Пераможцы ХХХ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

Сярод пераможцаў ХХХ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” – 7 бібліятэчных устаноў Гродзеншчыны.

У намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” дыпломам першай ступені адзначана Іўеўская раённая бібліятэка. Супрацоўнікамі ўстановы праведзена вялікая пошукавая работа, якая прысвячалася Ільдэфонсу Бобічу, святару, пісьменніку, асветніку. У выніку знойдзены рукапіс “Гісторыя Івейскай парафіі”, 10 рарытэтных выданняў з экслібрысам; выяўлены 2 рэфераты, тэкст артыкула з газеты “Беларус” (на беларускай мове ў лацінскай графіцы); 1-я і 3-я часткі працы “Нядзельныя Евангеллі і навукі” – першага сучаснага беларускага падручніка для каталіцкага духавенства (на беларускай мове ў лацінскай графіцы) і інш. З касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў фонд раённай бібліятэкі перадалі ксеракопію рукапіса вершаў, якія ніколі і нідзе не выдаваліся, таму прадстаўляюць вялікую каштоўнасць.

Назапашаныя матэрыялы сталі асновай для стварэння старонкі са звесткамі пра жыццё і творчасць І. Бобіча ў краязнаўчай базе дадзеных асабістай генерацыі “Знакамітыя землякі”.

У гэтай жа намінацыі дыплом першай ступені сярод бібліятэк, размешчаных у сельскай мясцовасці – у Жытамлянскай сельскай бібліятэцы Гродзенскага раёна.

Створаны ўнікальны віртуальнага інфармацыйна-краязнаўчы даведнік “Жытомля: паміж былым і будучым”, які змяшчае звесткі пра Жытамлянскі край, яго гісторыю, духоўную спадчыну, культурнае жыццё, інфармацыю пра вядомых жыхароў і ўраджэнцаў населенага пункта. Ён размешчаны на сайце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”. 

У намінацыі “За навацыі ў бібліятэчнай справе” дыплом першай ступені атрымала Нацкая сельская бібліятэка Воранаўскага раёна. Тут  рэалізаваны краязнаўчы праект “Адкрывай свой родны край”, які ўключаў web-квэст “Пяшком у гісторыю”, літаратурную гасцёўню “Мая вялікая краіна”, гульні-віктарыны “Любі і ведай свой родны край”, “Беларусь у маім сэрцы”, гульню-падарожжа “Па роднаму краю за 60 хвілін”.

Багаты краязнаўчы матэрыял па гісторыі краю, яго знакамітых людзей, якія вызначыліся плённай працай і асабістымі заслугамі, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, таленавіта-адораных асоб сабраны падчас пошукава-экспедыцыйнай акцыі “Рэліквія маёй сям’і”, па матэрыялах якой створаны фоталетапіс “Мая вёска, мае аднавяскоўцы”. Сабраная фактаграфічная інфармацыя паклала пачатак працы над уласным электронным рэсурсам “Нача: вандроўка ў мінулае”.

У намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” Міхалішкаўская сельская бібліятэка Астравецкага раёна атрымала дыплом першай ступені. Бібліятэкарам рэалізаваны мэтанакіраваныя праекты па падтрымцы і развіцці чытання “Чытаем супольна”, “Кніга і чытанне – для кожнага”. Праведзена значная работа па прывіцці звычкі чытаць на роднай мове з самага малодшага ўзросту. З гэтай нагоды арганізаваны Дзень чытання “Роднай мовы залацінкі”, акцыі “Читай, ДеТвоРа!”, “#Ялюблюсваю краіну”, кніжныя хіт-парады “Самая чытаючая кніга”, “Чытач прапануе чытачу”, “Для падлеткаў: цікава і проста”, квэст-гульня “Падарожжа па роднай вёсцы”.

У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” Свіслацкая раённая бібліятэка атрымала дыплом другой ступені. У межах праекта “Будзь у фармаце – чытай беларускае” арганізаваны цыкл тэматычных выстаў “Адкрый для сябе беларускую кнігу”, інтэрнэт-акцыя “#Моладзь Свіслаччыны чытае беларускую кнігу”, літаратурныя марафоны “Book-сімпатыя”, “Гучы беларускае слова!”, крэатыў-конкурс “Фатаграфія з любімай кнігай беларускага аўтара”. Супрацоўнікі ўстановы раскрылі багаты патэнцыял айчынных выданняў, папулярызавалі творчасць беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў і лепшыя творы сучаснай літаратуры.

Заахвочвальныя прэміі атрымалі 2 установы: Смаргонская раённая бібліятэка і Любчанская ГПБ Навагрудскага раёна. Калектывам Смаргонскай раённай бібліятэкі стораны метадычны кейс “Будзь са скульптарам!”: да 75-годдзя з дня нараджэння У.В.Церабуна, які ўяўляе сабой структураваны лічбавы комплекс матэрыялаў і забяспечвае арганізацыйнае, інфармацыйнае, метадычнае суправаджэнне мерапрыемстваў, прысвечаных знакамітаму земляку.

У Любчанскай ГПБ Навагрудскага раёна распрацаваны турыстычны маршрут “Гістарычнымі мясцінамі пасёлка Любча”, які ўключае: Любчанскі замак, памятны знак да 405-годдзя Любчанскай друкарні, Свята-Ільінскую царкву, Любчанскі парк – помнік садова-паркавага мастацтва ХVІІІ ст. Карыстаецца вялікім попытам сярод насельніцтва пасёлка інтэрактыўна-краязнаўчая праграма “Край мой там, дзе Нёман цячэ” і гульня-складанка “Вялікія асветнікі беларускай зямлі”, распрацаваная супрацоўнікамі бібліятэкі.

Віншуем пераможцаў!