Сямейныя абрады і звычаі
Варфаламеева, Т. Б. Сямейныя абрады і звычаі / Т. Б. Варфаламеева. – Мінск : Вышэйшая школа, 2017. – 719 с. : каляр. іл. + 1 электрон. апт. дыск (CD).
У традыцыйнай культуры беларусаў абрады сямейнага цыкла займаюць такое ж фундаментальнае месца, як і абрады цыкла каляндарнага. Абодва яны яскрава характарызуюць беларускі этнас, паколькі выражаюць калектыўныя ўяўленні аб сацыяльных формах узаемадзеянняў і стасунках людзей паміж сабой. Традыцыйныя сямейныя абрады і звычаі – гэта галіна духоўнай дзейнасці беларусаў, дзе ўстойлівыя традыцыі працягваюць жыць і ў сучасных умовах.
Прапануемае навукова-папулярнае выданне з серыі “Духоўная спадчына беларусаў” прысвечана сучаснаму стану трыяды абрадаў жыццёвага цыкла – радзінам, вяселлю, пахаванню. Значнасць гэтых вех ў далёкай старажытнасці спрыяла іх дэталёваму абрадаваму афармленню. Найважнейшыя пераломныя моманты ў жыцці чалавека раскрываюцца як сукупнасць вузкалакальных традыцый, што, з аднаго боку, дае дэталёвае ўяўленне аб разнастайнасці кожнага абраду ва ўсіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі, з другога – сведчыць пра генетычную еднасць сямейна-абрадавых традыцый беларусаў.
Выданне ілюстравана фатаграфічнымі і нотнымі матэрыяламі. Электронны дадатак змяшчае вясельныя песні, запісаныя ад лепшых аўтэнтычных знаўцаў песенных традыцый.
Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў, зацікаўленых беларускім традыцыйным мастацтвам.
Пазнаёміцца з кнігай можна ў аддзеле краязнаўства (вул. Карбышава, 17, каб. 107). Тэл.: 8 (0152)71-89-54.