Дэкада Багдановіча “Крыніцы натхнення паэта”

У 2021 годзе адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які сярод паэтаў свайго часу вылучаўся шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем жыцця і адчуваннем паэзіі. За кароткія 25 гадоў, адведзеных лёсам, ён пакінуў нам багатую літаратурную спадчыну, што склала аснову юбілейнай мастацка-дакументальнай выставы-прагляду літаратуры “Неардынарны талент Максіма Багдановіча”, падрыхтаванай супрацоўнікамі абанементнага аддзела ў рамках дэкады Багдановіча “Крыніцы натхнення паэта”.

Экспазіцыя змяшчае, адпаведна гадавіне песняра, 130 (100 літаратурна-мастацкіх, 30 дакументальных) выданняў: мастацкія кнігі-асобнікі М.Багдановіча, зборы яго твораў розных гадоў выдання (ад 1968 да 2001), факсімільнае  выданне зборніка вершаў “Вянок” (1981), энцыклапедыі, даведнікі, артыкулы з навуковых зборнікаў, навукова-папулярную літаратуру, прысвечаную лёсу паэта, яго ўплыву на творчасць калег па пяру, успаміны знаёмых і пераклады твораў Максіма Багдановіча на розныя мовы свету.

Асаблівую ўвагу раім звярнуць на выданні апошніх годоў ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”: Багдановіч М. А. “Я не самотны…” (2016), Навумовіч У. А. “Вабюліманс” (2019), Багдановіч М. А. “Выбраныя творы” (2021), кніга з серыі “Напісанае застаецца”: Стральцоў М. “Адзін лапаць, адзін чунь; Загадка Багдановіча” (2021), кніга з серыі “ЖЗЛБ: Жыццё знакамітых людзей Беларусі” “Максім Багдановіч” (2021). Гэта кнігі са звесткамі, незнаёмымі нават самым дасведчаным багдановічазнаўцам: аб сямейных адносінах пісьменніка, яго сябрах, вучобе, выхаванні, працы, знешнасці, палітычных поглядах, творчай кухні, вытоках таленту, асабістым жыцці, дзённікавых запісах, успамінах, выяўленых нядаўна, і невядомых раней творах паэта.

Экспазіцыя знаходзіцца ў абанементным аддзеле, па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.

Таксама запрашаем вас азнаёміцца з відэааглядам “На магістралях вершатворчасці Максіма Багдановіча” (ушанаванне літаратурнай спадчыны пісьменніка) і дэкламацыяй верша паэта ў фармаце “відэа на пяску”: #ІЗНОЎ_ПАБАЧЫЎ Я_СЯЛІБЫ…