Спуск у горад Хлуск

Пшонік, Г. Б. Спуск у горад Хлуск : казка / Галіна Пшонік ; [мастак К. Першына]. – Мінск : Звязда, 2017. – 46, [2] с.. – (Вясёлы калейдаскоп)
Галіна Пшонік – дзіцячая пісьменніца, журналіст, часта сустракаецца з юнымі чытачамі. Менавіта гэтыя сустрэчы адкрываюць ёй, што ведаюць і чаго не ведаюць, што любяць і чаго не любяць, што разумеюць і чаго не разумеюць сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Каб дапамагчы ім даведацца, палюбіць, зразумець тое важнае, што яны яшчэ не паспелі, і пачала яна пісаць свае казкі.
Ці хацелі б вы патрапіць у горад Хлуск? Гэта вельмі прыгожае месца! Вялізная галоўная плошча застаўлена высокімі, аж да аблокаў, дзіцячымі горкамі, а ў розныя бакі ад яе промнямі разыходзяцца некалькі вуліц. На гэтых вуліцах стаяць прыгожыя будынкі, пафарбаваныя ў ружовы колер. Усе гараджане на першы погляд ветлівыя і, здаецца, з радасцю прыйдуць на дапамогу, калі яна вам спатрэбіцца.
Аднак уся гэтая прыгажосць – штучная. Жыхароў у горадзе багата, але жыць разам яны не ўмеюць – падманваюць адзін аднаго, абдурваюць, аблічваюць, абважваюць, абмерваюць. Ніхто нікому не давярае, ніхто ні з кім не супрацоўнічае, ніхто ні з кім дамовіцца не можа. А калі б вы зазірнулі ў вучэльню горада, то ўбачылі б там шмат цікавага: лабараторыю “Як выдаваць чорнае за белае”, студыю “Вясёлая міна пры дрэннай гульні”, майстэрню па перакоўцы галасоў…
Менавіта ў такі “цудоўны” горад і патрапілі Змітрок, Юрась і Вераніка. Кожны з іх схлусіў, бо баяўся пакарання за свае невялікія правіны. А вярнуцца дадому аказалася справай складанай і небяспечнай. Ці атрымаецца ў дзяцей ускараскацца па зачараванай слізкай лесвіцы? І ці ўсе жыхары Хлуска такія ўжо нягоднікі? Адказы на гэтыя пытанні вы атрымаеце, прачытаўшы казку Галіны Пшонік “Спуск у горад Хлуск”.
Гэта захапляльная казачная гісторыя прыйдзецца даспадобы чытачам малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
За кнігай звяртайцеся ў дзіцячы філіял бібліятэкі (вул. Савецкая, 25).