Фестываль КНІГІ адбыўся!

Сёмы раз Гродзенская абласная навуковая бібліятэка сабрала жыхароў і гасцей Гродзеншчыны на абласны фестываль кнігі “Гарадзенскі ЛітФэст”.

Сёлета, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, свята прысвячалася самым юным, самым дапытлівым і ўдзячным прыхільнікам кнігі і чытання – нашым дзецям.

Інтэрактыўныя пляцоўкі з казачнымі героямі, лялечныя спектаклі, разнастайныя майстар-класы, фотазоны і незвычайныя экспазіцыі з кніг, бібліятэчныя прадказанні, чароўныя рэцэпты поспеху ад Надзейкі-чарадзейкі, літаратурныя батлы і шмат іншых актыўнасцей напаўняла мерапрыемства.

З удзелам сталічных і мясцовых пісьменнікаў Ірыны Карнавухавай, Іны Фраловай, Уладзіміра Мазго, Людмілы Кебіч, Ганны Скаржынскай-Савіцкай, Ліны Багданавай, а таксама пачынаючых аўтараў Вікторыі Карась і Юліі Сноп прайшоў “літаратурны пікнік”. Сумеснымі намаганнямі дзяцей і дарослых створаны незвычайная экалагічная карта “Мая Беларусь” і ілюстрацыя па кнізе Уладзіміра Ліпскага “Вясёлка над Нёманам”.

Кніжны фестываль прайшоў, але асалода чытання застанецца да наступнага свята кнігі!

Выказваем шчырыя словы падзякі сацыяльным партнёрам і актыўным удзельнікам мерапрыемства: бібліятэчным сістэмам вобласці, выдавецкаму дому “Звязда”, Гродзенскаму аддзяленню Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Я. Купалы, Гродзенскаму каледжу мастацтваў, Гродзенскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза, Дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 2 г. Гродна, дашкольнай установе № 72, студыям танца “Stepping” і вакала “Микст”, і вядома, нашым шматлікім чытачам.

Гарадзенскі ЛітФэст даў старт конкурсу “Лета і Кніга – 2023”. Чытайце самі і з бібліятэкамі Прынёмання!

Яшчэ навіны: