Гэты дзень у гісторыі Гродзеншчыны

Гродзеншчына – край з найбагацейшай гісторыяй і самабытнай культурай, край таленавітых і працавітых людзей. Ведаць і памятаць сваю гісторыю, шанаваць і працягваць традыцыі, ганарыцца дасягненнямі – павінен кожны жыхар рэгіёна.

У межах віртуальнага праекта “Гэты дзень у гісторыі Гродзеншчыны” кожны тыдзень супрацоўнікі аддзела краязнаўства знаёмяць з цікавымі і малавядомымі фактамі з гісторыі Прынёмання.

Ліпень

3 ліпеня – Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь – гэта гістарычна значная дата ў Беларусі, якая стала сімвалам міра і незалежнасці. У 1944 годзе ў гэты дзень сталіца Беларусі Мінск была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас аперацыі «Баграціён». Гэтае свята было заснаванае яшчэ ў 1991 годзе, але да 1996 года Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. У 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме было прынята рашэнне аб пераносе святкавання Дня незалежнасці на 3 ліпеня і зацверджана Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 1996 г. № 1 «Аб устанаўленні дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь».

Па ўсёй рэспубліцы, у тым ліку і ў Гродне, у гэты дзень праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, дэманстрацыі, парады, канцэрты і гулянні.

2 ліпеня 2007 года ў гарадскім парку імя Ж.-Э. Жылібера адбылося адкрыццё гарадской скульптуры  “Гараджанін XVIII стагоддзя”. Яе аўтар – Уладзімір Панцялееў. Помнік устаноўлены ў гонар знакамітага вучонага-натураліста і ўрача з Францыі Жана-Эмануэля Жылібера, які пражываў у Гродне ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Дзякуючы яго намаганням у Гродне з’явілася медыцынская акадэмія і быў створаны ўнікальны батанічны сад. У скульптуры максімальна перададзены дух эпохі вучонага, які апрануты ў парадны камзол і чаравікі з пражкамі, дапаўняе вобраз парык і элегантная тросць.

Чэрвень

29 чэрвеня 2002 года ў Навагрудку пачаўся двухдзённы міжнародны фэстываль сярэднявечнай культуры “Навагрудскі замак-2002”. У фестывалі прынялі ўдзел некалькі сотняў рыцараў, артыстаў і рамеснікаў з Расіі, Украіны, Латвіі і Польшчы. У гасцей фестываля была магчымасць назіраць за інсцэніроўкай каранацыі Міндоўга, рыцарскімі паядынкамі і бугуртамі – турнірамі, падчас якіх дзве групы рыцараў, узброеных затупленай зброяй, ваявалі адзін супраць аднаго, сімвалізуючы абарону Навагрудскага замка. Кожны з гасцей фестываля мог азнаёміцца з сярэднявечным бытам і культурай, уявіць сабе рыцарам, апрануць даспехі, асядлаць каня, патрымаць у руках зброю. У рамках фестываля прайшлі майстар-класы па танцах, паказальныя выступленні лучнікаў, канцэрт-шоу.

Гэту культурную падзею асвячалі ў раённай навагрудскай газеце “Новае жыццё” і газеце “Вячэрні Гродна”.

28 чэрвеня 1812 года Гродна быў акупаваны каралём Вестфаліі Жэромам Банапартам, малодшым братам Напалеона Банапарта. Горад заняла кавалерыя Юзафа Панятоўскага – пляменніка апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага – такім чынам французы падкрэслілі, што «польскі» горад вызваліла польскае войска. Сам Жэром Банапарт са світаю прыбыў у горад 30 чэрвеня, за межамі горада яго сустракаў новы мэр, шляхта ўрачыста вітала  караля ў каменным доме віцэ-губернатара Максімовіча (вул. Э. Ажэшкі, 3). Французская кавалерыя знаходзілася ў Гродне да 3 ліпеня, а 4 ліпеня Жэром Банапарт пакінуў Гродна і накіраваўся на Навагрудак, каб дагнаць адступаючую 2-ю армію Баграціёна.

Гродзенскія ўлады сталі падпарадкоўвацца французам: была склікана Гродзенская канфедэрацыя ў складзе Генеральнай канфедэрацыі Княства Польскага. У горадзе была створана рада з правіянцкім, паліцэйскім, фінансавым і палітычным аддзеламі, у яе склад пад старшынствам маршалка Людвіка Панцаржынскага ўвайшлі 12 чалавек.

25 чэрвеня 1652 года мястэчка Жыровічы атрымала Магдэбургскае права.

Гісторыя Жыровіч пачалася ў XV стагоддзі, калі ў вёсцы размяшчаўся маёнтак шляхціца Аляксандра Солтана. Пасля з’яўлення ў 1470 годзе на дзікай грушы цудатворнай выявы Божай Маці на гэтым месцы была пабудавана драўляная царква з алтаром іконы, якая пазней некалькі разоў перабудоўвалася. У XVII стагоддзі Жыровічы былі буйным гандлёвым цэнтрам і належалі Льву Сапегу, 1644 годзе Жыровічы атрымалі статус горада, якому праз 8 гадоў было дадзена магдэбургскае права.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Жыровічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1921 годзе ў адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам мястэчка апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі. З верасня 1939 года ў складзе савецкай Беларусі.

Сучасныя Жыровічы налічваюць больш 2000 жыхароў, дзейнічаюць Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, Мінская Духоўная Семінарыя і Акадэмія, рэгенцкае вучылішча. А самы маленькі на планеце вобраз Багародзіцы таксама знаходзіцца ў Жыровічах.

24 чэрвеня 1812 года ў раёне Коўна напалеонаўскія войскі пачалі пераправу праз раку Нёман – пачалася вайна 1812 года. Паход Вялікай арміі на Расійскую імперыю яшчэ называюць нашэсцем двунадзесяці моў, бо з амаль 400 тыс. салдат, якія перайшлі Нёман, толькі каля 150 тыс. былі французамі. У складзе французскай арміі былі швейцарцы, палякі, харваты, саксонцы, вестфальцы, аўстрыйцы, баварцы, прусакі, іспанцы, партугальцы, бельгійцы і галандцы. Адзін з удзельнікаў паходу Напалеона палкавы лекар фон Раос у сваіх запісках згадваў, што пераправа рознамоўных палкоў нагадвала перасяленне народаў ці вавілонскі гармідар. Амаль тыдзень перапраўлялася вялікае войска Напалеона праз Нёман.

Гістарычны момант велічнага нашэсця адлюстраваны на гравюры Ігнаца Себасцьяна Клаўбера. У першы дзень пераправы Напалеон знаходзіўся на левым беразе Нёмана і назіраў у падзорную трубу за сваім войскам. Воіны ведалі аб тым, што галоўнакамандуючы іх бачыць, таму шукалі яго вачыма і як толькі заўважалі, падкідвалі ўверх шапкі і выкрыквалі: Vive L’Empereur!. На гравюры намалявана адзінокая постаць імператара, які стаіць на скале і назірае за магутнымі ваеннымі патокамі, якія пераходзяць Нёман па трох арганізаваных пераправах.

23 чэрвеня 1792 года каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім быў пацверджаны гістарычны герб Радуні: у сярэбраным полі чырвоны рак. Герб выкарыстоўваўся з 1649 года, калі гораду было дадзена магдэбургскае права.

У герб Радуні закладзены адзін з найбольш распаўсюджаных у геральдыцы гербавых сюжэтаў – ідэя прыроднага багацця ў агульнадаступнай для ўсіх форме адлюстравання. Герб уяўляе сабой барочны германскі шчыт, у сярэбраным полі якога намаляваны рак чырвонага колеру. Белы (сярэбраны) колер у геральдыцы ўвасабляе чысціню намераў; чырвоны – мужнасць і адвагу, а рак з’яўляецца сімвалам чысціні вадаёмаў, спакою, асцярожнасці і парадку.

Сучасны герб пасёлка Радунь зацверджаны 14 чэрвеня 2007 года, у яго аснове – гістарычны герб 1792 года.

21 чэрвеня 1802 года ў Гродне ў прысутнасці імператара Аляксандра I у будынку тэатра адбылося ўрачыстае адкрыццё Гродзенскай губерніі.

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага былі падзелены на Віленскую і Слонімскую губерніі. Але ўжо ў 1797 годзе выйшаў Указ Паўла I “Пра ўладкаванне замест прызначаных раней дзвюх губерній Віленскай і Слонімскай адной губерніі пад назвай Літоўскай” з губернскім горадам Вільня і 19 павятовымі гарадамі, у тым ліку і Гродна.

У 1801 годзе на падставе Указа Аляксандра I ад 9 верасня “Аб узнаўленні пяці губерніяў і аб падпарадкаванні пагранічных губераніяў ваенным губернатарам” Літоўская губернія была падзелена на Віленскую і Гродзенскую, якія ўвайшлі ў склад Віленскага генерал-губернатарства. У складзе Гродзенскай губерніі было 8 паветаў: Гродзенскі, Брэсцкі, Ваўкавыскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі і Слонімскі. Губернскім цэнтрам быў Гродна. Першым губернатарам стаў дзеючы стацкі саветнік Дзмітрый Радзівонавіч Кошалеў (са снежня 1801г. па 9 чэрвеня 1803г.).

16 чэрвеня 2012 года на цэнтральнай плошчы горада Іўе быў урачыста адкрыты манумент “У гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны”. Чатыры канфесіі мірна суіснуюць тут ужо не адно стагоддзе. У гонар гэтай досыць унікальнай з’явы і быў усталяваны манумент на цэнтральнай плошчы горада, ён адразу прыцягвае ўвагу маштабам і сэнсавым зместам. Кожная канфесія займалася афармленнем сваёй стэлы. Па ідэі стваральнікаў манумента, ён яшчэ з’яўляецца своеасаблівым указальнікам для турыстаў: кожная арка разгорнута ў бок храма канкрэтнай рэлігіі.

Сёння самай вялікай па колькасці прыхаджан у Іўі лічыцца каталіцкая парафія. Касцёл Святых Пятра і Паўла – помнік архітэктуры ў стылі барока, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. на месцы больш старажытнага храма XV ст.

Цудам уцалела падчас Другой сусветнай вайны іўеўская сінагога. Да Вялікай Айчыннай вайны яўрэі складалі большасць насельніцтва, у мястэчку дзейнічалі тры сінагогі. На жаль, гэтую абшчыну цалкам вынішчылі фашысты ў 1942 годзе. Зараз месца “чацвёртай” канфесіі занялі пратэстанты-евангелісты.

Больш удала склаўся гістарычны лёс татар-мусульман. Вітаўт падарыў тут татарам землі за дапамогу ў Грунвальдскай бітве, татарская абшчына існуе з тых часоў і з’яўляецца адной з найбуйнейшых у краіне і налічвае больш за адну тысячу прыхаджан. Драўляная мячэць, пабудаваная ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стст., у савецкі час была адзіным дзейнічаючым мусульманскім храмам на тэрыторыі Беларусі.

Праваслаўе – самая “маладая” рэлігія. Толькі ў сярэдзіне  1990-х гадоў была ўрачыста адкрыта праваслаўная царква святога мучаніка Гаўрыіла Беластоцкага, Слуцкага. Жылы будынак перарабілі пад храм і асвяцілі напярэдадні знамянальнага прыезду Патрыярха Аляксія ІІ, які дабраславіў 60 выяў, якія накіраваліся ў хросны шлях вакол планеты Зямля. Казанскі абраз Прасвятой Багародзіцы, які пабываў у адкрытым космасе – адна з святынь храма.

У адносінах да Іўя часта выкарыстоўваюць эпітэты “горад чатырох канфесій” і “маленькі Іерусалім” і называюць яго прыкладам беларускай талерантнасці і верацярпімасці. Помнік чатыром канфесіям закліканы яшчэ раз падкрэсліць магчымасць мірнага суіснавання такіх розных рэлігій на адной невялікай тэрыторыі.

14 чэрвеня 1997 года ў Карэлічах прайшлі першыя міжнародныя чытанні, прысвечаныя Ігнату Дамейку, а ў вёсцы Мядзведка, дзе ў 1802 годзе нарадзіўся будучы геолаг, на базе школы быў створаны музей.

Імя Ігната Дамейкі звязвае Беларусь і Чылі. Беларус па нараджэнні, чалавек з імем сусветнага гучання, вядомы геолаг і мінеролаг, сусветна вядомы вучоны, нацыянальны герой Рэспублікі Чылі, а памяць аб ім сёння шануюць на ўсіх кантынентах, называючы вучонага чалавекам свету.

Пасля закрыцця школы фонды музея былі перададзены ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір». У музеі знаходзяцца  гістарычныя выданні Чылійскага Дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Дамейкі, калецыя мінералаў, капсула з зямлёй з магілы вучонага ў сталіцы Чылі горадзе Санцьяга, навуковыя і даследчыя матэрыялы з літоўскай Акадэміі навук. У музеі створана мультымедыйная версія экскурсіі, віртуальная выстава мінералагічных узораў, сабраных навукоўцам, падрыхтаваны матэрыялы па дачылійскім перыядзе жыцця вучонага і інш. Чытанні, прысвечаныя знакамітаму ўраджэнцу Карэліччыны, сталі традыцыйнымі.

14 чэрвеня 1967 года ў газеце “Гродзенская праўда” з’явілася віншаванне цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі і Савета Міністраў з завяршэннем будаўніцтва і ўводам у эксплуатацыю першай чаргі Гродзенскай бавоўнапрадзільнай фабрыкі. А ў чэрвені 1977 года ў газеце надрукаваны артыкул “Наш гонар” – своеасаблівы вынік працы прадпрыемства за 10 гадоў.

Будаўніцтва бавоўнапрадзільнай фабрыкі пачалося ў кастрычніку 1963 года. Загадам Міністэрства лёгкай прамысловасці БССР №231 ад 10 чэрвеня 1967 года бавоўнапрадзільная фабрыка была ўведзена ў эксплуатацыю. У 1967 годзе фабрыкай было выраблена 3340 тон пражы. 1 сакавіка 1973 года на базе фабрыкі створаны прадзільна-нітачны камбінат, а праз сем год ён быў перайменаваны ў Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне.

Сёння гэта ААТ “Гранітэкс” – сучаснае тэкстыльнае прадпрыемства,    адзіны вытворца ў краіне швейных нітак і розных відаў пражы. Гадавая магутнасць вытворчасці складае 4 тысячы тон пражы, 12 мільёнаў умоўных шпулек нітак і 2 тысячы тон льнянога валакна.

14 чэрвеня 1957 года аблвыканкам прымае рашэнне аб будаўніцтве тэлевізійнай вышкі ў Гродне.

Гісторыя гродзенскай тэлерадыёкампаніі пачалася ў 1944 годзе, калі было створана абласное радыё, а дзякуючы будаўніцтву тэлевізійнай рэтранслятарнай станцыі 26 снежня 1968 года глядач упершыню ўбачыў тэлепраграмы абласной студыі тэлебачання.

Зараз праграмы тэлерадыёкампаніі “Гродна” прадстаўлены на нацыянальных тэлеканалах “Беларусь 1”, “Беларусь-24”. У 2015 годзе пачаў працаваць уласны тэлеканал “Беларусь 4 Гродна”. Радыёстанцыю “Радыё Гродна” можна слухаць у Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай абласцях, у суседніх рэгіёнах Літвы і Польшчы, а дзякуючы інтэрнэт-вяшчанню “РГ” даступна ва ўсім свеце.

4 чэрвеня 1947 года міністрам мясной і малочнай прамысловасці БССР падпісаны загад № 133 “Аб уводзе ў эксплуатацыю Гродзенскага гармалзавода, Ваўкавыскага, Індурскага і Роскага масласырзаводаў Гродзенскага абласнога трэста “Маслапрам”.

Гродзенскі гармалзавод, які адноўлены пасля вайны, існуе і зараз – гэта  ААТ “Малочны Мір”, які быў заснаваны яшчэ ў 1938 годзе. Прадпрыемства першапачаткова размяшчалася ў занёманскай частцы па вуліцы Гарнавых. Спачатку пераважала ручная праца, халадзільнага абсталявання не было. Камбінат рэканструяваўся ў 1967 і 1988 гадах. І калі ў 1947 годзе завод перапрацоўваў 15 тонн малака, то сучасны “Малочны Мір” перапрацоўвае 730 тонн малака за суткі і спецыялізуецца на вытворчасці больш за 200 відаў  натуральнамалочнай прадукцыі: марожанага, масла, сыроў цвёрдых, мяккіх, плаўленых. Акрамя таго, у аб’ёме вытворчасці ёсць немалая доля прадукцыі, што выпрацоўваецца не з малака: вада, напоі, маянэз.

У пачатку чэрвеня 1957 года праз Гродна пачаў курсіраваць першы цягнік міжнароднага значэння.  Раней трапіць на цягніку ў Польшчу можна было толькі з Брэста.  Прамы цягнік  “Ленінград – Гродна – Ласосна –Варшава” праходзіў праз Пскоў і Вільнюс.

Журналісты газеты “Гродзенская праўда” не маглі абмінуць гэту значную падзею і раніцай 2 чэрвеня асабіста прысутнічалі на чыгуначным вакзале ў момант прыбыцця першага цягніка міжнароднага значэння на станцыю “Гродна”.

У пасляваенныя дзесяцігоддзі Гродна актыўна забудоўваўся.  Новыя жылыя кварталы і мікрараёны з’яўляліся на далёкіх ускраінах горада, і 2 чэрвеня 1967 года ў газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся артыкул пра чарговую маштабную забудову вуліцы Горкага.

У гэты час горад рыхтаваўся да выбараў у Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў, на прадпрыемствах і ва ўстановах горада ў гэты час адбываліся справаздачы аб праведзенай працы: колькі пабудавана жылля, якія прадпрыемствы, магазіны, школы, дзіцячыя садкі, дамы культуры ўвайшлі ў строй у Гродна, колькі было выпушчана прадукцыі і г.д. Гэты артыкул  свайго роду справаздача аб станоўчых зменах у жыцці горада Гродна ў другой палове 60-х гадоў.

1 чэрвеня 2012 года быў адкрыты рух па першай кальцавой дарозе вакол абласнога цэнтра.

Стварэнне першай кальцавой дарогі пачалося яшчэ ў савецкі час, было пракладзена каля 13 км. Вясной 2011 года для злучэння дарог у кальцо пачалі будаваць недастаючыя часткі. Былі пракладзены 4-6-палосныя праезныя часткі, узведзены два аўтадарожныя і два чыгуначныя пуцеправоды, у тым ліку 230-метровы пуцеправод на чыгуначным пераездзе па Азёрскай шашы. Увод у эксплуатацыю транспартнага кальца даў магчымасць у значнай ступені вырашыць гарадскія транспартныя праблемы. Агульная працягласць першай кальцавой дарогі складае 20,3 км.

Знешняя аб’язная кальцавая магістраль працягласцю 36 км прадугледжана Генеральным планам Гродна да 2030 года. Яе будаўніцтва пачалося ў 2019 годзе і складаецца з пяці этапаў.

1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей – адно з самых старых міжнародных святаў. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята ў 1925 годзе ў Жэневе на Сусветнай канферэнцыі, прысвечанай пытанням дабрабыту дзяцей. Пасля Другой сусветнай вайны, калі праблемы захавання здароўя і дабрабыту дзяцей былі як ніколі актуальныя, у 1949 годзе ў Парыжы адбыўся кангрэс жанчын, на якім прагучала клятва пра нястомную барацьбу за забеспячэнне трывалага міру, як адзінай гарантыі шчасця дзяцей. Дзень абароны дзяцей праводзіцца штогод 1 чэрвеня з 1950 года.

1 чэрвеня 1957 года было размешчана некалькі артыкулаў, прысвечаных гэтаму святу, у артыкулах расказваецца пра лёсы дзяцей Гродзеншчыны пасляваенных гадоў. Нягледзячы на цяжкасці аднаўлення краіны пасля Вялікай Айчыннай вайны, да дзяцей было асаблівае стаўленне – гэта быў час, калі чужых дзяцей не было. У гарадах і вёсках адкрываліся дзіцячыя садкі, навучальныя установы, будаваліся добраўпарадкаваныя школы-інтэрнаты і дзіцячыя дамы. У падрастаючага пакалення была магчымасць авалодаць прафесіяй і ісці працаваць на заводы і фабрыкі, ці атрымаць вышэйшую адукацыю. Праз усе артыкулы праходзіць заклік “Мір – дзецям! Не – вайне!”

Май

26 мая 1972 года ў газеце “Гродзенская праўда” быў надрукаваны артыкул пра забудову на далёкай ускраіне горада мікрараёна “Фарты-1”, гэта першы раён, дзе пачалі будаваць 119-кватэрныя дамы ступенчатага тыпу, што дазваляла лепш выкарыстоўваць рэльеф мясцовасці і стварала стройную архітэктурную кампазіцыю.

У 1971 годзе больш за 600 гродзенскіх сямей атрымалі добраўпарадкаваныя кватэры ў пяці новых шматпавярховых дамах, а ў 1972 годзе будуць пабудаваны яшчэ чатырнаццаць агульнай плошчай каля 50 тысяч квадратных метраў.

25 мая 1917 года ў Ялце памёр Максім Багдановіч – беларускі паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. На трыццацігоддзе гэтай сумнай даты ад 25 мая 1947 года ў газеце “Гродзенская праўда” выйшаў шэраг артыкулаў пра жыццё і творчасць паэта.

Памяць пра паэта ўшаноўваецца ў нашым горадзе і сёння – адна з вуліц носіць яго імя, а 17 мая 1986 года на гэтай вуліцы быў адкрыты Дом-музей Максіма Багдановіча (зараз “Музей Максіма Багдановіча – філіял Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея). У гэтым раёне горада пражывала сям’я Багдановічаў з 1892 па 1896 год. Сярод экспанатаў музея асаблівае месца займаюць асабістыя рэчы вялікага беларускага паэта, яго лісты і дакументы, сямейныя фатаграфіі, рэчы і прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”. У доме адноўлены чатыры мемарыяльныя залы: кабінет бацькі Максіма Багдановіча, пакой маці, дзіцячы і гасцявы пакоі.

25 мая 1987 года была прынята Пастанова № 179 Гродзенскага абкама КПБ і выканкама Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў “Аб адкрыцці гісторыка-краязнаўчага музея ў г. Навагрудку”.

Навагрудак – адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, які мае непаўторнае аблічча і надзвычай багатую гістарычную спадчыну. Яго гісторыя пачынаецца ў канцы Х ст., у наступныя некалькі стагоддзяў Навагрудак быў найбольш багатым горадам Панямоння. Навагрудак можна па праве лічыць сталіцай і ядром стварэння Вялікага княства літоўскага: у 1253 г. Міндоўг каранаваўся ў ім як кароль Літвы. У Навагрудку быў пабудаваны адзін з самых непрыступных замкаў. У 1422г. у фарным касцёле кароль Польшчы Ягайла браў шлюб з князёўнай Соф’яй Гальшанскай. У Навагрудку праводзіліся дзяржаўныя сеймы, сустрэчы каралёў і паслоў, праходзілі пасяджэнні Галоўнага Трыбунала. З пачатку ХІV стагоддзя ў горадзе размяшчалася рэзідэнцыя праваслаўнага, а пазней – уніяцкага мітрапаліта. У розныя перыяды ў горадзе было 5 касцёлаў, 6 манастыроў, сінагога і мячэць.

З 12 верасня 1992 г. дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей.  На 350 кв.м прадстаўлена гісторыя і культура Навагрудчыны, пачынаючы ад узнікнення горада і да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Музейны фонд налічвае каля 22 000 прадметаў, у тым ліку 14 калекцый, і гэта не толькі збор каштоўнасцяў для вывучэння гісторыі, яны служаць асновай для развіцця кантактаў і ўмацавання сувязі паміж пакаленнямі і культурамі.

У сярэдзіне мая “Саzeta Grodzienskа” піша: “У сувязі з умацаваннем практычна вертыкальнага схілу Замкавай гары з боку Нёмана, стараннямі дырэкцыі музея і магістрата пры дапамозе беспрацоўных, панізіўся ўзровень замкавай гары. Два месяцы таму былі адкрыты ніжнія часткі замкавых сцен часоў караля Яна III, узведзеных па рашэнні сейма ў 1678 г. Гэта пераважна гаспадарчыя пабудовы, збудаваныя на больш ранніх руінах. У апошнія дні ўдалося адкапаць сцены XV ст. Найбольшую сэнсацыю выклікала адкрыццё сцен перыяду ХІІ-ХІІІ стст., калі Гродна быў сталіцай удзельнага княства. Цагліны гэтых сцен падобныя на тыя, з якіх складзена Каложская царква (ХІ-ХІІ стст.), плоскія (4,5 см) і шырокія. Таўшчыня кладкавага раствору ў замкавых сценах некалькі меншая, чым у каложскіх. У той жа час, у сценах маюцца вялікія валуны, сцесаныя з аднаго боку і выкладзеныя як бы ў дэкаратыўных мэтах, як на Каложы.

Падчас раскопак выяўлена і некалькі каменных ядраў, мноства фрагментаў старажытнай керамікі. Раскопкі праходзяць пад непасрэдным кіраўніцтвам дырэктара Дзяржаўнага музея сп. Ю. Ядкоўскага. Нядаўна ў Гродна прыехаў рэстаўратар з Варшавы сп. доктар Ю. Клюсс”.

Сёння вядома, што гэта былі раскапаны рэшткі сцен старажытнай Ніжняй царквы XII ст.

У маі 1932 года ў мясцовых газетах з’явілася аб’ява аб тым, што з 21 мая пачынаецца летні сезон навігацыі параходаў “Jagiełło” і “Jadwiga” на лініі Гродна-Мелавыя горы-Гродна з прыпынкамі ў Ласосна і Пышках на правым і левым берагах Нёмана. Адпраўленне з Гродна кожную суботу і нядзелю ў 11 гадзін раніцы.

У пачатку 20-х гадоў у Гродне былі параходы “Jadwiga” (умяшчальнасцю да 200 чалавек)  і “Emilia Pllater”, які быў прыпісаны да Гродна, а курсіраваў па Аўгустоўскім канале.

Да сярэдзіны 30-х у Гродне яшчэ былі параходы “Jagiełło”, якія бралі на борт да 300 пасажыраў, “Jadwiga”, “Dewajtys” – курсіравалі па маршруце Гродна-Друскенікі; “Michał Ogiński”, а таксама прагулачны цеплаход “Śmigły”.

У межах горада на Нёмане былі дзве прыстані: на левым беразе Нёмана каля аўтадарожнага моста імя Маршала Юзафа Пілсудскага – прыстань Шыманскага і другая – каля прыстані Ваеннага вяслярнага клуба (зараз у гэтым будынку – “Pab Mr. Hops”, вул. Завадская, 14).

19 мая 1982 года ў Мінску быў апублікаваны Указ № 2014 Прэзідыўма Вярхоўнага Савета Беларускай ССР “Аб узнагародзе народнага ансамбля песні і танца “Неман” Гродзенскага гарадскога Дома культуры Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР”.

Ансамбль быў арганізаваны ў 1957 годзе і ўжо ў 1961 годзе атрымаў ганаровае званне “народны”.

Ансамбль стварае арыгінальны рэпертуар пра Гродзеншчыну, а таксама ўключае ў свае праграмы фрагменты беларускага, рускага, украінскага, польскага вакальнага і танцавальнага фальклору.

У 1957 годзе VI Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў планавалася праводзіць летам у Савецкім Саюзе, у Маскве. Па ўсёй краіне ішла падрыхтоўка да гэтай знамянальнай падзеі, і ў нашым горадзе таксама рыхтаваліся да Першага гарадскога фестывалю моладзі. Цэлая старонка ў газеце “Гродзенская праўда” ад 19 мая 1957 года была прысвечана гэтаму мерапрыемству, каб жыхары загадзя ведалі дзе, калі і што будзе адбывацца.

У час падрыхтоўкі да фестывалю на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах адукацыі прайшлі фестывальныя вечарыны, агляды мастацкай самадзейнасці, спаборніцтвы па розных відах спорту. Лепшыя з лепшых прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах.

У дзень фестывалю яны арганізаванымі калонамі прайшлі па вуліцах цэнтра горада ад плошчы Леніна да стадыёна “Лакаматыў” (зараз на гэтым месцы корпус “Факультэта фізічнай культуры” ўніверсітэта імя Я. Купалы, вул. Захарава, 32), дзе і адбывалася ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства, на якім была запалена чаша фестывалю, у неба ўзляталі белыя галубы і былі запушчаны дзясяткі рознакаляровых ракет. Цэлы дзень горад святкаваў: у парках, на плошчах, канцэртных пляцоўках і стадыёнах горада праходзілі гулянні, спаборніцтвы, канцэрты, а скончылася ўсё карнавалам і феерверкам.

З 12 па 17 мая 1997 года ў Гродне і Навагрудку праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Адам Міцкевіч і сусветная культура”, прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння паэта. У мерапрыемстве ўдзельнічала больш за 170 навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Грузіі, Італіі, Швейцарыі і іншых краін свету. Работа навуковага форуму і яго вынікі асвячаліся ў гродзенскай прэсе, а матэрыялы канферэнцыі былі выдадзены пяцітомным выданнем.

13 мая 1967 года на пасяджэнні выканкама Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў прынята рашэнне нумар 196/4 “Аб зацвярджэнні праекта планіроўкі гарадскога пасёлка Карэлічы”.

У Карэліцкай зямлі багатае гістарычнае мінулае. Першая згадка пра Карэлічы з’яўляецца ў летапісах да 1395 года. У той час яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, пазней – Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе Карэлічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. З 1921 па 1939 гады былі ў складзе Польшчы.

Карэліцкі раён быў утвораны ў лістападзе 1940 года. На яго тэрыторыі першапачаткова існавалі дзве адміністрацыйныя адзінкі: Мірскі і Валеўскі раёны, якія ўваходзілі ў склад Баранавіцкай вобласці, са студзеня 1954 года – Гродзенскай вобласці.

10 мая 1932 года “Саzeta Grodzienskа” паведамляе: “У апошнія два дні ў горадзе замер аўтобусны рух. З прычыны звад паміж кіраўніцтвам таварыства “Autoruch”, няма ніякіх перспектыў аднаўлення аўтобуснага руху без умяшання магістрата. Чаму ж замер у Гродне аўтобусны рух?

Таварыства, як і іншыя прадпрыемствы горада, апынулася ў складанай эканамічнай сітуацыі. За розныя даўгі аб’ектыўна ці мэтанакіравана ўвесь парк перайшоў у рукі г.г. Яна Паўлоўскага, Зандэра Сушанскага і Лейбы Капульскага. У сувязі з гэтым кіраванне таварыства склікала сход акцыянераў. 30 красавіка было прынята рашэнне ліквідаваць таварыства “Autoruch” і створана ліквідацыйная камісія ў наступным складзе: Мойша Міхалевіч, Копель Верхапольскі і Хацкель Атлас. Праз некалькі дзён члены праўлення Хацкель Атлас і Або Васерман ад імя таварыства накіравалі ў магістрат ліст, у якім прасілі перааформіць дамову на імя г.г. Паўлоўскага, Сушанскага і Капульскага, якія набылі з аўкцыёну аўтобусны парк “Autoruch” і гатовыя аднавіць гарадскі аўтобусны рух, што падмацавана іх уласным прашэннем».

Упершыню пытанне аб стварэнні гарадскога аўтобуснага руху ўзнікла ў Гродне ў 1929 г. Тады камісія вырашыла, што ў горадзе могуць курсіраваць мінімум чатыры аўтобусы, устаноўлены кошт за праезд – не менш за 25 грошаў.

9 Мая ў Беларусі – Дзень Перамогі – дзяржаўнае свята, устаноўленае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года.

8 мая 1945 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была устаноўлена дата 9 мая – Святам Перамогі Чырвонай арміі і савецкага народа над нацысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. У 1945-1947 гадах і з 1965 года Дзень Перамогі – непрацоўны святочны дзень.

У маі 1927 года ў мясцовых газетах з’явілася аб’ява: “У суботу 7 мая ў 16 гадзін і ў нядзелю ў 12.30 адбудуцца выступленні дзесяцігадовай Ніны Вілінскай, кінаактрысы і танцоркі ў адной асобе, выступленні якой у Варшаве, Львове, Кракаве і Вільні карысталіся небывалым поспехам. Маленькая актрыса сыграла адну з галоўных роляў у фільме пад назвай “Арляня”, які цяпер дэманструецца ў кінатэатры “Палас”. Рэпертуар, з якім Ніна выступае ў гарадскім тэатры, спецыяльна для яе падрыхтавалі Б. Герц і В. Татаркевіч “Фарфоравая лялька і плюшавы Мішка”, “Конік і мурашка”, “Ніна не хоча хадзіць у школу”. У фартэпіяна яе бацька – кампазітар А. Вілінскі”.

3 мая 1912 года ў Гродне пачынае выдавацца газета “Паўночна-Заходняе жыццё”. Газету заснаваў Лук’ян Міхайлавіч Саланевіч, былы сельскі настаўнік Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Працуючы настаўнікам, ён пісаў нататкі і артыкулы ў розныя газеты краю, і яго журналісцкая дзейнасць была заўважана Пятром Сталыпіным (тады – губернатар Гродзенскай губерні), які дапамог яму з пераездам у горад, дзе Лук’ян Міхайлавіч праз некаторы час заснаваў сваю газету.

Лук’ян Міхайлавіч быў бацькам вядомага мысліцеля Івана Саланевіча, і менавіта ў яго газеце Саланевіч-малодшы публікаваў свае першыя артыкулы. Газета  выходзіла ў Паўночна-Заходнім краі з 1 студзеня 1911 па 5 верасня 1915 (да 10 жніўня 1911г. называлася “Беларускае жыццё”). Усяго выйшла каля 110 нумароў. Спачатку выходзіла ў Вільні, з 3 мая 1912 г. – у Гродна, з 9 сакавіка 1913 г. – у Мінску.

У Беларусі 1 Мая з’яўляецца святочным днём. Ён устаноўлены Указам Прэзідэнта краіны № 157 ад 26 сакавіка 1998 года і мае больш чым векавую гісторыю.

Першамай узнік у сярэдзіне XIX стагоддзя ў працоўным руху, які вылучыў у якасці аднаго з асноўных патрабаванняў увядзенне васьмігадзіннага працоўнага дня. Першымі з гэтым выступілі працоўныя Аўстраліі ў 1856 годзе, а праз дзесяць гадоў 1 траўня 1886 года чыкагскія працоўныя арганізавалі забастоўку і дэманстрацыю з гэтымі ж патрабаваннямі. Усё скончылася кровапралітным сутыкненнем з паліцыяй. У 1889 годзе Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу ў памяць аб выступленні працоўных Чыкага прыняў рашэнне аб правядзенні 1 мая штогадовых дэманстрацый.

У Расійскай імперыі Першага мая як дзень міжнароднай салідарнасці ўпершыню адзначылі ў 1890 годзе працоўныя Варшавы правядзеннем стачкі. У СССР Першамай доўгія гады быў асноўным дзяржаўным святам. У гэты дзень праводзіліся дэманстрацыі працоўных і ваенныя парады, першы першамайскі парад РСЧА адбыўся ў 1918 годзе. На другі дзень свята традыцыйна праходзілі “маёўкі” – масавыя святкаванні на прыродзе.

Першамай – Дзень працы, Свята вясны і працы, Дзень вясны, Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных – адзначаецца ў 142 краінах і тэрыторыях свету 1 траўня або ў першы панядзелак траўня.

Красавік

30 красавіка 1992 года ў газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся цікавы артыкул “Вуліцы Вітаўта, Я.Купалы, Б.Тарашкевіча”.

У пачатку 1992 года  Гродзенскім гарадскім Саветам народных дэпутатаў было прынята рашэнне №127: “У адпаведнасці з гарадской праграмай “Спадчына” і па прапанове гарадской камісіі па найменні і перанайменні вуліц, плошчаў паркаў і іншых аб’ектаў горада:

Вярнуць гістарычныя назвы:

  • вул. А. Кашавога назву Вялікая Траецкая,
  • вул. 8-е Сакавіка назву Малая Траецкая,
  • вул. Пасіянарыі назву Калючынская,
  • вул. Энгельса назву Гараднічанская,
  • тупіку Замкаваму назву вуліца Цесная,
  • старой часткі плошчы Леніна назву плошчы Антонія Тызенгаўза

і перанайменаваць:

  • вул. Навазамкавую на вуліцу Давыда Гарадзенскага,
  • вул. К. Цэткін на вуліцу Дамініканскую,
  • вул. Крупскай на вуліцу Стэфана Баторыя”.

Новыя вуліцы з’яўляюцца ў новых мікрараёнах нашага горада. Жылы раён “Альшанка” і назвы яго вуліц па прапанове членаў тапанімічнай камісіі і пасля абмеркавання гэтага пытання з грамадскасцю горада былі дадзены з улікам гістарычных тапанімічных назваў дадзенай мясцовасці – Малая Альшанка і Вялікая Альшанка, імёнаў выдатных гістарычных асоб і дзеячаў культуры Беларусі Ф. Багушэвіча, Н. Орды, М. Агінскага, Ул. Караткевіча, а таксама горада Міндэна – пабраціма г.Гродна.

28 красавіка 2012 года г.п. Астравец атрымаў статус горада раённага падпарадкавання.

Горад Астравец – цэнтр Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.  Насельніцтва – 14 641 чалавек (на 1 студзеня 2022 года). У 18 км ад Астраўца знаходзіцца Беларуская АЭС. Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1468 годзе ў сувязі з ахвяраваннем сродкаў магнатамі Гаштольдамі касцёлу ў імя Панны Марыі і ўсіх Святых (цяпер святых Казьмы і Даміяна).

З 1795 года па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай Астравец увайшоў у склад Расійскай імперыі. Падчас Першай сусветнай быў акупаваны нямецкімі войскамі. У міжваенны час уваходзіў у склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Польшчы. У верасні 1939 г. перайшоў да БССР, 15 студзеня 1940 г. пасёлак стаў цэнтрам Астравецкага раёна. 27 чэрвеня 1941 года пасёлак быў акупаваны Вермахтам.

У 2011 годзе ў Астравецкім раёне пачалося будаўніцтва Беларускай АЭС, у сувязі з чым быў дадзены імпульс развіцця адміністрацыйнага цэнтра і краю ў цэлым. У 2012 годзе Астраўцу прысвоены статус горада.

25 красавіка 1967 года ў газеце “Гродзенская праўда” асвяцілі значную падзею ў культурным жыцці горада ‒ абласны агляд мастацкай самадзейнасці навучэнцаў. У Гродна прыехалі каля трох тысяч юных танцораў, чытальнікаў, спевакоў, музыкантаў, акрабатаў з розных куткоў вобласці. Агляд праходзіў у розных установах горада: у Доме палітасветы (цяпер – корпус філалагічнага факультэта УА “ГрДУ імя Я. Купалы”, вул. Леніна, 32) выступалі харавыя калектывы, вакальныя групы, салісты, чытальнікі; у Палацы тэкстыльшчыкаў ‒ танцавальныя калектывы; у музычна-педагагічным вучылішчы (цяпер – Гуманітарны каледж УА “ГрДУ імя Я. Купалы”) – аркестры і індывідуальныя выканаўцы. У нядзелю адбыўся заключны канцэрт, на працягу шасці гадзін былі паказаны каля 60 найлепшых нумароў.

25 красавіка 1932 года ў Гродне адбыўся з’езд дэлегатаў пажарнай варты Гродзенскага павета. На з’езд прыбылі дэлегаты з 35 пажарных каманд.  Гэтая лічба сведчыць аб развіцці пажарнай варты ў павеце. Пасля даклада начальніка Гродзенскай пажарнай варты Бяганскага былі абраныя новыя кіруючыя органы. Аднагалосна старшынёй упраўлення акругі абраны стараста г-н Рагалевіч.

24 красавіка 1997 года ў “Гродзенскай праўдзе” быў надрукаваны артыкул “Фінальны акорд “Зорнай ростані” прагучаў у Гродна”

Вясновыя сустрэчы з “Зорнай ростанню” сталі значнай падзеяй у культурным жыцці горада над Нёманам. Ужо другі раз гродзенскі абласны драмтэатр гасцінна расчыніў дзверы перад удзельнікамі фестываля. Поспехі канкурсантаў ацэньвалі музычны кіраўнік тэлефестывалю кампазітар Алег Елісеенкаў, народныя артысты Беларусі Эдуард Ханок і Васіль Раінчык, паэт Уладзімір Някляеў, віцэ-прэзідэнт “Славянскага база­ру” Радыён Бас, заслужены артыст рэслублікі Валерый Дайнэка, Іна Афанасьева і іншыя асобы, чые імёны добра вядомы ў творчым асяроддзі. Творчая група тэлефестывалю знайшла поўнае ўзаемаразуменне з гарадскімі ўладамі, а юныя выканаўцы – шчырую прыхільнасць мясцовых аматараў песні. Заключны канцэрт фестыва­лю стаў сапраўдным падарункам для гараджан.

Лаўрэатамі конкурсу сталі гітарыст Ігар Панізнікаў – шоу-ба­лет “Влада”, студыя “Дубль-В” і тры вакалісты: Аляксандр Лапскі, Стэла і юная аршанка Марына Жолудзева. Прыз пераможцы і пуцёўку на фестываль “Славянскі базар” Марыне ўручыў мэр Гродна Анатоль Пашкевіч. Былі ўручаны і спецыяльныя прызы. Прыз горада Гродна атрымаў любімец публікі Аляк­сандр Звяровіч, Гродзенскае вучылішча мастацтваў адзначыла самую маладую ўдзельніцу, якой аказалася пераможца – Марына Жолудзева, Саюз кампазітараў Беларусі ўзнагародзіў Любоў Гусальскую. Спецыяльны прыз журы атрымала гродзенка Галіна Шышкова.

24 красавіка 1972 года выканкамам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных было прынята рашэнне «Аб II-й чарзе вытворчасці капралактаму на Гродзенскім хімкамбінаце» і звярнуцца да Міністэрства хімічнай прамысловасці з прашэннем задаволіць умовы Гродзенскага гарвыканкама аб долевым удзеле ў развіцці аб’ектаў хімічнай прамысловасці: грамадзянскага аэрапорта, бальніцы, гарадскога тралейбуса і аўтатранспартнага моста праз р. Нёман.

22 красавіка 1922 года – Выходзіць першы нумар газеты «Беларускi шлях» заходнебеларускай грамадскай арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», заснавальнікам якой быў  Яўген Міткевіч. Газета выдавалася на беларускай мове неперыядычна ў Гродна. Друкаваліся матэрыялы ў падтрымку супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Газета была забаронена, апошні нумар выйшаў 2 жніўня 1922 года, але на змену ёй у 1923 годзе пачала выдавацца газета пад назвай «Сялянская гутарка».

19 красавіка 1997 года –  у «Гродзенскай праўдзе» з’явіўся артыкул пра значную падзею ў культурным жыцці горада – у Гродна ў Новым замку на працягу трох дзён праходзіў першы фестываль гітарнай музыкі. Ініцыятарам і арганізатарам фестывалю стаў вядомы гітарыст і кампазітар Уладзімір Захараў, а сярод удзельнікаў быў мала каму тады вядомы гітарыст, будучая зорка эстрады – Дзідюля.

19 красавіка 1987 года – у газеце «Гродзенская праўда» быў надрукаваны артыкул пра адкрыццё самага лепшага ўніверсама ў горадзе на той час – універсама «Брэст».

Левабярэжная паўднёва-ўсходняя частка горада – раён прамысловых прадпрыемстваў: «Завода карданных валаў», «Гродзенскага шклозавода», тытунёвай фабрыкі «Нёман» і мн. інш. Для працаўнікоў гэтых прадпрыемстваў у 1971 годзе і быў спраектаваны раён «Прынёманскі» (арх. Ю. Патапаў, В. Лытаў, І. Мазнічка, В. Шапавалаў і інш.). Адмысловая ўвага была нададзена забудове мікрараёна «Румлёва» (Ю. Патапаў, заслужаны  архітэктара БССР), яго ўнікальнай асаблівасцю з’яўляецца выкарыстанне рэльефу ўздоўж ракі Нёман і ландшафтных утварэнняў парку «Румлёва».  У новых жылых кварталах паступова з’яўлялася ўся неабходная інфраструктура: дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі і крамы.

16 красавіка 2002 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з мэтай прыцягнення айчынных і замежных інвестыцый утворана свабодная эканамічная зона “Гроднаінвест”.

СЭЗ “Гроднаінвест” уяўляе сабой тэрыторыю Гродзенскай вобласці плошчай 4195,04 гектара, на якой адносна рэзідэнтаў СЭЗ дзейнічае спецыяльны прававы рэжым для ажыццяўлення інвестыцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці.

За час сваёй дзейнасці СЭЗ “Гроднаінвест” стала галоўнай пляцоўкай для развіцця бізнэсу ў Гродзенскай вобласці. Сёння рэзідэнтамі СЭЗ з’яўляюцца больш за 70 прадпрыемстваў у сферы дрэваапрацоўкі і мэблевай вытворчасці, машынабудавання і металаапрацоўкі, харчовай і лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лагістыкі з аб’ёмам вытворчасці звыш $1.9 млрд. Яны фарміруюць чвэрць усёй вытворчасці рэгіёну, больш за 40% – экспарту. Свае сродкі ў рэалізацыю праектаў уклалі інвестары 40 краін свету.

15 красавіка 1997 года – у газеце “Гродзенская праўда” віншавалі валейбольны клуб “Камунальнік”, які ўпершыню стаў чэмпіёнам Беларусі.

Валейбол з’явіўся ў ЗША ў 1895 годзе. Заснавальнікам быў пастар і выкладчык каледжа Вільям Морган, які ўпершыню прапанаваў сваім выхаванцам падняць тэнісную сетку на два метры і гуляць праз яе надзьмутай камерай ад баскетбольнага мяча. Ён жа і прапанаваў назваць гульню “валейбол”, што ў перакладзе “ляціць мяч” (ад “volley” – адбіваць на лёце і “ball” – мяч).

У нас валейбол стаў папулярны ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Тады ў Гродне з’явіліся першыя валейбольныя пляцоўкі і каманды: у рэальным вучылішчы ім. С. Баторыя, у гарадскім парку, у некаторых школах і воінскіх частках.

З архіва А. Пятрова

12 красавіка 1962 года – адзначалася гадавіна першага палёту чалавека ў космас. Напярэдадні ў газеце “Гродзенская праўда” была асвечана гэтая знакавая для ўсёй сусветнай супольнасці падзея.

9 красавіка 1912 года быў падпісаны загад Дзяржаўнага Савета і Дзяржаўнай Думы аб адкрыцці сельскагаспадарчай школы ў маёнтку Азярніцы Слонімскага павета Гродзенскай губерніі.

У красавіку 1932 года “Gazeta Grodzienska” паведамляла: “7 красавіка рэзка павысіўся ўзровень вады ў Нёмане ў сувязі з пачаткам крыгаходу. Ля падножжа гродзенскіх замкаў затоплены бульвары, крыгі знішчылі некалькі дрэў і слупоў на іх. Кіраўнікі работ па аднаўленні замка прыкладаюць усе намаганні для таго, каб умацаваць валы, якія засцерагаюць Замкавую гару ад разбурэння. Узровень вады цяпер на 4 метры вышэйшы за норму. 11 красавіка ён склаў 4,6 м вышэй за норму, а ў Мастах – 5,5 м, г.зн. набліжаецца да лёташняй катастрафічнай адзнакі. Кульмінацыйны ўзровень чакаецца ў чацвер. Учора ўвечар вада канчаткова заліла ахоўны вал, збудаваны ў падножжа Замкавай гары ўзімку. Ёсць надзея, што ў выпадку, калі ўзровень вады не паднімецца вышэй за 5 метраў, пагроза разбурэння Замкавай гары і Старога замка абміне”.

Наступнае паведамленне больш абнадзейвае: “Вада ў Нёмане стала павышацца павольней. 13 чысла ў 11 гадзін раніцы яе ўзровень быў 4,78 м, а ў 17.00 – на 4,83 м вышэй за норму. У гэтым годзе сітуацыя на Нёмане не павінна быць горш, чым у мінулым, калі не пачнуцца ліўні”.

5 красавіка 1972 года – створаны саўгас “Гродзенская агароднінная фабрыка” пры рэарганізацыі саўгаса “Гродзенскі” (распараджэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 05 красавіка 1972г. № 246-р).

Сёння раённае ўнітарнае аграрнае прадпрыемства “Гродзенская агароднінная фабрыка” – адно з дынамічных агародніцкіх гаспадарак Гродзенскай вобласці. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складае 55 га, з іх 13-ць займаюць зімовыя цяпліцы. А ў 2006 годзе былі ўведзены ў дзеянне энергазберагальныя цяпліцы плошчай 4 га.

4 красавіка 1962 года ў газеце “Гродзенская праўда” ў рубрыцы “Будні горада над Нёманам” з’явіўся артыкул аб будаўніцтве будынка аэрапорта і новых жылых дамоў у цэнтры горада.

2 красавіка 2012 года – зарэгістравана адкрытае акцыянернае таварыства “Агракамбінат “Скідзельскі”. Дзевяць філіялаў агракамбіната размешчаны ў шасці раёнах Гродзенскай вобласці. Гандлёвая марка “Панскі гатунак” стала вядомым брэндам дзякуючы сваёй выдатнай якасці, экалагічнасці і шырокаму асартыменту прадукцыі.

Калектыў Агракамбіната выйшаў у лідэры па аб’ёме і якасці прадукцыі не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь.

1 красавіка 1957 года – пачаў працу кінатэатр “Летні” і ўвесну гарвыканкам адмяніў аплату за ўваход у закрытую частку гарадскога парка.

1 красавіка 1967 года ў газеце «Гродзенская праўда» ў рубрыцы “Фама Мяцёлкін” было паднята пытанне аб абвяшчэнні 1 красавіка Днём смеха.

Газета “Гродзенская праўда” анансавала правядзенне ў красавіку фестывалю “Жывейшы за ўсіх жывых”, у рамках якога паказваліся фільмы пра Леніна. Таксама былі прадстаўлены навінкі кінапракату, напрыклад, кінакамедыя Леаніда Гайдая “Кавказская пленница”, якая любіма тэлегледачамі і зараз.

Сакавік

Люты

16.02.1977

Гарадзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі быў створаны паводле пастановы Рады Міністраў БССР № 47 ад 16 лютага 1977 гады як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі.

Сучасную назву носіць з 2005 года. Першапачаткова размяшчаўся ў комплексе манастыра базыльянак, перададзенага ў 1992 годзе Праваслаўнай Царкве. Музей атрымаў будынак былога палаца (сярэдзіна XVIII – першая палова XIX стст.), які належаў К. Храптовічу, А. Тызенгаузу, Ф. Мучынскаму, І. Ляхніцкаму. Рэстаўрацыйныя работы ў будынку завяршыліся ў 2009 г., у тым жа годзе адкрыта экспазіцыя “Эпоха. Час. Будынак”. У кастрычніку 2012 года адкрылася экспазіцыя “Рэлігія і культура ў Беларусі”. Музей размешчаны ў будынку дэманстрацыйнай плошчай залаў 610,2 кв. м і мае 2 пастаянныя, 2 часовыя і 7 перасоўных экспазіцый. Агульная колькасць музейных прадметаў складае 85239, з іх асноўнага фонду – 66687, навукова-дапаможнага – 18552.

Сёння музей гісторыі рэлігіі – адзіны ў Беларусі і адзін з нямногіх у свеце. На постсавецкай прасторы музеі гісторыі рэлігіі ёсць толькі ў Санкт-Пецярбургу і Львове.

11.02.1947

Вялікая Бераставіца атрымала статус гарадскога пасёлка.

Першае пісьмовае згадванне аб Вялікай Бераставіцы змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра 1506 аб перадачы паселішча ў вечнае карыстанне Аляксандру Хадкевічу за заслугі перад Айчынай. На працягу XVII-XVIII стст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Мнішэкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх. У 1754 г. мястэчка атрымала Магдэбургскае права і герб. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Вялікая Бераставіца ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Па Рыжскай мірнай дамове 1921 г. Вялікая Бераставіца ўвайшла ў склад Польскай Рэспублікі. З 1939 г. – у складзе БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 г. пасёлак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1947 г. Вялікая Бераставіца атрымала статут пасёлка гарадскога тыпу.

У Вялікай Бераставіцы захаваліся славутасці: касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, пабудаваны ў 1620 г., Свята-Мікалаеўская царква (1868 г.), касцёл Праабражэння Гасподняга ў стылі неаготыка, пач. XX ст. Да 500-годдзя пасёлка была ўстаноўлена бронзавая скульптурная кампазіцыя “Дрэва жыцця”.

11.02.1947

На гродзенскай электрастанцыі на 23 дні раней за тэрмін была ўстаноўлена другая турбіна, з яе пускам электрастанцыя змагла поўнасцю забяспечыць электраэнергіяй абласны цэнтр.

Першая згадка аб прымяненні электраэнергіі на Гродзеншчыне знойдзена ў архіўных дакументах 1899 г.: на шаўкапрадзільнай фабрыцы Гуга Роднэра ў маёнтку Фолюш Гродзенскага павета ўведзена ў эксплуатацыю дынама-машына.

Гродзенская электрастанцыя была ўведзена ў строй у 1912 г., на вуліцах горада былі пабудаваны першыя паветраныя і кабельныя лініі электраперадачы. Першапачаткова было ўстаноўлена два шведскія рухавікі фірмы Дызель, якія дазволілі электрастанцыі абслугоўваць 66 абанентаў. У 1914 г. яе магутнасць павялічылі, устанавіўшы яшчэ два рухавіка, колькасць абанентаў павялічылася да 500 чалавек.

З пачаткам Першай сусветнай вайны адзін з рухавікоў вывезлі ў Расію, у 1920 г. электрастанцыя абслугоўвала ўсяго некалькі дзясяткаў абанентаў. Было вырашана набыць і ўсталяваць новы магутны рухавік, гэта дазволіла абслугоўваць 2400 абанентаў. Магістратам горада было прынята рашэнне асвятляць не менш як 30 пунктаў за год, прычым прыярытэтна на ўскраінах Гродна, у найбольш крымінальна небяспечных раёнах. У час Вялікай Айчыннай вайны электрастанцыя моцна пацярпела, але пазней была адноўлена. Яна працягвала працаваць да канца мінулага стагоддзя, а з 2002 года пачаўся паступовы дэмантаж абсталявання.

04.02.1622

400 гадоў таму ў Гродне быў заснаваны калегіум езуітаў.

Запрасіў езуітаў у Гродна кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый у 1584 г. для павышэння ўзроўню адукацыі на гэтых землях. Езуіцкая сістэма адукацыі была бясплатнай, даступнай для хрысціян любога саслоўя і лічылася самай дасканалай у Еўропе.

Манахі-езуіты з’явіліся ў Гродне ў 1622 г., а ў ХVIII стагоддзі гродзенскі манастыр езуітаў лічыўся самым вялікім і багатым ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

Езуіцкі калегіум – тыповая ўстанова адукацыі Таварыства Ісуса на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якая існавала ў Гродне з 1625 па 1773 г. Яно аб’ядноўвала школу, касцёл і дапаможныя службы ў адзіную сістэму. Багатая бібліятэка, школьны тэатр, аптэка, друкарня садзейнічалі развіццю культуры і асветы ў самых шырокіх колах насельніцтва. У калегіуме выкладалі права, фізіку, матэматыку, мовы, фізічнае выхаванне.

У 1630 г. была створана Кангрэгацыя студэнтаў і пачала працу бурса музыкаў. Пазней у адукацыйную праграму былі дададзены клас паэтыкі і клас рыторыкі, з 1709 г. дзякуючы курсу філасофіі для клірыкаў – калегіум прыраўноўваўся да вышэйшай школы, а тэалогія ў навучальным плане азначала набліжэнне калегіума да ўзроўню акадэміі ці ўніверсітэта.

У 1773 г. у Рыме папа выдаў булу аб роспуску Таварыства Ісуса. Квітнеючы гродзенскі калегіум быў перададзены Камісіі нацыянальнай адукацыі і на яго базе была адкрыта акруговая школа, адна з дзевяці ў Рэчы Паспалітай.

02.02.1952

Добрай традыцыяй стала сустрэча выпускнікоў гродзенскіх школ у пачатку лютага.

Напрыклад, кожны год збіраліся і выпускнікі Гродзенскай гарадской гімназіі – першай рускай школы ў Заходняй Беларусі, якая была адкрыта ў снежні 1939 года. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, многія педагогі і старшакласнікі пайшлі на фронт. Школа аднавіла сваю працу пасля вызвалення Гродна ў 1944 годзе. У пасляваенны час на тэрыторыі школы быў устаноўлены памятны абеліск у гонар вучняў і настаўнікаў школы, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

01.02.1882

140 гадоў таму назад у Гродне выходзіць эканамічная і фінансавая газета газета “Торговый вестник Западного края”.

Газета, першы спецыялізаваны гандлёвы і фінансавы друкаваны орган на тэрыторыі Беларусі і Літвы (рэдактар-выдавец Н.Вульферт). Выдавалася на працягу 1882 г. на рускай мове ў Коўна (Каўнасе), а з № 34 у Гродне.

Адлюстроўваліся інтарэсы мясцовых гандлёва-фінансавых колаў, узнімаліся практычныя пытанні ўдасканалення знешняга гандлю (праз упарадкаванне пошлін, тарыфаў, валютнага курсу, павышэння ролі Дзяржбанка), фінансавай палітыкі (праз упарадкаванне падатковай, бюджэтнай, крэдытнай, цэнавай сістэм, работы чыгунак), уздыму прадукцыйных сіл краю ў цэлым.