Горад майго дзяцінства
Час ад часу ўсе ўспамінаюць пра дзяцінства: свет успрымаўся зусім інакш, клапаціла зусім іншае… Для большасці гэта самая шчаслівая пара жыцця, і ў кожнага – свае ўспаміны. Хтосьці памятае гульню ў хакей з сябрамі на самаробнай пляцоўцы ў двары ці катанне на цеплаходзе па Нёмане. Многія настальгуюць па зялёных пышных шатах на ўтульных вулачках у цэнтры і ў былым скверы на плошчы Савецкай. Старажылы ўспамінаюць страчаныя архітэктурныя каштоўнасці.
«Осенняя пора, очей очарованье…»
«Осенняя пора, очей очарованье…» – усе памятаюць гэтыя радкі класіка рускай літаратуры Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна.
Многія аматары гэтай пары года з нецярпеннем чакаюць восень, асабліва пасля доўгага гарачага спякотнага лета. І вось прыходзіць час, калі восень уступае ў свае правы, прыносячы прыемна цёплыя промні сонца, прахалоду і дажджы.
Але пік гэтай пары – гэта залатая восень, калі можна гадзінамі гуляць па парках і скверах, шамацець апалым лісцем, удыхаючы іх надзвычайны водар, збіраць букеты або плясці вянкі з лісця, любуючыся яркімі фарбамі і саграваючыся ў цёплых промнях развітальнага восеньскага сонейка.
Многія выязджаюць за горад, каб адправіцца на «ціхае паляванне»: пабадзяцца па лесе, удыхаючы водар ігліцы і вільготных імхоў, слухаючы шум дрэў і, вядома ж, збіраючы грыбы. А хтосьці, карыстаючыся апошнімі восеньскімі дзянькамі, выбіраецца на пікнік, пасядзець каля вогнішча, атрымаць асалоду ад сонечных праменяў, падыхаць свежым, лячэбным водарам лесу.
Гэта робім не толькі мы, але і людзі ў іншых частках свету. Напрыклад, у Японіі з надыходам восені, калі дрэвы пачынаюць мяняць свой колер, людзі выходзяць на «паляванне за восеньскім лісцем» – мамадзігары (мамідзі – «чырвонае лісце клёну» і гары – «паляваць»). Прагулкі любавання восеньскай прыгажосцю былі традыцыяй з VIII стагоддзя, калі высакародныя асобы плавалі ў лодках па сажалках, музіцыравалі, займаліся паэзіяй або хадзілі на прагулкі ў горы, атрымліваючы асалоду ад разнастайнасці фарбаў лістоты. Гэта японская традыцыя застаецца папулярнай і ў нашыя дні.
Нам, гродзенцам, вельмі пашанцавала, у нас у горадзе некалькі выдатных паркаў і лесапаркаў. І мы прапануем вам не губляць магчымасці і адправіцца ў 5 топ-месцаў Гродна, дзе можна атрымаць асалоду ад цудоўных восеньскіх відаў і зрабіць маляўнічыя фатаграфіі:
- Каложскі парк на высокім беразе Нёмана з мноствам клёнаў, платанаў і цудоўным відам на Каложу;
- Гарадскі парк імя Ж. Э. Жылібера са старажытнымі дрэвамі, дарожкамі і маляўнічымі масткамі над Гараднічанкай;
- Унікальны парк «Румлёва» – помнік прыроды, унікальны садова-паркавы комплекс ХІХ стагоддзя з ціхімі сцяжынкамі і 200-гадовымі дубамі і клёнамі;
- Лесапарк «Пышкі» – «зялёныя лёгкія» нашага горада на беразе Нёмана з уладкаванымі зонамі для пікнікоў;
- А для аматараў загарадных пікнікоў – Аўгустоўскі канал з пышнымі лясамі, якімі можна любавацца, катаючыся на цеплаходзе.
80 гадоў: гэта многа, ці мала?
20 верасня 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР была ўтворана Гродзенская вобласць з цэнтрам у горадзе Гродна.
У складзе вобласці знаходзілася 15 раёнаў і 2 гарады абласнога падпарадкавання – Гродна і Ліда.
У склад Гродзенскай вобласці ўвайшлі:
- Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Свіслацкі, Скідзельскі – выдзелены са складу Беластоцкай вобласці;
- горад Ліда, Васілішкаўскі, Воранаўскі раёны, Жалудокскі, Зэльвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Радуньскі, Шчучынскі раёны – выдзелены са складу Баранавіцкай вобласці;
- Поразаўскі раён – выдзелены са складу Брэсцкай вобласці.
Пасля вызвалення горад быў моцна разбураны.
Будматэрыялаў не хапала, таму было прынята рашэнне выкарыстоўваць руіны будынкаў для аднаўлення больш ацалелых збудаванняў. Асноўнай працоўнай сілай былі жанчыны і дзеці, таму што мужчын у Гродне было мала. За гадзіну працы трэба было разабраць 40-60 штук цэглы, а ачысціць – на дзясятак менш. Пры разборы руін асабліва цаніліся ацалеўшыя аконныя рамы, бэлькі, дахавае жалеза і рэйкі.
У горадзе рэгулярна праводзіліся суботнікі і нядзельнікі, а ўрокі працы і фізкультуры ў студэнтаў і школьнікаў праходзілі на разборах завалаў. Па грамадскіх работах былі нават нормы: у месяц на разборы завалаў студэнты і школьнікі павінны былі адпрацаваць 15 гадзін, працоўныя і вайскоўцы – 30 гадзін, а беспрацоўныя – 60 гадзін. Для дворнікаў нават ладзіўся конкурс, пераможцы якога атрымлівалі прызы.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Гродна ўжо жыў мірным жыццём.
З пачатку 1944-1945 навучальнага года была адноўлена работа Гродзенскага педагагічнага інстытута, 240 чалавек пачалі навучанне на факультэтах: фізіка-матэматычным, замежных моў, літаратуры.
Для аднаўлення Гродзенскай тытунёвай фабрыкі былі мабілізаваны рабочыя.
Створаны Гродзенскі абласны камітэт радыёфікацыі і радыёвяшчання, у эфір пачалі выходзіць праграмы радыёвяшчання.
22 кастрычніка выйшаў першы нумар газеты “Гродзенская праўда”.
24 кастрычніка было прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці гістарычнага музея ў Гродне.
У Гродне пачаў сваю працу першы ў заходніх абласцях БССР прафесійны музычны калектыў – Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Сёння Гродзенская вобласць – самы маленькі рэгіён краіны, яе плошча складае 25,1 тыс. кв. км. У яе склад уваходзіць 17 раёнаў: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Астравецкі, Ашмянскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі і Шчучынскі.
“Кто шагает дружно в ряд? Пионерский наш отряд!”
Адзін з успамінаў дзяцінства – адпачынак у піянерскім лагеры. На чорна-белых фота – дзяўчынкі з піянерскага лагера імя Ю. Гагарына, пачатак 80-х гг., а на каляровых фота – лагер “Арляня” пад Бераставіцай, 2007-2008 гг. Праўда, не ўсе лагеры, куды ездзілі гродзенцы ў ХХ стагоддзі, захаваліся. Лагера імя Гагарына ўжо даўно няма, а “Арляня” змяніў назву і стаў “Бераставіцкім”. У Пышках, дзе раней было шмат месцаў для летняга адпачынку школьнікаў, на месцы “Церамка” – “Джунглі-парк”, на месцы “Юных касманаўтаў” – крыты каток, у Азёрах на месцы “Брыганціны” і “Вяснянкі” – санаторый “Азёрны”.
Дзеці ехалі ў лагер, каб адпачыць ад апекі бацькоў, а бацькі таксама адпачывалі ад дзяцей, але пры развітанні хваляваліся ўсе, і слязінка скочвалася па шчацэ і ў бацькоў, і ў дзяцей.
Але часу сумаваць у лагеры не было, бо кожная хвілінка распісана: пад’ём, зарадка, сняданак, лінейка і пайшло-паехала да адбою. Да мерапрыемстваў рыхтаваліся, прыдумвалі сцэнарыі, рэпеціравалі, рыхтавалі касцюмы і дэкарацыі. Спаборніцтвы таксама патрабавалі падрыхтоўкі: нехта абараняў гонар атрада, а хтосьці гатаваў плакаты і вучыў крычалкі. Плюс гурткі: майстраваць, маляваць, фатаграфаваць, спяваць, танцаваць, пісаць вершы – ці мала захапленняў у хлопчыкаў і дзяўчат. Самае цікавае ў лагеры пачыналася вечарам – конкурсы і танцы.
Важны атрыбут жыцця ў лагеры – лінейкі, на якіх сустракаліся ўсе атрады раніцай і ўвечары. Там абвяшчалі план на дзень, раздавалі даручэнні, узнагароджвалі пераможцаў і адчытвалі парушальнікаў парадку. Галоўныя лінейкі – адкрыццё і закрыццё змены, кульмінацыяй якіх было піянерскае вогнішча, у якога спявалі гімн:
Взвейтесь кострами, синие ночи!
Мы пионеры – дети рабочих.
Близится эра светлых годов.
Клич пионера: “Всегда будь готов!”
Атрадныя месцы рабілі побач са сваім корпусам: афармлялі кавалачак зямлі афарбаванымі шышкамі, каменьчыкамі, карой дрэў, выкладвалі імі назву атрада, дэвіз. Усё гэта трэба было “абараніць”: чаму такая назва і дэвіз, што сімвалізуюць колеры і малюнкі.
Яшчэ адна асаблівасць у лагеры – перамяшчэнне на лінейкі, у сталовую, на мерапрыемствы, экскурсіі і паходы толькі строем з песнямі і крычалкамі.
Піянерскія вогнішчы і паходы былі аддушынай, дзе ўсе былі роўныя. А гульня “Зарніца”, прыдуманая ў 1964 годзе важатай з Пермскага краю Зояй Кротавай, аб’ядноўвала ў сабе ўсё: і ваенна-патрыятычнае выхаванне, і імправізацыю, і мару аб надзейных сябрах. Гэтая гульня і зараз самая чаканая. Часта праводзіць яе дапамагалі вайскоўцы: эфект нечаканасці, ранні пад’ём па трывозе, легенда аб лазутчыках у лагеры, барацьба за сцяг – і вось ужо ў лагеры не хлопчыкі і дзяўчынкі, а разведчыкі, медсёстры, “палонныя” і “параненыя” – азарт і адрэналін не адпускалі лагер да канца гульні.
Класна было не толькі адпачываць у лагеры, але і працаваць. Студэнты праходзілі тут летнюю практыку: прымянялі свае педагагічныя веды, атрымлівалі першыя навыкі працы з калектывам. Многія заставаліся працаваць і на наступныя змены, так захапляла лагернае жыццё.
Развітальнае вогнішча, растанне з важатымі і сябрамі не абыходзілася без слёз, а па вяртанні дадому было сяброўства навекі і чаканне наступнай паездкі ў лагер. Галоўнае, чаму вучыў лагер – гэта сябраваць.
На працягу існавання СССР штогод у піянерскіх лагерах адпачывалі 10 мільёнаў школьнікаў. Выдатна, што і сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі могуць праводзіць сваё лета так, і для большасці з іх гэты час застанецца назаўжды ў памяці.
Студэнцкія гады: атрады і вандроўкі
Студэнцкія гады – адны з лепшых у жыцці чалавека, а лета для многіх – гэта маладзёжныя студатрады. Іх гісторыя пачынаецца ў 1959 годзе, калі 339 студэнтаў фізфака Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава летам адправіліся на цаліну ў Казахстан, 2500 беларускіх студэнтаў упершыню паехалі туды ў 1963 годзе.
На фатаграфіях – студатрад “Гарадняне” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.
Дзяўчынкі з розных факультэтаў паехалі на два месяцы працаваць на саўхоз-завод “Каўказ” у гарадок Ізабільны на Стаўраполлі, дзе сабраліся студатрады амаль з усіх навучальных устаноў Беларусі. Частку размясцілі амаль VIP: на другім паверсе цаглянага адміністрацыйнага будынка ў вялізным Ленінскім пакоі, – астатнія жылі ў бараках.
Было нялёгка: завод працаваў кругласутачна і самай цяжкай была начная змена.
Днямі ў студгарадку віравала жыццё: хтосьці працаваў, а для астатніх праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, канцэрты, агітбрыгады, тэатралізацыі, дыскатэкі – сумаваць не даводзілася.
Бывала, усім вялізным студгарадком хадзілі на мясцовы стадыён на канцэрты Уладзіміра Кузьміна і Ксеніі Геаргіадзі. У выхадныя дні арганізоўвалі экскурсіі: Стаўрапаль, Кіславодск, Пяцігорск, Цяберда… Студэнты начавалі ў кемперах у Архызе, любаваліся маляўнічым возерам Рыца, паднімаліся на канатнай дарозе на заснежаныя вяршыні Дамбая.
Хтосьці ў сваім першым будатрадзе знайшоў новых сяброў, з якімі наступныя два гады здаваў датэрмінова сесію і ездзіў у Ольгінку пад Туапсэ. Першы год студэнты рыхтавалі да адкрыцця новую базу адпачынку “Імпульс”: фарбавалі, мылі, прыбіралі, наводзілі парадак у будынках і на тэрыторыі. Калі заехалі першыя адпачывальнікі, дзяўчаты працавалі пакаёўкамі і афіцыянткамі, а хлопцы – грузчыкамі. Адміністрацыя “Імпульса” арганізоўвала для памочнікаў паездкі і экскурсіі ў Туапсэ, Сочы, Геленджык, Краснадар, Наварасійск.
Да 1991 года ў працы студатрадаў прынялі ўдзел 13 мільёнаў юнакоў і дзяўчат, з распадам СССР рух прыпыніў сваю дзейнасць, але ў пачатку ХХІ стагоддзя студатрады аднавіліся, і першы гродзенскі атрад у 2005 годзе ўдзельнічаў у рэстаўрацыі часткі Аўгустоўскага канала.
Выдатна, што і зараз у моладзі ёсць магчымасць з карысцю правесці час, пазнаёміцца з новай прафесіяй, зарабіць першыя грошы, знайсці сяброў і аднадумцаў.
Летнія канікулы мінулага
Лета заўсёды было асаблівым часам: тры месяцы канікул, доўгія сонечныя дні, новыя сябры і яркія эмоцыі.
Як жа ладзілі канікулы дзеці мінулага?
У тых, хто нарадзіўся ў да- ці пасляваенны час, дзяцінства амаль не было, яны разам з дарослымі аднаўлялі краіну.
А вось да народжаных пазней дзяцінства пачало вяртацца, праўда, хлопчыкі і дзяўчынкі тых часоў заўсёды былі чымсьці заняты, і нават на канікулах: малявалі насценгазеты, займаліся ў гуртках, дапамагалі дарослым у полі, наведвалі піянерскі лагер. Малодшыя дзеткі сыходзілі з дому да самага позняга вечара. Як правесці час і чым заняцца, такога пытання не ўзнікала: фантазіі і вынаходлівасці ім было не займаць. Цацкі ў тыя часы маглі дазволіць сабе далёка не ўсе, і тут уключалася дзіцячая фантазія: абломкі цэглы станавіліся машынкамі, лісце і кара – караблікамі, а палкі – грознай зброяй.
Большасць сучасных дзяцей і падлеткаў лічаць сябе спрадвеку гарадскімі, а ў савецкі час у многіх бабулі і дзядулі жылі ў вёсках. Унукі з нецярпеннем чакалі летняй пары, каб з’ехаць ад нагляду бацькоў з горада. Старыя радаваліся ўнукам, песцілі, не будзілі рана, не загружалі абавязкамі і адкормлівалі «схуднелых на гарадскіх харчах» дзетак. Спаць унукі прасіліся на сенавал, дзе пах сухой травы кружыў галаву, праз шчыліны даху было бачна зорнае неба. Раніцай – мыццё ў двары, сняданак у цені дрэў і абавязковы абыход “фамільных уладанняў”: ці можа яблык ці агурок з крамы параўнацца са смакам толькі што сарваным сваімі рукамі?
Адпачываць, вядома, добра, але гультайнічаць у вёсцы не заведзена, і гарадскія дзеці з задавальненнем кармілі хатнюю птушку і жывёлу, падмяталі двор, насілі дровы або ваду са студні.
І, вядома, у гарадскіх хутка з’яўляліся новыя сябры. Вясковыя дзеці – спрытныя і кемлівыя, і ў іх было чаму павучыцца: яны ракаў рукамі ловяць, рыба на іх вуды ахвотней клюе, грыбы і ягады яны хутчэй збіраюць, могуць вогнішча развесці і запекчы ў ім смачную бульбу. Затое гарадскія – начытаныя, больш цікавых гісторый ведаюць. Гэта сяброўства было карысным як для гарадскіх, так і для вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Гарадскія дзеці, у каго не было родных у вёсцы, ці не было магчымасці паехаць у піянерскі лагер, таксама знаходзілі сабе занятак па душы. З раніцы да позняга вечара яны гулялі ў дварах у футбол, казакі-разбойнікі, салкі, «вывучалі» наваколле, адпачывалі на гарадскіх пляжах. Кожны вечар з вокнаў дамоў чулася гучнае бацькоўскае рознагалоссе: «Дзеці, дадому!”
Успаміны аб тых часах у большасці выклікаюць цёплыя пачуцці і ўсмешку на твары. А чым вам запомніліся летнія канікулы?
Апошні званочак мая
Напрыканцы траўня вуліцы гарадоў запаўняюць радасныя выпускнікі дзявятых і адзінаццатых класаў, а гэта значыць, што ў школах прайшлі апошнія званкі.
Маштабныя святкаванні апошняга званка пачаліся ў 70-я гады, а ўпершыню апошні званок правялі ў 1948 годзе ў Маскве, яго ініцыятарам быў педагог Фёдар Брухавецкі, менавіта ён прыдумаў большасць школьных традыцый.
Сённяшнія юнакі і дзяўчаты развітваюцца са школай інакш, чым выпускнікі тых часоў. Многае змянілася, але нешта і засталося: лінейка ў школьным двары ці ў спартыўнай зале, шчаслівыя выпускнікі з букетамі, усхваляваныя бацькі, абавязковая афіцыйная частка мерапрыемства, словы падзякі ад выпускнікоў і іх бацькоў, уручэнне кветак, развітальны вальс, урачыстае слова дырэктара і кульмінацыя – сам апошні званок.
Савецкія старшакласнікі на апошні званок прыходзілі толькі ў адзінай школьнай форме, якая была аднолькавай для ўсіх школьнікаў вялізнай краіны. Праўда, і тады была магчымасць “вылучыцца”: белыя парадныя фартушкі ў некаторых дзяўчынак былі не з крамы, а пашыты з моднага і дэфіцытнага гіпюру, а тыя, у каго не было такой магчымасці, на форменную сукенку і фартух майстэрскі прышывалі гіпюравыя або карункавыя каўнерыкі і фальбоны.
Цяпер адміністрацыя навучальных устаноў прымае рашэнне аб форме адзення на апошні званок, таму ў гэты дзень можна ўбачыць юнакоў і дзяўчат і ў афіцыйнай форме школы, і ў святочным адзенні са стужкамі “Выпускнік” або прымацаванымі да адзення званочкамі. У некаторых школах будучыя выпускніцы выбіраюць не модныя сучасныя ўборы, а імкнуцца знайсці форму савецкіх часоў – карычневую сукенку з белым фартухом.
Юнакам ва ўсе часы з выбарам адзення было прасцей: касцюм, белая кашуля, гальштук – і ты падрыхтаваны да афіцыйнага мерапрыемства. Праўда, зараз фрызура і аксесуары – цікавая бабачка, гальштук, шыйная хустка, рамень ці абутак – могуць значна вылучыць выпускніка.
Мелодыя вальса ўжо 74 гады нязменна гучыць на апошнім званку ў кожнай школе краіны. “Школьны вальс” быў напісаны ў 1950 годзе Ісаакам Дунаеўскім на словы Міхаіла Матусоўскага па просьбе выпускніц з Варонежа. Сучасныя выпускнікі, акрамя традыцыйнага вальса, могуць паставіць і свой танец-сюрпрыз.
Раней пасля афіцыйнай часткі старшакласнікі разыходзіліся па класах, дзе бацькі ўжо ссунулі парты і прыгатавалі ўсё для салодкага стала, а заканчвалася ўсё танцамі ў школе ці гуляннямі па горадзе, а часам – і тым, і іншым. Цяпер апошні званок выпускнікі ў некаторых школах заканчваюць адпусканнем у неба паветраных шароў ці галубоў, такім чынам развітваюцца са школай і загадваюць жаданні пра сваю самастойную будучыню. А пасля лінейкі будучыя выпускнікі шумным кампаніямі гуляюць па вуліцах, парках і набярэжных горада.
Але наперадзе іх чакае вельмі хвалюючая пара, бо праз некалькі дзён для іх пачнуцца выпускныя іспыты.
Парк з шматвяковай гісторыяй
Наш гарадскі парк працуе ўвесь год, але так было не заўсёды, раней ён пачынаў сваю працу з траўня.
Парк мае шматгадовую гісторыю, ён з’явіўся тут падчас праўлення старасты Гродна Антонія Тызенгаўза, цяпер носіць імя Жана Эмануэля Жылібера – прафесара медыцыны з Ліёна, які ў XVIII стагоддзі стварыў тут медыцынскую акадэмію і разбіў батанічны сад.
У XIX стагоддзі парк стаў Гарадскім садам, у ім з’явілася Швейцарская даліна. Гэтае месца было папулярным сярод гараджан, нават вуліцу назвалі Садовая (сучасная вуліца Ажэшка).
Сто гадоў таму парк быў упрыгожаны пышнымі кветнікамі з экзатычнымі раслінамі. Скульптуры і фантаны ўпрыгожвалі парк ва ўсе часы.
Побач з тэатрам быў устаноўлены помнік Элізе Ажэшка.
Пасля вайны парк было неабходна прыводзіць у парадак. Ад Швейцарскай даліны не засталося нічога, па арачным мосце з жоўтай цэглы можна было перайсці зарослую дрэвамі і кустамі Гараднічанку.
Парк дзяліўся на дзве часткі: ад вуліцы Ажэшка да будынкаў тэатра і былой медыцынскай акадэміі, паміж будынкамі стаяў помнік “Ленін і Сталін у Горках”.
Другая частка парка была там, дзе зараз знаходзяцца атракцыёны.
У 1949 годзе ў парку былі ўстаноўлены помнік Леніну і мемарыяльны комплекс савецкім воінам і партызанам. Помнік Леніну стаяў перад мемарыялам, менавіта там была аднайменная плошча. Галоўны ўваход у парк быў з боку вуліцы Ажэшка, парк з гэтага боку акружала кованая агароджа, а помнік Леніну аддзяляла ад мемарыяла бетонная балюстрада.
У 50-60-я гады ў парку паміж тэатрам і лямусам з’явілася танцавальная пляцоўка, якую гараджане называлі “Клетка”, бо яна была абнесена металічнай агароджай. Танцы былі пад жывую музыку, патрапіць туды можна было па квітках. Астатнія маглі паслухаць аркестр гарадскога парка і паназіраць, як танчаць “дзеткі ў клетцы”.
На беразе Гараднічанкі была арганізавана валейбольная пляцоўка з трыбунамі: тут гулялі дарослыя і дзеці, аматары і прафесіяналы. З боку вуліцы Акадэмічнай была чытальная зала з кнігамі, газетамі і часопісамі, а побач – павільён з більярднымі сталамі. Не пуставаў парк і зімой: гараджане тут каталіся на лыжах і санках.
У 1958 годзе ў парку адкрылі кінатэатр “Летні”, а ў 80-х пасля закрыцця кінатэатра назва “Клетка” пяройдзе легендарнаму клубу, а побач з ім з’явіцца самалёт ТУ-124 – кінатэатр “Палёт”.
А вось атракцыёнаў у парку ў тыя часы было няшмат. Дзіцячыя арэлі “Лодачкі”, карусель “Ветрык”, вялізныя неваляшкі, горкі, пакой смеху, пнеўматычны цір і толькі для дарослых – самалёт, які рабіў мёртвую пятлю вакол восі, да якой ён быў прымацаваны. Наведвальнікі парка 80-90-х гадоў памятаюць павільён з машынкамі, каруселі “Арбіта”, “Сатурн” і, вядома ж, адзін з самых “страшных” атракцыёнаў “Сюрпрыз”.
Сэрца горада: Каложскі парк
З прыходам вясны абуджаецца жыццё ў парках нашага горада. Асаблівае месца ў сэрцах гродзенцаў займае Каложскі парк на высокім беразе Нёмана: ён для тых, хто любіць цішыню і спакой. Але такім парк быў не заўсёды, у канцы 70-х–80-х гадах тут бурліла жыццё.
У 1977 годзе пачалася падрыхтоўка да святкавання 850-годдзя Гродна, і быў аб’яўлены конкурс праектаў па ўвекавечанні гэтай знамянальнай падзеі. Мемарыяльны знак планавалася ўсталяваць у Каложскім парку – у той час парку 40-годдзя УЛКСМ. У “Гродзенскай праўдзе” прэзентавалі маштабны праект пераможцы конкурсу архітэктара А.П. Каралькова. Замест сучаснай алеі, якая вядзе да стэлы, мусіў быць стылабат – шматступенная каменная аснова – там мусілі размяшчацца два фантаны: доўгі чатырохвугольны, з якога б’юць восем струменяў (восем стагоддзяў жыцця горада), і круглы, над якім навісае назіральнай пляцоўка. У аснове архітэктурнай кампазіцыі – стэла, якая складаецца з двух 30-метровых пілонаў, паміж якімі эмблема горада з каляровага шкла. На сцяне стылабата – дыярама, на якой адлюстроўваліся б падзеі 850-гадовай гісторыі горада. Таксама ў парку планавалася ўзвядзенне басейна і спускаў да Нёмана ў выглядзе пандусаў.
У 2003 годзе ў парку на высокім беразе быў усталяваны Камень-валун (ск. У. Панцялееў) у гонар знакамітага гродзенскага палкаводца Давыда Гарадзенскага, абаронца ўсходніх зямель ад крыжакоў, які не прайграў ніводнай бітвы.
Крыху пазней у парку з’явіліся атракцыёны: кола агляду, парашутная вышка, арэлі і каруселі – і парк напоўніўся гоманам і смехам дзяцей і дарослых. На жаль, парк доўга не праіснаваў, даўжэй за ўсё прастаяла кола, пакуль і яго не разабралі.
Цяпер на ўваходзе ў парк злева стаіць камень з надпісам “Алея 850-годдзя”, а з правага боку – камень “Песня пра Каложу” (ск. У. Панцялееў), які быў усталяваны ў 2014 годзе, пазней яшчэ 8 прац скульптараў з пленэру “Мінулае і будучыня” папоўнілі музей пад адкрытым небам. Да стэлы вядзе алея, абсыпаная чырвонай крошкай. Верх помніка ўпрыгожвае чырвона-зялёнае шкляное пано з лічбамі “850”, а каля падножжа пілонаў устаноўлены дзве шасціметровыя скульптуры “Мужнасць” – воін у латах са шчытом, і “Гасціннасць” – жанчына з ручніком.
Падчас Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у парку з’явіўся Сквер Дружбы народаў, дзе высадзілі 35 рэдкіх дрэў па колькасці нацыянальных дыяспар, якія ўдзельнічалі ў фестывалі.
Але галоўнай славутасцю парка з’яўляецца святыня Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі – Каложская царква ХІІ стагоддзя.
Асалода дзяцінства з кафетэрыем "Верасок"
Многія гродзенцы, праходзячы побач з будынкам № 31 па вуліцы Савецкай, успамінаюць кафетэрый “Верасок” і смак яго малочнага кактэйлю. Сёння цяжка сабе ўявіць доўгую чаргу за гэтым напоем, але былі часы, калі чарга стаяла нават на вуліцы.
Кактэйль – гэта другі па папулярнасці ласунак сярод дзяцей пасля марожанага, а дзень малочнага кактэйлю штогод адзначаецца 15 лістапада.
Гісторыя напою пачалася ў другой палове XIX стагоддзя, яго прабацькам лічаць шатландскі калядны напой эгг-ног з малака, яек і віскі.
Праз некалькі дзесяцігоддзяў з кактэйлю зніклі яйкі і алкаголь, а ў малако сталі дадаваць сіропы, а калі з’явіліся халадзільнікі – колаты лёд і марожанае. А калі быў вынайдзены міксер, малочны кактэйль сталі масава прадаваць у грамадскім харчаванні і кактэйль “пайшоў” па планеце.
У нас ён з’явіўся толькі ў 70-80-я гады. “Верасок” адкрылі ў 1986 годзе ў спецыялізаванай краме па продажы напояў, якая размяшчалася на цокальным паверсе будынка.
Менавіта кактэйлі зрабілі гэты кафетэрый самым запатрабаваным сярод аматараў гэтага ласунка. Праўда, сама крама была папулярна яшчэ ў 1963 годзе, калі ў ёй усталявалі аўтамат для выпечкі пончыкаў. Гэта стала месцам прыцягнення для многіх гараджан, бо паглядзець, як машына замешвае цеста і пячэ пончыкі, жадалі і дарослыя, і дзеці.
Цяпер многія рыхтуюць малочны кактэйль дома. Існуе мноства рэцэптаў, нехта п’е яго ў кафэ, а нехта аддае перавагу кактэйлям прамысловай вытворчасці, але такі кактэйль, які мы пілі ў 80-х, цяпер ужо нідзе не паспрабуеш. Ён быў густы, насычана-смятанкавы, з тугімі бурбалкамі і малюсенькімі ільдзінкамі.
А вы памятаеце “Верасок” і малочны кактэйль тых часоў?
“Палёт” над Нёманам
Над пытаннем куды ж сыходзіць дзяцінства, задумваліся многія, але адказу ніхто так і не знайшоў. Дзяцінства – гэта ўсяго толькі падарожжа, якое нікому не ўдалося здзейсніць двойчы, але ўсё ж такі мы паспрабуем сесці ў машыну часу і вярнуцца ў тыя даўнія часы.
Калі спытаць, дзе раней любілі глядзець мультфільмы, то большасць дарослых адкажа: “У “Палёце”!” А сучасныя дзяўчынкі і хлопчыкі ўжо не ведаюць пра такі кінатэатр.
Зімой 1980 года ў Гродне з’явілася яшчэ адна славутасць: у гарадскім парку ўстанавілі паветраны лайнер Ту-124.
У канцы студзеня спісаны пасажырскі самалёт адправілі з Мінскага аэрапорта ў Гродна. Увечары калона машын Аўтаспецтранса ў суправаджэнні ДАІ даставіла Ту-124 у разабраным выглядзе да ўваходу ў гарадскі парк з боку вуліцы Ажэшкі. Каб калона грузавых аўтамабіляў змагла праехаць па вузкай вуліцы, прыйшлося прыбіраць слупы, а каб разгарнуць вялізны фюзеляж, у парку разабралі агароджу. Здзіўленыя разявакі, якія назіралі за гэтым дзействам збоку, выказвалі свае версіі, мабыць, самалёт аварыйна садзіўся, і ў яго нават адваліліся крылы і хвост.
31 студзеня гродзенцы даведаліся, што ў адлятаўшым сваё Ту-124 будзе дзіцячы кінатэатр, пра што напісала газета “Гродзенская праўда”.
І неўзабаве кінатэатр з назвай “Палёт” пачаў працаваць. Патрапіць туды на сеанс мультфільмаў – мара хлапчукоў і дзяўчынак 80-х і пачатку 90-х гадоў. І хоць у салоне было цесна і душна, а з апошніх радоў было не вельмі бачна экран, таму што ў самалёце не было ўхілу, наведванне гэтага незвычайнага месца запаміналася надоўга. Самалёт-кінатэатр дарыў адчуванне палёту нават тым, хто ніколі ў сваім жыцці не лятаў. Многія дзеткі былі ўпэўнены ў тым, што падчас сеансу самалёт сапраўды ўзлятае, а некаторыя нават баяліся, што паляцяць у іншы горад.
У “Палёце” паказвалі не толькі дзіцячыя мультфільмы. Паказ першага савецкага фільма “Экіпаж” быў арганізаваны менавіта ў ім.
Серабрысты кінатэатр-лайнер так арганічна ўпісаўся ў гарадскі ландшафт, што ўжо цяжка было ўявіць парк без яго.
Але час няўмольны, самалёту патрабаваўся рамонт, і ў пачатку 90-х кінатэатр спыніў сваё існаванне. Самалёт у парку прастаяў яшчэ некаторы час, а потым яго перавезлі ў Іўе і ўстанавілі на пляцоўцы каля возера, дзе планавалася зрабіць зону адпачынку, але праект так і не быў рэалізаваны. Самалёт быў разабраны.
Цяпер у нашым парку на месцы, дзе стаяў самалёт, адраджаюць батанічны сад, засаджваючы гэту тэрыторыю рэдкімі экзатычнымі раслінамі, якія раслі ў парку ў часы Жылібера.