Навукова-практычная канферэнцыя «ХIІ Лідскія чытанні».
16 красавіка 2025 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла навукова-практычная канферэнцыя «ХIІ Лідскія чытанні» на тэму «Літаратура і друк на Лідчыне».
Штогод сталіцай Дня беларускага пісьменства вызначаецца горад, які пакінуў адметны след у гісторыі беларускай зямлі як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, цэнтр асветы і культуры. Трыццаць другое свята Дня беларускага пісьменства сёлета ладзіцца ў Лідзе. Менавіта гэтай тэме была прысвечана навукова-практычная канферэнцыя «ХIІ Лідскія чытанні». На мерапрыемства былі запрошаны мовазнаўцы, настаўнікі, студэнты, краязнаўцы і іншыя. Падчас работы навуковай канферэнцыі ў чытальнай зале дзейнічалі кніжныя выставы «Узрасло буйным коласам зерне Скарыны», прысвечаная гісторыі кнігадрукавання на Беларусі і «Лідчына літаратурная», прысвечаная пісьменнікам, якія нарадзіліся на Лідчыне, або ўнеслі яркі след у гісторыю старажытнага горада. У літаратурным жыцці горада значнае месца займае літаратурнае аб’яднанне «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты». Яго ўдзельнікі спрабуюць свае сілы ў паэзіі, прозе, драматургіі. Яны рэгулярна друкуюцца на старонках раённай газеты і друкуюць кнігі, якія дораць бібліятэцы. Менавіта кнігі-падарункі з уласнымі аўтографамі аўтараў былі прадстаўлены на гэтай выставе.
З прывітальным словам выступіла Быстрыцкая Алена Адамаўна, намеснік дырэктара Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Потым з дакладамі выступілі ўдзельнікі канферэнцыі. Беларускі мовазнавец, паэт, празаік, крытык, супрацоўнік Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юрый Пацюпа выступіў з дакладам «Вільгельм Пратасевіч як асоба і аўтар паэмы «Суседчык Гавейскі».
Анашкевіч Наталля, настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «СШ №11 г. Ліды» прадставіла краязнаўча-пошукавую работу «Феномен поэта и поэзии в литературе Лидчины».
Мы ганарымся, што ў нашым прынёманскім краі ўпершыню прагучаў мужны голас Петруся Граніта і Васіля Струменя. Горад Ліда стаў важным этапам у жыцці беларускіх паэтаў Валянціна Таўлая і Ніны Тарас. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны даклад Алеся Хітруна «Лідская заходне-беларуская літаратура: Ніна Тарас, Пятрусь Граніт, Васіль Струмень… у фондах ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей».
Метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Ірына Струмкіс раскрыла тэму «Выданне фальклорна-этнаграфічных зборнікаў на Лідчыне».
Студэнты Лідскага каледжа Сабадаха Дар’я і Юхно Марыя выступілі з дакладамі, у якіх асвятлілі тэмы літаратурна-асветніцкай дзейнасці Цёткі і Каруся Каганца, творчасць якіх займае значнае месца ў беларускай літаратуры.
Пісьменнік і краязнавец Станілаў Суднік выступіў з дакладам «Лідская літаратура 1919-1939 гг.», у якім раскрыў тэму Лідчыны шматмоўнай.
Валерый Мацулевіч расказаў пра выдатнага журналіста і паэта, які ўславіў Лідчыну ў трох зборніках «Леў і ключы», «Горад-карабель», «Бронзавы Гедымін», у дакладзе «Творчасць лідскага паэта, журналіста Алеся Мацулевіча».
Завяршыла мерапрыемства Галіна Курбыка, бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы дакладам «Кніга “Беларускі народны арнамент» – рэліквія Лідчыны». Яна пазнаёміла з кнігай-рарытэтам, падарункам жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Францаўны Луцэвіч «Беларускі народны арнамент» 1953 года выдання з дарчым надпісам ад 29 чэрвеня 1956 года, якая захоўваецца ў чытальнай зале бібліятэкі.