Лета ў правінцыі
Пленэр мастакоў “Лета ў правінцыі. Сядзіба Мар’яна Богуша-Шышкі-2024” стаў сапраўднай культурнай падзеяй для жыхароў і гасцей аграгарадка Трокенікі. Сёлета ў пленэры прынялі ўдзел 13 таленавітых мастакоў з Астравецкага раёна, суседняй Смаргоншчыны і г. Мінска. Цудоўная прырода і наваколле, дзе калісьці жыў і тварыў “мастак стагоддзя” Мар’ян Богуш-Шышка, ужо не першы год натхняе жывапісцаў на напісанне карцін. За працэсам іх стварэння маглі назіраць усе жадаючыя.
У рамках пленэру працавала персанальная выстава карцін мясцовых мастачак Тэрэсы і Вікторыі Варановіч “Сэрцу любыя мясціны”.
Маленькіх жыхароў і гасцей аграгарадка забаўлялі інтэрактыўныя пляцоўкі раённай бібліятэкі, выязны гандаль і надзіманыя горкі, а супрацоўнікі МНС у гульнявой форме нагадвалі аб правілах бяспекі. Запамінальнай і цікавай стала канцэртная праграма з удзелам артыстаў Міхалішкаўскага і Кемелішкаўскага сельскіх клубаў. Завяршыўся пленэр узнагароджаннем мастакоў і выставай жывапісных карцін.
Выказваем словы ўдзячнасці спонсарам: Міхцеевым Вадзіму Анатольевічу, Антону Вадзімавічу і Якаву Міхайлавічу за матэрыяльную падтрымку ў правядзенні пленэру.