Навечна ў памяці народнай
У Навагрудскай раённай бібліятэцы быў дадзены старт літаратурна-патрыятычнаму марафону “Навечна ў памяці народнай”, прысвечанаму 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемства было зладжана сумесна з Занальным дзяржаўным архівам у г. Навагрудку. Удзел у першым этапе марафона прынялі навучэнцы Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Далей да ўдзела ў эстафеце марафона будуць запрошаны вучні школ і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Навагрудка.
Навагрудская раённая бібліятэка прадставіла кніжную выставу “Хроніка Перамогі. 80-годдзе вызвалення”, экспазіцыйны цэнтр якой склала карта “Цытадэлі мужнасці”. На карце адлюстраваны населеныя пункты, якія сталі прыкладам баявога подзвігу, усенароднага супраціўлення, узнагароджаныя вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Кожны з гэтых 36 населеных пунктаў стаў сапраўднай цытадэллю мужнасці.
Літаратурная старонка прапанавала асобныя факты з ваеннай гісторыі гэтых гарадоў і пасёлкаў, навінкі беларускіх выдавецтваў пра Вялікую Айчынную вайну і іншыя дакументальныя і мастацкія творы.
Занальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку прадставіў дакументальную выставу “Выстаялі і перамаглі”. У склад экспазіцыі ўвайшлі дакументы навагрудскага архіва, а таксама Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Баранавічы.
Да прагляду быў прапанаваны фільм Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў аб вызваленні горада Гродна.
Навагрудскай раённай бібліятэкай была прэзентавана гісторыка-патрыятычная гульня-мемарына “Вялікія сімвалы памяці Беларусі”, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Юнакі і дзяўчаты ў інтэрактыўным фармаце пазнаёміліся з галоўнымі мемарыяламі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, якія з’яўляюцца сапраўднымі сімваламі памяці беларускага народа.