Новых вітаем сяброў

11 сакавіка ў Гродзенскай абласной бібліятэцы адбылася творчая сустрэча са стваральніцай жаночай лірыкі, аўтарам шматлікіх зборнікаў вершаў, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, членам Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання  “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – Таццянай Яцук.

На прэзентацыі паэтка пазнаёміла прысутных са сваім жыццёвым і творчым шляхам, чытала свае вершы, прысвечаныя любові і жыццю, дзецям і ўнукам, прыродзе роднага краю і сінявокай Беларусі.

Падтрымаць паэтку прыйшло шмат таленавітых людзей. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Антонаўна Кебіч расказала, як пазнаёмілася з пісьменніцай, як любоў да паэтычнага радка іх аб’яднала. Віктар Сямёнавіч Мяцельскі, пінскі паэт і кампазітар, спяваў песні на вершы Таццяны Яцук. Грамадскі дзеяч Тэрэза Іосіфаўна Белавусава выказала словы падзякі і запрасіла паэтку стаць кандыдатам серыі “Культура” энцыклапедыі “Кто есть кто в Беларуси”. Студэнты Гуманітарнага каледжа задавалі пытанні наконт яе творчасці і прасілі парады для тых, хто пачыняе свой творчы шлях. Напрыканцы мерапрыемства, Таццяна Яцук падаравала абласной бібліятэцы некалькі сваіх выданняў з аўтографамі і пажаданнямі для наведвальнікаў Гродзенскай абласной бібліятэкі.