175 гадоў “Памятным кніжкам Гродзенскай губерні”

У 2022 годзе спаўняецца 175 гадоў з пачатку выдання “Памятных кніжак Гродзенскай губерні”, афіцыйнага штогадовіка-даведніка Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта (Гродна; 1847 – 1915).

У “Памятных кніжках Гродзенскай губерні” друкаваліся краязнаўчыя артыкулы на гістарычныя, этнаграфічныя, педагагічныя тэмы. Яны складаюцца з адрасоў-календароў і статыстычна-даведачных матэрыялаў. Тут змяшчаліся таксама звесткі пра ўсе ўстановы, пасады і асоб, якія іх займалі ў губерні. Цікава, што аб чыноўніках друкавалася інфармацыя нават прыватнага характару, напрыклад, сямейнае становішча. Адрасы-календары ўтрымліваюць звесткі не толькі аб усёй губерні, але і па паветах.

У выданнях прыводзіцца расклад руху цягнікоў, работы паштовых кантор, даты кірмашоў будучага года. Дзякуючы паўнаце і канкрэтнасці інфармацыі гэтыя кнігі з’яўляюцца вельмі важнай крыніцай мінулага.

У абласной бібліятэцы знаходзіцца тры “Памятныя кніжкі Гродзенскай губерні” за 1871, 1889 і 1899 гады. Зараз можна пазнаёміцца і з электроннымі варыянтамі дадзеных выданняў з дапамогай новай базы дадзеных “Гродзенская губерня”, а таксама на электронных дысках у аддзеле краязнаўства.