Займальная гадзіна «Беларусь рамесная»
22 красавіка ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Я. Коласа з навучэнцамі 8 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Слоніма» была праведзена займальная гадзіна «Беларусь рамесная» каб падтрымліваць у падрастаючага пакалення цікавасць да традыцыйных відаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК «Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа» Чычыкайла М.А. пазнаёміла юных удзельнікаў мерапрыемства з гісторыяй беларускага народнага рамяства – саломапляцення, расказала пра яго развіццё і сувязі з культурнымі традыцыямі Беларусі.
Далей дзеці мелі магчымасць паўдзельнічаць у творчай майстэрні і паспрабаваць свае сілы ў мастацтве саломапляцення. На займальную гадзіну прыйшлі падзяліцца сваімі ўменнямі носьбіты элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці «Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення»– майстар народных мастацкіх рамёстваў Федаровіч Тамара Канстанцінаўна і загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК «Слонімскі раённы цэнтр культуры», майстар народных мастацкіх рамёстваў (аплікацыя саломкай) Зелянко Анастасія Васільеўна.
Дзеці з вялікім задавальненнем далучыліся да майстар-класа Тамары Канстанцінаўны па пляценні саломкай «Зубатка». Анастасія Васільеўна спачатку паведаміла прысутным цікавыя факты аб развіцці саломапляцення на Беларусі, а потым паказала майстар-клас па аплікацыі саломкай «З Вялікаднем!» і «Кветкі». Вельмі добра, што дзякуючы такім таленавітым людзям традыцыі саломапляцення захоўваюцца ў нас на Слонімшчыне і па гэты дзень!
Напрыканцы сустрэчы, для тых, хто зацікавіўся саломапляценнем і хоча даведацца аб усіх сакрэтах гэтага майстэрства бібліятэкар прапанавала каляровыя выданні з кніжнай выставы «Залатыя рукі – саламяныя цуды». Жадаем творчых поспехаў нашым маладым майстрам!