Кніга – адзін з самых мудрых і каштоўных падарункаў

14 лютага ў Беларусі, як і ў многіх іншых краінах свету, адзначаецца Міжнародны дзень дарэння кніг – знамянальная дата для ўсіх кнігалюбаў. Да свята Навагрудская раённая бібліятэка запрасіла навучэнцаў другога курса Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа на інтэрактыўны агляд літаратуры “Кніга – адзін з самых мудрых і каштоўных падарункаў”.

Кніга – гэта частка нашай культурнай спадчыны. Яна аб’ядноўвае пакаленні, стагоддзямі перадаючы веды. Кніга – гэта тая крыніца ведаў, з дапамогай якой магчыма знайсці адказ на любое пытанне. Героі літаратурных твораў розных часоў вырашаюць для сябе вельмі важныя пытанні. Пра гэта і шмат іншае ішла гаворка падчас інтэрактыўнага агляду.

Пазнавальна прайшла гульня “Літаратурная геаграфія”, дзе навучэнцы суадносілі пісьменнікаў з краінамі, якія яны прадстаўляюць.  У гульні-анаграме “Адным словам” камандамі адгадвалі назвы кніг і мастацкіх твораў. Была прадстаўлена вялікая колькасць твораў айчынных і замежных аўтараў, класічная і сучасная літаратура, серыйныя кніжныя выданні,  бестселеры і навінкі бібліятэчнага фонду.

Юнакі і дзяўчаты  расказалі пра свае любімыя  кнігі і літаратурныя густы.