Кніжнае лета разам з бібліятэкай

З першага дня лета ў дзіцячым аддзеле абласной бібліятэкі  распачаўся  конкурс чытання для юных кнігалюбаў «Лета і кніга-2025».

Правілы конкурсу простыя: наведваць дзіцячы аддзел,  прачытаць за лета не менш за 25 кніг з фонду бібліятэкі, запаўняць “чытацкі маршрут” і атрымліваць задавальненне ад выданняў на працягу летніх канікул.

У гэтым годзе мы шукаем пераможцаў у наступных намінацыях:

  • «Лепшы чытач» (узнагароджваюцца ўдзельнікі, якія прачыталі найбольшую колькасць кніг у летні перыяд);
  • «Кніжны малыш» (вызначаюцца актыўныя чытачы сярод дашкольнікаў, якія прачыталі найбольшую колькасць кніг у летні перыяд);
  • «Падлетак з кніжнай планеты» (узнагароджваюцца ўдзельнікі ўзроставай катэгорыі 11-15 гадоў, якія прачытаюць найбольшую колькасць кніг у летні перыяд);
  • «Сям’я чытае разам» (пераможцы вызначаюцца па сумарнай колькасці прачытаных кніг кожным членам сям’і);
  • «Беларускі кнігазнаўца» (вызначаюцца чытачы-рэкардсмены па колькасці прачытаных у летні перыяд кніг на беларускай мове);
  • «IНСТАчытальнік лета» (вызначаецца ўдзельнік Конкурсу, які садзейнічаў папулярызацыі Конкурсу праз сацыяльную сетку Інстаграм: размяшчаў у сябе на старонцы свой фотаздымак з кнігамі і адзначаў: #летоикнига2025, @detskiy_book_center, @grodnolib).

Таксама мы вітаем творчыя здольнасці нашых чытачоў, таму запрашаем падрыхтаваць працу (малюнак, аплікацыю, калаж) у любой тэхніцы па прачытаным кнігам у фармаце А4 альбо А3.

Тэрміны правядзення: з 1 чэрвеня па 31 жніўня 2025 года. Пераможцы Конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі і прызамі ў верасні на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання падчас святкавання Дня бібліятэк.

Прыходзьце да нас па адрасе: вул. Савецкая, 25. Кнігі ўжо чакаюць вас!