Пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва!

Шэсць бібліятэчных устаноў Гродзеншчыны – у ліку пераможцаў 31-га рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Вынік плённай працы за 2022 год – 5 дыпломаў першай ступені, 1 – другой!

У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” дыплом першай ступені атрымала Сасноўская бібліятэка-клуб Смаргонскага раёна за распрацоўку краязнаўчага рэсурса “Мы вывучаем нашы вытокі”, функцыянаванне біблія-таксі “САСНОВКАТУР.by”, мабілографа “Таямніцы навакольных вуліц”.

Намінацыю “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” прадстаўляла Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання з вопытам работы па папулярызацыі кнігі і чытання. Карыстальнікам рознага ўзросту тут прапанавалі Казачны куфэрак, марафон “Кніжная прышчэпка”, арт-студыю “Фабрыка ідэй”, каворкінг “З татай нам цікава”. Змястоўная праца калег з Навагрудка атрымала дыплом першай ступені.

У намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” пераможцам прызнана Астравецкая раённая бібліятэка, якая рэалізавала мэтавую праграму “Пазнаёмся з Астравеччынай”. Ва ўстанове створаны муралы – партрэты самых вядомых пісьменнікаў, артгурток “Літаратурныя пералівы”, а кавярня “Жалудава кава” – яркая, цікавая, нестандартная  частка дзейнасці бібліятэкі.

Елкаўская сельская бібліятэка, што на Зэльвеншчыне, працавала ў межах літаратурна-адукацыйнага праекта “Я гэты край Радзімаю заву”. ЧЫТАЙпраспект “Літаратурная палітра”, літаратурнае караоке “Край радзімы навекі любімы”, бібліятэчная акцыя “Я люблю сваю краіну”, спецыяльны цыкл заняткаў “Адкуль кніга на Беларусь прыйшла” дазволілі папулярызаваць кнігу.

У вышэйзгаданых установах – дыпломы першай ступені.

У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А. Макаёнка ўзнагароджана таксама дыпломам першай ступені. У выніку даследчай дзейнасці супрацоўнікі падрыхтавалі электронны інфармацыйны рэсурс – інтэрактыўную карту-энцыклапедыю “Godonim Hrodno” з грунтоўнымі адказамі на тэму гісторыі і сучаснасці горада.

Вялікасельская сельская бібліятэка Свіслацкага раёна атрымала дыплом другой ступені за стварэнне віртуальнага відэахранографа “Кола гісторыі, або Падарожжа па Вялікасельскаму краю”.