Старонкі лёсу і творчасці Аляксея Карпюка
Шаноўныя гарадзенцы!
14 красавіка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Нічыпаравіча Карпюка, беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча, Заслужанага работніка культуры БССР, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа. Імя А.Карпюка адносіцца да надзвычай каларытных постацяў айчыннай літаратуры. Яго жыццё было багата на падзеі, якія пазней сталі асновай для паўдзесятка буйных мастацкіх твораў. Гэтага чалавека ведаюць усе, хто цікавіцца беларускай літаратурай і гісторыяй Гродна.
“На працягу свайго жыцця я змяніў шмат прафесій, і з усіх найбольшае задавальненне дае мне пісанне. Яно мяне захапіла цалкам, пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!” – у гэтых словах уся чалавечая сутнасць Аляксея Карпюка.
Пасля вайны Аляксей Нічыпаравіч пераважна жыў і працаваў у Гродне. Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута займаўся настаўніцкай, выкладчыцкай і журналісцкай працай. Працаваў у Гродзенскім педагагічным інстытуце, у абласной газеце “Гродзенская праўда”, быў сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР, адным з заснавальнікаў і дырэктарам Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне.
Аляксей Карпюк карыстаўся вялікім аўтарытэтам гродзенцаў, выступаў у рабочых калектывах, сярод школьнікаў, вайскоўцаў. Ён быў таленавітым арганізатарам літаратурных святащ, юбілеяў, канферэнцый. Любіў гэтую справу. Сам прымаў гасцей, паказваў горад, які добра ведаў і ганарыўся ім.
Творчасць Аляксея Карпюка непасрэдна звязана з мясцінамі Гродзеншчыны. Яго творы – своеасаблівая хроніка гродзенскага краю, у якой і гістарычная даўніна, і падзеі вайны, барацьба з гітлераўскімі акупантамі, і лёс гродзенскіх мастоў, і паэтычны ўзлёт сусветна вядомай гродзенскай гімнасткі Вольгі Корбут…
Упершыню ў друку Аляксей Нічыпаравіч дэбютаваў у 1953 г. аповесцю “У адным інстытуце”, на старонках якой расказвае пра аднаўленне пасляваеннага Гродна студэнтамі педагагічнага інстытута. З цеплынёй апісвае жыццё ў студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Замкавай, адкрыццё ў інстытуце сталовай і іншыя факты паўсядзённага жыцця студэнтаў навучальнай установы.
Сапраўдны поспех і шырокую вядомасць яму прынёс раман “Данута”, які прызнаны адным з лепшым беларускіх твораў пра каханне. Раман здабыў прыхільнікаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Неаднаразова перавыдаваўся, перакладаўся на іншыя мовы.
Запрашаем Вас у аддзел краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага, дзе Вы можаце пазнаёміцца з кніжнай спадчынай Аляксея Карпюка, артыкуламі з перыёдыкі, біяграфічнымі выданнямі, дзе змешчаны і яго пісьмы да жонкі, дзяцей, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Максіма Танка і іншых асоб.
Даведкі па тэл. 71 89 54