Масты сугучнасці

Рэспубліканскі фестываль паэзіі “Масты сугучнасці” прайшоў у Мастоўскай раённай бібліятэцы.

Арганізатары гэтага маштабнага мерапрыемства – Саюз пісьменнікаў Беларусі, сектар культуры Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта, Мастоўская раённая бібліятэка і Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей.

Адкрылі фестываль урачыста і цікава: мастоўская паэтэса Таццяна Абухоўская сустрэла гасцей аўтарскім вершам “Мастам складаем гімн хвалебны”, народны ансамбль народнай песні “Ярыца” стварыў асабістую атмасферу свята сваёй творчасцю, намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Давыдзік Марына Осіпаўна сказала ўступнае слова, а шаноўныя госці прынялі ў падарунак цудоўны духмяны каравай.

Матвіенка Анатолій Яўгенавіч, празаік, публіцыст, намеснік старшыні Мінскага гарадскога аддзялення СПБ прадоўжыў адкрыццё прамовай і ўручэннем грамат ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

У гэты час выдавецкі дом “Звязда” і выдавецтва “Мастацкая літаратура” ладзілі выставу-продаж літаратуры, дзе кожны жадаючы мог набыць кнігу і тут жа атрымаць аўтограф аўтара.

Урачыстае мерапрыемства прадоўжылася ў бібліятэцы, дзе ўсе прысутныя былі запрошаны на пазнавальную экскурсію па галоўнай кніжніцы раёна, наведалі тэматычныя выставы, завіталі ў міні-музей “Мір дакампьютэрнай тэхнікі”, паглядзелі пастаноўку тэатра ценяў з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Удзельнікі Рэспубліканскага фестывалю паэзіі прынялі ўдзел у круглым стале “Паэзія на ўсе часы: творы і творцы” з віртуальным суправаджэннем, што дало магчымасць далучыцца да яго ўсім жадаючым. Прагучалі выступленні вядомых таленавітых беларускіх паэтаў, членаў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з розных рэгіёнаў краіны.

У рамках фестывалю адбыліся творчыя сустрэчы паэтаў з чытачамі ў аг. Гудзевічы.

Знакамітыя госці наведалі Гудзевіцкую сельскую бібліятэку, дзе адбылася сустрэча з маленькімі прыхільнікамі паэзіі пад назвай “Зорны вяночак беларускай паэзіі”.

Дзяцей захапілі размовай Людміла Антонаўна Кебіч – старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, і Таццяна Анатольеўна Дземідовіч – старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ.

Валянціна Станіславаўна Драбышэўская (паэтэса, празаік) правяла з удзельнікамі сустрэчы інтэрактыўную гульню, а паэтэса Кавальчук Тамара Васільеўна прэзентавала дзецям свае новыя кнігі.

Бібліятэкар пазнаёміла чытачоў і з паэтам-земляком Мікалаем Пятровічам Іваноўскім, які нарадзіўся ў в.Пачуйкі Ваўкавыскага раёну.

Сустрэча атрымалася цікавай і пазнавальнай, дзеці пранікліся хараством беларускай паэзіі і ўбачылі сапраўдных паэтаў ужывую.

Шаноўныя госці сустрэліся таксама з моладдзю – у Гудевіцкім цэнтры вольнага часу і культуры выступілі А.Я.Матвіенка, Т.І.Абухоўская, Г.І.Васілеўская, З.І.Дудзюк, Д.М.Радзівончык, Т.М.Яцук, З.М.Кулік-Капуста, Т.М.Мазур і другія.

Завітала паэтычная дэлегацыя і ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей.

На творчай сустрэчы паэтаў і пісьменнікаў з чытачамі ў сярэдняй школе № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза Васіля Пятровіча Жукава знакамітыя госці ў адзін момант захапілі аўдыторыю. Дзеці адразу адгукнуліся на інтэрактыў ад беларускай паэтэсы Валянціны Драбышэўскай – па сваіх творах яна арганізавала сапраўднае тэатральнае дзейства.

Людміла Антонаўна Кебіч зачытала некалькі сваіх вершаў і адказала на пытанні асабліва цікаўных.

Новыя кнігі прэзентавалі Кавальчук Тамара Васільеўна і Іваноўскі Мікалай Пятровіч, паэт-зямляк, лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва”.

Першы Рэспубліканскі фестываль паэзіі “Масты сугучнасці” пакінуў мноства станоўчых уражанняў у кожнага, хто сутыкнуўся з гэтай падзеяй.