У гармоніі з узростам
У бібліятэках Навагрудчыны прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня пажылых людзей. Навагрудская раённая бібліятэка арганізавала літаратурна-пазітыўны ваяж «У гармоніі з узростам». Бібліятэкары павіншавалі са святам чытачоў, падзякавалі ім за мудрасць, плённую працу і ўручылі паштоўкі. Гучалі прыгожыя вершы, актуальныя кніжныя рэкамендацыі, цікавыя факты пра неардынарных асоб культуры і навукі. Весела і пазітыўна прайшлі інтэрактыўныя заданні, кулінарныя гульні і кінавіктарыны. Вера Якаўлеўна Кірко прадэманстравала цудоўную калекцыю плеценых сумак, якія яна стварае ўласнымі рукамі. Цёплыя ўспаміны, душэўныя песні, абмеркаванне літаратуры – усё гэта мела месца за агульным сталом.
Сваіх чытачоў сярэбранага ўзросту Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання па традыцыі, якая даўно склалася, запрасіла ў Біблія-Кафэ. Ва ўтульнай і цёплай абстаноўцы за кубачкам духмянай гарбаты госці знайшлі шмат агульных тэм. Гаварылі пра мінулае і сучаснасць, пра кнігі і чытанні, пра любімыя творы і фільмы, чыталі вершы, дзяліліся парадамі… Шаноўным чытачам падарылі маленькія падарункі, паштоўкі з пажаданнямі бясконца доўгіх і шчаслівых гадоў, напоўненых здароўем, спакоем, шчасцем і клопатам. А самым прыемным для бібліятэкараў сталі цёплыя словы падзякі за працу і душэўнае стаўленне да кожнага, хто пераступае парог бібліятэкі.