20 гадоў літаратурнаму слову Гродзеншчыны!

Сёння Гродзенская абласная навуковая бібліятэка стала цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто шануе прыгажосць літаратурнага майстэрства. Тут адбылося ўрачыстае мерапрыемства “20 гадоў на службе слову”, прысвечанае знамянальнай даце – 20-годдзю Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Пасюта Алена Васільеўна, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Булаўка Ігар Міхайлавіч, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Куратчык Сняжана Віктараўна, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Малевіч Дзяніс Віктаравіч і іншыя, якія павіншавалі членаў абласнога аддзялення і ўручылі пісьменнікам заслужаныя ўзнагароды.
Дырэктар абласной бібліятэкі імя Я.Карскага Ігнатовіч Марына Эдвардаўна адзначыла: “Бібліятэка і пісьменнікі звязаны яшчэ з тых часоў, калі дырэктарам нашай установы быў бацька Максіма Багдановіча Адам Ягоравіч, калі жыла ў доме па вуліцы Садовай Эліза Ажэшка і ўжо звыш 60 гадоў тут знаходзіцца юнацкі аддзел і створаны мемарыяльны пакой пісьменніцы. Найбольш прадуктыўнымі сталі апошнія два дзесяцігоддзі, мы маем цеснае супрацоўніцтва з пісьменніцкай арганізацыяй Прынёмання. Прэзентацыі кніг, творчыя сустрэчы, анлайн-праекты, святы паэтычнага слова, тэатралізаваныя прадстаўленні, фестываль кнігі і многае іншае – вынік нашай сумеснай працы.”
Вечар адкрылі з прыемнай ноты віншаванняў вядучыя: старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Кебіч Людміла Антонаўна і намеснік старшыні – Радзівончык Дзмітрый Мікалаевіч.
Кожны з сяброў абласной арганізацыі ўнёс сваю непаўторную нотку чараўніцтва ў гэты святочны вечар: гучалі праніклівыя вершы, выконваліся песні ўласнага сачынення, напоўненыя глыбокім сэнсам і шчырымі пачуццямі.
Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі — гэта не проста аб’яднанне таленавітых людзей, але і магутная сіла літаратурнага слова, якое здольна натхняць і ўзбагачаць духоўнае святло грамадства.
Віншуем юбіляраў і жадаем ім новых творчых поспехаў, невычэрпных ідэй і ўдзячных чытачоў!