Наперад у будучыню: падводзім вынікі, вызначаем шляхі

У сценах галоўнай кніжніцы Прынёмання прайшоў сход працоўнага калектыва, на якім падведзены вынікі дзейнасці ўстановы за 2025 год і акрэслены накірункі развіцця на 2026-ы.

З асноўным дакладам, у якім была прааналізавана работа ўстановы за мінулы перыяд і пастаўлены задачы на бягучы, выступіла дырэктар бібліятэкі Марына Эдвардаўна Ігнатовіч. Яна адзначыла значныя дасягненні ў папулярызацыі чытання, павелічэнні наведвальнасці, рэалізацыі праектаў і правядзенні шматлікіх культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Галіна Аляксандраўна Сцяпанава падчас свайго выступлення прадставіла дасягненні публічных бібліятэк вобласці праз прызму метадычнай дзейнасці.

На сходзе прысутнічалі Сняжана Віктараўна Куратчык, намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама і Анастасія Юр’еўна Пекар, галоўны спецыяліст упраўлення, куратар бібліятэк рэгіёна. Яны падзякавалі калектыву за працу і падкрэслілі ролю бібліятэкі як цэнтра ведаў і культуры.

Асаблівай нотай сустрэчы стала прэзентацыя самых значных кніг, якія папоўнілі фонд установы ў 2025 годзе. Кожнае структурнае падраздзяленне прадставіла свой выбар, распавёўшы пра каштоўнасць выдання, яго значэнне для чытачоў. Гэта дадало мерапрыемству творчай атмасферы і дазволіла падкрэсліць разнастайнасць кніжных багаццяў.

Па выніках паспяховай работы ў 2025 годзе было адзначана 19 спецыялістаў абласной бібліятэкі, а рабочы па комплекснаму рамонту будынкаў і збудаванняў Сяргей Васілевіч Гольнеў, якога ў калектыве называюць “залатыя рукі бібліятэкі”, атрымаў Ганаровую грамату ўпраўлення культуры.