Радкі з рыфмаю на сэрцы

Ці патрэбна паэту гучная слава, вялікія стадыёны слухачоў і велізарныя наклады ўласных кніг? На гэтае пытанне кожны адказвае па-свойму. У майскі цёплы дзень ва ўтульнай гасцёўні ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” сабраліся неабыякавыя да паэзіі людзі. На сустрэчу з прыгожым словам усіх запрасіла паэтэса Алена Руж. “Строчки с рифмою на сердце…” – гэта незвычайны творчы вечар, на якім яна – галоўная гераіня. 25 гадоў таму адбыўся яе дэбют на старонках мясцовай прэсы, з іх 22 гады ў газеце “Слонімскі веснік” Алена Анатольеўна сумесна з Ірынай Антонаўнай Войтка, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніком Слонімскага літаратурнага аб’яднання імя А. Іверса, вядзе літаратурную старонку. За многія гады свайго творчага шляху Алена Руж правяла нямала сустрэч у бібліятэках і школах, удзельнічала ў значных мерапрыемствах такіх, як Тыдзень дзіцячай кнігі, які праводзіцца ў дні школьных канікул, Дзень беларускага пісьменства 2019-га года ў Слоніме і іншых. У яе багажы публікацыі ў многіх калектыўных зборніках, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Алена Руж падтрымлівае зносіны з многімі літаратарамі, яна член Слонімскага літаратурнага аб’яднання імя А. Іверса і Гродзенскага літаратурнага аб’яднання “Надзея”. Паэтэса з лёгкасцю піша вершы і па-руску, і па-беларуску, бо абедзве мовы для яе родныя. Тэмы яе творчасці разнапланавыя, тут знайшлося месца і лірыцы, і філасофіі, ёй блізкая дзіцячая тэма. А ў гэты майскі дзень яна прызнавалася ў любові да свайго роднага горада. Простыя, не пафасныя радкі, а столькі вобразаў, падгледжаных у звычайным жыцці.

Паэтэса свой горад бачыць незвычайна прывабным менавіта праз мімалётныя імгненні, якія ўплятае ў паэтычныя радкі сваіх твораў: у кубку адлюстроўваецца неба сінь, стары дом на набярэжнай Шчары ўсё яшчэ стаіць і глядзіць сваімі вокнамі-вачыма на плынь ракі, нечаканая навальніца, прыціхлыя вербы ў старым парку.

Горад дзяцінства ў яе асаблівы: “Тебя люблю, провинциальный, неспешный, милый городок…” – гэта яе прызнанне. І прызванне – жыць і працаваць на роднай зямлі, любіць сваіх блізкіх, шанаваць сяброўства, быць часткай вялікага і цудоўнага саюза Паэзіі, радавацца кожнаму дню і дарыць гэтую радасць людзям.