Наша спадчына

Традыцыйна Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін адзначаецца 18 красавіка. Аддзел па абслугоўванні дзіцячага чытача Навагрудскай раённай бібліятэкі запрасіў вучняў сярэдняй школы № 3 на краязнаўча-пазнавальную гадзіну “Наша спадчына”. Навагрудская зямля мае багатую гісторыю і культуру, авеяна таямніцамі і легендамі, славіцца сваімі землякамі і шматлікай колькасцю вядомых мясцін. Асаблівае месца ў гісторыі Навагрудчыны займае яе духоўная спадчына, якая фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў. Самы старажытны храм Навагрудчыны – сабор Святых благаверных князёў Барыса і Глеба г. Навагрудка сёлета адзначае 505 гадоў з часу заканчэння будаўніцтва на сродкі князя Канстанціна Астрожскага. На мерапрыемства бібліятэка запрасіла клірыка Барысаглебскай царквы айца Ігара Пірага, які падрабязна расказаў аб гісторыі Навагрудскай святыні.

Мерапрыемства суправаджалася мультымедыйнымі прэзентацыямі “Наша спадчына”, “Вуліцы горада расказваюць”, “Тут жыве мая гісторыя”.

Таксама ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшла квэст-праграма “Нечаканая вандроўка па Беларусі”, прысвечаная Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных мясцін.

Юнакоў і дзяўчат з Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа ў складзе дзвюх каманд чакала захапляльнае знаёмства з архітэктурнымі, культурнымі і прыроднымі беларускімі славутасцямі праз квэставыя заданні. Спачатку ішла размова пра найбольш значныя аб’екты спадчыны з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і спіса Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Квэставыя заданні прапаноўвалі складанне з пазлаў выяў замкаў, вызначэнне са спасылкай на QR-коды самых вядомых помнікаў кожнай з вобласцей Беларусі. Патрэбна было назваць кожны з прадстаўленых беларускіх музычных інструментаў і суаднесці інструменты з іх выявамі. Асобнае геаграфічнае заданне прапанавала разгадаць зашыфраваны культурны аб’ект з дапамогай азбукі Морзе. А літаратурная частка мерапрыемства дала магчымасць пазнаёміцца з помнікамі Гродзенскай вобласці і вызначыць помнік аднаму з заснавальнікаў беларускай літаратуры – Францішку Багушэвічу.