Жанчына дакранулася да слова…

Напрыканцы мая ў малой зале ГУК “Слонімскі цэнтр культуры і адпачынку” адбылася творчая сустрэча з паэтэсай Таццянай Яцук. Вядучая гэтай імпрэзы Тамара Батыраўна Гайдук, дырэктар ГУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” цёплымі словамі прывітала госцю з Баранавіч і пазнаёміла ўсіх прыхільнікаў паэтычнага слова з біяграфіяй і творчасцю цікавай жанчыны. Таццяна Мікалаеўна Яцук – ураджэнка Гродзенскай вобласці, скончыла філалагічны факультэт БДУ ў 1985 годзе. У час вучобы наведвала літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў Алег Антонавіч Лойка. Ужо доўгі час жанчына-творца жыве ў горадзе Баранавічы, працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Яе творы з’явіліся на старонках шматлікіх калектыўных зборнікаў, таксама ў міжнародных зборніках “Память храним”, “Созвездие”, “Ступени”, “Бессмертный взвод”, “Две сестры”. Вершы друкаваліся ў літаратурных альманахах, у часопісах, на старонках рэспубліканскіх і раённых перыядычных выданнях. Зборнікі паэзіі Таццяны Яцук разлічаны на шырокі круг чытачоў, бо тэмы яе твораў разнастайныя. Любоў да Радзімы, гісторыя, філасофскія разважанні пра дабро і зло, справядлівасць і спагаду, лірычныя радкі аб каханні, назіранні навакольнага свету, прапушчаныя праз сваю душу – усё гэтае багацце творчасці Таццяны Мікалаеўны ацанілі на высокім узроўні, зараз яна сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў (МАПП), а таксама кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Купальскія зоры” пры Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы.

Творчы вечар Таццяны Яцук стаў незабыўнай падзеяй для сланімчан, якія ва ўтульнай зале с задавальненнем слухалі вершы ў выкананні аўтара. Зачараваныя мелодыяй яе паэзіі, прысутныя апладысментамі сустракалі Галіну Бабонаву, выканаўцу песень на словы сваёй калегі па літаб’яднанню. Сама спявачка с цудоўнай энергетыкай заварожвала слухачоў мілагучнасцю паэзіі і беларускага слова.

Словы падзякі за цудоўны час адпачынку госці з Баранавіч пачулі з вуснаў кіраўніка Слонімскага літаратурнага аб’яднання ім. А. Іверса, створанага пры газеце “Слонімскі веснік”. Ірына Войтка з натхнёнасцю ад пачутага пажадала збыцца новым добрым кнігам. Яна адзначыла, што сустрэчы такога фармату спрыяюць добрым адносінам паміж творцамі розных рэгіёнаў і знаёмству з новымі імёнамі.

Акрыленае слова Таццяны Яцук ажывала ў зале, ствараючы цуд дакранання да высокага слова Паэзіі. Паэтэса падаравала ў гэты цудоўны майскі дзень добры настрой усім, хто прыйшоў на гэтую сустрэчу. Россып паэтычных жамчужын пад вокладкай яе кніг сталі адкрыццём для тых, хто набыў кнігі Таццяны Яцук пасля заканчэння імпрэзы. Аўтогаф-сесія стала добрым знакам, што кнігі будуць чытацца і дарослымі, і дзецьмі.

“Споведзь чыстаму лісту” спраўдзілася, і не трэба ўжо ісці “За сіняй птушкай”, бо птушка гэтая цудоўнай кнігай Таццяны Яцук будзе добрым напамінам пра сустрэчу на слонімскай зямлі.