А што гэта значыць?

Паважаныя чытачы! Прапануем вашай увазе новы анлайн праект “А што гэта значыць?”, які  садзейнічае папулярызацыі беларускай мовы, пашырэнні яе ўжытку ў грамадстве.

З дапамогай гэтага  праекта мы штотыднева будзем успамінаць беларускія словы, даведаемся пераклад на рускую мову і што яны азначаюць. А таксама пазнаёмімся з творамі беларускіх аўтараў, у якіх выкарыстоўваліся гэтыя словы.

На гэтым тыдні прапануем словы на тэму: “Колер”.

Колер

Блакі́тны (русск. пер. голубой) – светла-сіні.

“Ты кажаш, вочанькі ў яе
Блакітныя,
Нябёсныя!
А я іх бачыў, браце мой,
Віхурнымі і злоснымі
“.

П. Броўка “Пра вочы”

Чырво́ны (русск. пер. красный) – які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колер крыві.

“Палаюць асіны, каліны,
Чырвоныя сыплюць лісты
І вязкай жаўцеючай гліны
Цяжолыя крыюць пласты”.

М. Багдановіч “Старасць”

Шэ́ры (русск. пер. серый) – колер, які атрымаўся ад змяшэння чорнага і белага; колер попелу.

“Далёка недзе ў змроку шэрым
Ля небаскробаў ён гудзіць –
Ракочуць хвалі, б’юць у бераг,
Імкнуцца бруд дашчэнту змыць”.

П. Броўка “Акіян”

Ружо́вы (русск. пер. розовый) – светла-чырвоны.

Ружовы цвет і хараство садоў.
Адкрыты жаль заложніцы-эпохі.
А на зямлі не менее удоў,
Нібы ва ўсім павінны катастрофы”.

Я. Янішчыц”

Пачуцці

Каха́нне (русск. пер. любовь) – вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы іншага полу.

“О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду
“.

Ул. Караткевіч “О каханне маё бясконцае”

Кры́ўда (русск. пер. обида) – несправядлівы папрок, грубы ўчынак, дапушчаная абраза ў дачыненні да каго-небудзь; пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі.

“Я аглядаў чужыя гарады,
Не нашы помнікі не нашай славы –
I быў ад крыўды зрок слязой засланы,
I біў у скроні думкі ток круты:
Нелітасцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі з любасцю стваралі,
Чужынцы з лютасцю агнём сціралі,
Каб не ўцалелі нават і сляды”.

Н. Гілевіч “Лёс і песня”

За́йздрасць (русск. пер. зависть) – пачуццё прыкрасці і раздражнення, выкліканае дабрабытам, поспехамі іншых.

“Радня – працяг твайго зямнога дня.
Маліся, каб не скора вечарэла,
Каб адзіноту крэўнасцю сагрэла,
Каб ля цябе не зябла дабрыня.
Ваўком завые злосці ваўчаня,
Зірне чужая зайздрасць анямела.
Каб дрэва радаводнае шумела,
Таіць карэнне мусіць глыбіня”.

Р. Барадулін “Радня – працяг твайго зямнога дня…”

Го́нар (русск. пер. гордость) – грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу; высакамернасць, фанабэрыстасць.

“Асветнік, вучоны
I першадрукар,
Наш гонар
Францішак Скарына.
Запомні ўсім сэрцам
Як велічны дар
Радзімы
Славутага сына”.

М. Пазнякоў “Скарына”

Спага́да (русск. пер. сочувствие, сострадание) – спачуванне каму-небудзь у сувязі з чым-небудзь, добразычлівыя адносіны да каго-небудзь; маральная падтрымка.

Спагаду ў сэрцах мелі
Матулі ўсё жыццё.
Спагада – разумелі –
Святое пачуццё.
А як яны цярпелі,
Рабілі за дваіх;
За працаю гарбелі,
Гадуючы малых”.

П. Панчанка “Спагада”

Сму́так (русск. пер. грусть, печаль) – пачуццё суму, маркоты, журбы.

“Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!


Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я.
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?”

Я. Колас “Родныя вобразы”

Ягады

Суні́цы (русск. пер. земляника) – шматгадовая ягадная расліна з белымі кветкамі, пахучымі чырвонымі ягадамі.

“Яшчэ суніцы не пасьпелі – белыя,
A ўжо каторы дзень па ix я бегаю!
Сама з сабою ціхенька жартую,
Мне на суніцы сёлета шанцуе!

Р. Баравікова “Белыя суніцы”

Жураві́ны (русск. пер. клюква) – ягадная вечназялёная расліна сямейства бруснічных, што расце на мохавых балотах.

“Паміраюць званочкі,
Зязюлі, чабор, журавіны,
I не ў вырай, а некуды так
Адляцяць журавы.
Мы сябе абкрадаем,
А множыць здабыткі павінны
I ўзвышаць абавязкі свае
I правы”.

С. Грахоўскі “Экалогія душы”

Агрэ́ст (русск. пер. крыжовник) – калючая садовая кустовая расліна з кісла-салодкімі буйнымі ягадамі.

“Які сяголета шчаслівы
І ураджайны выпаў год:
Ва ўсіх садах агрэст і слівы,
Клубнікі повен агарод”.

П. Глебка “Ягады”

Чарні́цы (русск. пер. черника) – кустовая дзікарослая ягадная расліна сямейства бруснічных з чорна-сінімі ягадамі.

“Спачатку сочныя суніцы
Заружавелі па лясах,
За імі следам і чарніцы
Закрасавалі ў верасах”.

П. Глебка “Ягады”

Буякі́ (русск. пер. голубика) – кустовая ягадная расліна сямейства верасовых, ягады цёмна-сінія з шызым налётам.

“Сіненькія бубачкі
для дзяўчынкі Любачкі.
У нізінцы – буякі,
гляньце, шчодры лес які!”

Р. Баравікова “Буякі”

Дрэвы

Е́лка (русск. пер. ель) – хвойнае вечназялёнае дрэва з конусападобнай кронай.

“На Новы год пасвяткаваць
У горад завітала ёлка.
Няцяжка мне было пазнаць
Зямлячку па яе іголках.
Па свежай зелені густой,
Па ўсім уборы саматканым.
Я быў сустрэчаю такой
Да глыбіні усхваляваны
“.

М. Танк “Ёлка”

Тапо́ля (русск. пер. тополь) – дрэва сямейства вярбовых з высокім і моцным ствалом.

“Там, за вёскай, у полі дзве стаялі таполі,
Як адна, дзве таполі стаялі,
I стагналі у полі сухавейна таполі,
Як адна, дзве таполі стагналі”.

Я. Купала “Дзве таполі”

Хво́я (русск. пер. сосна) – вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай.

“Як стаяць над рэчкай
Хвоі і яліны,
Як ім снег халодны
Нахіліў галіны”.

Я. Колас “На рэчцы зімой”

Але́шына, во́льха (русск. пер. ольха) – лісцевае дрэва сямейства бярозавых.

“Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.
Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім”.

Я. Колас “Ручэй”

Чаро́мха (русск. пер. черемуха) – дрэва ці куст сямейства ружакветных з сабранымі ў гронку белымі пахучымі кветкамі і чорнымі даўкімі на смак ягадамі.

“Парой надвечаровай
У роднай старане
Знаёмая чаромха
Здалёк махае мне.
У вэлюме чаромха
Махае мне здаля,
Нявесціцца чаромха
Равесніца мая”.

С. Валодзька “Чаромха”

Насякомыя

Матылё́к (русск. пер. бабочка) – насякомае з дзвюма парамі крылаў, пакрытых рознакаляровым пылком.

“Лілею млявы плёс люляе,
З-пад зьлежаных аблок здалёк
Ляціць, віхлясты і бялявы,
Пялёстак лёгкі – матылёк
“.

Р. Барадулін “Матылёк”

Мура́шка (русск. пер. муравей) – невялікае насякомае атрада перапончатакрылых, якое жыве вялікімі калоніямі.

“Раз летнім днём цераз дарогу
Мурашка пруцік валакла
Ды прыпынілася была,
Чакаючы сяброўку на падмогу.
I гэтым часам
Пачуўся нейкі гук,
Як бы спяваў хто басам,
А з гукам сеў паблізу Жук”.

К. Крапіва “Мурашка і Жук”

Хру́шч (русск. пер. майский жук) – жук сямейства пласцініставусых.

“З мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханне
Нехта запявае”.

М. Багдановіч “Вечар”

Ко́нік (русск. пер. кузнечик) – насякомае, якое скача і стракоча крыламі.

“Гэта расказ пра коніка,
пра зялёненькага
і тоненькага,
Братоў яго ў лузе спаткаеш
са звонкімі капыткамі.
Расказваў мой сябар
з флоту гандлёвага”.

Р. Барадулін

Цвырку́н (русск. пер. сверчок) – насякомае атрада прастакрылых, якое трэннем крыл утварае строкат.

“З гарадоў егіпецкіх пажоўклых
Мо таму ўжо некалькі вякоў
Гандляры ў пахучых скрутках шоўку
Ў Беларусь завезлі цвыркуноў“.

У. Караткевіч “Цвыркун і праблемы чыстага мастацтва”

Прыродныя з'явы

Вясё́лка  (русск. пер. радуга) – шматкаляровая дугападобная паласа на небе, якая ўзнікае ад праламлення сонечных прамянёў у дажджавых кроплях.

“Калі
Па веснавой зямлі
Прайшоўся дожджык босы,
Вясёлку ткаць
Распачалі
Вясёлыя нябёсы
“.

Рыгор Барадулін “Як вясёлку ткалі”

Ледзякі́ (русск. пер. сосульки) – невялікія кавалкі лёду, ільдзінкі.

Сымон. Хай раскідаюць, хай выводзяць! Ізноў вярнуся, ізноў тут сяду і буду вясны чакаць.
Марыля. Пакуль так дачакаеш вясны, – мароз табе і нам усім зубы выесць, у ледзякі аберне”.

Я. Купала “Раскіданае гняздо”

Мала́нка (русск. пер. молния) – імгненны разрад атмасфернай электрычнасці ў выглядзе яркай ломанай лініі.

“Вось цяпер
Гарую шчыра –
Ні да гуляў, ні да ежы…
Колькі выбегаў я сцежак,
Ці то гром,
Ці то маланка,
Я спяшаўся…
Ах, Маланка!..”

П. Броўка “Маланка”

Завіру́ха (русск. пер. метель) – мяцеліца, завея.

“Стаю ўначы ў завіруху
Аддаўся наплыву мар.
Ноч уважная слухае,
І вецер гайдае ліхтар.
Што са мною – не знаю.
Сэрца трывогу б’е.
Кахаю?
Здаецца, кахаю.
Напэўна, кахаю яе!”

У. Караткевіч “Стаю ўначы ў завіруху…”

Пяру́н (русск. пер. гром) – аглушальны ўдар грому.

Перуны грукаталі ў прасторы пустым,
Прыгіналіся долу кусты,
I у цёмным прадонні набухшых крыніц
Гаслі водсвіты бліскавіц”.

П. Панчанка “У навальніцу”

Восеньскія і зімовыя месяцы

Ве́расень (русск. пер. сентябрь) – першы восеньскі месяц, дзявяты месяц каляндарнага года.

“Зноў верасень
Запаслівы грыбнік —
Шчыруе па імшыстых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах,
I травастою пах яшчэ не знік
“.

А. Грачанікаў “Верасень”

Кастры́чнік (русск. пер. октябрь)- другі восеньскі месяц, дзясяты месяц каляндарнага года.

“І кастрычнік не гуляе —
Клопату з ільном хапае.
Разлятаюцца кастрынкі,
Як халодныя іскрынкі”.

Р. Барадулін “Год-карагод”

Лістапа́д (русск. пер. ноябрь) – трэці восеньскі месяц, адзінаццаты месяц каляндарнага года.

Лістапад
Надвор’ем мглістым
Высцілае сцежкі
Лістам”.

Р. Барадулін “Год-карагод”

Сне́жань (русск. пер. декабрь) – першы зімовы месяц, дванаццаты месяц каляндарнага года.

“Дзень цэлы плавалі вятры
Над восенню палёў бязмежных
Пад вечар снегам завірыў,
Спазніўшыся, кудлаты снежань“.

М. Танк “Зіма”

Сту́дзень (русск. пер. январь) – другі зімовы месяц, першы месяц каляндарнага года.

Студзень ходзіць за акном,
Студзень стукаецца ў дом.
Студзень мы паклікалі,
Каб прынёс канікулы,
Каб канькі прынёс і санкі,
На сумёт намёў сумёт,
Каб сустрэў вясёлым ранкам
Разам з намі Новы год”.

С. Грахоўскі “Студзень”

Лю́ты (русск. пер. февраль) – трэці зімовы месяц, другі месяц каляндарнага года.

“Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, –
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны”.

М. Стральцоў “Месяц люты”

Вясеннія і летнія месяцы

Сакаві́к (русск. пер. март) – першы вясенні месяц, трэці месяц каляндарнага года.

“Светлы месяц
Сакавік
Светлым дням
Вядзе падлік.
Як два сонцы –
Лічба восем.
Кветкі ўдзячнасці
Прыносім
“.

Р. Барадулін “Восьмы дзень сакавіка”

Красаві́к (русск. пер. апрель) – другі вясенні месяц, чацвёрты месяц каляндарнага года.

“Сок пускае сакавік —
Да салодкага прывык.
Следам з краскай
Красавік,
І лясун,
І палявік”.

Р. Барадулін “Год-карагод”

Ма́й (русск. пер. май) – трэці вясенні месяц, пяты месяц каляндарнага года.

“Зноў у зялёным убранні
Ходзіць яна па шляхах,
Май
Рассыпаецца ў кветках,
Ў срэбных звініць ручаях”.

П. Броўка “Майскія сцягі”

Чэ́рвень (русск. пер. июнь) – першы летні месяц, шосты месяц каляндарнага года.

“Маніць ягадамі чэрвень;
Ліпень – сонечнай усмешкай;
Жнівень асыпае зернем;
Верасень грыбамі цешыць”

А. Зэкаў “Месяц за месяцам”

Лі́пень (русск. пер. июль) – другі летні месяц, сёмы месяц каляндарнага года.

“Чэрвень
З чырванню прыходзіць.
Ліпень
Ліпам цвет прыносіць.
Жнівень жне,
Атаву косіць”.

Р. Барадулін “Год-карагод”

Жні́вень (русск. пер. август) – трэці летні месяц, восьмы месяц каляндарнага года.

Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы,
Што замiналi цябе цалаваць.
Першы маток павуцiны бялёсы.
Пах пераспелай травы ў галавах”.

Н. Гілевіч “Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы…”

Святы і абрады

Каля́ды (русск. пер. Рождество) – народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання, звязанае з перыядам зімовага сонцастаяння.

“На Каляды – Святы вечар –
запалю на куце свечкі,
і зайграюць нашы вочы,
нібы зоркі за акном.

І памолімся мы Богу
за жыццёвую дарогу,
і вясёлую “калядку”
на тры галасы спяём!”

Л. Кебіч “НА КАЛЯДЫ”

Вялі́кдзень (русск. пер. Пасха) – веснавое хрысціянскае свята, прысвечанае ўваскрэсенню Хрыста.

“На вуха Костусю шапталі
Якіясь думкі-весялушкі:
“Звяры Вялікдзень чуюць, птушкі,
І хвоі гэтыя, і елі,
Ліхія людзі падабрэлі,
Бо святам Божым ўсюды вее;
З нажом разбойнік не пасмее
Залегчы ў лесе срэдзь дарогі,
Бо і заможны і убогі
Святы Вялікаднік святкуюць
І радасць ў сэрцы сваім чуюць”.

Я. Колас “Новая зямля”

Купа́лле (русск. пер. Купалье, ночь на Ивана Купала) – старажытнае свята летняга сонцастаяння ва ўсходніх славян, якое святкуецца ў ноч на 7 ліпеня.

“Ёсць цудоўнае паданне,
як на свята, на Купалле,
ад паўночы да світання
Кветку Шчасця ў нас шукалі”.

У. Дубоўка “Кветка Шчасця”

Сё́муха (Тройца) (русск. пер. Троица) – адно са свят праваслаўнай царквы, якое святкуецца праз сем тыдняў ад Вялікадня.

“Святы Барыс бабы сеець,
Святы Мікола па межах ходзіць,
Жыта родзіць,
Урасіўся, умачыўся,
Пад залаты пояс падапхнуўся.
Святы Ушэственнік выплываець,
Святая Сёмуха гнаі возіць,
І Бога просіць…”

Беларуская народная песня

Дзяды́ – абрад памінання нябожчыкаў, а таксама дзень, калі выконваўся гэты абрад.

“Што нам кажа ночкай цёмнай
На мяжы ў пракляцці,
Як Дзяды ў нас векапомны
Стануць адпраўляці”.

Я. Купала “На Дзяды”

Часткі цела

Паты́ліца (русск. пер. затылок) – задняя частка чэрапа, галавы.

“Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа:
— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй ежу здабываць.
— Ну што ж, — кажа касец, — калі не хочаш цяжкі хлеб есці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца”.

Беларуская казка “Лёгкі хлеб”

Дало́нь (русск. пер. ладонь) – унутраны бок кісці рукі.

“Знайшоў і з-пад прысака выграб жарынку,
Дыханнем яе у далонях сагрэў,
Падкінуў ігліцы, і цераз хвілінку,
Як знічка, агеньчык дрыжаў і гарэў”.

С. Грахоўскі “Каля вогнішча”

Ву́сны (русск. пер. губы) – губы, рот.

“Мая мова, як шчасце на вуснах,
хвалявання гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй”.

Ларыса Геніюш “Мая мова”

Во́ка (русск. пер. глаз) – орган зроку, а таксама сам зрок.

“Але малому Януку
Вачэй ніяк не зводзіць сон,
Бо нешта чорнае ў кутку
На лаве ля красён
Убачыў раптам ён:
Касматае, з зялёнымі вачыма,
Дым чорны ў страха верне з ляпы
І з кіпцюрамі лапы”.

К. Крапіва байка “Чорт”

Скі́віцы (русск. пер. челюсти) – кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы.

“О, тыя трубы гудуць,
граюць занадта ўжо звонка,
Сківіцы крышаць яны,
рвуць у вушах перапонкі.
О, тыя трубы гудуць,
граюць занадта сурова,
Ногі ламаюць яны
і адрываюць галовы”.

П. Броўка “Вайсковы аркестр на Брадвеі”

Жывёлы

Дзі́к (русск. пер. дикий кабан) – дзікі кабан, вепр.

“Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць
І злятае шэрань з бяроз,
Дзік разрыў бурты бульбяныя
І ў курдобу пусціў мароз…
Чалавечыя гучныя крокі
І сабачы бязгучны крок
Аддаляліся ноччу глыбокай
Ад агнёў на сутычку і кроў”.

У. Караткевіч “Балада пра дзіка і чалавека”

Кажа́н (русск. пер. летучая мышь) – лятучая мыш.

“I урок, і залом абымае крылом,
Гругановым крылом спавівае;
Водзіць рэй з ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,
Кажана і саву заручае”.

Я. Купала “Ноч за ночкай…”

Вавё́рка (русск. пер. белка) – звярок роду млекакормячых, атрада грызуноў з пушыстым хвастом, а таксама футра гэтага звярка.

“А гэты быў прысыпаны ігліцаю
На верасам расквечаным пагорку.
Ён знае баравыя таямніцы ўсе
Пра барсука, пра дзятла, пра вавёрку“.

М. Танк “Пах баравіковы”

Во́жык (русск. пер. еж) – невялікі звярок з доўгімі вострымі іголкамі на спіне і баках.

“Аж раптам тут ля самых ножак
Зафыркаў злосна Вожык
I кінуўся адважна на Змяю.
Змяя ўзвілася бліскавіцай,
Зубамі хоча ўпіцца,
Мільгае промнямі лускі,
А ён, узброены ігліцай,
Зубоў змяіных не баіцца
I рве Гадзюку на кускі”.

К. Крапіва “Дзіця, Вожык і Змяя”

Садавіна і гародніна

Каву́н (русск. пер. арбуз) – аднагадовая расліна сямейства гарбузовых з вялікімі салодкімі пладамі, а таксама круглы сакавіты плод гэтай расліны з салодкай мякаццю чырвонага колеру.

“Расказ салдата

Не частуйце мяне кавунамі:
Разлюбіў іх навек на вайне…
Немцы пёрлі на танках за намі,
Лупцавалі па мокрай спіне”.

П. Панчанка “Кавуны”

Бу́льба (русск. пер. картофель) – аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых з падземнымі клубнямі.

“Печаная бульба – гэта казка,
Паскрабеш нажом – і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох”.

П. Панчанка “Бульба”

Парэ́чкі (русск. пер. смородина) – кустовая ягадная расліна з ядомымі кісла-салодкімі ягадамі, а таксама самі гэтыя ягады.

“У дуброве каля рэчкі
Віснуць сонныя парэчкі,
У пералеску ля крыніцы
Ззяюць спелыя суніцы”.

С. Шушкевіч “Не магу жыць без Радзімы”

Цыбу́ля (русск. пер. лук) – агародная расліна сямейства лілейный з цыбулінай у падземнай частцы і трубчастымі лістамі зверху.

“От бабуля важна села
І глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш – будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца… (цыбуля)”.

Р. Барадулін “Загадкі на градке”

Ажы́ны (русск. пер. ежевика) – кустовая ягадная расліна сямейства ружакветных з калючымі сцябламі, чорна-шызыя ядомыя ягады гэтай расліны, падобныя на ягады малін.

“А за аселіцай, над рэчкай,
Паміж разгалістых крушын,
Набракла дзікая парэчка,
Кусты смародзін і ажын
“.

П. Глебка “Ягады”

Агуро́к (русск. пер. огурец) – агародная расліна сямейства гарбузовых з паўзучым сцяблом і даўгаватым зялёным плодам, а таксама плод гэтай расліны.

“Вясновы дождж абсыпаў градкі.
Цвітуць, што зоркі, агуркі,
А з клёна, што ідзе ўпрысядкі,
Спадаюць пырскі-светлякі”.

П. Броўка “Пасля дажджу”

Прылады працы

Сяке́ра (русск. пер. топор) – насаджаная на тапарышча металічная прылада для сячэння з лязом з аднаго боку і абухам з другога.

“Пад барвовымі плашчамі ў вояў зіхацелі кальчугі. На чырвоных шчытах, на жалезных нагрудніках, налакотніках і накаленніках, на мячах і баявых сякерах цёпла гарэла сонца…”

Л. Дайнека “Меч князя Вячкі”

Рыдлё́ўка (русск. пер. лопата) – ручная прылада для капання.

“Дванаццаць год таму, зусім хлапчынай,
Якому ўсё на свеце зразумела,
Які вышэйшай думкі аб сабе,
Балбоча вершы, як індзейскі певень,
І пагарджае ўсім, акрым сябе,
Бацькоўскім домам і старой таполяй,
Рыдлёўкай, гноем, садам і палямі,
Я пакідаў «навекі» родны дом.”

У. Караткевіч “Дзядзькаў кубак”

Гэ́бель (русск. пер. рубанок) – сталярны інструмент у выглядзе калодкі з шырокім лязом для стругання дрэва.

“I кроквы спынялі свой крок
Над пляцам.
I збегліся ў небе
I латы, і гонта, і дрот,
I зроблены з яблыні гэбель.”

Л. Дранько-Майсюк “Над пляцам”

Кро́сны (русск. пер. ткацкий станок) – ручны ткацкі станок, ніцяная аснова, якая навіваецца на навой станка.

“А зіма аж пачарнела —
Годзе ёй тут кросны ткаць!..
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем весну прывітаць!”

Я. Колас “Песня аб вясне”

Абцугі́ (русск. пер. клещи, щипцы) – металічны інструмент у выглядзе двух змацаваных на шарніры стрыжняў, якія служаць для сціскання, захоплівання, расколвання, вырывання.

“Я бачыў у музеі ланцугі.
А гэтаму малому каты рукі
Для жарту заціскалі ў абцугі.
Спалоханы,
ён дзічыцца мяне,
Глядзіць з дапытлівасцю хваравітай.
А бацька дзе?
А бацька на вайне
Атручанаю куляю забіты.”

Рыгор Барадулін “Мне не хапае Вашай цішыні…”

Птушкі

Зязю́ля (русск. пер. кукушка) – лясная пералётная птушка, якая звычайна не ўе гнязда і кладзе яйкі ў чужыя гнёзды.

“Напілася зязюля сцюдзёнай расы
І хацела ляцець да сябе ў лясы,
Толькі я папрасіў: “Не ляці, пачакай,
Сумна мне, закувай”.
“Што ж, не цяжка мне хлопча, табе зваражыць,
Хочаш – праўду скажу, колькі будзеш ты жыць.
Загадай”.

Пімен Панчанка “Ты скажы мне, зязюля…”

Бу́сел (русск. пер. аист) – вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і доўгімі чырвонымі нагамі.

“Я помню хаціну дзіцячых гадоў,
Падкову на збітым парозе,
Вялікае, з дзедаву шапку, гняздо
Буслоў на высокай бярозе”.

Пятрусь Броўка “Бусел”

Шпа́к (русск. пер. скворец) – невялікая пералётная птушка атрада вераб’інападобных з чорным апярэннем.

“Як толькі-толькі на світанку
Раса страсаецца з лістка,
Я сустракаю ў парку ранкам
Амерыканскага шпака“.

Пятрусь Броўка “Як мы размаўлялі са шпаком”

Пуга́ч (русск. пер. филин) – драпежная начная птушка атрада соў, ржава-карычневага колеру, зверху галавы «вушкі» з пер’я.

“Я расчыню ix шырока, шырока,
крыкне трывожна пугач за ракой,
груша старая па-свойску са змроку,
нібы зь сястрой, пагамоніць ca мной”.

Раіса Баравікова

Жаўру́к (русск. пер. жаворонок) – пеўчая птушка атрада вераб’іных.

“Сваю нясмеласць некалі таіў
I мроіў некім, гэта значыць Вамі.
З крыніцы свойскай жаўрука паіў,
Каб ён звінеў над спраўджанымі снамі”.

Рыгор Барадулін “Мне не хапае Вашай цішыні…”

Кветкі

Бэ́з (русск. пер. сирень) – дэкаратыўная кустовая расліна сямейства маслінавых з блакітна-ліловымі або белымі пахучымі кветкамі.

“Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс – стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз у акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз”.

Цётка “Мой сад”

Вяргі́ня (русск. пер. георгина) – травяністая дэкаратыўная расліна сямейства складанакветкавых з вялікімі яркімі кветкамі рознага колеру і клубнепадобным карэннем.

“Доўгі косы вянком ўюцца,
Зубы белыя смяюцца.
Стан танюткі, як былінка,
Ну і Кася, ну дзяцінка!
Як царэўна, як багіня!
Як нарцыса, як вяргіня!”

Цётка “Лета”

Рамо́нак (русск. пер. ромашка) – травяністая расліна сямейства складанакветкавых з адзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая.

“Цвілі рамонкі на лугах
І васількі ў жыце,
І рассцілалася смуга
Пад сонцам у зеніце”.

С. Шушкевіч “Цвілі рамонкі на лугах”

Каса́ч (русск. пер. ирис) – травяністая расліна з доўгімі мечападобнымі лістамі і вялікімі кветкамі жоўтага, сіняга або фіялетавага колеру.

“А калісьці і я прачынаўся ў бацькавай хаце.
Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня.
На гародзе спявае паціху маці
Пра маладога жаўнера, пра гнядога каня.
А пад вокнамі мята п’е сонца гарачае,
І глядзяць мне у вочы красой нерастрачанай
Сінія касачы“.

П. Панчанка “Сінія касачы”

Вало́шка (русск. пер. василек) – травяністая расліна сямейства складанакветкавых, якая расце ў жыце і іншых злакавых і цвіце сінімі кветкамі.

“Ах, валошка, валошка, сястрыца рамонка!
Зноў вы побач на ўцеху душы зацвiлi.
Як жа ў вашых iмёнах пяшчотна i звонка
Мова мацi гучыць – голас роднай зямлi!”

Н. Гілевіч “Ах валошка, валошка, сястрыца рамонка!”

Адзенне

Суке́нка (русск. пер. платье) – жаночае суцэльнае адзенне, верхняя частка якого адпавядае кофце, а ніжняя – спадніцы.

“Марцінава дачка – мая равесніца – тонкае, няспелае дзяўчо, помню, кожан дзень у адной з чырвонымі вылінялымі кветкамі сукенцы“.

В. Адамчык “Дзікі голуб”

По́рткі (русск. пер. брюки) – верхняе адзенне, якое пакрывае ногі і ніжнюю частку тулава да пояса.

“Меншы Марцінаў хлопчык у кароткіх портачках на шлейцы вазіў па сценцы нейкую старую, пагібаную, у белай вапне тачку – аб днішча церлася і вішчала кола”.

В. Адамчык “Дзікі голуб”

Ху́стка (русск. пер. платок) – кавалак тканіны ці вялікага палатна звычайна квадратнай формы, які завязваюць на галаву, шыю ці накідваюць на плечы.

“Яна не помніць, як асунулася на зямлю і колькі ляжала. Астатняе мільгаціць як у сне: бегла жытам, маладымі картоплямі, згубіўшы недзе хустку, бегла наўпраста ў мястэчка, дзе якраз на грудку на шашы, там яшчэ і цяперака расце бярэзіна, ляжаў ён – ніцма, раскінуўшы ручкі і яшчэ ўсё трымаючы ў адной тую нямецкую лапатку з кароткім чаранком”.

В. Адамчык “Пагарэльцы”

Капялю́ш (русск. пер. шляпа) – галаўны мужчынскі ўбор з палямі, жаночы – розных фасонаў.

“Аднаго дня тае ціхае ранняе восені ў вёску прыйшла высокая пані ў чорным капялюшыку з вуалькаю на вочы, з чорным сакваяжыкам у руцэ, з напудраным носам і стала хадзіць па хатам, запісваючы дзяцей у местачковую школу”.

В. Адамчык “Раяль з адламаным вечкам”

Ша́лік (русск. пер. шарф) – паласа з тканіны або шарсцяных нітак для захутвання шыі.

“Аблавухая шапка, якую ён, швэндыючыся пры доме, усю зіму не падвязваў, збівалася на вочы, на шыі замест шаліка палатняны ручнік, шэрае суконнае галіфэ на сцёгнах, як у пана войта, падлаплена хромам”.

В. Адамчык “На крыжавых дарогах”

Посуд

Апало́нік (русск. пер. черпак, половник) – чарпак, вялікая лыжка, якой разліваюць вадкую страву.

“Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.”

Я. Колас “Новая зямля”

Патэ́льня (русск. пер. сковорода) – мелкая металічная пасудзіна з загнутымі краямі для смажання; скаварада.

“Як патэльня засквірчэла ў печы,
Ды і чарка бліснула дарэчы.
Бульба, смажаніна і каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калі ласка!”

П. Броўка “Калі ласка!”

Дзяжа́, дзе́жка (русск. пер. квашня, дежа) – вялікая пасудзіна для заквашвання цеста на хлеб.

“Будзем хлеб рашчыняць,
Цеста ў дзежцы мясіць
Дый у печку садзіць,
Хай пячэцца хлябок,
Што прыдбаў сейбіток.”

Я. Купала “Сейбіт”

Філіжа́нка (русск. пер. чашечка) – невялікі кубачак для кавы.

“Не паспеў філіжанкі кавы выпіць, з камісар’ята адказваюць: зброі пры тленных астанках не знайшлі (сам, мёртвы, занесці нікуды, вядома ж, не мог, значыць, падабраў нехта і цяпер чакай новых эксцэсаў, калі яна, зброя, у нягожыя рукі трапіць).”

У. Караткевіч “Чорны замак Альшанскі”

Цэ́бар (русск. пер. ушат) – шырокая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі.

“Але, падышоўшы да дзвярэй [кабета], пайшла ў двор, да студні, дзе доўга і захлёбіста піла ваду з драўлянага цэбра, абкаванага вобадам, ад якога ў яе чамусьці, нібы ў сцюжу, мерзлі рукі…”

В. Іпатава “Залатая жрыца Ашвінаў”

Хата і кватэра

Жырандо́ль (русск. пер. подсвечник) – падвесны фігурны падсвечнік для некалькіх свечак.

“Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.”

У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”

Фатэ́ля (русск. пер. кресло) – крэсла.

“Маем страху мы тыкеле
(Хоць ваш “біс” яго зламоча),
Ці нам публіка з фатэляў
Што закінуць не захоча?!”

В. Дунін-Марцінкевіч “Залёты”

Святлі́ца (русск. пер. зал или гостиная) – светлы, чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей.

“А ў святліцы на палацях
Маладая ў белай шаце
Уздыхае, ломіць рукі
Ад вялікай, цяжкай мукі…”

Я. Купала “Маладая ачуняла”

Се́ні, се́нцы (русск. пер. сени) – памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах.

“Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запазнелая спроба вярнуць сваю ўладу над хлопцамі. Роспач адразу падламіла яе і, кінуўшы вілачнік, яна выйшла ў сенцы.”

В. Быкаў “Сваякі”.

Стравы беларускай кухні

Верашча́ка (русск. пер. верещака, жидкое мучное блюдо) – рэдкая мучная страва з мясам, каўбасой і рознымі прыправамі.

“Як цетраў [цецярук] у лясочку жаласна балбоча,
Так маё сэрцайка да панны сакоча.
Ні верашчака, каўбасы дзялянка, –
Нішто не смакуе без цябе, каханка.”

В. Дунін-Марцінкевіч “Пінская шляхта”

Куцця́ (русск. пер.  кутья) – каша з ячных і іншых круп як традыцыйная абрадавая страва беларусаў. Багатая (шчодрая) – гатавалася перад Новым годам, была мясная. Посная (галодная) куцця – гатавалася напярэдадні Каляд і Вадохрышча без мяса і жывёльнага тлушчу.

“А макаў сок такi салодкi!
Ламанцы ў iм, ну, як калодкi –
Так добра макам пранялiся,
У рот паложыш – аблiжыся.
За прасначкамi йшлi кампоты,
Кiсель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылi куццёю,
Але ўжо елi без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.”

Я. Колас “Новая зямля”

Куле́ш (русск. пер. каша) – рэдкая мучная або крупяная каша з салам.

“Спярша дала яна капусту,
Тады са скваркамі кулеш,
На малацэ крупеню густу –
Даець ўволю, толькі еж!”

К. Вераніцын “Тарас на Парнасе”

Ба́бка (русск. пер. запеканка из картофеля) – страва, прыгатаваная з дранай бульбы.

“Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
І ў паясніцы, — а на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
І парай дыхае пад столь:
З бакоў запечаная ў меру,
У бульбе скварачкі тырчаць…-
І так жа ўслед пайшла на змену –
Хоць замычы – каб не маўчаць!”

Н. Гілевіч “Родныя дзеці”.

Вантрабя́нка  (русск. пер. колбаса из внутренностей) – каўбаса, зробленая з вантробаў.

“Калі ж дапаў да вантрабянкі –
Цягаць стамілася рука!
Глядзіш – а ўжо кіндзюк крывянкі
На блюда выклалі з гаршка!”

Н. Гілевіч “Родныя дзеці”.

Беларускі нацыянальны строй

Беларускі нацыянальны строй (русск. пер. Белорусский национальный костюм) — комплекс беларускага народнага адзення, які быў характэрны для насельніцтва пэўнага рэгіёну (напрыклад, слуцкі строй).

******************************

Андapáк (русск. пер. андарак, юбка) – саматканая (паласатая або ў клетку) суконная спадніца.

“Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія… тулавы”.

У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”.

 

 

Намі́тка (русск. пер. головной убор, повойник, косынка) – старажытны традыцыйны жаночы галаўны ўбор усходніх славян. Яе насілі замужнія жанчыны ў Беларусі, Літве, паўднёвых абласцях Расіі і Украіны. Намітка з’яўляецца абавязковым элементам жаночага нацыянальнага касцюма беларусаў.

А перад хатай, на вуліцы, зырка палаў смалісты бадняк, корч вялізнай сасны, абкладзены дрывамі. І карагоды звіваліся каля агню, які шугаў у чорнае неба. У барвяным зарыве здаваліся ружовымі белыя світкі, вайлакі і магеркі хлопцаў. Наміткі жанчын, калі карагод звужаўся, раптам наліваліся трапяткой чырванню.

У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”.

Маге́рка (русск. пер. войлочная шапка) – круглая высокая або вялікая лёгкая лямцавая мужчынская шапка, якую раней насілі сяляне; род капелюша.

 

Малады светлавалосы хлопец, стаўшы на левае калена, часта і моцна гроб шырокім вяслом. За спінаю ў хлопца сядзелі двое мужчын у высокіх магерках з белай воўны, насцярожана ўзіраліся ў надрэчны хмызняк, дзе затаіліся Якаў і Мірошка.

Л. Дайнека “Меч князя Вячкі”.

Сві́тка (русск. пер. армяк, зипун, свита; разновидность верхней одежды) – доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна.

Невыдумная світка – убор на плячах,

Баада, як снег белы – такая.

Незвычайны агонь у задумных вачах,

На каленях ляглі гуслі-баі.

Я. Купала “Курган”.

Гарсэ́т (русск. пер. корсет) – жаночая безрукаўка, якую апраналі паверх святочнага ўбору.

Прыбярыся чэсна у нядзельну шату,

Гарсэт уздзень красны, спадніцу багату

Дый на замак княжын з Данілам ідзі!

В. Дунін-Марцінкевіч “Вечарніцы”