Казкі кніжнай феі

Усе казачнікі ─ чараўнікі, бо ствараюць для нас асаблівую рэчаіснасць і добрымі фантастычнымі гісторыямі дапамагаюць здзяйсняць мары, верыць у цуды і заўважаць незвычайнае ў паўсядзённым жыцці.

28 красавіка ў дзіцячы філіял завітала “кніжная фея” ─ беларуская пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

Госця з першых хвілін здзівіла ўсіх прысутных  незвычайным вобразам Шахматнай каралевы ─ гераіні казачнай гісторыі “Загадка прынцэсы Агнэсы”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі былі захоплены займальнай гутаркай, з задавальненнем удзельнічалі ў эрудыт-падарожжы па Грыбной дзяржаве разам з Панеёлусам Матыльковым са старонак кнігі “Сакрэты аднаго каралеўства”. Юных чытачоў зацікавілі кніжка-пярэкрутка “Жахліўчык пра трох сяброў і прывід з хутара. Жахліўчык пра жудасную ноч і чатырох сябровак” і кніга-квэст “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці”.

На мерапрыемстве прысутнічалі члены Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: Кебіч Людміла Антонаўна і Радзівончык Дзмітрый Мікалаевіч. Сустрэча была насычана новымі чытацкімі ўражаннямі, дарослыя і дзеці дзяліліся сваімі думкамі і эмоцыямі.

Дзякуючы Выдавецкаму дому “Звязда” ўсе жадаючыя маглі набыць упадабаныя кнігі, атрымаць аўтограф пісьменніцы і нават стаць удзельнікамі імправізаванай фотасесіі з лялькамі-героямі казачных гісторый.

Да сустрэчы былі падрыхтаваны выставы твораў Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і кніг Выдавецкага дома “Звязда” з фонду абласной навуковай бібліятэкі.

У дзіцячым філіяле можна пазнаёміцца з усімі выдадзенымі творамі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, нават надрукаванымі ў часопісах “Вясёлка” і “Бярозка”. Запрашаем  працягнуць літаратурную вандроўку з героямі кніг “Падарожжы ў Чароўны лес”, “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, “Казкі Сіняй падушкі”, “Казкі сівой даўніны”, “Код геніяльнасці”, “Таямніца незвычайнай школы”, “Знаёмцеся ─ #Падабай.к@!”, “Зорка нябесная. Зорка зямная”,  “Прыгоды лісачкі Красуні” і не толькі.

Шчыра ўдзячныя Кацярыне Хадасевіч-Лісавой за цікавую сустрэчу, захопленасць літаратурнай творчасцю, імкненне дарыць юным чытачам цуд Кнігі, дзяліцца любоўю да чытання і беларускага слова.