Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

18 красавіка ў Беларусі, як і ва ўсім сусвеце, адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, які ўстаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін (ICOMOS), створанай пры ЮНЕСКА, з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў абароны і захавання сусветнай культурнай спадчыны.
Згодна Канвенцыі аб ахове Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны – прыродныя і культурныя аб’екты, якія складаюць здабытак усяго чалавецтва і вартыя аховы і ўвагі сусветнай супольнасці па прадстаўленні дзяржаў, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца, уносяцца ў Спіс сусветнай спадчыны. У Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ўключаны 4 помнікі: замкавы комплекс “Мір” (2000 г.), Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (2005 г.), Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (1979 г., 1992 г.) і геадэзічная дуга Струвэ (2005 г.). Шмат гістарычных помнікаў, якія з’яўляюцца перспектыўнымі для ўключэння ў гэты спіс. Сярод іх – помнікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гродзеншчыны: Каложская (Барысаглебская) царква ў г. Гродна (XII ст.), царква абароннага тыпу ў в. Сынкавічы Зэльвенскага раёна (канец XV – пачатак XVI стст.), Аўгустоўскі канал.
9 студзеня 2006 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. У “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі” ўключана 5,7 тысяч аб’ектаў архітэктуры, гісторыі і археалогіі. 737 гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. У Спісе каштоўнасцей 21 замак, з іх 9 знаходзяцца на тэрыторыі Гродзенскай вобласці: Стары і Новы замкі ў г. Гродна, Лідскі, Мірскі, Гальшанскі, Навагрудскі, Любчанскі, Крэўскі, Геранёнскі замкі.
У сувязі з гэтым днём у бібліятэцы дзейнічае адкрыты прагляд літаратуры “Архітэктурная спадчына: учора, сёння, заўтра”, дзе прадстаўлены матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю пра помнікі архітэктуры, археалогіі, гісторыі, горадабудаўніцтва, мастацтва Гродзенскай вобласці.
Пазнаёміцца з літаратурай аб гістарычных помніках нашай краіны можна ў аддзелах абслугоўвання бібліятэкі.