Хвалюючы летапіс Перамогі

Паважаныя гарадзенцы!

У абанементным аддзеле да 75-годдзя Вялікай Перамогі арганізаваны кніжны прагляд “Хвалюючы летапіс Перамогі”. Выстава складаецца з чатырох раздзелаў, прысвечаных асноўным перыядам Вялікай Айчыннай вайны.

У прадстаўленых дакументах раздзела “Шлях да Вялікай Перамогі” адлюстраваны значныя падзеі ваенных гадоў, такія, як Бітва за Маскву, Сталінградская бітва, блакада Ленінграда, Курская бітва, баі за Каўказ, узяцце Берліна. Гэта навукова-папулярныя выданні беларускіх і расійскіх гісторыкаў, а таксама ўспаміны савецкіх палкаводцаў. Кнігі на праглядзе прадстаўлены наступнымі серыямі: “Военные тайны ХХ века”, “Военные мемуары”, “Военная авиация ХХ века”, “На линии фронта”, “Правда о войне”, “Война и мы”, “Пограничники”, “Герои в зелёных фуражках” і інш.

Па кнігах раздзела “Беларусь. 1941-1945. Подзвіг. Трагедыя. Памяць” можна прасачыць, што адбывалася ў свеце напярэдадні вайны, як трагічныя падзеі лета 1941 г. былі пераадолены і саступілі месца рашучым дзеянням партызан, падпольшчыкаў, усяго насельніцтва Беларусі. Многія выданні ілюстраваны гістарычнымі фотаздымкамі, фотакопіямі архіўных дакументаў.

Экспазіцыя дапоўнена мастацкімі творамі пра Вялікую Айчынную вайну як класікаў, так і сучаснікаў сусветнай літаратуры. На выставе прадстаўлена шмат новых выданняў у розных серыях: “Проза Великой Победы”, “Лучшая фантастика о Великой Отечественной”, “Военные приключения”, “Военно-полевая любовь”, “В сводках не сообщалось…”, “День Победы. Классика военной литературы”, “Фронтовик. Лучшие военные боевики” і інш.

Запрашаем пазнаёміцца з дакументальнай, мемуарнай і мастацкай літаратурай, прысвечанай асноўным падзеям Вялікай Айчыннай вайны, а кнігі, якія найбольш зацікавілі, узяць пачытаць дадому.