“Наш бібліятэчны чэрвень!”

Паважаныя сябры, увесь такі гарачы і сонечны чэрвень Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага працавала для Вас. З дня ў дзень кожны аддзел прыдумляў як разнастаіць ваша жыццё і зрабіць летнія дні рознакаляровымі і непаўторнымі.
Мы супрацоўнічалі з 50 навучальнымі ўстановамі, правялі звыш 200 мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх стала больш за 3,5 тысячы гарадзенцаў. Гарадзенскі ЛітФэст, дабрачынныя акцыі, мабільныя выставы, прэзентацыі кніг і праектаў, анлайн-распрацоўкі, адукацыйныя праграмы і квэсты, літаратурныя святы, Лега-канструяванне, танцавальныя і арт майстар-класы і, канечне, гучныя чытанні захапляльных кніг – гэта няпоўны спіс рэалізаваных планаў за першы месяц лета.
Знамінальная падзея адбылася 23 чэрвеня ў аддзеле мастацтва – адкрыццё выставы да 140-годдзя з дня нараджэння беларускіх класікаў “Янка Купала і Якуб Колас – нацыянальны гонар Беларусі” , на якой прадстаўлена больш за 300 унікальных экспанатаў з фонду ўстановы і прыватных калекцый.
Абласная бібліятэка прадставіла інтэрактыўныя пляцоўкі на XIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, IX Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у маёнтку “Каробчыцы”, дзе ўдзельнікі атрымалі магчымасць пазнаёміцца са светам сучаснай бібліятэкі, поўным тэхналогій і інтэрактыўных гульняў.
Разнастайны, насычаны і захапляльны быў першы месяц лета ў бібліятэцы. І як вядома, далей – больш. Таму сачыце за нашымі навінамі і абавязкова наведвайце мерапрыемства, якія мы праводзім для Вас.