Светлы шлях Галіны Антонавай

18 мая адбылася творчая сустрэча, прысвечаная прэзентацыі новай кнігі і прафесійным дасягненням краязнаўца, публіцыста, журналіста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, карэспандэнта смаргонскай газеты “Светлы шлях” Галіны Антонавай.
Мерапрыемства стала сапраўдным святам роднага слова, гісторыі і журналістыкі. У зале сабраліся калегі, аматары літаратуры, гісторыкі, верныя чытачы аўтара, якія адзначылі гістарычную каштоўнасць сабраных пісьменніцай нарысаў.
Падчас сустрэчы асаблівая ўвага была нададзена знакаваму выданню аўтара — кнізе “Вайна ў асобах. Непрыдуманыя гісторыі герояў”. Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратурны крытык, Радзівончык Дзмітрый Мікалаевіч, высока ацаніў даследчыцкі ўклад Галіны Антонавай, падкрэсліўшы, што кожны яе нарыс — гэта каштоўны дакумент эпохі. Ёй ўдалося сабраць унікальныя ўспаміны землякоў, працуючы ў архівах і запісваючы жывыя сведчанні, што робіць яе кнігі важнай крыніцай для вывучэння гісторыі Гродзеншчыны.
Калегі па пяры — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі — цёпла павіншавалі аўтара і падкрэслілі значнасць яе публіцыстыкі для сучаснай беларускай літаратуры. Яны адзначылі, што яе талент спалучае ў сабе глыбокую журналісцкую праўдзівасць і высокую мастацкую вобразнасць, што з’яўляецца рэдкасцю для сучаснай публіцыстыкі.
Важнай часткай імпрэзы стала прысутнасць студэнтаў-журналістаў з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія атрымалі выдатную магчымасць пераняць прафесійны вопыт і натхненне ад старэйшай калегі. Галіна Францішкаўна ахвотна падзялілася прафесійнымі сакрэтамі, распавяла, як знайсці падыход да кожнага суразмоўцы і як заставацца верным журналісцкай этыцы, пра працу ў рэгіянальнай прэсе і пра тое, як сумяшчаць штодзённую газетную руціну з напісаннем вялікіх кніг.
Сустрэча завяршылася шчырымі словамі падзякі ад чытачоў і доўгімі апладысментамі. Госці адзначылі, што назва вечарыны “Светлы шлях” ідэальна адлюстроўвае не толькі месца працы аўтара, але і яе жыццёвую пазіцыю — несці святло, праўду і захаваць памяць пра чалавечыя лёсы.