Сябруем з законам

Да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у бібліятэцы-філіяле аг. Ліпнішкі адбыўся юрыдычны дыялог з вучнямі 3-4 класаў “Сябруем з законам”.

Бібліятэкар расказала дзецям пра гісторыю дзяржаўнага свята, што з’яўленне незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь – з’яўляецца заканамерным этапам гістарычнага развіцця. Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі (пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года). Сёння яна дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года, 17 кастрычніка 2004 года і 27 лютага 2022 года. Гэта Асноўны Закон дзяржавы, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі краіны.

Вучням цікава было даведацца пра тое, што дзяржаўная ўлада ў нашай краіне падзяляецца на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Кожная з іх самастойная, але яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і ўраўнаважваюць адна адну.

На базе публічнага цэнтра прававой інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі адбыўся актуальны дыялог “Сябруем з законам” з навучэнцамі прававога класа Іўеўскай сярэдняй школы. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках праекта “Прававы экспрэс”.

Удзел у дыялогу прыняла натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі Кавалеўская Ларыса Анатольеўна. Дзеці даведаліся пра гісторыю стварэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пазнаёміліся з яе структурай, абмеркавалі прызначэнне і ролю Асноўнага Закона краіны ў сучасным грамадстве, асноўныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Да мерапрыемства была аформлена выстава пад назвай “Канстытуцыя – галоўны закон краіны”.