаецца Дзень Ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь. Гэты дзень святкуецца штогод у трэцюю нядзелю жніўня.

Гісторыя зараджэння айчыннай ваеннай авіяцыі адыходзіць у далёкае мінулае. Ліду, Гродна і Брэст можна лічыць аднымі з нямногіх гарадоў былой Расійскай імперыі, у якіх зараджалася авіяцыя. Ужо ў пачатку XX стагоддзя ў гэтых гарадах размяшчаліся першыя паветраплавацельныя часткі. У 1907 годзе ў Лідзе была сфарміравана 9-я авіяцыйная рота, праз пяць гадоў пачалося будаўніцтва аэрадрома, а ў 1913 годзе Ліда стала месцам базіравання 4-й авіяцыйнай роты. У Гродне 5-я авіяцыйная рота была сфарміравана ў канцы 1910 года, а аэрадром знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага аэрадрома Караліно (так званы “стары” аэрапорт). На ўзбраенні авіацыйных рот меліся дырыжаблі “Астра-13”, змейкавыя аэрастаты “Голуб”, самалёты “Лебядзь – VII” і аэрапланы “Фарман”.

Расійская авіяцыя на пачатак Першай сусветнай вайны налічвала 6 авіяцыйных рот і 39 авіяцыйных атрадаў з 263 самалётамі, 14 дырыжаблямі і 4 баявымі самалётамі “Ілья Мурамец” легендарнага авіяканструктара Ігара Сікорскага. Выпрабаванні гэтага легедарнага самалёта праходзілі менавіта ў Лідзе пад кіраўніцтвам самога канструктара. Гэта былі адзіныя ў свеце на той момант серыйныя шматматорныя машыны, за час вайны было пабудавана 85 такіх бамбардзіроўшчыкаў.

Пачатак найноўшай гісторыі беларускай ваеннай авіяцыі быў пакладзены ў 1992 годзе – з дня прыняцця рашэння аб фарміраванні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. На Лідскім аэрадроме, адным з найстарэйшых аэрадромаў у Еўропе і самым старым у Беларусі, зараз базуецца 206-я штурмавая авіяцыйная база.

18 жніўня 1987 года ў газеце “Гродзенская праўда” выйшла нататка аб трэніроўках гродзенскага цяжкаатлета Аляксандра Курловіча, які напярэдадні ўстанавіў сусветны рэкорд на чэмпіянаце СССР у Архангельску.

Аляксандр Мікалаевіч Курловіч – савецкі і беларускі цяжкаатлет, выступаў у суперцяжкай вагавай катэгорыі. “Самы моцны чалавек планеты” – так называлі яго ў сусветных сродках масавай інфармацыі. Ён – двухразовы алімпійскі чэмпіён, чатырохразовы чэмпіён свету, віцэ-чэмпіён свету 1983 года, двухразовы чэмпіён Еўропы, трохразовы чэмпіён СССР, пераможца Кубка свету 1994 года. Устанавіў 12 сусветных рэкордаў. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь (1992), Ганаровы грамадзянін горада Гродна. Памёр у 2018 годзе ва ўзросце 56 гадоў. Памяці Аляксандра Курловіча ў 2019 годзе Гродна праходзілі міжнародныя спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы, якім быў нададзены статус “Ліцэнзійны, адборачны турнір на XXXII Алімпійскія гульні 2020 года ў Токіа. Сярэбраны ўзровень”. У турніры прынялі ўдзел больш за 200 цяжкаатлетаў з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Італіі, Ізраіля, Казахстана, Кітая, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славакіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны і Уругвая.

Сёння кожны гарадзенец можа ўбачыць алімпійскія медалі і Кубак свету 1994 года Аляксандра Курловіча, якія захоўваюцца ў зале алімпійскай славы музея “Грышук Арсенал”, які адкрыўся ў гэтым годзе па вуліцы К. Маркса, 11.

У 1767 годзе пачалося будаўніцтва Дняпроўска-Нёманскага канала. Канал быў названы ў гонар ініцыятара будаўніцтва канала Міхаіла Казіміра Агінскага. Канал звязаў рэкі Ясельда (басейн Прыпяці) і Шчара (басейн Нёмана), такім чынам злучыўшы Балтыйскае мора з Чорным. У 1783 годзе канал быў здадзены ў эксплуатацыю, яго даўжыня саставіла каля 55 км, на канале было пабудавана 10 шлюзаў і 2 прыстані – “Агінская” і “Целяханы”. Па канале ажыццяўляўся сплаў лесу ў балтыйскія парты. У XIX стагоддзі па канале штодзень курсіраваў параход па маршруце Пінск-Целяханы і раз на два дні – Пінск-Слонім. У Першую сусветную вайну ўсе гідратэхнічныя збудаванні былі падарваны і спалены. У 1926 годзе польскія ўлады ўзяліся за рэканструкцыю і мадэрнізацыю канала. Агінскі канал зноў стаў судаходным, па ім сплаўлялі лес і актыўна вёўся гандаль. З Гродна праз Слонім да Целяхан хадзіў пасажырскі параход “Ягайла”. Акрамя таго менавіта ў гэтыя часы канал пачаў выкарыстоўвацца яшчэ і ў турыстычных мэтах. Адным з цэнтраў воднага турызму быў Слонім, дзе дзейнічаў клуб весляроў, былі адноўлены тры прыстані. Слонім стаў важным цэнтрам воднага шляху з Піны да Аўгустоўскага канала. У 1932 годзе ў Слоніме з 10 чэрвеня па 17 жніўня на прыстані Марской і каланіяльнай лігі  было зарэгістравана больш за 30 экскурсій. Самым значным быў тур двух жыхароў Познані, якія на байдарках прайшлі 4200 км па ўсёй Рэчы Паспалітай, распачаўшы сваю вандроўку ў Кракаве і скончыўшы яе ў Познані.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны сістэма канала была разбурана і не аднаўлялася, у 60-я гады былі ўзарваны амаль усе шлюзы. Перастаўшы быць дзеючым гідратэхнічным збудаваннем, канал Агінскага ператварыўся ў помнік гісторыі і турыстычны аб’ект. У жніўні 2019 года пачалася рэканструкцыя слонімскай часткі канала.

16 жніўня 1967 года Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты Указ № 468 аб узнагароджанні Гродзенскай вобласці ордэнам Леніна за актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі Гродзенскай вобласці ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, і поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі.

12 жніўня 1952 года была прынята Пастанова №780 Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных і бюро Гродзенскага абкама КПБ(б) “Аб заснаванні абласной Дошкі гонару”.

Мірная праца шануецца не горш працы ратнай на поле бою – яна заўсёды з’яўлялася залогам росквіту, поспеху і развіцця. Дошкі гонару зараз ёсць у кожным раёне, на кожным прадпрыемстве і ў кожнай установе вобласці. Убачыць самых дастойных людзей, арганізацыі і раёны Гродзенскай вобласці сёння можна на абласной Дошцы гонару на пляцоўцы каля абласной філармоніі.

12 жніўня 1932 года ў Лос-Анджэлесе скончыліся Х Алімпійскія гульні, у якіх ураджэнец Гродзенскай губерніі Юзаф Клукоўскі атрымаў залаты медаль. Заваяваны ён быў не на спартыўнай арэне, а ў намінацыі “Рэльефы і медалі” ў конкурсах мастацтваў, але пераможцы гэтых конкурсаў і сёння паўнапраўныя алімпійскія чэмпіёны. Ідэю ўключэння конкурсаў мастацтваў у праграму гульняў прапанаваў Пьер дэ Кубертэн: яго жаданнем было гарманічнае спалучэнне першапачатковай прыгажосці Алімпійскіх гульняў антычнасці, спорту і мастацтва. Конкурсы мастацтваў праводзіліся з 1912 па 1948 год і ўключалі розныя намінацыі: жывапіс, архітэктура, літаратура, музыка, скульптура і інш.

Юзаф Клукоўскі нарадзіўся пад Гродна. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус і Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу. Служыў у 1-м Польскім корпусе ў Расейскай імперыі, у Войску Польскім. Ён вучыўся ў Школе мастацтваў у Варшаве, Парыжы і Лондане, Кракаўскай акадэміі мастацтваў, займаўся скульптурай, жывапісам, працай па метале, графікай і прыкладным мастацтвам. Двухразовы прызёр конкурсаў мастацтваў на Алімпійскіх гульнях 1932 і 1936 гадоў. Памёр у 1945 годзе ў канцлагеры пад Берлінам. Большая колькасць яго работ была знішчана падчас Другой сусветнай вайны, некалькі захавалася ў Нацыянальным музеі ў Кельцэ (Рэспубліка Польшча).

У жніўні 2022 года сваё 80-годдзе адзначыць 74-ы Берлінскі Чырванасцяжны асобны полк сувязі ордэна Аляксандра Неўскага. Полк уваходзіць у Заходняе аператыўнае камандаванне.

Сваю гісторыю полк сувязі пачаў 8 жніўня 1942 года, калі ў Астрахані быў сфарміраваны 6-ы асобны батальён сувязі, які ўвайшоў у склад 28-й агульнавайсковай арміі. У верасні 1942 года сваёй самаадданай ратнай працай сувязісты ўнеслі дастойны ўклад ў забеспячэнне сувяззю наступальнай аперацыі ў разгар Сталінградскай бітвы. Воінская частка была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга за арганізацыю надзейнай сувязі пры фарсіраванні войскамі ракі Шчары і вызваленні Слоніма. А ў красавіку 1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі – ордэнам Аляксандра Неўскага. Удзельнічалі воіны-сувязісты і ў заключных аперацыях Вялікай Айчыннай вайны – Берлінскай і Пражскай. За ўдзел у баях за Берлін палку прысвоена назва “Берлінскі”.

1 снежня 1948 года 6-ы асобны полк сувязі, размешчаны ў горадзе Гродна, быў пераўтвораны ў 74-ы асобны полк сувязі 28-й агульнавайсковай арміі, атрымаўшы ў спадчыну баявыя ўзнагароды, ганаровую назву і традыцыі воінаў сувязістаў-франтавікоў. На працягу многіх гадоў асабісты склад палка нязменна дэманструе высокую прафесійную падрыхтоўку і палявую вывучку, годна працягваючы слаўныя баявыя традыцыі воінаў-сувязістаў.

8 жніўня 1987 года ў “Гродзенскай праўдзе” была надрукавана нататка “Сёння – Дзень фізкультурніка” аб гродзенскіх выхаванцах заслужанага трэнера БССР Барыса Адамавіча Грыня.

Грынь Барыс Адамавіч (1942-1995) у гродзенскім спартыўным таварыстве “Дынама” працаваў з 1969 года да канца жыцця. Разам з Генадзем Васільевічам Карлінскім і Эдуардам Арсеньевічам Алешкам яны стварылі ўнікальную школу стральбы і падрыхтавалі цэлы шэраг майстроў спорту міжнароднага класа.

Самымі вядомымі сталі алімпійская чэмпіёнка Ірына Шылава, неаднаразовыя пераможцы і прызёры Спартакіяды народаў СССР Уладзімір Шылаў і Мар’ян Аброшка. Віталь Цыдзік, Віктар Таўкач, Васіль Кавалевіч, Юрый Півавараў, Таццяна Арцёменка, Ларыса Цыхун, Лілія Герыш, Людміла Якусевіч, Уладзімір Азука і іншыя – вось няпоўны спіс пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў і першынстваў Савецкага Саюза і Беларусі, якіх падрыхтаваў Барыс Адамавіч. Яго выхаванец Алег Пішчукевіч, перайшоўшы на трэнерскую працу, падрыхтаваў алімпійскага чэмпіёна Канстанціна Лукашыка.

У жніўні ў розныя гады ў “Гродзенскай праўдзе” было надрукавана шмат артыкулаў пра кіназдымкі, якія адбываліся на Гродзеншчыне: 07.08.1987 –“Рэальнасць гульні” (кінастужка “Воля Сусвету”), 01.08.2007 – “Адстраляліся!” (кінастужка “Чаклун і Румба”), 22.08.2007 – “Валерый Гаркалін: “Лічу сябе беларусам…” (кінастужка “Марго: вогненны крыж”), 01.08.2012 – “Фільм пра Вангу здымаецца ў Воранаўскім раёне” (кінастужка “Вангелія”), 29.08.2012 – “У сядзібе Чацвярцінскіх пасяліўся… прывід” (кінастужка “Кіндэр-Вілейскі прывід”).

Гэта нядзіўна, бо на Гродзеншчыне здымалася мноства фільмаў. Гродна наогул называюць “беларускім Галівудам”, бо мала які горад у Беларусі выклікае яшчэ такую зацікаўленасць і попыт у рэжысёраў.

Упершыню Гродна з’явіўся ў кадрах легендарнага “Міколкі-паравоза”, дзе назаўжды адлюстраваны будынак старога чыгуначнага вакзала. А далей – чарга кінастужак, многія з якіх сталі класікай. Наш горад не проста быў фонам і месцам дзеяння – ён прымяраў на сабе розныя ролі. У фільме “Бабін Яр” старыя вуліцы горада ператварыліся ў разбітыя бомбамі габрэйскія кварталы Кіева, у кінакарціне “Без права на памылку” Гродна стаў Кракавам, у стужцы “Сляды апосталаў” – Берлінам, у “Дняпроўскім рубяжы” адыграў ролю Магілёва і эпізоды фарсіравання Дняпра здымаліся на Нёмане, а гомельскае Палессе ў “Рудабельскай рэспубліцы” ўзнавілі таксама на Гродзеншчыне. “Я родам з дзяцінства”, “Гандлярка і паэт”, “Паланэз Агінскага”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні…”, “Белыя Росы”, “Мяне клічуць Арлекіна”, “Прыступіць да ліквідацыі”, “У жніўні 44-га”, “Сляды Апосталаў”, “Смерш”, “Замах” – наш горад можна ўбачыць амаль што ў паўсотні мастацкіх фільмаў.

У Беларусі ёсць адзіная “Алея кіно” ў гонар кінематаграфічнага мінулага, якая знаходзіцца ў Гродне на пляцоўцы перад маладёжным цэнтрам “Гродна”, і дзе можна ўбачыць каменныя пліты, прысвечаныя фільмам, якія здымаліся ў горадзе з 1956 года.

5 жніўня 1862 года ў Гродне нарадзіўся Мельхіёр Фардон – так званы “Бацька гродзенцаў”.

Юзаф Якуб нарадзіўся ў дваранскай сям’і ў 1862 годзе, вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, уступіў у ордэн францысканцаў, прыняў духоўнае імя Мельхіёр. У 1910 годзе ён уступіў у францысканскі ордэн, пасля навіцыята ў Кракаве быў адпраўлены ў Гродна, дзе стаў вікарыем парафіі ў францішканскім касцёле.

Быў спавядальнікам і паплечнікам святога Максіміліяна Кольбэ, закатаванага фашыстамі ў Асвенцыме. Ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, дзейнічаў супраць прымусу пераходу ўніятаў у праваслаўе, вёў “Братэрства цвярозасці”, дапамагаў бедным, сіротам і іншым. Яго ўжо пры жыцці лічылі святым і католікі, і праваслаўныя, і іўдзеі, называючы за яго прыклады дабрадушша, ахвярнасці і гераізму “Бацькам гродзенцаў”. Вядомы выпадак, калі падчас Першай сусветнай вайны ён выратаваў жыццё трынаццаці пажарным, якіх прыгаварылі да расстрэлу, абвінаваціўшы ў шпіянажы, нібыта яны падавалі рускім войскам знакі з пажарнай каланчы. Фардон быў адзіным чалавекам з натоўпу, які падышоў да немцаў і папрасіў аб захаванні жыцця пажарным узамен на сваё жыццё. Памёр у Гродне 27 лютага 1927 года.

Працэс беатыфікацыі Айца Фардона пачаўся ў 1997 годзе і доўжыцца да гэтага часу. У 2018 годзе Папа Рымскі Францыск прызнаў “гераічную дабрачыннасць” францысканца Мельхіёра Фардона і прысвоіў яму тытул “Высокашаноўны Слуга Божы”.

4 жніўня 1912 года імператар Мікалай II падпісаў указ аб будаўніцтве новай крэпасці ў горадзе Гродна.

Спецыяльна створаная “Вышукальная партыя”, Гродзенская інжынерная дыстанцыя і афіцэры Галоўнага інжынернага ўпраўлення Генеральнага Штаба пачалі работы па праектаванню крэпасці яшчэ ў чэрвені 1911 года. У студзені 1912 года праект быў прадстаўлены ў Галоўнае інжынернае кіраванне. Вакол горада планавалася ўзвесці 16 фартоў, 18 літарных і 38 нумарных апорных пунктаў, працягласць крэпасці складала 65 км.

Пасля абмеркавання былі выключаны 3 фарты, па новым плане крэпасць складалася з 13 фартоў, 19 літарных і 23 нумарных апорных пунктаў. Была арганізавана работа 14 будаўнічых участкаў, пачалося будаўніцтва дарог, новых казармаў для гарнізона ў горадзе, узвядзенне крэпастных ўмацаванняў.

Будаўніцтвам кіравала Упраўленне Будаўніка крэпасці на чале з палкоўнікам Каласоўскім.

 

Ліпень

29 ліпеня 1812 года ў Гродна прыехаў упаўнаважаны Камісіі часовага ўрада ВКЛ князь Антон Гедройц, пад кіраўніцтвам якога была створана новая структура мясцовай улады: прэфектура, функцыі якой выконвала адміністрацыйная камісія Гродзенскага дыстрыкта; падпрэфектура з павятовай камісіяй; муніцыпальная рада на чале з мэрам Францішкам Мучынскім, якая складалася з паліцэйскага, фінансавага, правіянцкага, кватэрмайстарскага і аддзялення богаўгодных спраў. Горад быў падзелены на тры паліцэйскія кварталы, на чале якіх стаялі назіральнікі. Гродзенцы прынялі ўдзел у арганізацыі вайсковых фарміраванняў,  праводзілася мабілізацыя рэкрутаў. Народная гвардыя складалася з дзвюх рот агульнай колькасцю 290 чалавек. У гродзенскім шпіталі на 1200 чалавек лячыліся салдаты і афіцэры напалеонаўскай арміі.

Дзейнасць створаных органаў галоўным чынам была накіравана на забеспячэнне арміі Напалеона харчаваннем, фуражом і транспартам. Усе гродзенцы плацілі падаходны падатак на карысць новай улады. Акрамя гэтага было шмат іншых грашовых пабораў: “асабовае адзіначасовае ахвяраванне”, часовы падатак з асоб духоўнага звання, даплаты пры наборы рэкрутаў, на ўтрыманне жандараў і г.д. У гэты час у горадзе быў разрабаваны іезуіцкі касцёл, Сафійскі сабор быў пераўтвораны ў склад для сена, аўса і збожжа, у храме выламалі іканастас, а абразы выкарыстоўвалі замест дроў. Сучаснікі адзначалі, што “нельга было разабрацца, дзе заканчваецца рэквізіцыя і пачынаецца рабаўніцтва”.

27 ліпеня 1947 года напярэдадні святкавання Дня Ваенна-марскога флота ў газеце “Гродзенская праўда” з’явілася невялікая нататка пра вынікі сацыялістычнага спаборніцтва каманд параходаў прыстані Гродна і перавыкананне плана параходам “Пушкін”.

У час Вялікай Айчыннай вайны прыстані Гродна і яе прыпісному флоту была нанесена вялікая шкода, і пасля вызвалення горада перад уладамі паўстала цяжкая задача іх аднаўлення. Ваенна-аднаўленчы атрад падымаў і рамантаваў затопленыя фашыстамі суды, ачышчаў дно ад узарваных акупантамі канструкцый мастоў. Пасля выкананых работ была арганізавана перавозка грузаў адрамантаванымі  судамі “Чырвонафлоцец”, “Тэхнік”, “Баец” і пасажыраў ‒ параходам “8 Сакавіка”, але з-за дрэннага рамонту флот не мог працаваць з поўнай нагрузкай, аднаўленне рачной гаспадаркі зацягвалася і не было скончана. На недастаткова якасную працу ваенна-аднаўленчага атрада, да якога ў гэты перыяд часу распаўсюджваліся суровыя законы ваеннага часу, былі прыняты меры: многія былі прыгавораны да пазбаўлення волі ў папраўча-працоўных лагерах тэрмінам на 5 і 10 гадоў, а зноў прызначаны асабовы склад прыстані Гродна і механічных майстэрняў павінен быў накіраваць усю сваю энергію на выкананне пастаўленых перад імі камуністычнай партыяй і ўрадам задач, не дапушчаючы ні малейшага парушэння працоўнай дысцыпліны. І праз год каманды параходаў “Пушкін”, “Летувайтэ”, “Карл Лібкнехт”, “Чырвонафлоцец” і “Зоя Касмадзем’янская” і 5 баржаў былі поўнасцю ўкамплектаваны і пачалі працаваць на выкананне пастаўленых урадам краіны і горада планаў.

26 ліпеня 1992 года ў першы дзень Алімпіяды ў Барселоне ў першым жа відзе спорту алімпійскім чэмпіёнам у стральбе з малакалібернага пісталета на 50 метраў стаў гарадзенец, шаснаццацігадовы Канстанцін Лукашык.

Ён самы юны алімпійскі чэмпіён у гісторыі стралковага спорту за ўсю гісторыю савецкага і беларускага спорта. Пачаў займацца ў 12 гадоў, выступаў за гродзенскі клуб “Дынама”. У 1991 годзе выступаў у складзе зборнай СССР і заняў першае месца на чэмпіянатах свету і Еўропы сярод юніёраў. З 1992 г. быў у складзе зборнай Беларусі. Заслужаны майстар спорту СССР. Канстанцін Лукашык неаднаразова станавіўся чэмпіёнам Беларусі і прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы.

26 ліпеня 1792 года Астрыно атрымала герб.

Упершыню мястэчка згадваецца ў кнізе запісаў Літоўскай метрыкі ў 1450 годзе. У 1641 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза падпісаў прывілей, якім дараваў мястэчку магдэбургскае права і як адзін з атрыбутаў гарадскога самакіравання ‒ герб. Гэта права было падцверджана ў 1685 годзе Янам Сабескім, а 26 ліпеня 1792 года – Станіславам Аўгустам Панятоўскім.

Герб мае форму барочнага шчыта, на якім у блакітным полі на зялёным ускрайку намалявана срэбная вежа-данжон – сімвал абароны; над чырвоным востраверхім дахам вежы ‒ рука ваяра ў срэбных баявых даспехах, якая трымае аголены меч з такога ж металу. У беларускай геральдыцы гэты сімвал называецца “малой пагоняй”.

Менавіта герб 1792 года паслужыў асновай для аднаўлення гістарычнага герба пасёлка ў 2007 годзе. Сучасныя герб і сцяг Астрыно заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 г. № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-116 і № Б-117.

25 ліпеня 2007 года ў газеце “Вячэрні Гродна” быў надрукаваны артыкул пра будучы будынак ТДА “фірма АВС”, для пабудовы гандлёва-офіснага цэнтра “АВС” быў разабраны будынак у аварыйным стане па вуліцы Найдуса, 1.

Ужо ў XV стагоддзі на гэтым месцы былі забудовы. У пачатку XX стагоддзя тут быў дом Чартка, у розны час у ім пазмяшчаліся крама мешаных мануфак­турных тавараў, майстэрня дамскіх сукенак Міны Веліч, лаўка тытунёвых вырабаў Брайны Цыпкін, пральня Евы Ліцкевіч, фотамайстэрня Рубінштэйна, піўная лаўка Якава Чартка на разліў і на вынас, адзін з першых гродзенскіх кінатэатраў “Электра-Біёграф” Якава Крывапіска і пятнаццаць кватэр. У 1893 г. у будынку працавала фотамайстэрня Хаіма Эльяша Эмавіча Бінковіча, які пазней перадаў яе Меіру Кушалевічу Гельгору ‒ заснавальніку адной са знакамітых дынастый гродзенскіх фатографаў.

Зараз у гэтым будынку размяшчаецца мноства крам і офісаў розных арганізацый, а ўнутраны дворык прыцягвае ўвагу гродзенцаў і турыстаў фрэскамі на гістарычную тэматыку, намаляванымі мастаком-рэстаўратарам Аляксеем Наўмчыкам.

Штогод 25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы. Гэта свята прадстаўнікоў пажарных частак і аб’яднанняў краіны. Свята заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы 11 верасня 1998 года. Выбар даты не выпадковы: 25 ліпеня ў 1853 годзе па рашэнні Мінскага губернскага праўлення і Мінскай гарадской думы была заснавана пажарная ахова ў Мінску. З гэтага моманту і пачынаецца гісторыя пажарнай службы краіны.

25 ліпеня 2007 года ў газеце “Гродзенская праўда” цэлая старонка была прысвечана гэтай падзеі і служачым пажарных частак вобласці. Адна з нататак – гэта віншаванне каманды нашай вобласці, якая стала пераможцам у чэмпіянаце Беларусі па пажарным спорце, прысвечаным Дню пажарнай службы, які чатыры дні праходзіўся у Мінску.

Сёння бяспеку жыхароў вобласці забяспечваюць 17 раённых і Гродзенскі гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях. На тэрыторыі вобласці дзейнічаюць 38 пажарных аварыйна-выратавальных частак, 64 паста і 2 пажарных аварыйна-выратавальных атрада. Яны забяспечаны сучасным абсталяваннем і тэхнікай для аказання высокакваліфікаванай дапамогі па абароне грамадзян ад надзвычайных сітуацый. Бяспеку жыхароў Гродзенскай вобласці забяспечваюць каля 2,5 тысяч работнікаў МНС.

24 ліпеня 2007 года ў Навагрудку на вуліцы Мінскай адкрылася мемарыяльная экспазіцыя, прысвечаная супраціўленню яўрэяў Навагрудчыны ў гады Халакоста.

Гісторыя навагрудскага гета ўнікальная тым, што прыкладна з 260 гета на тэрыторыі Беларусі толькі тут супраціў габрэяў выліўся ў масавыя ўцёкі. Уся гісторыя сусветнага Халакосту не ведае больш такіх прыкладаў. Таму гісторыя супраціву вязняў навагрудскага гета знайшла адлюстраванне ў выглядзе экспазіцый ва многіх музеях свету: у Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраілі і многіх другіх еўрапейскіх краінах. Музей на тэрыторыі былога гета — не толькі даніна памяці загінуўшым, але і помнік выжыўшым.

24 ліпеня 1567 года Жыгімонт Аўгуст напярэдадні Люблінскай уніі прымае ў Гародні маскоўскае пасольства, а потым па чарзе пасольствы іншых дзяржаў. Мастак Ганс Адэльгаўзэр робіць малюнак з натуры.

У 1568 годзе Маціус Цюндт пераносіць малюнак на гравюру, выкананую на медным лісце памерам 36 на 102 сантыметры і дэталёва паказваючую панараму горада. У правым верхнім куце гравюры дадзены тлумачальны тэкст: “Сапраўдная выява горада Гродна ў Літве. Там яго польская каралеўская вялікасць трымала сейм і туды ж прыехалі ніжэйпайменаваныя пасольствы, па-першае, Вялікага князя Маскоўскага, у ліку 1200 чалавек, вельмі цудоўна апранутых, потым пасольства Турэцкае, Татарскае і Валахскае, і былі прыняты ў поле асаблівымі на тое прызначанымі ад вышэй прызначаных каралеўскай вялікасці асобамі, кожнае пасольства ў асаблівым месцы… А што тут намалявана, тое адбылося ў ліпені 1567 г. Намалявана спачатку Гансам Адэльгаўзэрам, а потым выгравіравана ў сапраўдным сваім выглядзе Маціасам Цюндтам грамадзянінам Нюрэнбергскім у 1568 г.”.

Гравюра дэталёва адлюстроўвае Гродна і яго планіроўку ад Каложы да раёна вуліцы Лідскай, менавіта там знаходзілася ў тыя часы гарадская віселіца. На пярэднім плане канцлер ВКЛ Іван Валовіч вітае пасольства цара Івана Грознага на чале з дыяканам Фёдарам Калычовым, але мастак і выдавец не прытрымліваліся дакладна сюжэту і храналогіі і размясцілі на гравюры яшчэ некалькі гістарычных падзей: прыезд турэцкіх, валашскіх і татарскіх паслоў – гэтыя падзеі таксама праходзілі ў горадзе, але не адначасова з маскоўскімі. На гравюры можна ўбачыць Каложу, будынак ратушы, каралеўскі дом, замак і Фару Вітаўта, а таксама мноства намаляваных людзей: паслы розных дзяржаў і афіцыйныя асобы, якія іх сустракаюць; узброеныя мужчыны; хлапчук, які палкаю ганяе курэй; жанчына, якая сцірае бялізну ў Нёмане; гарбары, якія чысцяць шкуры ў рацэ, а па мосце ідуць купцы з каштоўнымі біўнямі сланоў.

Гравюра вельмі ўнікальна і каштоўна таму, што гэта адна з першых выяў беларускіх гарадоў, ды і для XVI стагоддзя падобныя гравюры былі вялікай рэдкасцю. Сёння арыгінала гэтай гравюры ў Беларусі няма. У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі ёсць некалькі спрошчаных экзэмпляраў з выявай толькі сустрэчы маскоўскага пасольства з кнігі Браўна і Гогенберга “Гарады свету”, якая шмат разоў выдавалася на розных мовах. Выяву гэтай гравюры можна ўбачыць і дэталёва разглядзець на фасадзе гродзенскай гімназіі №10, размешчанай на вул. Дзяржынскага, 8.

22 ліпеня 1987 года ў газеце “Гродзенская праўда” быў надрукаваны артыкул “Мова міра і сяброўства”, прысвечаны 100-годдзю мовы эсперанта.

У ліпені 1887 года ў Варшаве выйшла невялікая кніжка на рускай мове “Міжнародная мова. Прадмова і поўны падручнік”. На вокладцы стаяла імя аўтара “Д-р Эсперанта”. Гэта быў псеўданім лекара і таленавітага лінгвіста Людвіка Заменгофа (1859-1917). Выбраўшы гэты псеўданім, аўтар выказаў надзею на тое, што створаная ім новая міжнародная мова паслужыць справе міра, сяброўства і ўзаемаразумення паміж народамі.

Людвік нарадзіўся ў павятовым горадзе Беластоку Гродзенскай губерні ў сям’і настаўніка. І ў Беластоку, і ў Гродне, у якім ён бываў неаднаразова, разам жылі палякі, яўрэі, беларусы, рускія, літоўцы, немцы і іншыя нацыянальнасці. З-за неразумення моў ускладняліся зносіны між нацыянальнасцямі, і ўжо тады, у юнацкім узросце, Людвік захапіўся збіраннем новаўтвораных слоў, стаў прыдумваць іх сам, каб размаўляць з іншамоўнымі аднагодкамі. Лінгвістычныя забавы перараслі ў сур’ёзнае жаданне стварыць універсальную мову, на якой людзі маглі б свабодна размаўляць, разумець адзін аднаго і мірна суіснаваць.

У Гродна Заменгоф жыў і працаваў з кастрычніка 1893 па кастрычнік 1897 года. Пражываў у доме па вуліцы Паліцэйскай (цяпер вул. Кірава, 5), дзе адкрыў прыватны афтальмалагічны кабінет. Удзельнічаў у рабоце таварыства ўрачэй Гродзенскай губерні і быў памочнікам суддзі ў ведамасным судзе Гродна. Ён займаўся ўдасканаленнем, распрацоўкай граматыкі і папулярызацыяй эсперанта, пераклаў на гэтую мову аповесць Элізы Ажэшкі “Марта”.

Нягледзячы на ​​кароткачасовасць знаходжання Заменгофа ў Гродне, яго імя навечна ўпісана ў гісторыю горада: на доме, у якім урач-лінгвіст некалі пражываў з сям’ёй, у 1991 годзе была ўстаноўлена памятная дошка, а ў 1996 годзе імем Л. М. Заменгофа названа адна з вуліц мікрараёна Паўднёвы.

19 ліпеня 2012 года ў Шчучынскім раёне ўрачыста адкрыўся новы памежны пост “Бершты” – аб’ект у Гродзенскай вобласці, пабудаваны ў рамках Праграмы добраўпарадкавання знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы і рэспубліканскага бюджэту.

Пагранічны пост уключае ў сябе комплекс адміністрацыйнага і тэхнічнага будынкаў, пагрангарадок з шасцікватэрным жылым домам для асабовага складу і іншыя памяшканні, прызначаныя для тэхнічнага абслугоўвання памежнага паста.

16 ліпеня 1944 года воіны Савецкай Арміі вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горад Гродна. Гэтая знамянальная дата стала днём свята для ўсіх гродзенцаў.

За час свайго гаспадарання гітлераўцы нанеслі велізарную шкоду гораду. Нямецкія варвары расстралялі, замучылі і саслалі на нямецкую катаргу больш за 32 тысяч  жыхароў горада. Былі разбураны найбуйнейшыя прадпрыемствы: тытунёвая фабрыка, электрастанцыя, хлебазавод, чыгуначны вузел і вакзал. Вялікае разбурэнне было нанесена гарадской камунальнай гаспадарцы, выведзены са строю вадаправод, знішчаны лепшыя грамадскія будынкі горада, паштамт, музей, шэраг школ і бальніц.

У першыя пасляваенныя гады працоўнымі горада была праведзена вялікая праца па аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Былі адноўлены 25 прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання: абутковая фабрыка №1, тытунёвая фабрыка, велазборачны завод, піваварны завод, два скурзаводы, швейная фабрыка і іншыя.

Штогогод 16 ліпеня горад урачыста адзначае Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на старонках газет друкуюцца ўспаміны пра  трагічныя падзеі ваеннай акупацыі і ўшаноўваецца памяць пра герояў-вызваліцеляў горада Гродна.

15 ліпеня 1947 года ў газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся артыкул “Кубак СССР у Гродна!”

Кубак Савецкага Саюза па спартыўнай гімнастыцы ва ўпартай барацьбе заваявала вучаніца заслужанага трэнера СССР Рэнальда Кныша – Вольга Корбут. Ганаровы прыз скромна прыехаў у Гродна ў спартыўнай сумцы Вольгі. Некалькі гадоў да гэтага ён вандраваў па краіне: пабываў у Грозным, Варонежы, Віцебску.

Чацвёртакласніца Вольга ў 1965 годзе ўпершыню прыйшла ў гімнастычную залу, а праз сем гадоў стала прызёрам Кубка СССР па гімнастыцы – працу трэнера і яго вучаніцы ўвянчала высокая ўзнагарода. Трэнер Рэнальд Іванавіч заўсёды сапраўды ведаў, чаго жадае. Калі Вольга толькі пачала ўдзельнічаць у спаборніцтвах высокага рангу, іншых мэт, як стаць пераможцам у любых з іх, Кныш не пераследваў. Усякая няўдача разглядалася ім як шлях да запаветнага першага месца і чарговы ўрок для Вольгі.

Карэспандэнты газеты паразмаўлялі з Вольгай дома. У яе пакойчыку была шафа, за шклом якой блішчэла «золата» і «срэбра» медалёў, прызоў, узнагарод, сувеніраў. Беражліва захоўвала Вольга галоўны прыз Рыжскага міжнароднага турніру «Бурштынавае бервяно», шлемы самураяў – самыя дарагія падарункі з Японіі, фатаграфію, на якой заснятыя ўслаўленая Ларыса Латыніна і яна. А на самым высокім месцы стаяў Кубак Савецкага Саюза. Гэта перамога – гэта яе крок да будучых Алімпійскіх гульняў.

На працягу першай дэкады ліпеня ў сродках масавай інфармацыі адзначаюць дату народзінаў вялікага беларускага паэта Янкі Купалы. Як адзначалі гэту знамянальную дату на Гродзешчыне ў юбілейныя гады можна даведацца з артыкулаў “Гродзенскай праўды”.

Янка Купала бываў на Гродзешчыне: у Навагрудку, Слоніме, Лідзе, – а ў Гродна наведваўся ўлетку 1912 года, у 1913 годзе, пасля аб’яднання Беларусі ў 1939 годзе. У нашым горадзе ёсць праспект Янкі Купалы, яго імя з 1957 года насіў былы педінстытут, зараз – Гродзенскі ўніверсітэт, каля якога ў 1964 годзе быў устаноўлены бюст паэту.

У гэтыя знамянальныя дні праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, творчыя вечарыны, ставяцца літаратурна-музычныя кампазіцыі і спектаклі па творах пісьменніка, літаратурна-мастацкія вечарыны, выставы і г.д.

10 ліпеня 1947 года Пастановай Урада Беларусі абутковая фабрыка ўступіла ў строй дзеючых прадпрыемстваў і атрымала афіцыйную назву “Гродзенская абутковая фабрыка №1”.

Вытокі стварэння прадпрыемства пачынаюцца ў 1899 г. і ідуць ад пераплётнай фабрыкі “Нёман” АТ “Лангброт і К”, на якой выраблялі высакаякасную эксклюзіўную галантарэю. У міжваенны перыяд фабрыка належала прамыслоўцу Рэзнікаву і была адной з найбуйнейшых у Рэчы Паспалітай. У маі 1939 года фабрыка згарэла. Да вайны аднавіць яе не ўдалося, але калі Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй, фабрыку Рэзнікава нацыяналізавалі і пераабсталявалі ў абутковую фабрыку, дзе выпускаўся жаночы і дзіцячы абутак ручнога пашыву з выпускам 100 пар абутку ў дзень.

У 1953 годзе да фабрыкі далучылася невялікае прадпрыемства, якое выпускала абутак па індывідуальных заказах – Гродзенская абутковая фабрыка № 2 і ў 1960 годзе выпуск абутку склаў 1.230.000 пар. З кожным годам фабрыка павялічвала вытворчасць і пашыралася. Напярэдадні 1962 года гродзенскія абутнікі атрымалі новы будынак па вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 95. Першым быў пушчаны паток мужчынскага мадэльнага абутку. А з красавіка 1963 года фабрыка стала называцца “Гродзенская абутковая фабрыка “Нёман”. Так утварылася Гродзенскае вытворчае аб’яднанне “Нёман”, а са студзеня 1994 года рашэннем гарвыканкама г. Гродна прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства, і з красавіка 1997 года вярнулася да сваёй ранейшай назвы “Гродзенская абутковая фабрыка “Нёман”.

10 ліпеня 1862 года выходзіць першы нумар газеты “Мужыцкая праўда”. Менавіта ў гэты дзень Місей Геліч з вёскі Бярозаўка знайшоў на полі надрукаваны лісток – першы нумар газеты. Яе рэдактарам быў выпускнік Свіслацкай гімназіі і Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Канстанцін Каліноўскі. Яго паплечнікамі былі Валерый Урублеўскі – стваральнік Інтэрнацыянала і генерал Парыжскай камуны; Фелікс Ражанскі – беларускі паэт, мемуарыст; Станіслаў Сонгін – акцызны чыноўнік Гродзенскага губернатарскага праўлення. Усяго выйшла сем нумароў “Мужыцкай праўды”, шэсць убачылі свет у чэрвені-снежні 1862 года, а сёмы нумар з’явіўся толькі летам 1863 года.

9 ліпеня 2002 года ў Міры генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацуура ўрачыста адкрыў памятную дошку на Мірскім замку, якая сведчыць пра тое, што замак уключаны ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

3 ліпеня – Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь – гэта гістарычна значная дата ў Беларусі, якая стала сімвалам міра і незалежнасці. У 1944 годзе ў гэты дзень сталіца Беларусі Мінск была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас аперацыі «Баграціён». Гэтае свята было заснаванае яшчэ ў 1991 годзе, але да 1996 года Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. У 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме было прынята рашэнне аб пераносе святкавання Дня незалежнасці на 3 ліпеня і зацверджана Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 1996 г. № 1 «Аб устанаўленні дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь».

Па ўсёй рэспубліцы, у тым ліку і ў Гродне, у гэты дзень праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, дэманстрацыі, парады, канцэрты і гулянні.

2 ліпеня 2007 года ў гарадскім парку імя Ж.-Э. Жылібера адбылося адкрыццё гарадской скульптуры  “Гараджанін XVIII стагоддзя”. Яе аўтар – Уладзімір Панцялееў. Помнік устаноўлены ў гонар знакамітага вучонага-натураліста і ўрача з Францыі Жана-Эмануэля Жылібера, які пражываў у Гродне ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Дзякуючы яго намаганням у Гродне з’явілася медыцынская акадэмія і быў створаны ўнікальны батанічны сад. У скульптуры максімальна перададзены дух эпохі вучонага, які апрануты ў парадны камзол і чаравікі з пражкамі, дапаўняе вобраз парык і элегантная тросць.

Чэрвень

29 чэрвеня 2002 года ў Навагрудку пачаўся двухдзённы міжнародны фэстываль сярэднявечнай культуры “Навагрудскі замак-2002”. У фестывалі прынялі ўдзел некалькі сотняў рыцараў, артыстаў і рамеснікаў з Расіі, Украіны, Латвіі і Польшчы. У гасцей фестываля была магчымасць назіраць за інсцэніроўкай каранацыі Міндоўга, рыцарскімі паядынкамі і бугуртамі – турнірамі, падчас якіх дзве групы рыцараў, узброеных затупленай зброяй, ваявалі адзін супраць аднаго, сімвалізуючы абарону Навагрудскага замка. Кожны з гасцей фестываля мог азнаёміцца з сярэднявечным бытам і культурай, уявіць сабе рыцарам, апрануць даспехі, асядлаць каня, патрымаць у руках зброю. У рамках фестываля прайшлі майстар-класы па танцах, паказальныя выступленні лучнікаў, канцэрт-шоу.

Гэту культурную падзею асвячалі ў раённай навагрудскай газеце “Новае жыццё” і газеце “Вячэрні Гродна”.

28 чэрвеня 1812 года Гродна быў акупаваны каралём Вестфаліі Жэромам Банапартам, малодшым братам Напалеона Банапарта. Горад заняла кавалерыя Юзафа Панятоўскага – пляменніка апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага – такім чынам французы падкрэслілі, што «польскі» горад вызваліла польскае войска. Сам Жэром Банапарт са світаю прыбыў у горад 30 чэрвеня, за межамі горада яго сустракаў новы мэр, шляхта ўрачыста вітала  караля ў каменным доме віцэ-губернатара Максімовіча (вул. Э. Ажэшкі, 3). Французская кавалерыя знаходзілася ў Гродне да 3 ліпеня, а 4 ліпеня Жэром Банапарт пакінуў Гродна і накіраваўся на Навагрудак, каб дагнаць адступаючую 2-ю армію Баграціёна.

Гродзенскія ўлады сталі падпарадкоўвацца французам: была склікана Гродзенская канфедэрацыя ў складзе Генеральнай канфедэрацыі Княства Польскага. У горадзе была створана рада з правіянцкім, паліцэйскім, фінансавым і палітычным аддзеламі, у яе склад пад старшынствам маршалка Людвіка Панцаржынскага ўвайшлі 12 чалавек.

25 чэрвеня 1652 года мястэчка Жыровічы атрымала Магдэбургскае права.

Гісторыя Жыровіч пачалася ў XV стагоддзі, калі ў вёсцы размяшчаўся маёнтак шляхціца Аляксандра Солтана. Пасля з’яўлення ў 1470 годзе на дзікай грушы цудатворнай выявы Божай Маці на гэтым месцы была пабудавана драўляная царква з алтаром іконы, якая пазней некалькі разоў перабудоўвалася. У XVII стагоддзі Жыровічы былі буйным гандлёвым цэнтрам і належалі Льву Сапегу, 1644 годзе Жыровічы атрымалі статус горада, якому праз 8 гадоў было дадзена магдэбургскае права.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Жыровічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1921 годзе ў адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам мястэчка апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі. З верасня 1939 года ў складзе савецкай Беларусі.

Сучасныя Жыровічы налічваюць больш 2000 жыхароў, дзейнічаюць Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, Мінская Духоўная Семінарыя і Акадэмія, рэгенцкае вучылішча. А самы маленькі на планеце вобраз Багародзіцы таксама знаходзіцца ў Жыровічах.

24 чэрвеня 1812 года ў раёне Коўна напалеонаўскія войскі пачалі пераправу праз раку Нёман – пачалася вайна 1812 года. Паход Вялікай арміі на Расійскую імперыю яшчэ называюць нашэсцем двунадзесяці моў, бо з амаль 400 тыс. салдат, якія перайшлі Нёман, толькі каля 150 тыс. былі французамі. У складзе французскай арміі былі швейцарцы, палякі, харваты, саксонцы, вестфальцы, аўстрыйцы, баварцы, прусакі, іспанцы, партугальцы, бельгійцы і галандцы. Адзін з удзельнікаў паходу Напалеона палкавы лекар фон Раос у сваіх запісках згадваў, што пераправа рознамоўных палкоў нагадвала перасяленне народаў ці вавілонскі гармідар. Амаль тыдзень перапраўлялася вялікае войска Напалеона праз Нёман.

Гістарычны момант велічнага нашэсця адлюстраваны на гравюры Ігнаца Себасцьяна Клаўбера. У першы дзень пераправы Напалеон знаходзіўся на левым беразе Нёмана і назіраў у падзорную трубу за сваім войскам. Воіны ведалі аб тым, што галоўнакамандуючы іх бачыць, таму шукалі яго вачыма і як толькі заўважалі, падкідвалі ўверх шапкі і выкрыквалі: Vive L’Empereur!. На гравюры намалявана адзінокая постаць імператара, які стаіць на скале і назірае за магутнымі ваеннымі патокамі, якія пераходзяць Нёман па трох арганізаваных пераправах.

23 чэрвеня 1792 года каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім быў пацверджаны гістарычны герб Радуні: у сярэбраным полі чырвоны рак. Герб выкарыстоўваўся з 1649 года, калі гораду было дадзена магдэбургскае права.

У герб Радуні закладзены адзін з найбольш распаўсюджаных у геральдыцы гербавых сюжэтаў – ідэя прыроднага багацця ў агульнадаступнай для ўсіх форме адлюстравання. Герб уяўляе сабой барочны германскі шчыт, у сярэбраным полі якога намаляваны рак чырвонага колеру. Белы (сярэбраны) колер у геральдыцы ўвасабляе чысціню намераў; чырвоны – мужнасць і адвагу, а рак з’яўляецца сімвалам чысціні вадаёмаў, спакою, асцярожнасці і парадку.

Сучасны герб пасёлка Радунь зацверджаны 14 чэрвеня 2007 года, у яго аснове – гістарычны герб 1792 года.

21 чэрвеня 1802 года ў Гродне ў прысутнасці імператара Аляксандра I у будынку тэатра адбылося ўрачыстае адкрыццё Гродзенскай губерніі.

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага былі падзелены на Віленскую і Слонімскую губерніі. Але ўжо ў 1797 годзе выйшаў Указ Паўла I “Пра ўладкаванне замест прызначаных раней дзвюх губерній Віленскай і Слонімскай адной губерніі пад назвай Літоўскай” з губернскім горадам Вільня і 19 павятовымі гарадамі, у тым ліку і Гродна.

У 1801 годзе на падставе Указа Аляксандра I ад 9 верасня “Аб узнаўленні пяці губерніяў і аб падпарадкаванні пагранічных губераніяў ваенным губернатарам” Літоўская губернія была падзелена на Віленскую і Гродзенскую, якія ўвайшлі ў склад Віленскага генерал-губернатарства. У складзе Гродзенскай губерніі было 8 паветаў: Гродзенскі, Брэсцкі, Ваўкавыскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі і Слонімскі. Губернскім цэнтрам быў Гродна. Першым губернатарам стаў дзеючы стацкі саветнік Дзмітрый Радзівонавіч Кошалеў (са снежня 1801г. па 9 чэрвеня 1803г.).

16 чэрвеня 2012 года на цэнтральнай плошчы горада Іўе быў урачыста адкрыты манумент “У гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны”. Чатыры канфесіі мірна суіснуюць тут ужо не адно стагоддзе. У гонар гэтай досыць унікальнай з’явы і быў усталяваны манумент на цэнтральнай плошчы горада, ён адразу прыцягвае ўвагу маштабам і сэнсавым зместам. Кожная канфесія займалася афармленнем сваёй стэлы. Па ідэі стваральнікаў манумента, ён яшчэ з’яўляецца своеасаблівым указальнікам для турыстаў: кожная арка разгорнута ў бок храма канкрэтнай рэлігіі.

Сёння самай вялікай па колькасці прыхаджан у Іўі лічыцца каталіцкая парафія. Касцёл Святых Пятра і Паўла – помнік архітэктуры ў стылі барока, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. на месцы больш старажытнага храма XV ст.

Цудам уцалела падчас Другой сусветнай вайны іўеўская сінагога. Да Вялікай Айчыннай вайны яўрэі складалі большасць насельніцтва, у мястэчку дзейнічалі тры сінагогі. На жаль, гэтую абшчыну цалкам вынішчылі фашысты ў 1942 годзе. Зараз месца “чацвёртай” канфесіі занялі пратэстанты-евангелісты.

Больш удала склаўся гістарычны лёс татар-мусульман. Вітаўт падарыў тут татарам землі за дапамогу ў Грунвальдскай бітве, татарская абшчына існуе з тых часоў і з’яўляецца адной з найбуйнейшых у краіне і налічвае больш за адну тысячу прыхаджан. Драўляная мячэць, пабудаваная ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стст., у савецкі час была адзіным дзейнічаючым мусульманскім храмам на тэрыторыі Беларусі.

Праваслаўе – самая “маладая” рэлігія. Толькі ў сярэдзіне  1990-х гадоў была ўрачыста адкрыта праваслаўная царква святога мучаніка Гаўрыіла Беластоцкага, Слуцкага. Жылы будынак перарабілі пад храм і асвяцілі напярэдадні знамянальнага прыезду Патрыярха Аляксія ІІ, які дабраславіў 60 выяў, якія накіраваліся ў хросны шлях вакол планеты Зямля. Казанскі абраз Прасвятой Багародзіцы, які пабываў у адкрытым космасе – адна з святынь храма.

У адносінах да Іўя часта выкарыстоўваюць эпітэты “горад чатырох канфесій” і “маленькі Іерусалім” і называюць яго прыкладам беларускай талерантнасці і верацярпімасці. Помнік чатыром канфесіям закліканы яшчэ раз падкрэсліць магчымасць мірнага суіснавання такіх розных рэлігій на адной невялікай тэрыторыі.

14 чэрвеня 1997 года ў Карэлічах прайшлі першыя міжнародныя чытанні, прысвечаныя Ігнату Дамейку, а ў вёсцы Мядзведка, дзе ў 1802 годзе нарадзіўся будучы геолаг, на базе школы быў створаны музей.

Імя Ігната Дамейкі звязвае Беларусь і Чылі. Беларус па нараджэнні, чалавек з імем сусветнага гучання, вядомы геолаг і мінеролаг, сусветна вядомы вучоны, нацыянальны герой Рэспублікі Чылі, а памяць аб ім сёння шануюць на ўсіх кантынентах, называючы вучонага чалавекам свету.

Пасля закрыцця школы фонды музея былі перададзены ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір». У музеі знаходзяцца  гістарычныя выданні Чылійскага Дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Дамейкі, калецыя мінералаў, капсула з зямлёй з магілы вучонага ў сталіцы Чылі горадзе Санцьяга, навуковыя і даследчыя матэрыялы з літоўскай Акадэміі навук. У музеі створана мультымедыйная версія экскурсіі, віртуальная выстава мінералагічных узораў, сабраных навукоўцам, падрыхтаваны матэрыялы па дачылійскім перыядзе жыцця вучонага і інш. Чытанні, прысвечаныя знакамітаму ўраджэнцу Карэліччыны, сталі традыцыйнымі.

14 чэрвеня 1967 года ў газеце “Гродзенская праўда” з’явілася віншаванне цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі і Савета Міністраў з завяршэннем будаўніцтва і ўводам у эксплуатацыю першай чаргі Гродзенскай бавоўнапрадзільнай фабрыкі. А ў чэрвені 1977 года ў газеце надрукаваны артыкул “Наш гонар” – своеасаблівы вынік працы прадпрыемства за 10 гадоў.

Будаўніцтва бавоўнапрадзільнай фабрыкі пачалося ў кастрычніку 1963 года. Загадам Міністэрства лёгкай прамысловасці БССР №231 ад 10 чэрвеня 1967 года бавоўнапрадзільная фабрыка была ўведзена ў эксплуатацыю. У 1967 годзе фабрыкай было выраблена 3340 тон пражы. 1 сакавіка 1973 года на базе фабрыкі створаны прадзільна-нітачны камбінат, а праз сем год ён быў перайменаваны ў Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне.

Сёння гэта ААТ “Гранітэкс” – сучаснае тэкстыльнае прадпрыемства,    адзіны вытворца ў краіне швейных нітак і розных відаў пражы. Гадавая магутнасць вытворчасці складае 4 тысячы тон пражы, 12 мільёнаў умоўных шпулек нітак і 2 тысячы тон льнянога валакна.

14 чэрвеня 1957 года аблвыканкам прымае рашэнне аб будаўніцтве тэлевізійнай вышкі ў Гродне.

Гісторыя гродзенскай тэлерадыёкампаніі пачалася ў 1944 годзе, калі было створана абласное радыё, а дзякуючы будаўніцтву тэлевізійнай рэтранслятарнай станцыі 26 снежня 1968 года глядач упершыню ўбачыў тэлепраграмы абласной студыі тэлебачання.

Зараз праграмы тэлерадыёкампаніі “Гродна” прадстаўлены на нацыянальных тэлеканалах “Беларусь 1”, “Беларусь-24”. У 2015 годзе пачаў працаваць уласны тэлеканал “Беларусь 4 Гродна”. Радыёстанцыю “Радыё Гродна” можна слухаць у Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай абласцях, у суседніх рэгіёнах Літвы і Польшчы, а дзякуючы інтэрнэт-вяшчанню “РГ” даступна ва ўсім свеце.

4 чэрвеня 1947 года міністрам мясной і малочнай прамысловасці БССР падпісаны загад № 133 “Аб уводзе ў эксплуатацыю Гродзенскага гармалзавода, Ваўкавыскага, Індурскага і Роскага масласырзаводаў Гродзенскага абласнога трэста “Маслапрам”.

Гродзенскі гармалзавод, які адноўлены пасля вайны, існуе і зараз – гэта  ААТ “Малочны Мір”, які быў заснаваны яшчэ ў 1938 годзе. Прадпрыемства першапачаткова размяшчалася ў занёманскай частцы па вуліцы Гарнавых. Спачатку пераважала ручная праца, халадзільнага абсталявання не было. Камбінат рэканструяваўся ў 1967 і 1988 гадах. І калі ў 1947 годзе завод перапрацоўваў 15 тонн малака, то сучасны “Малочны Мір” перапрацоўвае 730 тонн малака за суткі і спецыялізуецца на вытворчасці больш за 200 відаў  натуральнамалочнай прадукцыі: марожанага, масла, сыроў цвёрдых, мяккіх, плаўленых. Акрамя таго, у аб’ёме вытворчасці ёсць немалая доля прадукцыі, што выпрацоўваецца не з малака: вада, напоі, маянэз.

У пачатку чэрвеня 1957 года праз Гродна пачаў курсіраваць першы цягнік міжнароднага значэння.  Раней трапіць на цягніку ў Польшчу можна было толькі з Брэста.  Прамы цягнік  “Ленінград – Гродна – Ласосна –Варшава” праходзіў праз Пскоў і Вільнюс.

Журналісты газеты “Гродзенская праўда” не маглі абмінуць гэту значную падзею і раніцай 2 чэрвеня асабіста прысутнічалі на чыгуначным вакзале ў момант прыбыцця першага цягніка міжнароднага значэння на станцыю “Гродна”.

У пасляваенныя дзесяцігоддзі Гродна актыўна забудоўваўся.  Новыя жылыя кварталы і мікрараёны з’яўляліся на далёкіх ускраінах горада, і 2 чэрвеня 1967 года ў газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся артыкул пра чарговую маштабную забудову вуліцы Горкага.

У гэты час горад рыхтаваўся да выбараў у Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў, на прадпрыемствах і ва ўстановах горада ў гэты час адбываліся справаздачы аб праведзенай працы: колькі пабудавана жылля, якія прадпрыемствы, магазіны, школы, дзіцячыя садкі, дамы культуры ўвайшлі ў строй у Гродна, колькі было выпушчана прадукцыі і г.д. Гэты артыкул  свайго роду справаздача аб станоўчых зменах у жыцці горада Гродна ў другой палове 60-х гадоў.

1 чэрвеня 2012 года быў адкрыты рух па першай кальцавой дарозе вакол абласнога цэнтра.

Стварэнне першай кальцавой дарогі пачалося яшчэ ў савецкі час, было пракладзена каля 13 км. Вясной 2011 года для злучэння дарог у кальцо пачалі будаваць недастаючыя часткі. Былі пракладзены 4-6-палосныя праезныя часткі, узведзены два аўтадарожныя і два чыгуначныя пуцеправоды, у тым ліку 230-метровы пуцеправод на чыгуначным пераездзе па Азёрскай шашы. Увод у эксплуатацыю транспартнага кальца даў магчымасць у значнай ступені вырашыць гарадскія транспартныя праблемы. Агульная працягласць першай кальцавой дарогі складае 20,3 км.

Знешняя аб’язная кальцавая магістраль працягласцю 36 км прадугледжана Генеральным планам Гродна да 2030 года. Яе будаўніцтва пачалося ў 2019 годзе і складаецца з пяці этапаў.

1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей – адно з самых старых міжнародных святаў. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята ў 1925 годзе ў Жэневе на Сусветнай канферэнцыі, прысвечанай пытанням дабрабыту дзяцей. Пасля Другой сусветнай вайны, калі праблемы захавання здароўя і дабрабыту дзяцей былі як ніколі актуальныя, у 1949 годзе ў Парыжы адбыўся кангрэс жанчын, на якім прагучала клятва пра нястомную барацьбу за забеспячэнне трывалага міру, як адзінай гарантыі шчасця дзяцей. Дзень абароны дзяцей праводзіцца штогод 1 чэрвеня з 1950 года.

1 чэрвеня 1957 года было размешчана некалькі артыкулаў, прысвечаных гэтаму святу, у артыкулах расказваецца пра лёсы дзяцей Гродзеншчыны пасляваенных гадоў. Нягледзячы на цяжкасці аднаўлення краіны пасля Вялікай Айчыннай вайны, да дзяцей было асаблівае стаўленне – гэта быў час, калі чужых дзяцей не было. У гарадах і вёсках адкрываліся дзіцячыя садкі, навучальныя установы, будаваліся добраўпарадкаваныя школы-інтэрнаты і дзіцячыя дамы. У падрастаючага пакалення была магчымасць авалодаць прафесіяй і ісці працаваць на заводы і фабрыкі, ці атрымаць вышэйшую адукацыю. Праз усе артыкулы праходзіць заклік “Мір – дзецям! Не – вайне!”

Май

26 мая 1972 года ў газеце “Гродзенская праўда” быў надрукаваны артыкул пра забудову на далёкай ускраіне горада мікрараёна “Фарты-1”, гэта першы раён, дзе пачалі будаваць 119-кватэрныя дамы ступенчатага тыпу, што дазваляла лепш выкарыстоўваць рэльеф мясцовасці і стварала стройную архітэктурную кампазіцыю.

У 1971 годзе больш за 600 гродзенскіх сямей атрымалі добраўпарадкаваныя кватэры ў пяці новых шматпавярховых дамах, а ў 1972 годзе будуць пабудаваны яшчэ чатырнаццаць агульнай плошчай каля 50 тысяч квадратных метраў.

25 мая 1917 года ў Ялце памёр Максім Багдановіч – беларускі паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. На трыццацігоддзе гэтай сумнай даты ад 25 мая 1947 года ў газеце “Гродзенская праўда” выйшаў шэраг артыкулаў пра жыццё і творчасць паэта.

Памяць пра паэта ўшаноўваецца ў нашым горадзе і сёння – адна з вуліц носіць яго імя, а 17 мая 1986 года на гэтай вуліцы быў адкрыты Дом-музей Максіма Багдановіча (зараз “Музей Максіма Багдановіча – філіял Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея). У гэтым раёне горада пражывала сям’я Багдановічаў з 1892 па 1896 год. Сярод экспанатаў музея асаблівае месца займаюць асабістыя рэчы вялікага беларускага паэта, яго лісты і дакументы, сямейныя фатаграфіі, рэчы і прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”. У доме адноўлены чатыры мемарыяльныя залы: кабінет бацькі Максіма Багдановіча, пакой маці, дзіцячы і гасцявы пакоі.

25 мая 1987 года была прынята Пастанова № 179 Гродзенскага абкама КПБ і выканкама Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў “Аб адкрыцці гісторыка-краязнаўчага музея ў г. Навагрудку”.

Навагрудак – адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, які мае непаўторнае аблічча і надзвычай багатую гістарычную спадчыну. Яго гісторыя пачынаецца ў канцы Х ст., у наступныя некалькі стагоддзяў Навагрудак быў найбольш багатым горадам Панямоння. Навагрудак можна па праве лічыць сталіцай і ядром стварэння Вялікага княства літоўскага: у 1253 г. Міндоўг каранаваўся ў ім як кароль Літвы. У Навагрудку быў пабудаваны адзін з самых непрыступных замкаў. У 1422г. у фарным касцёле кароль Польшчы Ягайла браў шлюб з князёўнай Соф’яй Гальшанскай. У Навагрудку праводзіліся дзяржаўныя сеймы, сустрэчы каралёў і паслоў, праходзілі пасяджэнні Галоўнага Трыбунала. З пачатку ХІV стагоддзя ў горадзе размяшчалася рэзідэнцыя праваслаўнага, а пазней – уніяцкага мітрапаліта. У розныя перыяды ў горадзе было 5 касцёлаў, 6 манастыроў, сінагога і мячэць.

З 12 верасня 1992 г. дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей.  На 350 кв.м прадстаўлена гісторыя і культура Навагрудчыны, пачынаючы ад узнікнення горада і да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Музейны фонд налічвае каля 22 000 прадметаў, у тым ліку 14 калекцый, і гэта не толькі збор каштоўнасцяў для вывучэння гісторыі, яны служаць асновай для развіцця кантактаў і ўмацавання сувязі паміж пакаленнямі і культурамі.

У сярэдзіне мая “Саzeta Grodzienskа” піша: “У сувязі з умацаваннем практычна вертыкальнага схілу Замкавай гары з боку Нёмана, стараннямі дырэкцыі музея і магістрата пры дапамозе беспрацоўных, панізіўся ўзровень замкавай гары. Два месяцы таму былі адкрыты ніжнія часткі замкавых сцен часоў караля Яна III, узведзеных па рашэнні сейма ў 1678 г. Гэта пераважна гаспадарчыя пабудовы, збудаваныя на больш ранніх руінах. У апошнія дні ўдалося адкапаць сцены XV ст. Найбольшую сэнсацыю выклікала адкрыццё сцен перыяду ХІІ-ХІІІ стст., калі Гродна быў сталіцай удзельнага княства. Цагліны гэтых сцен падобныя на тыя, з якіх складзена Каложская царква (ХІ-ХІІ стст.), плоскія (4,5 см) і шырокія. Таўшчыня кладкавага раствору ў замкавых сценах некалькі меншая, чым у каложскіх. У той жа час, у сценах маюцца вялікія валуны, сцесаныя з аднаго боку і выкладзеныя як бы ў дэкаратыўных мэтах, як на Каложы.

Падчас раскопак выяўлена і некалькі каменных ядраў, мноства фрагментаў старажытнай керамікі. Раскопкі праходзяць пад непасрэдным кіраўніцтвам дырэктара Дзяржаўнага музея сп. Ю. Ядкоўскага. Нядаўна ў Гродна прыехаў рэстаўратар з Варшавы сп. доктар Ю. Клюсс”.

Сёння вядома, што гэта былі раскапаны рэшткі сцен старажытнай Ніжняй царквы XII ст.

У маі 1932 года ў мясцовых газетах з’явілася аб’ява аб тым, што з 21 мая пачынаецца летні сезон навігацыі параходаў “Jagiełło” і “Jadwiga” на лініі Гродна-Мелавыя горы-Гродна з прыпынкамі ў Ласосна і Пышках на правым і левым берагах Нёмана. Адпраўленне з Гродна кожную суботу і нядзелю ў 11 гадзін раніцы.

У пачатку 20-х гадоў у Гродне былі параходы “Jadwiga” (умяшчальнасцю да 200 чалавек)  і “Emilia Pllater”, які быў прыпісаны да Гродна, а курсіраваў па Аўгустоўскім канале.

Да сярэдзіны 30-х у Гродне яшчэ былі параходы “Jagiełło”, якія бралі на борт да 300 пасажыраў, “Jadwiga”, “Dewajtys” – курсіравалі па маршруце Гродна-Друскенікі; “Michał Ogiński”, а таксама прагулачны цеплаход “Śmigły”.

У межах горада на Нёмане былі дзве прыстані: на левым беразе Нёмана каля аўтадарожнага моста імя Маршала Юзафа Пілсудскага – прыстань Шыманскага і другая – каля прыстані Ваеннага вяслярнага клуба (зараз у гэтым будынку – “Pab Mr. Hops”, вул. Завадская, 14).

19 мая 1982 года ў Мінску быў апублікаваны Указ № 2014 Прэзідыўма Вярхоўнага Савета Беларускай ССР “Аб узнагародзе народнага ансамбля песні і танца “Неман” Гродзенскага гарадскога Дома культуры Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР”.

Ансамбль быў арганізаваны ў 1957 годзе і ўжо ў 1961 годзе атрымаў ганаровае званне “народны”.

Ансамбль стварае арыгінальны рэпертуар пра Гродзеншчыну, а таксама ўключае ў свае праграмы фрагменты беларускага, рускага, украінскага, польскага вакальнага і танцавальнага фальклору.

У 1957 годзе VI Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў планавалася праводзіць летам у Савецкім Саюзе, у Маскве. Па ўсёй краіне ішла падрыхтоўка да гэтай знамянальнай падзеі, і ў нашым горадзе таксама рыхтаваліся да Першага гарадскога фестывалю моладзі. Цэлая старонка ў газеце “Гродзенская праўда” ад 19 мая 1957 года была прысвечана гэтаму мерапрыемству, каб жыхары загадзя ведалі дзе, калі і што будзе адбывацца.

У час падрыхтоўкі да фестывалю на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах адукацыі прайшлі фестывальныя вечарыны, агляды мастацкай самадзейнасці, спаборніцтвы па розных відах спорту. Лепшыя з лепшых прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах.

У дзень фестывалю яны арганізаванымі калонамі прайшлі па вуліцах цэнтра горада ад плошчы Леніна да стадыёна “Лакаматыў” (зараз на гэтым месцы корпус “Факультэта фізічнай культуры” ўніверсітэта імя Я. Купалы, вул. Захарава, 32), дзе і адбывалася ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства, на якім была запалена чаша фестывалю, у неба ўзляталі белыя галубы і былі запушчаны дзясяткі рознакаляровых ракет. Цэлы дзень горад святкаваў: у парках, на плошчах, канцэртных пляцоўках і стадыёнах горада праходзілі гулянні, спаборніцтвы, канцэрты, а скончылася ўсё карнавалам і феерверкам.

З 12 па 17 мая 1997 года ў Гродне і Навагрудку праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Адам Міцкевіч і сусветная культура”, прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння паэта. У мерапрыемстве ўдзельнічала больш за 170 навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Грузіі, Італіі, Швейцарыі і іншых краін свету. Работа навуковага форуму і яго вынікі асвячаліся ў гродзенскай прэсе, а матэрыялы канферэнцыі былі выдадзены пяцітомным выданнем.

13 мая 1967 года на пасяджэнні выканкама Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў прынята рашэнне нумар 196/4 “Аб зацвярджэнні праекта планіроўкі гарадскога пасёлка Карэлічы”.

У Карэліцкай зямлі багатае гістарычнае мінулае. Першая згадка пра Карэлічы з’яўляецца ў летапісах да 1395 года. У той час яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, пазней – Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе Карэлічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. З 1921 па 1939 гады былі ў складзе Польшчы.

Карэліцкі раён быў утвораны ў лістападзе 1940 года. На яго тэрыторыі першапачаткова існавалі дзве адміністрацыйныя адзінкі: Мірскі і Валеўскі раёны, якія ўваходзілі ў склад Баранавіцкай вобласці, са студзеня 1954 года – Гродзенскай вобласці.

10 мая 1932 года “Саzeta Grodzienskа” паведамляе: “У апошнія два дні ў горадзе замер аўтобусны рух. З прычыны звад паміж кіраўніцтвам таварыства “Autoruch”, няма ніякіх перспектыў аднаўлення аўтобуснага руху без умяшання магістрата. Чаму ж замер у Гродне аўтобусны рух?

Таварыства, як і іншыя прадпрыемствы горада, апынулася ў складанай эканамічнай сітуацыі. За розныя даўгі аб’ектыўна ці мэтанакіравана ўвесь парк перайшоў у рукі г.г. Яна Паўлоўскага, Зандэра Сушанскага і Лейбы Капульскага. У сувязі з гэтым кіраванне таварыства склікала сход акцыянераў. 30 красавіка было прынята рашэнне ліквідаваць таварыства “Autoruch” і створана ліквідацыйная камісія ў наступным складзе: Мойша Міхалевіч, Копель Верхапольскі і Хацкель Атлас. Праз некалькі дзён члены праўлення Хацкель Атлас і Або Васерман ад імя таварыства накіравалі ў магістрат ліст, у якім прасілі перааформіць дамову на імя г.г. Паўлоўскага, Сушанскага і Капульскага, якія набылі з аўкцыёну аўтобусны парк “Autoruch” і гатовыя аднавіць гарадскі аўтобусны рух, што падмацавана іх уласным прашэннем».

Упершыню пытанне аб стварэнні гарадскога аўтобуснага руху ўзнікла ў Гродне ў 1929 г. Тады камісія вырашыла, што ў горадзе могуць курсіраваць мінімум чатыры аўтобусы, устаноўлены кошт за праезд – не менш за 25 грошаў.

9 Мая ў Беларусі – Дзень Перамогі – дзяржаўнае свята, устаноўленае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года.

8 мая 1945 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была устаноўлена дата 9 мая – Святам Перамогі Чырвонай арміі і савецкага народа над нацысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. У 1945-1947 гадах і з 1965 года Дзень Перамогі – непрацоўны святочны дзень.

У маі 1927 года ў мясцовых газетах з’явілася аб’ява: “У суботу 7 мая ў 16 гадзін і ў нядзелю ў 12.30 адбудуцца выступленні дзесяцігадовай Ніны Вілінскай, кінаактрысы і танцоркі ў адной асобе, выступленні якой у Варшаве, Львове, Кракаве і Вільні карысталіся небывалым поспехам. Маленькая актрыса сыграла адну з галоўных роляў у фільме пад назвай “Арляня”, які цяпер дэманструецца ў кінатэатры “Палас”. Рэпертуар, з якім Ніна выступае ў гарадскім тэатры, спецыяльна для яе падрыхтавалі Б. Герц і В. Татаркевіч “Фарфоравая лялька і плюшавы Мішка”, “Конік і мурашка”, “Ніна не хоча хадзіць у школу”. У фартэпіяна яе бацька – кампазітар А. Вілінскі”.

3 мая 1912 года ў Гродне пачынае выдавацца газета “Паўночна-Заходняе жыццё”. Газету заснаваў Лук’ян Міхайлавіч Саланевіч, былы сельскі настаўнік Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Працуючы настаўнікам, ён пісаў нататкі і артыкулы ў розныя газеты краю, і яго журналісцкая дзейнасць была заўважана Пятром Сталыпіным (тады – губернатар Гродзенскай губерні), які дапамог яму з пераездам у горад, дзе Лук’ян Міхайлавіч праз некаторы час заснаваў сваю газету.

Лук’ян Міхайлавіч быў бацькам вядомага мысліцеля Івана Саланевіча, і менавіта ў яго газеце Саланевіч-малодшы публікаваў свае першыя артыкулы. Газета  выходзіла ў Паўночна-Заходнім краі з 1 студзеня 1911 па 5 верасня 1915 (да 10 жніўня 1911г. называлася “Беларускае жыццё”). Усяго выйшла каля 110 нумароў. Спачатку выходзіла ў Вільні, з 3 мая 1912 г. – у Гродна, з 9 сакавіка 1913 г. – у Мінску.

У Беларусі 1 Мая з’яўляецца святочным днём. Ён устаноўлены Указам Прэзідэнта краіны № 157 ад 26 сакавіка 1998 года і мае больш чым векавую гісторыю.

Першамай узнік у сярэдзіне XIX стагоддзя ў працоўным руху, які вылучыў у якасці аднаго з асноўных патрабаванняў увядзенне васьмігадзіннага працоўнага дня. Першымі з гэтым выступілі працоўныя Аўстраліі ў 1856 годзе, а праз дзесяць гадоў 1 траўня 1886 года чыкагскія працоўныя арганізавалі забастоўку і дэманстрацыю з гэтымі ж патрабаваннямі. Усё скончылася кровапралітным сутыкненнем з паліцыяй. У 1889 годзе Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу ў памяць аб выступленні працоўных Чыкага прыняў рашэнне аб правядзенні 1 мая штогадовых дэманстрацый.

У Расійскай імперыі Першага мая як дзень міжнароднай салідарнасці ўпершыню адзначылі ў 1890 годзе працоўныя Варшавы правядзеннем стачкі. У СССР Першамай доўгія гады быў асноўным дзяржаўным святам. У гэты дзень праводзіліся дэманстрацыі працоўных і ваенныя парады, першы першамайскі парад РСЧА адбыўся ў 1918 годзе. На другі дзень свята традыцыйна праходзілі “маёўкі” – масавыя святкаванні на прыродзе.

Першамай – Дзень працы, Свята вясны і працы, Дзень вясны, Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных – адзначаецца ў 142 краінах і тэрыторыях свету 1 траўня або ў першы панядзелак траўня.

Красавік

30 красавіка 1992 года ў газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся цікавы артыкул “Вуліцы Вітаўта, Я.Купалы, Б.Тарашкевіча”.

У пачатку 1992 года  Гродзенскім гарадскім Саветам народных дэпутатаў было прынята рашэнне №127: “У адпаведнасці з гарадской праграмай “Спадчына” і па прапанове гарадской камісіі па найменні і перанайменні вуліц, плошчаў паркаў і іншых аб’ектаў горада:

Вярнуць гістарычныя назвы:

  • вул. А. Кашавога назву Вялікая Траецкая,
  • вул. 8-е Сакавіка назву Малая Траецкая,
  • вул. Пасіянарыі назву Калючынская,
  • вул. Энгельса назву Гараднічанская,
  • тупіку Замкаваму назву вуліца Цесная,
  • старой часткі плошчы Леніна назву плошчы Антонія Тызенгаўза

і перанайменаваць:

  • вул. Навазамкавую на вуліцу Давыда Гарадзенскага,
  • вул. К. Цэткін на вуліцу Дамініканскую,
  • вул. Крупскай на вуліцу Стэфана Баторыя”.

Новыя вуліцы з’яўляюцца ў новых мікрараёнах нашага горада. Жылы раён “Альшанка” і назвы яго вуліц па прапанове членаў тапанімічнай камісіі і пасля абмеркавання гэтага пытання з грамадскасцю горада былі дадзены з улікам гістарычных тапанімічных назваў дадзенай мясцовасці – Малая Альшанка і Вялікая Альшанка, імёнаў выдатных гістарычных асоб і дзеячаў культуры Беларусі Ф. Багушэвіча, Н. Орды, М. Агінскага, Ул. Караткевіча, а таксама горада Міндэна – пабраціма г.Гродна.

28 красавіка 2012 года г.п. Астравец атрымаў статус горада раённага падпарадкавання.

Горад Астравец – цэнтр Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.  Насельніцтва – 14 641 чалавек (на 1 студзеня 2022 года). У 18 км ад Астраўца знаходзіцца Беларуская АЭС. Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1468 годзе ў сувязі з ахвяраваннем сродкаў магнатамі Гаштольдамі касцёлу ў імя Панны Марыі і ўсіх Святых (цяпер святых Казьмы і Даміяна).

З 1795 года па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай Астравец увайшоў у склад Расійскай імперыі. Падчас Першай сусветнай быў акупаваны нямецкімі войскамі. У міжваенны час уваходзіў у склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Польшчы. У верасні 1939 г. перайшоў да БССР, 15 студзеня 1940 г. пасёлак стаў цэнтрам Астравецкага раёна. 27 чэрвеня 1941 года пасёлак быў акупаваны Вермахтам.

У 2011 годзе ў Астравецкім раёне пачалося будаўніцтва Беларускай АЭС, у сувязі з чым быў дадзены імпульс развіцця адміністрацыйнага цэнтра і краю ў цэлым. У 2012 годзе Астраўцу прысвоены статус горада.

25 красавіка 1967 года ў газеце “Гродзенская праўда” асвяцілі значную падзею ў культурным жыцці горада ‒ абласны агляд мастацкай самадзейнасці навучэнцаў. У Гродна прыехалі каля трох тысяч юных танцораў, чытальнікаў, спевакоў, музыкантаў, акрабатаў з розных куткоў вобласці. Агляд праходзіў у розных установах горада: у Доме палітасветы (цяпер – корпус філалагічнага факультэта УА “ГрДУ імя Я. Купалы”, вул. Леніна, 32) выступалі харавыя калектывы, вакальныя групы, салісты, чытальнікі; у Палацы тэкстыльшчыкаў ‒ танцавальныя калектывы; у музычна-педагагічным вучылішчы (цяпер – Гуманітарны каледж УА “ГрДУ імя Я. Купалы”) – аркестры і індывідуальныя выканаўцы. У нядзелю адбыўся заключны канцэрт, на працягу шасці гадзін былі паказаны каля 60 найлепшых нумароў.

25 красавіка 1932 года ў Гродне адбыўся з’езд дэлегатаў пажарнай варты Гродзенскага павета. На з’езд прыбылі дэлегаты з 35 пажарных каманд.  Гэтая лічба сведчыць аб развіцці пажарнай варты ў павеце. Пасля даклада начальніка Гродзенскай пажарнай варты Бяганскага былі абраныя новыя кіруючыя органы. Аднагалосна старшынёй упраўлення акругі абраны стараста г-н Рагалевіч.

24 красавіка 1997 года ў “Гродзенскай праўдзе” быў надрукаваны артыкул “Фінальны акорд “Зорнай ростані” прагучаў у Гродна”

Вясновыя сустрэчы з “Зорнай ростанню” сталі значнай падзеяй у культурным жыцці горада над Нёманам. Ужо другі раз гродзенскі абласны драмтэатр гасцінна расчыніў дзверы перад удзельнікамі фестываля. Поспехі канкурсантаў ацэньвалі музычны кіраўнік тэлефестывалю кампазітар Алег Елісеенкаў, народныя артысты Беларусі Эдуард Ханок і Васіль Раінчык, паэт Уладзімір Някляеў, віцэ-прэзідэнт “Славянскага база­ру” Радыён Бас, заслужены артыст рэслублікі Валерый Дайнэка, Іна Афанасьева і іншыя асобы, чые імёны добра вядомы ў творчым асяроддзі. Творчая група тэлефестывалю знайшла поўнае ўзаемаразуменне з гарадскімі ўладамі, а юныя выканаўцы – шчырую прыхільнасць мясцовых аматараў песні. Заключны канцэрт фестыва­лю стаў сапраўдным падарункам для гараджан.

Лаўрэатамі конкурсу сталі гітарыст Ігар Панізнікаў – шоу-ба­лет “Влада”, студыя “Дубль-В” і тры вакалісты: Аляксандр Лапскі, Стэла і юная аршанка Марына Жолудзева. Прыз пераможцы і пуцёўку на фестываль “Славянскі базар” Марыне ўручыў мэр Гродна Анатоль Пашкевіч. Былі ўручаны і спецыяльныя прызы. Прыз горада Гродна атрымаў любімец публікі Аляк­сандр Звяровіч, Гродзенскае вучылішча мастацтваў адзначыла самую маладую ўдзельніцу, якой аказалася пераможца – Марына Жолудзева, Саюз кампазітараў Беларусі ўзнагародзіў Любоў Гусальскую. Спецыяльны прыз журы атрымала гродзенка Галіна Шышкова.

24 красавіка 1972 года выканкамам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных было прынята рашэнне «Аб II-й чарзе вытворчасці капралактаму на Гродзенскім хімкамбінаце» і звярнуцца да Міністэрства хімічнай прамысловасці з прашэннем задаволіць умовы Гродзенскага гарвыканкама аб долевым удзеле ў развіцці аб’ектаў хімічнай прамысловасці: грамадзянскага аэрапорта, бальніцы, гарадскога тралейбуса і аўтатранспартнага моста праз р. Нёман.

22 красавіка 1922 года – Выходзіць першы нумар газеты «Беларускi шлях» заходнебеларускай грамадскай арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», заснавальнікам якой быў  Яўген Міткевіч. Газета выдавалася на беларускай мове неперыядычна ў Гродна. Друкаваліся матэрыялы ў падтрымку супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Газета была забаронена, апошні нумар выйшаў 2 жніўня 1922 года, але на змену ёй у 1923 годзе пачала выдавацца газета пад назвай «Сялянская гутарка».

19 красавіка 1997 года –  у «Гродзенскай праўдзе» з’явіўся артыкул пра значную падзею ў культурным жыцці горада – у Гродна ў Новым замку на працягу трох дзён праходзіў першы фестываль гітарнай музыкі. Ініцыятарам і арганізатарам фестывалю стаў вядомы гітарыст і кампазітар Уладзімір Захараў, а сярод удзельнікаў быў мала каму тады вядомы гітарыст, будучая зорка эстрады – Дзідюля.

19 красавіка 1987 года – у газеце «Гродзенская праўда» быў надрукаваны артыкул пра адкрыццё самага лепшага ўніверсама ў горадзе на той час – універсама «Брэст».

Левабярэжная паўднёва-ўсходняя частка горада – раён прамысловых прадпрыемстваў: «Завода карданных валаў», «Гродзенскага шклозавода», тытунёвай фабрыкі «Нёман» і мн. інш. Для працаўнікоў гэтых прадпрыемстваў у 1971 годзе і быў спраектаваны раён «Прынёманскі» (арх. Ю. Патапаў, В. Лытаў, І. Мазнічка, В. Шапавалаў і інш.). Адмысловая ўвага была нададзена забудове мікрараёна «Румлёва» (Ю. Патапаў, заслужаны  архітэктара БССР), яго ўнікальнай асаблівасцю з’яўляецца выкарыстанне рэльефу ўздоўж ракі Нёман і ландшафтных утварэнняў парку «Румлёва».  У новых жылых кварталах паступова з’яўлялася ўся неабходная інфраструктура: дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі і крамы.

16 красавіка 2002 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з мэтай прыцягнення айчынных і замежных інвестыцый утворана свабодная эканамічная зона “Гроднаінвест”.

СЭЗ “Гроднаінвест” уяўляе сабой тэрыторыю Гродзенскай вобласці плошчай 4195,04 гектара, на якой адносна рэзідэнтаў СЭЗ дзейнічае спецыяльны прававы рэжым для ажыццяўлення інвестыцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці.

За час сваёй дзейнасці СЭЗ “Гроднаінвест” стала галоўнай пляцоўкай для развіцця бізнэсу ў Гродзенскай вобласці. Сёння рэзідэнтамі СЭЗ з’яўляюцца больш за 70 прадпрыемстваў у сферы дрэваапрацоўкі і мэблевай вытворчасці, машынабудавання і металаапрацоўкі, харчовай і лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лагістыкі з аб’ёмам вытворчасці звыш $1.9 млрд. Яны фарміруюць чвэрць усёй вытворчасці рэгіёну, больш за 40% – экспарту. Свае сродкі ў рэалізацыю праектаў уклалі інвестары 40 краін свету.

15 красавіка 1997 года – у газеце “Гродзенская праўда” віншавалі валейбольны клуб “Камунальнік”, які ўпершыню стаў чэмпіёнам Беларусі.

Валейбол з’явіўся ў ЗША ў 1895 годзе. Заснавальнікам быў пастар і выкладчык каледжа Вільям Морган, які ўпершыню прапанаваў сваім выхаванцам падняць тэнісную сетку на два метры і гуляць праз яе надзьмутай камерай ад баскетбольнага мяча. Ён жа і прапанаваў назваць гульню “валейбол”, што ў перакладзе “ляціць мяч” (ад “volley” – адбіваць на лёце і “ball” – мяч).

У нас валейбол стаў папулярны ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Тады ў Гродне з’явіліся першыя валейбольныя пляцоўкі і каманды: у рэальным вучылішчы ім. С. Баторыя, у гарадскім парку, у некаторых школах і воінскіх частках.

З архіва А. Пятрова

12 красавіка 1962 года – адзначалася гадавіна першага палёту чалавека ў космас. Напярэдадні ў газеце “Гродзенская праўда” была асвечана гэтая знакавая для ўсёй сусветнай супольнасці падзея.

9 красавіка 1912 года быў падпісаны загад Дзяржаўнага Савета і Дзяржаўнай Думы аб адкрыцці сельскагаспадарчай школы ў маёнтку Азярніцы Слонімскага павета Гродзенскай губерніі.

У красавіку 1932 года “Gazeta Grodzienska” паведамляла: “7 красавіка рэзка павысіўся ўзровень вады ў Нёмане ў сувязі з пачаткам крыгаходу. Ля падножжа гродзенскіх замкаў затоплены бульвары, крыгі знішчылі некалькі дрэў і слупоў на іх. Кіраўнікі работ па аднаўленні замка прыкладаюць усе намаганні для таго, каб умацаваць валы, якія засцерагаюць Замкавую гару ад разбурэння. Узровень вады цяпер на 4 метры вышэйшы за норму. 11 красавіка ён склаў 4,6 м вышэй за норму, а ў Мастах – 5,5 м, г.зн. набліжаецца да лёташняй катастрафічнай адзнакі. Кульмінацыйны ўзровень чакаецца ў чацвер. Учора ўвечар вада канчаткова заліла ахоўны вал, збудаваны ў падножжа Замкавай гары ўзімку. Ёсць надзея, што ў выпадку, калі ўзровень вады не паднімецца вышэй за 5 метраў, пагроза разбурэння Замкавай гары і Старога замка абміне”.

Наступнае паведамленне больш абнадзейвае: “Вада ў Нёмане стала павышацца павольней. 13 чысла ў 11 гадзін раніцы яе ўзровень быў 4,78 м, а ў 17.00 – на 4,83 м вышэй за норму. У гэтым годзе сітуацыя на Нёмане не павінна быць горш, чым у мінулым, калі не пачнуцца ліўні”.

5 красавіка 1972 года – створаны саўгас “Гродзенская агароднінная фабрыка” пры рэарганізацыі саўгаса “Гродзенскі” (распараджэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 05 красавіка 1972г. № 246-р).

Сёння раённае ўнітарнае аграрнае прадпрыемства “Гродзенская агароднінная фабрыка” – адно з дынамічных агародніцкіх гаспадарак Гродзенскай вобласці. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складае 55 га, з іх 13-ць займаюць зімовыя цяпліцы. А ў 2006 годзе былі ўведзены ў дзеянне энергазберагальныя цяпліцы плошчай 4 га.

4 красавіка 1962 года ў газеце “Гродзенская праўда” ў рубрыцы “Будні горада над Нёманам” з’явіўся артыкул аб будаўніцтве будынка аэрапорта і новых жылых дамоў у цэнтры горада.

2 красавіка 2012 года – зарэгістравана адкрытае акцыянернае таварыства “Агракамбінат “Скідзельскі”. Дзевяць філіялаў агракамбіната размешчаны ў шасці раёнах Гродзенскай вобласці. Гандлёвая марка “Панскі гатунак” стала вядомым брэндам дзякуючы сваёй выдатнай якасці, экалагічнасці і шырокаму асартыменту прадукцыі.

Калектыў Агракамбіната выйшаў у лідэры па аб’ёме і якасці прадукцыі не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь.

1 красавіка 1957 года – пачаў працу кінатэатр “Летні” і ўвесну гарвыканкам адмяніў аплату за ўваход у закрытую частку гарадскога парка.

1 красавіка 1967 года ў газеце «Гродзенская праўда» ў рубрыцы “Фама Мяцёлкін” было паднята пытанне аб абвяшчэнні 1 красавіка Днём смеха.

Газета “Гродзенская праўда” анансавала правядзенне ў красавіку фестывалю “Жывейшы за ўсіх жывых”, у рамках якога паказваліся фільмы пра Леніна. Таксама былі прадстаўлены навінкі кінапракату, напрыклад, кінакамедыя Леаніда Гайдая “Кавказская пленница”, якая любіма тэлегледачамі і зараз.

Сакавік

Люты

16.02.1977

Гарадзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі быў створаны паводле пастановы Рады Міністраў БССР № 47 ад 16 лютага 1977 гады як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі.

Сучасную назву носіць з 2005 года. Першапачаткова размяшчаўся ў комплексе манастыра базыльянак, перададзенага ў 1992 годзе Праваслаўнай Царкве. Музей атрымаў будынак былога палаца (сярэдзіна XVIII – першая палова XIX стст.), які належаў К. Храптовічу, А. Тызенгаузу, Ф. Мучынскаму, І. Ляхніцкаму. Рэстаўрацыйныя работы ў будынку завяршыліся ў 2009 г., у тым жа годзе адкрыта экспазіцыя “Эпоха. Час. Будынак”. У кастрычніку 2012 года адкрылася экспазіцыя “Рэлігія і культура ў Беларусі”. Музей размешчаны ў будынку дэманстрацыйнай плошчай залаў 610,2 кв. м і мае 2 пастаянныя, 2 часовыя і 7 перасоўных экспазіцый. Агульная колькасць музейных прадметаў складае 85239, з іх асноўнага фонду – 66687, навукова-дапаможнага – 18552.

Сёння музей гісторыі рэлігіі – адзіны ў Беларусі і адзін з нямногіх у свеце. На постсавецкай прасторы музеі гісторыі рэлігіі ёсць толькі ў Санкт-Пецярбургу і Львове.

11.02.1947

Вялікая Бераставіца атрымала статус гарадскога пасёлка.

Першае пісьмовае згадванне аб Вялікай Бераставіцы змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра 1506 аб перадачы паселішча ў вечнае карыстанне Аляксандру Хадкевічу за заслугі перад Айчынай. На працягу XVII-XVIII стст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Мнішэкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх. У 1754 г. мястэчка атрымала Магдэбургскае права і герб. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Вялікая Бераставіца ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Па Рыжскай мірнай дамове 1921 г. Вялікая Бераставіца ўвайшла ў склад Польскай Рэспублікі. З 1939 г. – у складзе БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 г. пасёлак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1947 г. Вялікая Бераставіца атрымала статут пасёлка гарадскога тыпу.

У Вялікай Бераставіцы захаваліся славутасці: касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, пабудаваны ў 1620 г., Свята-Мікалаеўская царква (1868 г.), касцёл Праабражэння Гасподняга ў стылі неаготыка, пач. XX ст. Да 500-годдзя пасёлка была ўстаноўлена бронзавая скульптурная кампазіцыя “Дрэва жыцця”.

11.02.1947

На гродзенскай электрастанцыі на 23 дні раней за тэрмін была ўстаноўлена другая турбіна, з яе пускам электрастанцыя змагла поўнасцю забяспечыць электраэнергіяй абласны цэнтр.

Першая згадка аб прымяненні электраэнергіі на Гродзеншчыне знойдзена ў архіўных дакументах 1899 г.: на шаўкапрадзільнай фабрыцы Гуга Роднэра ў маёнтку Фолюш Гродзенскага павета ўведзена ў эксплуатацыю дынама-машына.

Гродзенская электрастанцыя была ўведзена ў строй у 1912 г., на вуліцах горада былі пабудаваны першыя паветраныя і кабельныя лініі электраперадачы. Першапачаткова было ўстаноўлена два шведскія рухавікі фірмы Дызель, якія дазволілі электрастанцыі абслугоўваць 66 абанентаў. У 1914 г. яе магутнасць павялічылі, устанавіўшы яшчэ два рухавіка, колькасць абанентаў павялічылася да 500 чалавек.

З пачаткам Першай сусветнай вайны адзін з рухавікоў вывезлі ў Расію, у 1920 г. электрастанцыя абслугоўвала ўсяго некалькі дзясяткаў абанентаў. Было вырашана набыць і ўсталяваць новы магутны рухавік, гэта дазволіла абслугоўваць 2400 абанентаў. Магістратам горада было прынята рашэнне асвятляць не менш як 30 пунктаў за год, прычым прыярытэтна на ўскраінах Гродна, у найбольш крымінальна небяспечных раёнах. У час Вялікай Айчыннай вайны электрастанцыя моцна пацярпела, але пазней была адноўлена. Яна працягвала працаваць да канца мінулага стагоддзя, а з 2002 года пачаўся паступовы дэмантаж абсталявання.

04.02.1622

400 гадоў таму ў Гродне быў заснаваны калегіум езуітаў.

Запрасіў езуітаў у Гродна кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый у 1584 г. для павышэння ўзроўню адукацыі на гэтых землях. Езуіцкая сістэма адукацыі была бясплатнай, даступнай для хрысціян любога саслоўя і лічылася самай дасканалай у Еўропе.

Манахі-езуіты з’явіліся ў Гродне ў 1622 г., а ў ХVIII стагоддзі гродзенскі манастыр езуітаў лічыўся самым вялікім і багатым ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Езуіцкі калегіум – тыповая ўстанова адукацыі Таварыства Ісуса на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якая існавала ў Гродне з 1625 па 1773 г. Яно аб’ядноўвала школу, касцёл і дапаможныя службы ў адзіную сістэму. Багатая бібліятэка, школьны тэатр, аптэка, друкарня садзейнічалі развіццю культуры і асветы ў самых шырокіх колах насельніцтва. У калегіуме выкладалі права, фізіку, матэматыку, мовы, фізічнае выхаванне.

У 1630 г. была створана Кангрэгацыя студэнтаў і пачала працу бурса музыкаў. Пазней у адукацыйную праграму былі дададзены клас паэтыкі і клас рыторыкі, з 1709 г. дзякуючы курсу філасофіі для клірыкаў – калегіум прыраўноўваўся да вышэйшай школы, а тэалогія ў навучальным плане азначала набліжэнне калегіума да ўзроўню акадэміі ці ўніверсітэта.

У 1773 г. у Рыме папа выдаў булу аб роспуску Таварыства Ісуса. Квітнеючы гродзенскі калегіум быў перададзены Камісіі нацыянальнай адукацыі і на яго базе была адкрыта акруговая школа, адна з дзевяці ў Рэчы Паспалітай.

02.02.1952

Добрай традыцыяй стала сустрэча выпускнікоў гродзенскіх школ у пачатку лютага.

Напрыклад, кожны год збіраліся і выпускнікі Гродзенскай гарадской гімназіі – першай рускай школы ў Заходняй Беларусі, якая была адкрыта ў снежні 1939 года. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, многія педагогі і старшакласнікі пайшлі на фронт. Школа аднавіла сваю працу пасля вызвалення Гродна ў 1944 годзе. У пасляваенны час на тэрыторыі школы быў устаноўлены памятны абеліск у гонар вучняў і настаўнікаў школы, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

01.02.1882

140 гадоў таму назад у Гродне выходзіць эканамічная і фінансавая газета газета “Торговый вестник Западного края”.

Газета, першы спецыялізаваны гандлёвы і фінансавы друкаваны орган на тэрыторыі Беларусі і Літвы (рэдактар-выдавец Н.Вульферт). Выдавалася на працягу 1882 г. на рускай мове ў Коўна (Каўнасе), а з № 34 у Гродне.

Адлюстроўваліся інтарэсы мясцовых гандлёва-фінансавых колаў, узнімаліся практычныя пытанні ўдасканалення знешняга гандлю (праз упарадкаванне пошлін, тарыфаў, валютнага курсу, павышэння ролі Дзяржбанка), фінансавай палітыкі (праз упарадкаванне падатковай, бюджэтнай, крэдытнай, цэнавай сістэм, работы чыгунак), уздыму прадукцыйных сіл краю ў цэлым.