Мастацтва кнігі

Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі” праходзіць з 1960 года. Праводзіцца ён з мэтай далейшага развіцця кніжнага мастацтва, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў краіны. Штогод удзельнікі мерапрыемства знаходзяць новыя варыянты афармлення кнігі. Такія выданні – гэта не толькі добрая папера, якасны пераплёт, прыгожыя ілюстрацыі, гэта ідэя аўтара, для якой паліграфісты знаходзяць найбольш удалую і выразную форму ўвасаблення, здольную застацца ў памяці чытача на доўгія гады.
Абласная бібліятэка запрашае на выставу самых лепшых экзэмпляраў-пераможцаў нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Экспазіцыя ўключае звыш 50 кніг з розных галін ведаў, якія атрымалі знак-сімвал “Залаты фаліянт” у наступных намінацыях: “За ўнёсак гісторыка-культурнай спадчыны”, “Навука і веды”, “Беларусь памятае”, “Залатыя скрыжалі”, “ЛІТ-фармат” і інш.
Каб пазнаёміцца з найлепшымі прыкладамі майстэрства беларускіх выдавецтваў прыходзьце ў абласную бібліятэку па адрасе: вул. Карбышава, 17, 2 паверх.