Дзіцячы філіял на метадычным аб’яднанні

Дзейнасць, накіраваная на фарміраванне ў дзяцей любові да Радзімы, пачуцця патрыятызму і гонару за месца, у якім яны нарадзіліся, з’яўляецца адной з найважнейшых у выхаванні дашкольнікаў. Сучасная дзіцячая бібліятэка імкнецца быць актыўным суб’ектам працэсу фарміравання патрыятычных пачуццяў.

Супрацоўнікі дзіцячага філіяла прынялі ўдзел у метадычным аб’яднанні намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі “Фарміраванне маральна-патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту праз азнаямленне з гісторыяй і культурай роднага краю” у ДУА “Дзіцячы сад № 104 г. Гродна”.

Увазе ўдзельнікаў сустрэчы былі прадстаўлены артыкул з медыяпрэзентацыяй Формы супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі з дзіцячай бібліятэкай у працэсе фарміравання патрыятычных пачуццяў дзяцей старэйшага ўзросту” і выстава-агляд выданняў з фондаў абласной навуковай бібліятэкі. Асаблівая ўвага была ўдзелена тэматычным “кніжным дэсантам” як асаблівай форме сацыяльнага партнёрства бібліятэкі з дашкольнымі ўстановамі.

Мастацкія творы вядомых беларускіх пісьменнікаў, ілюстраваныя выданні нацыянальнага фальклору, зборнікі мастацкіх твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў з серыі “Жывая класіка дзецям”, альбомы пра побыт, звычаі, норавы, абрады беларусаў, пазнавальныя энцыклапедыі для дзяцей, краязнаўчыя дзіцячыя атласы, метадычная літаратура і навукова-метадычныя часопісы для педагогаў – інфармацыйныя рэсурсы бібліятэкі суправаджалі прафесійную размову педагогаў, метадыстаў, псіхолагаў.

Супрацоўнікі дзіцячага філіяла мелі магчымасць пазнаёміцца з дызайн-праектам “Горад над Нёманам” і ў рамках праекта наведаць незвычайную экскурсію, пабываць гледачамі тэатральнага паказу “Легенда пра Каложу”, паўдзельнічаць у майстар-класе “Асаблівасці беларускай выцінанкі”, а таксама азнаёміцца з выставай “Лэпбукі, дыдактычныя гульні, дапаможнікі па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту”.

Шчыра ўдзячныя калектыву ДУА “Дзіцячы сад № 104 г.Гродна” за запрашэнне да ўдзелу ў метадычным аб’яднанні і магчымасць трансляваць станоўчы вопыт творчага супрацоўніцтва.