Чытанне без абмежавання

У першую сераду сакавіка адзначаецца адно з самых кніжных святаў – Сусветны дзень чытання ўслых. Чытаць услых можна часопіс ці газету, апошнія навіны ці папулярныя пасты з сацыяльных сетак. А можна ўзяць цікавую кнігу і гучна падзяліцца сваімі ўражаннямі з сябрамі і калегамі або з незнаёмымі людзьмі.

Традыцыйна Гродзенская абласная навуковая бібіліятэка ў гонар гэтага свята праводзіць Тыдзень гучных чытанняў “Чытанне без абмежавання”.

Сёння распачынае Тыдзень дзіцячы філіял сустрэчай з беларускай пісьменніцай-казачніцай Аленай Масла. Супрацоўнікі юнацкага філіяла на працягу тыдня наведаюць розныя навучальныя ўстановы горада Гродна і разам з дзецьмі прачытаюць вершы, прысвечаныя матулям і бабулям.

Калі вы жывеце літаратурай, калі амаль кожны дзень праводзіце разам з кнігай, а можа нават пішаце ўласныя вершы ці апавяданні, 10 сакавіка аддзел выданняў на замежных мовах запрашае на літаратурны марафон “Літаратура па-суседству”. Госці атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з гродзенскімі пісьменнікамі і паслухаць творы на польскай, украінскай і літоўскай мовах.

Каб не прапусціць цікавыя мерапрыемствы, сачыце за навінамі на сайце бібліятэкі і ў сацыяльных сетках.