“Галоўнай кніжніцы Беларусі – 100 гадоў”: да юбілея Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

15 верасня 2022 года, у Дзень бібліятэк, беларускаму “алмазу ведаў” спаўняецца 100 гадоў. Знакавая падзея была ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 41-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ў Парыжы (2017 г.). Такім чынам, Нацыянальная бібліятэка Беларусі пацвердзіла значнасць уласнага ўнёску ў развіццё сусветнай культуры і запатрабавальнасць сваёй дзейнасці.

Да юбілейнай даты галоўнай кніжніцы нашай краіны ў аддзеле абанемента арганізавана літаратурна-ілюстрацыйная выстава “Бібліятэка – скарбонка культуры, мудрасці, ведаў”, на якой увазе чытачоў прадстаўлены энцыклапедычныя выданні з нагляднымі і інфармацыйнымі матэрыяламі аб найбольш значных падзеях з гісторыі Нацыянальнай бібліятэкі. З іх можна даведацца аб тым, што супрацоўніцтва “алмаза ведаў” з ЮНЕСКА садзейнічае інтэграцыі НББ у сусветную бібліятэчную супольнасць і дазваляе ўзбагаціць яе дзейнасць па захаванні і выкарыстанні нацыянальнага культурнага набытку; што за ўвесь час існавання бібліятэкі быў сабраны найбагацейшы фонд (больш за 10 млн дакументаў); што пераезд Нацыянальнай бібліятэкі ў новы сучасны будынак адбыўся ў 2006 годзе і г.д.

Адметнасцю экспазіцыі з’яўляюцца выданні самой галоўнай кніжніцы Беларусі.

Запрашаем азнаёміцца з выставай “Бібліятэка – скарбонка культуры, мудрасці, ведаў”, каб пазнаць паўнату, разнастайнасць і ўнікальнасць фонду беларускай Нацыянальнай бібліятэкі, зірнуць на стагоддзе “скарбніцы ведаў” праз яркія і значныя ўзоры нацыянальных дакументаў, у аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.