Выніковая калегія сферы культуры

4 лютага ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбылося выніковае пасяджэнне калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Удзельнікі сустрэчы падвялі вынікі працы профільных устаноў за 2025 год. Галоўным вынікам абмеркавання стала фарміраванне прыярытэтных задач, якія павінны павысіць даступнасць культурных паслуг і забяспечыць якасны рост сферы культуры ў Гродзенскім рэгіёне ў 2026 годзе.

Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з яркай выставачнай экспазіцыяй “Бібліятэчны свет Прынёмання”. Свае дасягненні і ідэі прапанавалі абласная, Мастоўская і Смаргонская бібліятэкі. Гэта ўнікальная лакацыя прадэманстравала лепшыя ініцыятывы бібліятэк вобласці, уключаючы інавацыйныя праекты і сацыякультурную дзейнасць. Установы падзяліліся сваімі знаходкамі і паспяховымі практыкамі.

Выдатныя творчыя работы пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” – Міхалішкаўскай СБ Астравецкага раёна, Палужскай СБ Карэліцкага, Жалудоцкай ГПБ Шчучынскага, Навагрудскай раённай установы занялі значнае месца на бібліятэчнай пляцоўцы.

Падчас мерапрыемства адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання дзеячаў культуры. Сярод адзначаных — супрацоўнік Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага, сакратар прыёмнай, казначэй  бібліятэчнага  прафкама Парманчук Марына Міхайлаўна, якая ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Віншуем Марыну Міхайлаўну і жадаем далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці!