Навагрудчына – літаратурнае гняздо Беларусі

Навагрудская раённая бібліятэка зладзіла краязнаўчую панараму “Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі”. З дапамогай аднайменнай кнігі Алеся Карлюкевіча навучэнцы Навагрудскага каледжа тэхналогій і бяспекі адправіліся ў пазнавальнае падарожжа па старажытным Навагрудскім краі. Бібліятэкары прадставілі выдатнае краязнаўчае выданне, пад адной вокладкай якога чытача чакаюць сустрэчы з класікамі і сучаснікамі, якія плённа працуюць у прыгожым пісьменстве.

У кнізе “Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі” вядзецца аповед пра сто трынаццаць асоб, якія жылі на Навагрудчыне ці мелі дачыненне да яе ў прасцягу сямі стагоддзяў. Больш падрабязны акцэнт быў зроблены на жыцці і творчасці Адама Міцкевіча, Яўхіма Храптовіча, Яна Чачота, Язэпа Драздовіча, Валянціна Таўлая, Ніны Тарас, Гаўрыіла Шутэнкі.

Падчас мерапрыемства гучалі прыгожыя вершы пра Навагрудак. Юнакі і дзяўчаты выканалі літаратурныя заданні і выдатна справіліся з гульнямі-загадкамі.